Страница 4 из 12
Рагнеда. Я чула, сын. Ведаю, што і на паляванне збіраешся. Але ж…
Ізяслаў. Ну вось, цяпер і ты пачнеш ушчуваць. Не першы раз мне на мядзведзяў хадзіць.
Рагнеда. Ты сапраўды не па гадах набіраешся сілы, Ізяслаў. I розуму.
Ізяслаў. Дык пра што ты збіралася гаварыць са мной?
Рагнеда. Гаворка тая нікуды ад нас не ўцячэ. Каго ты возьмеш з сабой на паляванне? Толькі сваіх слуг? Можаш узяць і маіх. Усё-ткі падмога. Ды і мядзведнікі мае больш спрактыкаваныя. А твае — маладыя.
Ізяслаў. Няхай. Са мной акрамя іх будуць лоўчы і Гарабой. Хіба, можа, злотніка твайго папрасіць у цябе?
Рагнеда. Не варта. Злотнік — па золату, не па мядзведзях.
Заходзіць лоўчы.
Лоўчы. Прабач, княгіня. Мне княжыч патрэбны.
Ізяслаў (бачыць незадаволены матчын позірк). Гэта я загадаў лоўчаму адшукаць мяне, дзе б ні быў, калі вернецца Гарабой.
Рагнеда (да лоўчага). Гавары.
Ізяслаў становіцца на ногі.
Лоўчы. Мядзведзіца бадзялася сёння вакол свяшчэннага лесу. Можа, да замка падыходзіла.
Iзяслаў. Хіба людзі з замка яе пакрыўдзілі?
Лоўчы. Не, княжыч. Тыя смерды цяпер не вылазяць з хат сваіх, што ў Валоўшчыне.
Рагнеда. А я думаю, чаму гэта ваўчыца пад самы замак падыходзіла. Таксама абароны шукала?
Iзяслаў. Дзе будзем абкладваць мядзведзіцу?
Лоўчы. Выедзем, княжыч, на ноч, а там відаць будзе. Куды яна, туды і мы. Урэшце, да раніцы высачым. Сабакі дапамогуць.
Рагнеда. Ты, лоўчы, глядзі там!
Лоўчы. Не хвалюйцеся, княгіня. Вачэй не звяду і паперад сябе княжыча не пушчу.
Рагнеда. Няхай з вамі будуць нашы багі.
Лоўчы выходзіць.
Ізяслаў (сядаючы ў крэсла ў прасценку паміж вокнамі). Усё-ткі з якой прычыны прыходзіў да цябе Холад?
Рагнеда. Я ж казала. Пагаварыць. Тут ніхто не можа рабіць без княскай волі. Але тым часам і ён сон свой расказаў. Дзіўна, усе бачаць сны, а я — не. Вось ужо даўно мне нічога не сніцца.
Iзяслаў. Пра што яго сон?
Рагнеда. Нібыта цябе бачыў на княскім стале.
Iзяслаў. У Кіеве?
Рагнеда. Гэта невядома, на княскім стале. Можа, сапраўды бацька твой успомніў пра цябе. Хоць што я кажу? Хіба да гэтага яму цяпер? I жонку новую бярэ сабе, і веру мяняе.
Iзяслаў. Ты ўсё не можаш яму дараваць?
Рагнеда. Ён не толькі маё жыццё зганьбаваў, але і княства наша Полацкае знішчыў. Ты становішся дарослы, сын, таму пра ўсё павінен ведаць. Можа, дарэмна цябе так доўга трымаю пры сабе? Пара б табе свету паглядзець.
Iзяслаў. Да свету адсюль далёка.
Рагнеда. Далёкі свет заўсёды пасля становіцца блізкі. А бацьку твайму я сапраўды не даравала. У яго ўжо была я, а ён забіў свайго брата і ледзь не з-пад яго ўзяў сабе ягоную жонку, грачанку, ад якой Святаполк.
Iзяслаў. Калі гэта было?
Рагнеда. Што?
Ізяслаў. Ну… тое… калі забіў мой бацька свайго брата Яраполка?
Рагнеда. Не дужа даўно. Але заманіў да сябе ў дом яго, а тады двух варагаў нацкаваў, і тыя паднялі на мячах пад пахі на марозе.
Зноў перапыняюць іх размову — заходзіць кабета. Гэта былая Ізяславава нянька.
Нянька. Матухна княгіня, не дагледзелі — Красуля твая занудзілася. Сліна з языка цячэ.
Рагнеда. Калі гэта здарылася?
Нянька. Няйначай, звечара. Недагледзелі, княгіня…
Рагнеда. Можа, травы нядобрай наелася?
Нянька. Калі гэта відана, княгіня, каб карова ды благую траву ела?
Рагнеда. Можа, памылілася?
Нянька. Каровы, як і сабакі, ніколі з гэтым не памыляюцца. Вінаваты, княгіня.
Рагнеда. Хто ў ноч на кароўніку быў?
Нянька. Самая старшая скотніца. Яна дачку сваю падмяняла.
Рагнеда. А тая?
Нянька. Занядужала.
Рагнеда. Нядужых зусім не трэба трымаць на маім кароўніку!
Нянька. Вінаваты, матухна княгіня, вінаваты!..
Рагнеда. Што мне з вашай віны? Пакліч да Красулі са слабады шаптуна.
Нянька. За гэтым вось і прыйшла. Зараз жа пашлём.
Нянька выходзіць.
Рагнеда (да сына). Бачыш, чым у гэтай глухамані даводзіцца займацца? Вось праўда ўжо — наш Ізяслаў не Кіеў. Дык пра што гэта мы з табой?
Iзяслаў. Пра князя Яраполка.
Рагнеда. Ах, так. А Яраполк перад тым таксама забіў свайго брата, Алега. Яны — тры браты былі: Яраполк, Алег і Уладзімір Святаславічы. Жывы цяпер застаўся адзін — твой бацька.
Ізяслаў. А якая варожасць была паміж Яраполкам і Алегам?
Рагнеда. Такая ж, як і паміж тваім бацькам і Яраполкам. За Кіеўскі стол. Хоць за сапраўдную прычыну выдаюць іншае. Нібыта на паляванні Алег забіў чалавека, сына Свенельда, які служыў яшчэ ў вялікага князя Святаслава. Таму нібыта папомсціўся Яраполк. Напаў на Алега, разбіў яго. Але брата не сам забіваў, дакладней, не сваёй рукой. Акурат як не сваёй рукой забіваў твой бацька Яраполка.
Iзяслаў. Страшная гэта рэч — княскі стол…
Рагнеда. Крывавая. Хоць у нас, у Полацку, за ўладу гэтак не змагаліся. Ці ведаеш жа ты, сын, хто забіў твайго полацкага дзеда Рагвалода?
Ізяслаў. Не.
Рагнеда. Вось бачыш!.. Бо яшчэ малы.
Iзяслаў. Сама ж нядаўна казала, што час ужо мне мець сваю волю. Значыць, не такі малы, як думаеш?
Рагнеда. Ну-ну, маці заўсёды хочацца, каб яе дзеці не хутка раслі. Дарослыя — становяцца ўжо не яе дзецьмі. Удачы табе на паляванні, сын.
Ізяслаў спружыніста ўскоквае, выходзіць. Рагнеда з тугой глядзіць яму ўслед. Праз тыя ж дзверы ў пакой ледзь не ўбягае ўсхваляваны злотнік.
Злотнік (падае на калені). Ратуй нас, княгіня.
Рагнеда (робіць выгляд, што ні аб чым не здагадваецца). Гавары, злотнік.
Злотнік. Анею ратуй, княгіня.
Рагнеда. Станавіся на ногі. I супакойся.
Злотнік. Прыходзіў са свяшчэннага лесу ад ведуна чалавек. Анею, дачку маю, хочуць прынесці ў ахвяру багам!
Рагнеда. Ахвяраванне не намі прыдумана, злотнік. I тая сям’я, ад якой звычайна бяруць ахвяру, лічыць за гонар гэта.
Злотнік. Княгіня, зразумей, я — другой веры. Я — хрысціянін. Я прыехаў у Кіеўскую зямлю хрысціянінам. I я не прызнаю мясцовых багоў!
Рагнеда. Але ж, казалі, таксама хадзіў у свяшчэнны лес?
Злотнік. Хадзіў. Дзеля цікаўнасці.
Рагнеда. А дачка твая?
Злотнік. Сама ж ведаеш, яна яшчэ амаль дзіця!
Рагнеда. У ахвяру багам звычайна такіх і прыносяць.
Злотнік. Але як пасылаў мяне вялікі князь з табой, то абяцаў, што тут будуць шанаваць маю веру! Ці я чым-небудзь не дагадзіў табе, княгіня?
Рагнеда. Маёй улады, злотнік, мала для свяшчэннага лесу.
Злотнік. Тады мне давядзецца падавацца са скаргай да вялікага князя ў Кіеў. Я служыць браўся, маючы волю. I я, і мая сям’я недатыкальны тут!
Рагнеда. Гэта ўсё, злотнік, зразумела. Але жаданне багоў…
Злотнік. Гэта інтрыгі ведуна, княгіня. I не багі гэта. Сама ведаеш.
Рагнеда. Я шаную сваіх старых багоў. Да таго ж ты павінен зразумець: тут — не Кіеў, тут — Ізяслаў. Што да цябе мае вядун Холад?
Злотнік. Да твайго злотніка, княгіня, усе нешта маюць. Адны — справу, другія — зайздрасць.
Рагнеда. Ну, а калі ты да Кіева дабярэшся? Да таго ж, мусіць, вялікі князь яшчэ не вярнуўся з Корсуня. Давядзецца, злотнік, скарыцца волі тутэйшых багоў. Тым больш што выбар іх датычыць лёсу тваёй дачкі, а не цябе.
Злотнік. Адумайся, княгіня! Трэба суняць ведуна! Супакой сваіх багоў!