Страница 5 из 75
— Гардынг, — кажа Білі. — Відаць, гэ-гэта да вас. Вы ж п-прэзыдэнт Рады па-па-пацыентаў. Гэты ча-чалавек хоча з вамі пагутарыць.
Цяпер вострыя пасьміхаюцца ўжо ня так зьбянтэжана. Яны радуюцца, што адбываецца нешта незвычайнае. Усе пацьвельваюць Гардынга, пытаюцца ў яго, ці ён сапраўды псыха-бацька-атаман. Той адкладае карты.
Гардынг — плоскі, нэрвовы чалавек з абліччам, якое здаецца тварам кінаактора, быццам яно занадта прыгожае, каб належаць чалавеку з вуліцы. У Гардынга шырокія тонкія плечы, і ён спрабуе скруціць іх вакол грудзей, калі намагаецца замкнуцца ў сабе. Яго рукі такія доўгія, белыя і далікатныя, што выглядаюць, нібы выразаныя з мыла, і часам яны вырываюцца на волю і сыходзяць у свабодны палёт перад ім, як дзьве белыя птушкі, пакуль ён іх не заўважае і ня ловіць у капкан паміж каленяў; яго турбуе, што ў яго прыгожыя рукі.
Ён прэзыдэнт Рады пацыентаў з той прычыны, што мае ўнівэрсытэцкі дыплём. Гэты дыплём у рамачцы стаіць на ягонай тумбачцы побач з фота жанчыны ў купальніку, якая таксама выглядае, як кінаакторка, — у яе вельмі вялікія грудзі, і кончыкамі пальцаў яна трымае верх купальніка над імі, касавурачыся ў аб’ектыў. За ёй можна пабачыць Гардынга, які сядзіць на ручніку — скура ды косьці ў плаўках, — нібыта чакае, што нейкі здаравіла зараз сыпане на яго пяску. Гардынг часта хваліцца, што мае такую жонку, кажа, што яна самая сэксуальная жанчына ў сьвеце і што ўначы зь ім яна проста неспатольная.
Калі Білі паказвае на яго, Гардынг адкідваецца ў крэсьле і робіць важны выгляд, зьвяртаючыся да столі, ня гледзячы на Білі ці на Макмэрфі:
— Гэты... джэнтэльмэн запісаўся на прыём, містэр Бібіт?
— Вы запісаліся на прыём, містэр Макм-м-мэрфі? Містэр Гардынг заняты чалавек, ніхто не сустракаецца зь ім без папярэдняга запісу.
— Гэны заняты чалавек, гэны містэр Гардынг, ён і ёсьць бацька-атаман? — Макмэрфі адным вокам глядзіць на Білі, і той робіць хуткі сьцьвярджальны ківок; Білі цешыцца, што яму надаюць столькі ўвагі.
— Тады скажы атаману Гардынгу, што Р.П. Макмэрфі чакае сустрэчы зь ім, і што гэная больніца замалая для нас дваіх. Я прызвычаіўся быць першым нумарам. Я быў першым лесарубам на ўсіх браканьерскіх вырубках на Паўночным Захадзе, першым гульцом у карты яшчэ з Карэйскай вайны; я быў першым нумарам, нават калі гарох палоў на гэнай «хіміі» клятай — таму я так мяркую, што калі ўжо наканавана звар’яцець, дык варта быць супэр-пупэр-псыхам. Скажы гэнаму Гардынгу, што альбо ён сустрэнецца са мной як мужык, альбо ён баязьлівы сабака-задавака, і тады хай пакідае горад да заходу сонца.
Гардынг яшчэ больш адкідваецца назад і закладае адзінцы за штрыфлі шпітальнага пінжака:
— Бібіт, скажыце гэтаму малакасосу Макмэрфі, што я сустрэнуся зь ім на калідоры апоўдні, і мы разьвяжам гэтую спрэчку раз і назаўжды ў двубоі нашых палкіх лібіда. — Гардынг намагаецца гаварыць працяжна, як Макмэрфі; гэта гучыць сьмешна яго тонкім задыханым голасам. — Вы можаце яго таксама папярэдзіць, каб усё было па справядлівасьці, што я псыха-бацька-атаман гэтай палаты ўжо лічы два гады і што я найбольшы вар’ят з усіх, хто цяпер жыве на плянэце Зямля.
— Містэр Бібіт, вы можаце папярэдзіць гэнага містэра Гардынга: я такі шызік, што, трэба прызнацца, на прэзыдэнцкіх выбарах галасаваў за Айзэнгаўэра.
— Бібіт! Скажыце містэру Макмэрфі: я настолькі вар’ят, што галасаваў за Айзэнгаўэра двойчы!
— А вы адразу ж адкажыце містэру Гардынгу, — Макмэрфі кладзе рукі на стол, нахіляецца і сьцішае голас, — я настолькі вар’ят, што маю намер зноў галасаваць за Айзэнгаўэра ў лістападзе.
— Здымаю капялюш, — кажа Гардынг, схіляе галаву і паціскае Макмэрфі руку. У думках я не сумняваюся, што Макмэрфі перамог, але я ня ўпэўнены, у чым.
Усе астатнія вострыя кідаюць свае ранейшыя заняткі і ўжо вальней набліжаюцца да Макмэрфі, каб паглядзець, што гэта за чалавек. Ніколі раней у палаце не было нікога падобнага. Яны пытаюцца, адкуль ён і чым займаецца, пытаюцца так, як я раней ніколі ня чуў. Ён кажа, што цалкам адданы сваёй справе. Кажа, што быў простым валацугам і бадзяжным лесарубам, перш чым яго забралі ў войска і паказалі, у чым ягонае пакліканьне; так як некаторых навучылі махляваць, а некаторых лынды біць, яго навучылі гуляць у покер. З таго часу ён усур’ёз прысьвяціў сябе азартным гульням на ўсіх узроўнях. Проста гуляць у покер, заставацца нежанатым і жыць там, дзе хочацца і як хочацца, калі людзі дазволяць, «але ж вы ведаеце, як грамадзтва перасьледуе людзей, адданых сваёй справе».
— З часу, калі я знайшоў сваё пакліканьне, я адседзеў у столькіх местачковых каталажках, што мог бы даведнік пра іх напісаць. Кажуць, што я хуліган-рэцыдывіст. Нібыта шмат у бойкі лезу. Во трасца. Нікога гэта не хвалявала, пакуль я быў дурным лесарубам; кажуць, што гэта даравальна, кажуць, што працоўнаму чалавеку трэба спусьціць пару. Але калі ты гулец, калі ведаюць, што ты час ад часу сям-там ладзіш партыю на стаўкі, дастаткова сплюнуць наўскос, і ты ўжо невядома які злачынца. Аё-ё-ёй, якраз праз гульню на інтэрас я й боўтаўся нейкі час за кратамі.
Ён ківае і надзімае шчокі.
— Але так было нядоўга. Я ўжо прасёк усе хады-выхады. Калі па праўдзе, дык у Пэндлтане я сядзеў за напад са зьбіцьцём першы раз амаль за год. Таму мяне і злавілі. Згубіў навыкі: гэны мужык здолеў ачомацца, падняцца і дабрацца да паліцаяў раней, чым я змыўся з гораду. Круты трапіўся...
Ён зноўку сьмяецца, працягвае знаёміцца з пацыентамі і сядае дужацца на руках штораз, калі да яго падыходзіць той чорны з градусьнікам. Калі ён перазнаёміўся з усімі вострымі і паціснуў рукі ўсім на тым баку, ён адразу ж ідзе да хронікаў, нібыта мы нічым ад вострых не адрозьніваемся. Цяжка сказаць, ці ён сапраўды такі прыязны, ці гэта стратэгія картыжніка — знаёміцца зь людзьмі, зь якіх шмат хто зайшоў так далёка, што ня памятае ўласнага імя.
Вось ён ужо цягне Элісаву руку ад сьцяны і паціскае яе, нібыта ён палітык на выбарах, для якога Элісаў голас ня горшы за астатнія.
— Братка, — кажа ён Элісу ўрачыстым голасам. — Мяне зваць Р.П. Макмэрфі, і мне не падабаецца глядзець, як дарослы мужык коўзаецца на ўласных сіках. Чаму б табе не падсушыцца?
Эліс глядзіць долу на лужыну ля ног у поўным зьдзіўленьні.
— І сапраўды, дзякуй вам, — кажа ён і нават робіць некалькі крокаў у кірунку прыбіральні, пакуль цьвікі зноў не прыцягваюць яму рукі да сьцяны.
Макмэрфі праходзіць уздоўж шэрагу хронікаў, паціскае рукі і Палкоўніку Мэтэрсану, і Раклі, і Старому Піту. Паціскае рукі вазочнікам, хадакам і нават кабачкам, паціскае рукі, выблытваючы іх з халатаў, як мёртвых птушак, завадных птушак, як зробленыя з тонкіх костачак і дроту мэханізмы, што спыніліся і ўпалі. Ён паціскае руку кожнаму, да каго падыходзіць, акрамя Вялікага Джорджа, памяшанага на чысьціні — той усьміхаецца і хавае далоні ад гэтай нестэрыльнай рукі, таму Макмэрфі толькі салютуе яму і, адыходзячы, кажа сваёй правіцы:
— Рука, як думаеш, адкуль гэны стары даведаўся пра ўсё зло з тваім удзелам?
Ніхто не разумее, да чаго ён вядзе ці чаму так выжыльваецца, каб з усімі перазнаёміцца, але гэта весялей, чым зьбіраць складанкі. Ён кажа, што трэба абысьці ўсіх і пазнаёміцца зь людзьмі, зь якімі будзеш мець гешэфты — маўляў, гэта частка працы гульца. Але ён, мусіць, разумее, што ня будзе ніякіх гешэфтаў з васьмідзесяцігадовым паўмерцьвяком, які тальлю картаў можа хіба што ў рот пакласьці і пасмактаць. І ўсё роўна выглядае, што ён ад усяго гэтага атрымлівае асалоду, нібы яго сапраўды забаўляюць іншыя.
Я апошні. Усё яшчэ прышпілены да крэсла ў куце. Макмэрфі спыняецца, падышоўшы да мяне, зноў засоўвае адзінцы ў кішэні, адхіляецца назад і сьмяецца, нібы пабачыў ува мне нешта сьмяшнейшае, чым у астатніх. Раптоўна я спалохаўся, што ён сьмяецца, бо ведае: тое, як я сяджу з задранымі каленькамі, абхапіўшы іх рукамі і гледзячы роўна наперад, нібыта нічога ня чую, — усё гэта гульня.
— Аё-ё-ёй, — кажа ён, — глядзіце, што ў нас тут.
Гэта я памятаю вельмі ясна. Памятаю, як ён прыплюшчыў вока, адкінуў галаву і паглядзеў праз свой сьвежы барвовы шнар на носе, сьмеючыся зь мяне. Спачатку я думаў, што ён сьмяецца, бо гэта пацеха: індзейскі твар і чорныя тлустыя індзейскія валасы ў такога, як я. Думаў, што, можа, ён рагоча з таго, якім слабым я выглядаю. Але потым, памятаю, я падумаў, што ён сьмяецца, бо яго ні на хвіліну не надурыла маё прыкідваньне глуханямым; не было ніякай розьніцы, як хітра я прыкідваўся; ён мяне раскусіў, і сьмяяўся, і падміргваў, каб я гэта ведаў.