Страница 16 из 75
— Як вар’ят? Якая праніклівая заўвага.
— Ды халера, Гардынг, я ж ня гэта меў на ўвазе. Ты ж не такі вар’ят, я ж... Я аж зьдзівіўся, якія вы тут усе здаровыя на галаву. Наколькі я магу судзіць, вы ня большыя вар’яты, чым першы-лепшы засранец на вуліцы...
— Ага, засранец на вуліцы.
— Але ж вы не вар’яты, ну, як паказваюць вар’ятаў у кіно. Вы проста нейкія зьбітыя з панталыку і... кшталту...
— Кшталту трусоў, праўда ж?
— Якіх трусоў, халера! Нічога ў вас агульнага з кралямі.
— Містэр Бібіт, паскочце для містэра Макмэрфі. Містэр Чэзўік, пакажыце, які вы пухкі.
Білі Бібіт і Чэзўік ператвараюцца ў згорбленых белых трусоў проста ў мяне на вачах, але яны надта саромеюцца, каб зрабіць тое, пра што іх просіць Гардынг.
— Ах, яны сарамлівыя, Макмэрфі. Хіба ня міла? Ці, магчыма, хлопцы пачуваюцца ніякавата, бо не заступіліся за сябра. Можа, яны адчуваюць сябе вінаватымі, бо зноў дазволілі сябе ашукаць і вялі допыт пад ейным кіраўніцтвам. Супакойцеся, сябры, у вас няма падставаў саромецца. Усё, як яно й мае быць. Гэта ня роля труса — заступацца за свайго таварыша. Гэта было б глупства. Не, вы паводзіліся разумна — баязьліва, але разумна.
— Слухай сюды, Гардынг, — далучаецца да размовы Чэзўік.
— Не, не, Чэзўік. Ня злуйцеся на праўду.
— Ты паслухай; былі ж выпадкі, калі я казаў пра старую цётку Брыдар тое ж самае, што цяпер Макмэрфі.
— Так, але вы казалі гэта вельмі ціха і пазьней ад усяго адмаўляліся. Вы таксама трус, не хавайцеся ад праўды. Таму я не трымаю на вас зла за тыя пытаньні, што вы мне сёньня задавалі на сходзе. Вы толькі гралі сваю ролю. Калі б выклікалі на разборку вас ці вас, Білі, ці вас, Фрэдрыксан, я б на вас нападаў гэтак сама жорстка, як вы нападалі на мяне. Мы ня мусім саромецца сваіх паводзінаў; менавіта так мы, маленькія жывёлінкі, і маем сябе паводзіць.
Макмэрфі паварочваецца ў крэсьле, азірае астатніх вострых і хмурыцца:
— Ну ня ведаю... Я на іхным месцы саромеўся б. Як па мне, дык выглядала гэта пагана, як яны ўсе перабеглі на яе бок супраць цябе. Мне нават на хвіліну падалося, што я зноўку ў турме ў кітайскіх камунякаў...
— Ну далібог, Макмэрфі, — выгукае Чэзўік, — ты ж паслухай.
Макмэрфі паварочваецца і слухае, але Чэзўік не працягвае. Чэзўік ніколі не працягвае. Ён з тых людзей, якія наробяць шуму, быццам зьбіраюцца ўзначаліць атаку, потым выкрыкваюць загад, патупаюць хвіліну, зробяць пару крокаў і ўсё. Макмэрфі глядзіць на яго, зноўку злоўленага за пару крокаў ад такога задзірыстага старту, і кажа яму:
— Ну рыхтык турма кітайская, каб вас пранцы!
Гардынг падымае рукі прымірэнчым жэстам:
— Не, не, вы ня маеце рацыі. Ня варта нас асуджаць, мой дружа. Не. Па праўдзе...
Я зноў бачу ў Гардынгавых вачах хітры бляск; мне падаецца, што ён засьмяецца, але замест гэтага ён дастае з рота цыгарэту і паказвае ёй на Макмэрфі — у яго руцэ яна выглядае, як адзін з тонкіх белых пальцаў, што дыміцца на кончыку.
— ...вы таксама, містэр Макмэрфі, пры ўсёй сваёй каўбойскай хвальбе і фарсістасьці, вы таксама пад сваёй цьвёрдай абалонкай, напэўна, такі ж мяккі, пухнаты і падобны да труса, як мы ўсе.
— Ну ясна. Я маленькі пухкі хвосьцік. І што ж гэта робіць мяне кралём, Гардынг? Мае псыхапацкія схільнасьці? Мая схільнасьць да боек ці да еб.і? Відаць, да еб.і, так? Усе гэныя «трах-бам-дзякуй-мадам». Так, відаць гэны трах і робіць мяне кралём...
— Пачакайце, я баюся, што вы закранулі пытаньне, якое патрабуе дадатковага абмеркаваньня. Трусы ж вядомыя гэтай сваёй асаблівасьцю, праўда? Па праўдзе, яны нават знакамітыя сваім трахбамам. Так. Ага. Але ў любым выпадку, пытаньне, якое вы паднялі, усяго толькі паказвае, што вы здаровы, дзейны і адэкватны трус, у той час як большасьць з нас нават ня мае дастатковых сэксуальных здольнасьцяў, каб лічыцца адэкватнымі. Няўдачнікі, вось мы хто — кволыя, недаразьвітыя, слабыя маленькія істоты слабой маленькай пароды. Трусы без трахбаму, вуаля, вартае жалю відовішча.
— Пачакай, ты ўвесь час перакручваеш, што я кажу...
— Не. Вы мелі рацыю. Памятаеце, гэта ж вы зьвярнулі нашую ўвагу на тое месца, куды мэдсястра скіроўвае свае ўдары дзюбай? Гэта ж праўда. Тут няма ніводнага, хто б не баяўся, што ён губляе ці ўжо амаль згубіў свой трахбам. Мы, камічныя маленькія істоты, ня можам дасягнуць мужчынскага статусу нават у сьвеце трусоў, вось якія мы слабыя і неадэкватныя. Гі-і. Можна сказаць, што мы трусы нават сярод трусінага сьвету.
Ён зноў нахіляецца наперад, і той напружаны пісклявы сьмех, якога я ад яго чакаў, пачынае вылазіць з рота, рукі лётаюць сюды-туды, твар торгаецца.
— Гардынг! Заткні ты зяпу, бляха-муха!
Гэта як поўха. Гардынг змаўкае, нібы яго вырубілі, ягоны рот усё яшчэ адкрыты ў нацягнутай усьмешцы, рукі матляюцца ў сіняй хмары тытунёвага дыму. Ён так застывае на сэкунду; потым ягоныя вочы звужваюцца ў хітрыя шчолачкі, перасьлізгваюць на Макмэрфі, і ён кажа так ціха, што мне даводзіцца штурхаць швабру да самага ягонага крэсла, каб пачуць.
— Дружа... вы... магчыма, воўк.
— Халера ясная, ніякі я ня воўк, а ты ня трус. Гэх, ніколі ня чуў такой...
— У вас такі ваўчыны рык.
Цяжка выдыхнуўшы, Макмэрфі паварочваецца ад Гардынга да іншых вострых, што стаяць навокал.
— Ну а вы, хлопцы? Халера, ды што з вамі такое? Вы ж не такія вар’яты, каб лічыць сябе нейкай жывёлай.
— Не, — кажа Чэзўік і становіцца побач з Макмэрфі. — Не, Богам клянуся, я не. Я ніякі ня трус.
— Во гэта малайцом, Чэзўік. А вы, астатнія, давайце ўсё ж разьбярэмся. Паглядзіце на сябе, вы сабе ў галаву ўбілі, што трэба спалохана бегаць ад нейкай паўвекавой бабы. Увогуле, што яна вам такога можа зрабіць?
— Ага, што? — кажа Чэзўік, пераможна азіраючы астатніх.
— Бізуна яна вам ня дасьць. Гарачым прасам не прыпаліць. На дыбе не расьцягне. Супраць такіх штук цяпер ёсьць законы; цяпер жа не Сярэднявечча. Ды нічога такога, што яна магла б...
— Ты б-б-бачыў, што яна м-можа з намі зрабіць. Сёньня на с-с-сходзе. — Я заўважаю, што Білі Бібіт ператварыўся з труса ў сябе ранейшага. Ён нахіляецца да Макмэрфі і спрабуе працягваць, з ротам, вільготным ад сьліны, і чырвоным тварам. Потым паварочваецца і адыходзіць. — Аа, н-н-няма сэнсу. Трэба мне п-п-проста забіцца.
Макмэрфі кажа яму наўздагон:
— Сёньня? І што ж я бачыў сёньня на сходзе? Халера ясная, яна ўсяго толькі задала пару пытаньняў, да таго ж далікатных і просьценькіх. Пытаньнем костак не пераломіш, гэта ж ня кій ці камень.
Білі разварочваецца:
— Але т-т-тое, як яна пытаецца...
— Ты ж не абавязаны адказваць, праўда?
— Калі н-не адкажаш, яна п-проста ўсьміхаецца і нешта піша ў сваю кніжачку, а потым яна... яна... а, ну яго!
Скэнлан становіцца побач зь Білі:
— Калі не адказваеш на ейныя пытаньні, Мак, ты прызнаесься ўжо тым, што захоўваеш маўчаньне. Менавіта так гэтыя казлы ва ўладзе і разьбіраюцца з чалавекам. Супраць такога не папрэш. Адзінае, што можна зрабіць, — гэта ўзарваць усю гэтую сыстэму, вынішчыць яе нахер.
— Ну а чаму б вам проста яе к чорту не паслаць, калі яна задае вам свае пытаньні?
— Ага, — паўтарае Чэзўік, патрасаючы кулаком, — сказаць ёй, каб ішла к чорту.
— І што далей, Мак? Яна на гэта адкажа: «Чаму вы так расхваляваліся мі-на-віта праз гэтае пытаньне, пацыент Макмэрфі?»
— Ну дык зноў паслаць яе. Сказаць ім усім, каб к чорту йшлі. Вам ад гэтага ўсё роўна не баліць.
Вострыя атачаюць яго ўсё шчыльней. Гэтым разам адказвае Фрэдрыксан:
— Добра, ты ёй гэта скажаш, і цябе занясуць у сьпіс схільных да нападу і перавядуць наверх у аддзяленьне для агрэсіўных. Са мной такое было. Тройчы. Тыя небаракі нават з палаты ня могуць выйсьці, каб у суботу ўдзень кіно паглядзець. У іх нават тэлека няма.
— І, мой дружа, калі вы працягваеце дэманстраваць такія агрэсіўныя тэндэнцыі, кшталту пасыланьня людзей к чорту, вы робіцеся кандыдатам у Шок-Блок, ці нават для больш сур’ёзных рэчаў, апэрацыі, і...