Страница 60 из 75
Галава доктара падскочыла.
— Не... пачакайце... я думаю...
Яна выцягнула паперчыну з тэчкі.
— Вось яно. Містэр Скэнлан: ягоная прыхільнасьць да выбуховых рэчываў. Цудоўна. Пяройдзем да гэтага, а калі-небудзь іншым разам, калі містэр Макмэрфі будзе прысутны, мы вернемся да яго. Я, аднак, думаю, што вам варта крыху задумацца пра тое, аб чым сёньня гаварылася. Такім чынам, містэр Скэнлан...
Пазьней у той жа дзень, калі мы стаялі ля дзьвярэй сталоўкі ўвасьмёх ці ўдзесяцёх і чакалі, калі ўжо чорны стырыць алей, каб пасьля намазваць сабе валасы, нехта з нашых зноў вярнуўся да гэтай тэмы. Яны казалі, што не пагаджаюцца зь Вялікай Сястрой, аднак, халера, цётка ўсё ж агучыла пару разумных думак. Але ж чэрці яго бяры, Мак усё роўна добры хлопец... Сапраўды.
Гардынг нарэшце выказаўся адкрыта.
— Сябры, вы занадта актыўна пратэстуеце, каб насамрэч верыць сваім пратэстам. Вы ўсе верыце ў глыбіні сваіх маленькіх скнарлівых душачак, што наш анёл міласэрнасьці міс Брыдар абсалютна мела рацыю ўва ўсіх сваіх меркаваньнях, якія яна сёньня агучыла наконт містэра Макмэрфі. Вы гэта ведаеце, і я таксама ведаю. Навошта адмаўляць? Давайце будзем шчырымі і аддамо чалавеку належную пашану, замест таго каб употайкі крытыкаваць ягоны талент капіталіста. Што кепскага ў тым, што ён атрымаў невялікі прыбытак? Мы ж дастаткова мелі ўзамен за гэтыя грошы кожны раз, калі ён нас абдзіраў, праўда? Ён спрытны хлопец, які ведае, дзе можна хутка рубануць пару-тройку даляраў. Ён сваіх матываў не хавае, праўда ж? Чаму тады нам гэта рабіць? Ён мае здаровы і шчыры падыход да свайго круцельства, і я цалкам яго падтрымліваю, гэтаксама як падтрымліваю старую добрую капіталістычную сыстэму свабоднага прыватнага прадпрымальніцтва, так, таварышы, падтрымліваю яго, і ягоную бычыную зацятасьць, і сьвяты амэрыканскі сьцяг, і мэмарыял Лінкальна, і ўсё такое. Не забываймася пра лінкар «Мэн», Ф.Т. Барнума і Дзень незалежнасьці чацьвёртага ліпеня. Я адчуваю сябе абавязаным абараняць гонар свайго сябра, як старога добрага зорна-паласатага стоадсоткавага амэрыканскага махляра. Добры хлопец, ну вы даяце. Макмэрфі б да сьлёзаў зьбянтэжыўся, калі б ведаў, якія яму тут прыпісваюць дабрачынныя матывы. Ён успрыняў бы гэта як наўпроставую абразу свайму рамяству.
Гардынг пашукаў у кішэні цыгарэты; нічога не знайшоўшы, пазычыў адну ў Фрэдрыксана, закурыў тэатральным узмахам запалкі і працягнуў.
— Прызнаюся, я напачатку не зразумеў ягоных дзеяньняў. Калі ён шыбу разьбіваў, я думаў: «Божа мой, вось чалавек, які, здаецца, сапраўды хоча застацца ў шпіталі, каб ня кідаць сяброў і ўсё такое». Толькі потым я ўсьвядоміў, што Макмэрфі ўсё гэта робіць, каб не згубіць добрых магчымасьцяў. Ён свой тэрмін тут выкарыстоўвае напоўніцу. Ня дайце ўвесьці сябе ў зман ягонымі правінцыйнымі павадкамі, ён яшчэ той дзялок, і разважлівы дай Божа. Пабачыце — усё, што ён рабіў, было ня проста так.
Білі не хацелася так лёгка саступаць.
— Ага. А як наконт яго ўрокаў т-танцаў? — ён сьціскаў кулакі, і я пабачыў, што апёкі ад цыгарэтаў на тыльным баку далоняў амаль зажылі, а на іх месцы ён намаляваў татуіроўкі, насьлініўшы нязмыўны аловак. — Як наконт гэтага, Гардынг? Ён што, г-г-грошы зарабляе, калі мяне танцаваць вучыць?
— Ня злуйцеся, Ўільям, — адказаў Гардынг. — Але й не сьпяшайцеся з высновамі. Давайце проста супакоімся, пачакаем... І пабачым, як ён гэта паверне.
Выглядала, што толькі Білі і я дагэтуль верылі ў Макмэрфі. Але ў той жа вечар Білі таксама пачаў глядзець на ўсё Гардынгавымі вачыма, калі Макмэрфі вярнуўся пасьля чарговага тэлефанаваньня і сказаў яму, што спатканьне з Кэндзі ўжо пэўна дамоўленае, ды напісаў яму нейкі адрас: маўляў, было б някепска паслаць ёй крыху капусты на дарогу.
— Капусты? Г-г-грошай? К-к-колькі? — Білі паглядзеў на Гардынга, які пасьміхаўся ў адказ.
— Ну, ведаеш, дзядзька, мо дзясятачку ёй і дзясятачку...
— Дваццаць баксаў! Аўтобусны к-к-квіток сюды столькі не каштуе.
Макмэрфі зірнуў на Білі з-пад брыля сваёй матацыклетнай кепкі, павольна пасьміхнуўся, пацёр кадык і крыху высунуў шары язык.
— Але ж хлопча ты мой, у мяне так у глотцы перасохла, страх проста. А да суботы за тыдзень яшчэ болей перасохне. Ты ж ня будзеш злавацца, калі яна мне прыцягне пару глыткоў горла прамачыць, праўда, Білі?
Ён паглядзеў на Білі з такім нявінным выглядам, што той ня вытрымаў і засьмяяўся, пакруціў галавой, што не, і пайшоў у кут узбуджана абмяркоўваць пляны на наступную суботу з чалавекам, якога, відаць, лічыў сутэнэрам.
Я ўсё яшчэ трымаўся сваёй думкі, што Макмэрфі — гэта волат, і што ён сышоў зь нябёсаў, каб уратаваць нас ад Камбінату, які аблытаў зямлю правадамі і дыёдамі; Макмэрфі надта вялікі, каб хвалявацца пра нешта такое мізэрнае, як грошы, — але нават я пачаў думаць напалову як астатнія. А адбылося вось што: перад сходам ён дапамог занесьці сталы ў купальню і пабачыў, што я стаю ля кантрольнага пульта.
— Божачкі, Правадыр! — выгукнуў ён, — выглядае, што з часу рыбалкі ты ўжо на чвэрць мэтра вырас. Анёлы нябесныя, ты толькі паглядзі на сваю нагу, здаравенная, як вагон!
Я паглядзеў уніз і ўбачыў, што мая нага большая, чым я яе калі памятаў, быццам бы ад адных словаў Макмэрфі яна вырасла ўдвая.
— А гэная рука! Рука індзейца, які не абы-якім атлетам быў, праўду табе кажу. Ведаеш, што я думаю? Я думаю, што табе варта крыху цягануць гэны во пульт, проста праверыць, як яно ў цябе йдзе.
Я патрос галавой і сказаў «не», але ён настойваў, што мы дамовіліся, і што я абавязаны паспрабаваць, каб паглядзець, як працуе ягоная сыстэма росту. Я пабачыў, што тут не адкруціцца, таму падышоў да пульта, проста каб паказаць яму, што не магу гэтага зрабіць. Нагнуўся і ўхапіўся за вагары.
— Во й малайчынка, Правадыр. А цяпер выпрастайся, давай, падсунь ногі пад задніцу, во так... ага, ага. Цяпер асьцярожненька... проста выпрамся. Ух ты! А цяпер акуратненька стаў назад.
Я думаў, што ён будзе расчараваны, але калі я адышоў ад пульта, ён усьміхаўся на ўвесь рот і паказаў, што пульт ссунуты ўбок са свайго месца сантымэтраў на пятнаццаць.
— Зараз лепей пастаў яго на месца, братка, каб ніхто не даведаўся. Пакуль яшчэ нельга нікому давяраць нашай таямніцы.
А потым, пасьля сходу, пабадзяўшыся каля гульцоў у тысячу, ён скіраваў размову на тэму сілы, цягавітасьці і пульта ў купальні. Я думаў, ён ім раскажа, як дапамог мне зноў вырасьці — гэта б даказала, што ён ня ўсё робіць дзеля грошай.
Але ён нічога пра мяне не сказаў. Ён размаўляў, пакуль Гардынг не спытаўся, ці ня хоча ён яшчэ раз паспрабаваць падняць пульт, і Макмэрфі адказаў «не», але тое, што ён ня можа, яшчэ ня значыць, што гэтага ўвогуле нельга зрабіць. Скэнлан на гэта сказаў, што мо пад’ёмным кранам і можна, але ніводны чалавек сам не падыме такой штукі, а Макмэрфі кіўнуў і прамовіў, што можа й так, можа й так, але ніколі нельга быць упэўненым.
Я назіраў, як ён зь імі гуляўся, як ён прымусіў іх таўчыся вакол яго і казаць: «Не, Богам клянуся, няма чалавека, які б такое здолеў падняць», — нарэшце яны нават самі прапанавалі пабіцца аб заклад. Я глядзеў, зь якім нерашучым выглядам ён пагаджаўся. Яны прапаноўвалі ўсё выгаднейшыя ўмовы, а ён зацягваў іх глыбей і глыбей, пакуль нарэшце з кожным не пабіўся аб заклад пяць да аднаго, прычым некаторыя паставілі ажно па дваццаць даляраў. Ён ані слоўца не сказаў, што ўжо бачыў, як я падымаў пульт.
Усю ноч я спадзяваўся, што ён ня будзе даводзіць справы да канца. А падчас сходу на наступны дзень, калі мэдсястра заявіла, што ўсе, хто езьдзіў на рыбалку, мусяць прайсьці адмысловую санітарную апрацоўку, бо ёсьць падазрэньне на паразытаў, я ўсё спадзяваўся, што яна адразу ж пашле нас у душ — што заўгодна, абы мне не давялося падымаць гэтай штукі.
Але пасьля сходу ён павёў мяне і астатніх у купальню, пакуль чорныя не замкнулі дзьвярэй, і прымусіў мяне ўхапіць пульт за вагары і падняць. Я не хацеў, але нічога ня мог зрабіць. Адчуваў, што дапамог яму падманам выцягнуць зь іх грошы. Яны паводзіліся па-сяброўску, калі плацілі свае пройгрышы, але я ведаў, што яны адчуваюць унутры — быццам у іх нешта з-пад ног выбілі. Я пасунуў пульт на месца і выбег з пакою ў прыбіральню, нават не паглядзеўшы на Макмэрфі. Хацеў пабыць адзін. У люстэрку я пабачыў сябе. Ён выканаў, што абяцаў: мае рукі зноў былі вялікія, як у канцы школы, у вёсцы, а грудзі і плечы былі шырокія і цьвёрдыя. Я якраз глядзеў, калі ён зайшоў. Ён працягнуў мне пяцідаляравую банкноту.