Страница 63 из 75
— Хто гэта быў? — спыталася яна, гледзячы на ранкі, — Ўошынгтан ці Ўорэн?
Макмэрфі паглядзеў на яе.
— Ўошынгтан, — адказаў ён і ўхмыльнуўся. — Правадыр тутака разабраўся з Ўорэнам.
Яна паклала ягоную руку і павярнулася да мяне. Я пабачыў маленькія птушыныя костачкі ў ейным абліччы.
— У вас нешта пашкоджана?
Я адмоўна крутнуў галавой.
— А што з санітарамі?
Макмэрфі адказаў, што тых яна, пэўна, наступны раз у гіпсе пабачыць. Яна кіўнула і паглядзела сабе пад ногі.
— Тут ня ўсё, як у ейным аддзяленьні, — сказала яна. — Шмат што так, але ня ўсё. Вайсковыя мэдсёстры спрабуюць усё наладзіць, як у ваенным шпіталі. Яны самі крыху хворыя. Часам мне здаецца, што ўсіх незамужніх мэдсясьцёр трэба звальняць, як толькі ім споўніцца трыццаць пяць.
— Прынамсі ўсіх незамужніх вайсковых мэдсясьцёр, — пагадзіўся Макмэрфі.
Ён спытаўся, як доўга мы яшчэ зможам цешыцца зь ейнай гасьціннасьці.
— Баюся, што ня вельмі доўга.
— Баіцеся, што ня вельмі доўга? — перапытаў Макмэрфі.
— Так, часам я б хацела патрымаць людзей тут, замест таго, каб пасылаць іх назад, але яна мае старшынства. Не, вы, відаць, ня будзеце тут вельмі доўга, у такім стане, як цяпер.
Ложкі ў агрэсіўным усе абы-якія, надта жорсткія ці надта разьдзяўбаныя. Нам далі два ложкі побач. Мяне не прывязвалі прасьцінай, толькі пакінулі крыху цьмянага сьвятла каля ложка. Пасярод ночы нехта загаласіў:
— Я пачынаю круціцца, індзеец! Глядзі мяне! Глядзі мяне!
Я расплюшчыў вочы і пабачыў шэраг доўгіх жоўтых зубоў, што сьвяціліся ў мяне каля твару. Гэта быў той мужык з галодным выглядам:
— Я пачынаю круціцца! Калі ласка, глядзі мяне!
Двое санітараў схапілі яго ззаду і пацягнулі з пакою, а ён рагатаў; крычаў: «Я пачынаю круціцца, індзеец!» — і проста сьмяяўся. Ён усё паўтараў свае словы і сьмяяўся, калі яго цягнулі па калідоры, а потым зноў стала ціха, і я пачуў, як той другі мужык кажа:
— Ну... я ўмываю рукі ў гэтай справе.
— Прыдбаў ты сабе сябручка, хоць і ненадоўга, Правадыр, — прашаптаў Макмэрфі і кульнуўся на другі бок спаць. Я большую частку ночы спаць ня мог, мне ўсё ўваччу стаялі тыя жоўтыя зубы і галодны твар, які прасіў: «Глядзі мяне! Глядзі мяне!» Ці яшчэ нешта выпрошваў, калі я нарэшце заснуў. Гэты твар — жоўтая згаладалая мальба — лунаў па-нада мной у цемры, прагнучы нечага... Просячы нечага. Я думаў, як жа сьпіцца Макмэрфі, якога дапякае сотня такіх твараў, ці дзьве сотні, ці тысяча.
У агрэсіўным пацыентаў падымаюць будзільнікам. Тут ня проста ўключаюць сьвятло, як унізе. Гэты будзільнік гучыць, нібы гіганцкая тачылка для алоўкаў, у якой мелюць нешта жахлівае. Мы з Макмэрфі ажно падскочылі, калі яго пачулі, і ўжо зьбіраліся зноўку легчы, калі з дынаміка нас дваіх паклікалі. Я вылез з ложка, сьпіна ў мяне за ноч гэтак здранцьвела, што я ледзь мог сагнуцца; па тым, як вэжкаўся Макмэрфі, я разумеў, што ён здубянеў ня менш за мяне.
— Што яны нам там рыхтуюць, Правадыр? — спытаўся ён. — Гішпанскі бот? Дыбу? Спадзяюся, што ня трэба будзе напружвацца, бо я табе гэтак скажу, дзядзька, я паламаны ўшчэнт!
Я адказаў яму, што напружвацца не давядзецца, але больш нічога не казаў, бо сам ні ў чым ня быў упэўнены, пакуль ня трапіў у іх Сястроўню, дзе ўжо іншая мэдсястра спыталася: «Містэр Макмэрфі і містэр Бромдэн?» — і дала кожнаму з нас па маленькім папяровым кубачку.
Я паглядзеў у свой: там былі тры чырвоныя капсулы.
Дзынь шуміць у маёй галаве не магу спыніцца.
— Чакайце, — кажа Макмэрфі. — Гэныя пігулкі, каб нас вырубіць, так?
Мэдсястра ківае і круціць галавой, каб пераканацца, што яны ззаду — двое санітараў з абцугамі, нахіліліся наперад, кранаюцца локцямі.
Макмэрфі вяртае кубачак, кажа:
— Не, сэр... мадам, я адмаўляюся завязваць вочы. Але ад цыгарэты я б не адмовіўся.
Я таксама вяртаю свой, і яна кажа, што ёй трэба патэлефанаваць, закрывае шкляную перагародку паміж намі і ўжо на тэлефоне, перш чым нехта пасьпявае нешта яшчэ сказаць.
— Прабач, калі я цябе ўцягнуў у нейкую хрэнь, Правадыр, — кажа Макмэрфі, і я ледзь чую яго празь сьвіст тэлефонных правадоў у сьценах. Адчуваю, як думкі спалохана зрынаюцца долу ў маёй галаве.
Мы сядзім у дзённым пакоі, гэтыя твары вакол нас, калі ў дзьверы заходзіць сама Вялікая Сястра; двое чорных ідуць з бакоў на крок ззаду. Спрабую ўціснуцца ў крэсла, схавацца ад яе, але ўжо позна. Зашмат людзей на мяне глядзяць, клейкія вочы трымаюць мяне на месцы.
— Добры дзень, — кажа яна.
Да яе вярнулася старая ўсьмешка. Макмэрфі кажа «дабрыдзень», а я маўчу, хоць яна вітаецца і са мной, уголас. Назіраю за чорнымі: у аднаго плястыр на носе і рука на перавязі, шэрая далонь сплывае зь бінтоў, як патанулы павук, а другі рухаецца так, быццам у яго рэбры ў гіпсе. Яны абодва крыху ўхмыляюцца. Пэўна ж маглі застацца дома са сваімі траўмамі, але такога яны нізавошта не прапусьцяць. Я пасьміхаюся ў адказ, проста каб паказаць ім.
Вялікая Сястра размаўляе з Макмэрфі лагодна і цярпліва, пра тое як безадказна, як па-дзіцячаму ён сябе паводзіў са сваімі гняўлівымі выбрыкамі, нібы малы хлопчык, — хіба вам ня сорамна? Ён адказвае, што, здаецца, не і давайце ўжо рабіце, што трэба.
Яна кажа яму пра тое, як яны, пацыенты ўнізе ў нашым аддзяленьні, на адмысловым групавым сходзе ўчора ўдзень пагадзіліся з пэрсаналам, што яму можа быць карысна атрымаць крыху шокавай тэрапіі, калі ён не ўсьвядоміць сваіх памылак. Усё, што яму трэба зрабіць, гэта прызнаць, што ён ня меў рацыі, паказаць, прадэманстраваць разумныя паводзіны, і тады працэдуру гэтым разам скасуюць.
Кола абліччаў чакае і назірае. Мэдсястра кажа, што ўсё залежыць ад яго.
— Во як? — пытаецца ён. — Трэба нейкую паперчыну падпісаць?
— Ну, не, але калі вы лічыце неаб...
— І чаму б вам не дадаць туды яшчэ сёе-тое, каб ужо з гэтым разабрацца: напрыклад, што я браў удзел у антыдзяржаўнай змове і што я лічу жыцьцё ў вашым аддзяленьні самым файным на поўнач ад Гаваяў... ну, усялякую такую хрэнь.
— Я ня думаю, што гэта...
— А потым, калі я падпішу, вы прынесяце мне коўдру і пачак цыгарэтаў ад Чырвонага Крыжа. Ух-х-х, гэныя камунякі кітайскія маглі б у вас сяму-таму павучыцца, дамачка.
— Рэндл, мы спрабуем вам дапамагчы.
Але ён ужо на нагах, чухае жывот, ідзе да картачных сталоў паўзь яе і чорных, якія шугануліся назад.
— О-кей, ну-ну-ну, дзе тут столік для покера, братва?..
Вялікая Сястра сэкунду глядзіць на яго, потым ідзе ў Сястроўню да тэлефона.
Двое каляровых санітараў і белы з кучаравымі сьветлымі валасамі вядуць нас у галоўны будынак. Па дарозе Макмэрфі точыць лясы зь белым санітарам, нібы яго нічога не хвалюе.
На траве ляжыць слой намаразі, і двое каляровых наперадзе пакідаюць за сабой воблачкі выдыхаў, быццам паравозы. Сонца рассунула хмары і асьвятліла іней, так што па зямлі рассыпаліся іскры. Вераб’і распушыліся на холад, шукаюць паміж іскраў зярняты. Мы пайшлі наўпрост па траскучай траве, міма сусьлікавых норак, дзе я бачыў сабаку. Халодныя іскры. Іней у норах, там, дзе не відаць.
Адчуваю гэты іней у сваіх вантробах.
Мы падышлі да дзьвярэй, за якімі гук, быццам разварушылі пчаліны вулей. Перад намі двое, калываюцца ад чырвоных пігулак, адзін зь іх раве, як немаўля, паўтарае:
— Гэта мой крыж, дзякуй табе, Госпадзе, гэта ўсё, што я маю, дзякуй табе, Госпадзе...
Другі кажа:
— Гуляць дык гуляць, гуляць дык гуляць.
Гэта ратавальнік з басэйну. Ён таксама крыху плача.
Я ня буду плакаць ці крычаць, калі побач Макмэрфі.
Тэхнік кажа нам зьняць абутак, і Макмэрфі пытаецца, ці нам таксама разрэжуць штаны і паголяць галовы. Той адказвае, што ня з нашым шчасьцем.
Мэталёвыя дзьверы пазіраюць на ўсё вачыма-клёпкамі.
Дзьверы адчыняюцца, засмоктваюць унутр першага. Ратавальнік не кранаецца зь месца, але прамень, як нэонавы дым, выпаўзае з чорнага пульта ў пакоі, чапляецца за клему ў лобе і зацягвае яго, быццам сабаку на шворцы. Яго перакручвае тры разы, пакуль дзьверы зачыняюцца; твар як мяшанка страху.