Страница 18 из 75
— Паводле такіх правілаў мы й гуляем. Вядома ж, яна заўсёды перамагае, мой дружа, заўсёды. Сама яна непрабіўная, а паколькі час працуе на яе, рана ці позна яна дастае кожнага. Таму ў шпіталі яе лічаць найлепшай мэдсястрой і даюць ёй столькі ўлады; яна майстар выцягваць дрыготкае лібіда на ўсеагульны...
— Ды халера зь ім, я толькі хачу ведаць, ці буду я ў бясьпецы, калі паспрабую яе надраць у ейнай уласнай гульні? Калі я буду зь ёй ласкавы як цяля, хоць пры гэтым буду рабіць свае намёкі, ці не ашалее яна настолькі, каб паслаць мяне на электрычнае крэсла?
— Вы ў бясьпецы, пакуль трымаеце сябе ў руках. Вы ў бясьпецы, калі будзеце валодаць сабой і не дасьцё ёй сапраўднай падставы рэкамэндаваць для вас аддзяленьне агрэсіўных ці тэрапэўтычныя якасьці электрашоку. Але для гэтага перш за ўсё трэба валодаць сабой. Хіба вы здолееце? З вашымі рудымі валасамі і чорнымі плямамі ў біяграфіі? Навошта сябе падманваць?
— Добра. Вельмі добра, — Макмэрфі пацірае далоні. — Во што я думаю. Вы, птушаняты, відаць, лічыце, што ў вас тут сапраўдная чэмпіёнка, так? Уся такая... як ты яе назваў? Ага, непрабіўная жанчына. Я во што хачу ведаць: колькі з вас у гэтым дастаткова ўпэўненыя на ўсе сто, каб паставіць на яе крыху грошай?
— Дастаткова ўпэўненыя на ўсе сто?..
— Я сказаў, што сказаў: хто з вас, разумнікаў, хоча паставіць пяць баксаў супраць маіх словаў, што я дастану гэную цётку, за тыдзень, і пры тым яна мяне не дастане? Адзін тыдзень, і калі я не давяду яе да такога стану, што яна сраку з галавой блытацьме, дык грошы вашыя.
— Ты ставіш на гэта? — Чэзўік падскоквае то на адной, то на другой назе і пацірае рукі, як Макмэрфі.
— А то.
Гардынг і некаторыя іншыя кажуць, што не разумеюць.
— Усё даволі проста. Тут няма ніякай дабрачыннасьці, і складанага нічога няма. Мне падабаюцца азартныя гульні. Мне падабаецца выйграваць. І я думаю, што магу выйграць гэны заклад, ясна? У Пэндлтане я да таго дайшоў, што хлопцы не хацелі нават у манэткі са мной гуляцца, бо я заўсёды перамагаў. Я збольшага таму і нарываўся, каб мяне сюды паслалі, бо мне трэба былі новыя лохі. Я во што скажу: я пра гэнае месьцейка трохі выведаў, перш чым сюды ехаць. Амаль палова з вас, хлопцы, атрымоўвае кампэнсацыі — тры-чатыры сотні на месяц — і ня мае, што рабіць, акрамя як пыл на іх зьбіраць. Я падумаў: мо гэтым скарыстацца і крыху ўзаемна ўзбагаціць нашае жыцьцё? Пачынаю з вамі на роўных. Я гулец і прайграваць ня маю звычкі. Ніколі ня бачыў бабы, якая б была больш мужыком, чым я. Мяне не абыходзіць, устае ў мяне на яе ці не. Мо час і працуе на яе, але ў мяне ў самога даўно ўжо паласа ўдачы.
Ён сьцягвае кепку з галавы, круціць яе на пальцы, падкідвае і ловіць за сьпінай іншай рукой, паказваючы свой спрыт.
— І во што яшчэ: я сюды трапіў, бо проста так задумаў, таму што тут лепей, чым на «хіміі». Наколькі магу судзіць, ніякі я ня шызік, ці прынамсі пра сваю шызу ніколі ня ведаў. Вашая мэдсястра ня ў курсе пра гэта, яна не чакае, што супраць яе будзе гуляць нехта з маім кемным розумам. Так што перавага на маім баку, і мяне гэта радуе. Кажу вам: па пяць баксаў кожнаму, хто гатовы пайсьці ў заклад, што я за тыдзень не засуну маторчыка ў сраку гэнай вашай цётцы.
— Я ўсё яшчэ ня ўпэўнены, што...
— І ўсё тут. Пчалу ёй у дупу, сьвярдзёлак у сподняе — па-простаму кажучы, дастану яе. Так што яна разыдзецца па сваіх акуратненькіх швах і пакажа хоць раз, што яна не такая непераможная, як вы думаеце. За тыдзень. І я вам дазволю самім вызначаць, перамог я ці не.
Гардынг дастае аловак і нешта піша ў нататніку для картачных гульняў.
— Вось. Расьпіска на дзесяць даляраў з тых грошай, што зьбіраюць пыл на маім рахунку. Я гатовы заплаціць удвая больш, мой дружа, каб пабачыць, як ажыцьцявіцца гэты неймаверны цуд.
Макмэрфі праглядае паперку і складае яе:
— А астатнія птушаняты гатовыя нешта заплаціць?
Цяпер ужо іншыя вострыя становяцца ў чаргу да нататніка. Калі тыя канчаюць пісаць, Макмэрфі бярэ лісткі і кладзе ў стосік на далоні, прыціснуўшы шурпатым адзінцом. Я бачу, як шмат іх набралася. Ён праглядае паперкі.
— Вы мне давяраеце трымаць расьпіскі, братва?
— Мне здаецца, мы нічым не рызыкуем, — адказвае Гардынг, — вы адсюль нейкі час нікуды не падзенецеся.
Аднойчы на Каляды, роўна апоўначы, дзьверы аддзяленьня ў старой больніцы з грукатам адчыняюцца і заходзіць барадаты таўстун, з пачырванелымі ад холаду вачыма і носам вішнёвага колеру.
Чорныя зь ліхтарыкамі заганяюць яго ў кут у калідоры. Я бачу, што ён увесь аплецены гірляндамі, якія паўсюль панавесіў дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю. Прыхадзень блытаецца ў іх у цемры. Ён засланяе ад ліхтарыкаў чырвоныя вочы і смокча вусы.
— Гы-гы-гы, — кажа ён, — я б хацеў застацца тут, але мне трэба сьпяшацца. Вельмі напружаны расклад, вы ж разумееце. Гы-гы, трэба ісьці...
Чорныя насоўваюцца са сваімі ліхтарыкамі. Яго трымалі з намі шэсьць гадоў, перш чым выпісалі, паголенага і схуднелага, як кій.
Вялікая Сястра можа настаўляць насьценны гадзіньнік на любую хуткасьць, якая ёй трэба, проста павярнуўшы рэгулятар у сталёвых дзьвярах; калі ёй хочацца прысьпешыць падзеі, яна павялічвае хуткасьць, і стрэлкі пачынаюць круціцца, як сьпіцы ў коле. Вокны-экраны шпарка мяняюць сьвятло на краявідзе, каб паказаць раніцу, дзень і вечар — разьюшана пульсуюць сюды-туды сьвятлом і цемрай, і ўсім даводзіцца, як шалёным, сьпяшацца за хадой фальшывага часу; жахлівая тузаніна галеньняў, сьняданкаў, працэдураў, абедаў і прыёму лекаў, і дзесяць хвілінаў ночы, так што ледзь пасьпяваеш вочы заплюшчыць, а асьвятленьне ў палаце ўжо верашчыць, каб ты падымаўся і зноў тузаўся, як цуцык, праз поўны расклад дня мо дваццаць разоў за гадзіну, пакуль Вялікая Сястра не пабачыць, што ўсе ўжо зараз трэснуць, і тады яна адпускае пэдаль газу, запавольвае хаду гадзіньніка, нібы дзіця гуляецца з кінапраектарам, і яму нарэшце абрыдла глядзець фільм на хуткасьці ў дзесяць разоў большай за нармальную, яно ўжо нудзіцца ад гэтай дурной беганіны і камарынага піску размоваў, і таму вяртае нармальную хуткасьць.
Яна мае звычку так усё паскараць у тыя дні, калі, напрыклад, нехта прыходзіць цябе наведаць, ці калі Таварыства вэтэранаў ладзіць вечарынку для пацыентаў — у такі час, які табе хацелася б затрымаць і расьцягнуць. Вось тады яна і прысьпешвае падзеі.
Але звычайна ўсё наадварот, усё запаволена. Яна ставіць рэгулятар на нуль і замарожвае сонца на экране, так што яно цэлымі тыднямі ня рушыцца ані на валасок; таксама ані лісьцік на дрэвах, ані травінка на паплавах не зварухнецца. Стрэлкі гадзіньніка завісаюць за дзьве хвіліны да трэцяй, і яна мае намер пакінуць іх так вісець, пакуль мы не заржавеем. Ты сядзіш, застылы, і ня можаш зварухнуцца, ты ня можаш хадзіць ці нават падняцца зь месца, каб аблегчыць напругу ад сядзеньня, ты ня можаш глынуць і ня можаш дыхнуць. Адзінае, чым ты можаш рухаць, гэта вочы, але няма на што глядзець, акрамя скамянелых вострых на другім баку пакою, якія чакаюць, каб нехта зь іх зрабіў наступны ход у гульні. Стары хронік каля мяне мёртвы ўжо шэсьць дзён і гніе, прыліпаючы да крэсла. Замест туману часам яна запускае праз вэнтыляцыю празрысты хімічны газ, і ўсё аддзяленьне застывае, калі газ ператвараецца ў плястык.
Аднаму Богу вядома, як надоўга мы так завісаем.
Потым, паступова, яна трошкі паварочвае рэгулятар з нуля, і гэта яшчэ горш. Я магу пераносіць вісеньне ў поўнай нерухомасьці лепей, чым гэтую павольную, як кісель, руку Скэнлана на другім канцы пакою, калі яму трэба тры дні, каб пакласьці на стол карту. Мае лёгкія зацягваюць густое плястыкавае паветра нібы праз маленькую дзірачку. Спрабую пайсьці ў прыбіральню і адчуваю, быццам мяне пахавалі пад тонай пяску, які сьціскае мне мачавік, пакуль у галаве не пачынаюць зіхацець і мітусіцца зялёныя іскры.