Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 33 из 47



Ён скінуў з плеч шынель. Хвілінай пазней Васіль стаяў ужо на сцірце, падаючы сноп, i зачэпліва, з усмешачкай, крычаў штосьці жанчыне-суседцы.

Малатарня не снынялася, яна прасіла ўсё новых i новых снапоў. I Васіль ахвотна падаваў.

Потым яго яшчэ бачылі каля вагі, дзе ён правяраў запісы вагаўшчыка, каля вазоў, што адвозілі поўныя важкія мяхі ў свіран, каля машыніста…

Быў ён яшчэ на іржышчы каля Чорнага лесу — правяраў, як трактары аруць уначы.

Неба на ўсходзе непрыкметна набракла пунцовай чырванню, i навокал шырока расчыніліся ціхія, па-ранішняму чыстыя далягляды. Паветра стала празрыстым i марозным. Ён адчуваў сябе вельмі змораным, бо даўно не рабіў гэтак.

На сэрцы было па-ранейшаму неспакойна i прыкра.

З усіх думак, што прайшлі ў ім тут у полі, яму асабліва запомнілася адна: «Калі ты чалавек заслужены, то старайся быць уперадзе». Яна здавалася яму найбольш важнай i справядлівай.

Нараджаўся дзень. Ён прыносіў Баклану новыя клопаты. Трэба было ісці на двор — накіраваць на ссыпны пункт фурманкі з бульбай. Трэба было… Старшыня яшчэ не ўяўляў усяго, што менавіта трэба зрабіць яму за гэты дзень, бо не ведаў, што рабілі ў калгасе ўчора.

З-за далёкага поля выглянула сонца. На іржышчы ад першых праменняў заблішчэла раса, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі. Баклан, стомлены i задумлівы, ішоў праз поле, падмінаючы ботамі вільготную пожню. У пераблытаных валасах яго тырчэлі саломінкі. Шынель на ім, як звычайна, быў у накідку.

На ўваходзе ў сяло, каля калгаснага двара, старшыня ўбачыў знаёмую, крыху сутулаватую постаць камандзіра, які разам з Гаўрыльчыкам ішоў у поле. Баклан занепакоіўся, мімаволі прыкрыў шынялём ордэны.

— Як гэта ты паспеў нас апярэдзіць? — здзівіўся Гаўрыльчык. — Даўно ўстаў?

— Устаў,— усміхнуўся сам сабе Баклан. — Ды не, нядаўна… можна сказаць, толькі што…

Яны прывіталіся.

Кавалевіч кіўнуў галавой у бок сяла.

— Ну, хлопцы ў вас! — у яго з партызанскага атрада засталася звычка называць усіх мужчын «хлопцамі».

Баклан зірнуў туды i за ніклымі голымі яблынямі, каля высокай бярозы, што схіліла задуменна на бок вершалінку, убачыў зруб Кацярынінай хаты. Наверсе стаялі ўжо ўсе кроквы i да паловы, да папярэчын, быў прыбіты радамі паплёт.

Калі яны разышліся, Васіль у другі раз кінуў позірк у бок зруба. Свежа ацёсаныя бярвенні, як бронзавыя, блішчэлі ў праменнях сонца…

«Як-жа гэта я? — заныла крыўдна ў сэрды. — Што я скажу ў апраўданне за сваю віну…»

1947 г.

На Прыпяці

Мы сядзелі ўтраіх на беразе ракі: невысокі, бялявы, па-юнацку стройны лейтэнант з чамаданам i рэчавым мяшком, пажылая калгасніца з плеценым кошыкам, накрытым зверху марляю, i я.

Лейтэнант меў ад сілы гадоў дваццаць чатыры, а нашай спадарожніцы можна было даць, здавалася, i ўсіх сорак пяць, калі не больш. На ёй была акуратна пашытая i выпрасаваная шавётавая жакетка, з-пад якой выглядвала чырвоная ў палоску кофтачка. На галаве жанчыны цвіла яркімі кветкамі святочна-новенькая хустка; над нешырокім смуглаватым ілбом віднеліся кранутыя сівізной цёмнарусыя валасы.

На пясчаным беразе ракі — навокал нас — было ціха. За намі ляжалі складзеныя ў штабель папяровыя мяшкі з суперфасфатам, вялікая скрынка, у шчылінах якой можна было бачыць металічныя часткі нейкай машыны; на скрынды чарнелі надпісы: «верх», «ніз», «не кантаваць». Каля мяшкоў i скрынкі сядзеў, спакойна пакурваючы, дзед у пацёртым да хромавага бляску кажушку, — відаць, вартаўнік. У тым баку метраў праз пяцьдзесят на ўзгорку жаўцеў будынак канторы прыстані, дзе памяшчалася каса, жыў начальнік прыстані i вартаўнік.

Быў ясны, халаднаваты дзень вясны. Паводка ўжо сышла, але Прыпяць разлівалася яшчэ значна шырэй, як летам. У лазняку, пры якім мы ўладзіліся на мурожнай лапінцы, спусціўшы ногі ў пясчаную ямку, віднеліся падсохлыя палосы зляжалага ілу i рознага намытага бруду, якія сведчылі, што нядаўна тут плёскалася рака. Другі бераг— нізкі, балацяны — у многіх мясцінах быў яшчэ схаваны вадою, якая блішчэла глыбокімі залівамі i цэлымі азёрамі.

Выгляд шырокай ракі, яснага i празрыстага вясновага прастору весяліў вочы.

Мы чакалі парахода, што затрымаўся недзе каля Пінска.



Жанчына, паправіўшы марлю на кашолцы, якую яна трымала на каленях, пацікавілася, адкуль лейтэнант родам i куды едзе. Лейтэнант адказаў, што едзе з Далёкага Усходу дамоў, у адпачынак.

— У мяне сынок таксама ў арміі, у Германіі. У Берліне служыць другі год, — паведаміла яна вайсковаму, памаўчаўшы хвіліну. — За шафера, на машыне, працуе. Піша, што жывецца яму там у арміі добра, — i кормяць добра, i адзяваюць, i навучыўся ён многаму… Толькі я вось трывожуся надта за яго — вельмі-ж становіцца неспакойна ў гэтай Заходняй Германіі…

Яна пацікавілася, куды я еду; я сказаў, што маю назначэнне на работу па меліярацыі ў Каржоўку.

— А, то добра… толькі вы гэта не да нас, a ў суседні раён. Я — з «Новага Палесся», можа чулі? Зваць мяне Васіліна Карпаўна, Крэнь па прозвішчу.

Яна зноў перавяла позірк на лейтэнанта, уздыхнуўшы, запыталася, ці ваяваў ён.

— А як-жа. Амаль з сорак першага… Спачатку тут у партызанах, — мне толькі пятнаццаць стукнула, калі я прыйшоў у лес. А потым — i ў арміі: вызваляў, будучы ў чыне сержанта i старшага сержанта, гарады Катовіцы i Прагу. Гэта пасля Прагі ўжо я трапіў на Далёкі Усход.

— Такі малады, a ўжо ваяваў, — уздыхнула жанчына.

— Ну, што-ж, хіба я адзін такі?

Ніхто лейтэнанту на гэтую выказаную філасофскім тонам сентэнцыю не адказаў. Васіліна Карпаўна з-пад далоні невялікімі, глыбока запалымі вачыма глядзела ўніз на ваду, пакрытую лёгкім рабаціннем, якое ціха падбягала да берага.

Мы нейкі час маўчалі. Цішыня, рачная пространь, пустата чакання — усё гэта наводзіла на роздум, а скупыя шчырыя словы трывогі нашай знаёмай пра свайго сына стваралі настрой інтымнай блізкасці між нас, асаблівай чуласці. Я адчуваў, што Васіліну Карпаўну хвалююць нейкія свае думкі, чакаў, што яна хутка даверыць нам ix, падзеліцца з намі… I праўда, яна неўзабаве загаварыла.

— Шкада, вядома, калі ў маладыя гады чалавек жыве цяжка… А я i зусім не ведала, што такое маладосць. Нібы адабралі ў мяне маладосць…

Лейтэнант, паправіўшы накінуты на плечы шынель, на пале якога ён сядзеў, зацікаўлена зірнуў на яе:

— Як гэта адабралі?

— А так, адабралі… Бо чым мне яе ўспомніць? Прайшла — i добрага знаку не пакінула. Вось так, як цень ад хмары ў полi ці на балоце — бачылі? — прабяжыць i прападзе за лесам, i нічога пасля сябе не пакіне…

— Ну, што-небудзь-жа засталося ў памяці?

— Засталося. Толькі больш такога, што i ўспамінаць не хочацца…

— A ўсё-ткі помніцца i добрае?

— Ну, вось, помню, як Кандрат — чалавек, значыцца, мой — прыязджаў сватаць. Мне тады i семнаццаці поўных не было… Помню, праўда. На вяселлі пасадзілі нас на дзяжу, — а тую дзяжу раней накрылі вывернутым кажухом…

— Каб былі, значыцца, багатыя i шчаслівыя?!

— Выдумалі, невядома для чаго. Усё — цемната людская!

Гаварыла яна ціха, расцягваючы словы i крыху аднастайна, нібы думала ўголас — у яе гаворцы адчувалася ўроўнаважанасць чалавека, які многа бачыў у жыцці. Хоць жанчына здавалася з першага позірку крыху абыякавай, усё-ж, прыслухаўшыся, легка было заўважыць, што яна ўвесь час стрымана хвалюецца — то непакоіцца, то спачувае; гэта ажыўляла яе сіняватыя, запалыя, але дзіўна ясныя, маладыя вочы, прыдавала ім нечаканае хараство i прывабнасць.

— Выйшла, значыцца, я замуж, стала гаспадыняй.

Гаспадыняй — гэта так, толькі к слову сказаць. Якая там гаспадарка?! Зямлі два моргі, хатка — трухля адна — проста дзівішся, як яна яшчэ стаіць… Біліся, як рыба аб лёд. Кандрат мой усю вясну аж да самай прыборкі хадзіў па людзях, ставіў хаты. Часам i плыты ганяў тут на Піне ды Прыпяці. Бывала, i вымакне, i папакалее — да костачак… Ад таго ўсё ламала ў яго ногі. Жартачкі…

Я пазіраў на раку, на сонечныя зайчыкі, што пераліваліся, зіхацелі справа, стараўся ўявіць цёмную дажджлівую ноч i плыты i не мог. «Чаму яна гаворыць пра мужа, нібы яго цяпер няма?» — праплыло ў мяне ў галаве, але я змаўчаў.