Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 35 из 47



Многаму мне давялося павучыцца з тым «Мокрым». Ляжала балота век перад вачыма, мазоліла вочы, — а як прыйшлося да справы, то аказалася, што я нічога пра яго не ведаю. У балотнай глебы свае капрызы. Тут-бы мне i ўзяцца за навуку пра балота, а я паспадзявалася на практыку сваю ранейшую, надумала старой дарожкай ісці.

Цераз гэтую навуку далася я ў знакі аграному спачатку. На нажах, проста сказаць, былі. Ох, i злаваў тады на мяне Сцяпан Ігнатавіч, аграном наш!.. Аднойчы нават «сляпой» абазваў, ей-богу, так i сказаў — «сляпая»…

— A ў вас, аказваецца, характар востры!

— Я часта спрачаюся больш цераз гонар, абы не паступіцца. Такая прывычка: вось i ведаю, што не мая праўда, a ўсё роўна не здаюся! Бы сябе зганьбіць баюся, ці што… Так i з Сцяпанам Ігнатавічам — спрачаюся, а пасля падумаю, падумаю, ды i раблю, як ён кажа…

Кніжкі пра балота сама пачала чытаць. Хай не думае, што я неразумная баба! Заўважылі мае жанкі, што я гэта чытаю, i нават жартам празвалі — «балотны прафесар». Так мяне цяпер часта завуць, асабліва Адар’я, насмешніца, тая ледзь што — «балотны прафесар»!

— Так i называе? Балотны прафесар? — лейтэнант засмяяўся. — Прыдумала-ж!

— Яна прыдумае. Язык у яе — лёгкі на выдумку ўсякую!.. От-жа разгаварылася, — схамянулася Васіліна Карпаўна. — Другі раз слова не выцягнеш, а тут, як само льецца. Ну, ды ўжо, калі пачала, давяду да канца… I жыта было добрае, i ячмень удаўся, а авёс, што на «Мокрым», на спрадвечным балоце, дык на дзіва людзям.

У мяне яшчэ i цяпер снапок таго аўса хаваецца для гасцей: часта прыходзяць з навакольных сёл, ды i здалёку прыязджаюць, — паказваю, бо ёсць такія, што на слова не вераць. А чаго тут не верыць! Быццам ужо рэдкасць гэтакая?.. На Бабруйшчыне, чытала я, яшчэ лепшы авёс вырасцілі… Будзеце ненарокам у Вербавічах, — звярнулася яна раптам да лейтэнанта, потым да мяне, — i вас таксама запрашаю: калі ёсць цікавасць, заходзьце паглядзець… Наш авёс цяпер ёсць i ў Мінску, у інстытуце…

У гэты час з-за пясчанага, з крутым берагам, мыска паволі выплыў невялікі светла афарбаваны параход, які шумна біў пліцамі па вадзе. Лейтэнант, адзеўшы шынель i зашпільваючы яго, стаў разважаць, ці ўдасца яму да вечара дабрацца да вёскі, да якой ад ракі было яшчэ не менш за чатырнаццаць кілометраў. Ен з неспакоем паглядзеў на чамадан, перавязаны двума плеценымі рамянямі, i салдацкі рэчавы мяшок. З такім багажом ісці пехатой будзе нялёгка!

— От, не люблю ў дарозе з рэчамі цягацца. Гэта толькi таму, што ў адпачынак еду: падарункі маме ды браценікам i сястрычцы… А так — толькі рэчавы мяшок: закінуў за плечы—і гатоў!..

— A маці i не ведае, мусіць, што вы едзеце! От-жа будзе шчасце, як убачыць!.. — твар Васіліны Карпаўны засвяціўся добрай матчынай усмешкай.

Мне падумалася: якая яна, напэўна, клапатлівая аб сваіх дзецях i як добра разумее чужую радасць.

Лейтэнант пайшоў да касы, браць на ўсіх білеты, i мы на беразе засталіся ўдваіх. Васіліна Карпаўна паставіла кошык на пясок, абаперлася аб калені локцямі; цяпер яна ўвесь час маўчала, думала аб нечым сваім, згорбіўшыся i пазіраючы нязводна ўніз, на залацістую, варухлівую каёмку берага. Твар яе, нерухомы, з маршчынкамі, нібы застыў, скамянеў i здаваўся значна старэйшым, як раней.

Прыстань, дасюль маўклівая i пустая, хутка ажывала. Каля касы вырасла непрыкметна чарга чалавек з дваццаць. Да берага падышоў грузавік з белым надпісам на кузаве «пошта», — ён спыніўся поблізу, чакаючы парахода; потым падляцеў, падскокваючы, ківаючыся з боку на бок, нізенькі «Масквіч». Да месца пасадкі два мужчыны сталі падносіць нейкія бочкі.

Параход, які перастаў дыміць i малаціць пліцамі па вадзе, ярка бялеючы свежай фарбай кают i поручняў, падыходзіў да берага ціха, падуладны толькі рулю. На гладкі пясок пачалі, плёскаючы, пенячыся, даганяючы адна адну, кідацца, паўзці бруднаватыя хвалі.

…Васіліна Карпаўна ўзяла кашолку i павольна, спакойна ўзышла па хісткіх сходнях, што, выгнуўшыся, віслі над каёмкай берага i паспакайнелай вадою. Я дапамог лейтэнанту занесці на палубу яго мяшок.

Параход захрыпеў, пасля загуў прарэзліва: два хлапчукі-матросы паспешліва сцягнулі сходні на палубу, i мы пачалі адыходзіць ад берага. Параход выйшаў на сярэдзіну ракі. Абапал ліха паплылі берагі: злева — нізкі, зялёны, з балотным хмызняком i шырокімі разлівамі вады; справа, за прыбярэжнай касой, віднелася невысокая града з дрэвамі i вёскай наводдаль.



— Тут большае можа i не ў тым брыгадзірстве. Не ў казцы, a ў прыказцы справа. Я інакш бачыць сябе стала. Адар’я нават раз пасмяялася: задавацца, кажа, я стала… I з маіх убораў пасмейваецца. Я от, — можа, i няёмка казаць, — Васіліна Карпаўна крыху збянтэжана ўсміхнулася, — стала больш глядзець за сабой, прыбірацца нешта пачала. Гады ў мяне не маладыя, дзеці выраслі, а я — што гэта са мной?

Бывала, божа мой, ходзіш задрыпаная, абарваная, у латаным зрэб’і i — быццам так i трэба. Ці не ўсё роўна! А цяпер часам хочацца ў люстэрка паглядзець!

Люблю я прыбрацца ды прайсціся ў святочны дзень пад руку з Надзейкай, з меньшанькай маёй. Яна ў мяне ружовенькая, высокая ды здаровая — проста мак цвіце. Семнаццаты гадок пайшоў. У свята — ведама што: людзі сабіраюцца каля хат, на прызбах, на лавачках, — падыдзем, пагаворым пра тое-сёе ды далей. Я часта так раблю выгляд, нібы ў краму ідзем, a папраўдзе для таго, каб людзям паказацца: «Глядзіде, маўляў, на мяне, шчаслівую, радую, любуйцеся, якую я прыгажуню-дачку выгадавала!»

Яна ў мяне вучыцца ў дзевятым. Ахвоту вялікую да вучобы мае, асабліва батаніку любіць. Летась усё хадзіла ў лес ды на балота, кветкі-траўкі розныя збірала ды на паперу засушвала. Гербарый называецца… I якія толькі ёсць у нас расліны — усё яна ведае, ды не проста, а па-вучонаму… От, скончыць школу, у Мінск пашлю, на вучоную вучыцца. Няхай ідзе ў людзі!..

Васіліна Карпаўна дастала некалькі кніжак з кошыка, перавязаных шпагатам, i сказала:

— Вось вязу Надзейцы i сабе — пра каноплі. Сёлета каноплі на асушаным балоце будзем сеяць… — I, хвіліну разважыўшы, дадала: —Купіла яшчэ крэпдэшыну ў магазіне. Надзейцы на плацце — з кветачкамі сінімі, i сабе шоўку — чырвоны з белым гарошкам…

— У вас — двое, цётка Васіліна?

— Пяцёра выгадавала. Тры сыны i дзве дачкі. Другая донька — Ганна — у Глінішчах за рахункаводам… А сыны — адзін пры мне, працуе за лесініка. Жаніўся той восенню, у Вербавічах-жа, каля лесу, жыве. Хата яго стаіць от так наводдаль сяла. A другі — Пятро — той за агранома вывучыўся, толькі ў гэтым годзе тэхнікум скончыў, робіць аж пад Полацкам. А серадольны — той у арміі, надоечы пісаў — шаферам служыць.

Баліць у мяне — от кажу — сэрца за яго. Пра іншых меншы клопат, а пра гэтага, бывае, цэлыя ночы думаю. I лістоў вельмі чакаю ад яго. Бывае, пройдзе тыдзень, а ад яго — ні слоўца, дык я быццам сама не свая…

I што яны, гэтыя амерыканцы, круцяць там, у Заходняй Нямеччыне! Зноў фашыстаў прыграваюць, кулямёты ды мінамёты даюць. Толькі што адно такое ліхалецце перажылі, дык яны новае рыхтуюць. Мала ім гора людскога ды слёз!.. I пра што там думаюць маткі тых амерыканскіх салдатаў? Ці ім не шкода сваіх дзяцей? Чаго яны маўчаць?..

Эх, не даюць пажыць спакойна! Тут у нас, на Палессі, такія справы ідуць — такія справы… Самы час настаў для людскога жыцця ў нас, а там…

Васіліна Карпаўна сціхла, узрушаная трывогай за шчасце сваёй сям’і, за многіх такіх, як сама. Я з нейкай асаблівай павагай пазіраў на яе, гэтую, на першы позірк, непрыкметную жанчыну.

Насустрач нам шырокімі вільготнымі хвалямі плыў вецер, які абвяваў, халадзіў твар i шыю. Васіліна Карпаўна расшпіліла жакетку.

— Слухаю вас, i даўно карціць спытацца, — скажыце, колькі вам год? — прамовіў я i дадаў, што яна здаецца нейкай маладой душою.

— Я i сама бачу гэта… I хто-б думаў, што можа яно так стацца… Што… гады сыйдуць з плеч! У песні вось спяваюць: «А моладасць не вернецца, не вернецца назад». А яна як-бы вяртаецца!

I жанкі мае не раз дзівіліся з мяне. Аднойчы Адар’я мне сказала: «Адкуль у цябе, Васіліна, столькі руху? Ты такая непаседлівая, такая заўзятая. Ну, праўда, заўзятая!.. Мусіць, каб не ты, то ў нас нічога з балотам i не атрымалася-б. А з табою — легка… Ты, не ўрокам кажучы, як маладая!»