Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 16

Хлопец адскочыў, адышоў ад цела. Ад жаху ён хутка пайшоў па траншэі, пераступаючы нежывыя целы на сваім шляху. Моўчкі, па змрочнай муці, у дождж і ў дрыготкім вар'яцкім святле маланак Алесь накіроўваўся ў бок будынка з чырвоным дахам. Ён як звер імчаўся наперад, адчуваючы неспакойнасць душы і халодны страх сэрца. Ногі цяжка ішлі, рукі слізгалі аб пясчаныя сцены, па якіх хутка сцякала дажджавая вада. Калі ж салдацкае ўмацаванне скончылася, Алесь, не задумваючыся, цяжка вылез на паверхню. Аддыхаўся, супакоіў сябе тым, што нарэшце ён быў наверсе. Затым шырока адкрытымі вачыма, пад уплывам начной цемры, хлопец паспрабаваў агледзецца па баках. Маланкі ўжо не так часта гулялі ў небе, а тоўстыя кроплі вады падалі перад яго тварам, сцякалі па яго плашчу. Вакол было змрочна і мокра. Цяжка было выразна ўбачыць гарадскія далі. Начны праліўны дождж маскіраваў мясцовасць, сціхалі шумныя навальнічныя разрады. Усё радзей асвятлялася мясцовасць перад салдатам, здавалася, што вось-вось святло зусім знікне і пакіне маладога хлопца ў поўнай цемры. І ў гэтае імгненне, калі Алесь яшчэ стаяў недалёка ад траншэі, здалёк, нечакана пачуўся адзіночны стрэл, які яшчэ больш азмрочыў дух хлопца. А затым з левага боку пачулася кулямётная чарга і ў бок напалоханага салдата паляцелі кулі, якія свяціліся ў цемры. З назапашанай злосцю і з вялікім страхам, у секунду небяспекі хлопец зрабіў некалькі хуткіх крокаў наперад. Ён не чуў, як аб цвёрдую паверхню біліся кулі, як яны злосна свісталі вакол яго цела: шумеў дождж, шумеў капюшон на галаве, шумела сэрца. Калі ж яшчэ з большай сілай загрукатаў кулямёт, Алесь стаў хутка бегчы наперад, амаль не бачачы нічога перад сабой. Спатыкаўся, стукаўся і падаў. Хутка ўставаў. Неакуратна перабіраў ногі ў палохаючай начной цемры. Бег да таго часу, пакуль не ўпёрся ў паўразбураны будынак, у яго ацалелую частку першага паверха. Алесь схаваўся тут, у цёмным куце пад плітой, што калісьці падзяляла першы і другі паверх, а цяпер схілілася: адзін край да падлогі, а другі трымаўся за сцяну. Хлопец відавочна не хаваўся ад моцнага дажджу, які не пераставаў паліваць разбураны горад. Алесь баяўся жахлівай ночы і варожых куль. Некалькі гадзін праведзеных тут сталі для яго катаваннем. Прыціснуўшы калені да сябе, перакуліўшы капюшон плашча за спіну, радавы падоўгу ціха сядзеў і ўслухоўваўся ў кожны шоргат, у кожнае дакрананне кропель да бетону, глебы. Ён чуў незнаёмую гаворку, павольны тупат чаравікоў. Салдаты праходзілі побач. Яны, як паляўнічыя, якія вось-вось знойдуць загнанага ў вугал спалоханага звера. Хлопец упершыню ў сваім жыцці трымаў у руках аўтамат і ў той момант ён моцна трымаў яго перад сабой. Алесь рэзка круціў галавой па баках і страшна ўяўляў сабе, як яго знойдуць, як першым падзе гарачая гільза з чужой зброі. Паступова крокі і шэпт салдат згасалі, усе чалавечыя гукі павольна аддаляліся ад яго. Хлопец яшчэ доўга сядзеў у халодным поце. Яму здавалася, што яго атачылі ворагі і чакаюць, калі ж ён сам выйдзе з цёмнага кута.

За гадзіну непагадзі ўся паверхня астыла, злёгку падзьмула халодным паветрам. А праз гадзіну, праз шэрыя аблокі пачало цьмяна прабівацца святло круглага месяца, які адкрываў змрочны вясновы страх вайны.

Пасля Алесь хвалююча і аглядаюча, не спяшаючыся адважыўся выйсці з-пад жалезабетоннай пліты. Час сядзець і чакаць для яго скончыўся. Ён рызыкоўна паспяшаўся ісці далей. Нявопытны салдат, як дзіця з хмурным тварам, працягваў прабірацца наперад. Цвёрдая падэшва ступала то на жалеза з бетонам, то на мяккую і цвёрдую глебу, то на дробныя лужыны. Алесь абыходзіў застылыя целы людзей. Ён ішоў без усялякіх дакладных каардынатаў, спадзяваўся толькі на сваю зрокавую памяць. Бо ў момант скачка ён бачыў толькі чырвоны дах будынка і тады, у галаве, ён маляваў сабе адлегласць, запамінаў, у якім жа баку знаходзілася ад яго кропка збору. Па-ранейшаму ў галаве круціліся розныя думкі: ад няўдалага завяршэння шляху, да хуткага вяртання да дому; ад сям'і, да смерці. Ён часта азіраўся назад, каб даведацца, ці няма за ім варожых салдат. Вакол без краю цягнецца забіты горад. Неспакойная ноч станавілася празрысцей пад месяцовым святлом. Было хоць нешта відаць. Алесь быў рады гэтаму шару, які свяціў у небе, які палягчаў салдацкі шлях, даваў шанец на лепшы зыход.

Вецер сціх, спыніўшы невялікую шэрую хмару над Алесем, пакідаючы адкрытую прастору для месяца. Зноў пасыпаўся дробны дождж. Алесь накінуў капюшон і, пад прыгажосць беласнежных кропель, якія свяціліся ад святла месяца, незадаволена блытаў нагамі. Стомленасць авалодвала хлопцам з кожным яго метрам шляху. Здавалася, што цяжкая ноч зусім не скончыцца. Было слізка, непрыемна і цяжка. Ён крок за крокам, павольна рухаўся наперад. Ногі пастаянна чапляліся за нешта, з'язджалі ў бок, патаналі ў гразі. Алесь адчуваў у сабе не толькі злосць, але і няўдачу сваіх рашэнняў, гаворачы сам сабе, што далей будзе яшчэ горш.

Пазней, скрозь шэрасць, халодны світанак прапускаў першыя прамяні жоўтага сонца. Світала. Працягваў злёгку імжыць дождж. Ранняй змрочнай раніцай было ўжо добра прыкметна, як раскідала мёртвыя целы ад выбухаў, як кавалкі жалезабетону хавалі мінулую мірную зямлю, як кроў вайскоўцаў з грамадзянскай мяшалася ў гразі, як крыкі дарослых і дзяцей ад баявых ран зніклі разам з грукатам абстрэлаў. Хлопец страціў яснае бачанне. Было цяжка зарыентавацца, з усіх бакоў пахла порахам і смерцю. Холад пранізваў усю душу салдата. Ён страціў стомленасць і цяпер ішоў усё хутчэй і хутчэй. З апошніх сіл уцякаў ад застылай цемры мінулых падзей.

Дробны дождж шчыльнай імжой перашкаджаў глядзець наперад. Алесь абыходзіў чарговы разбураны шматпавярховы дом, выходзіў з-за вугла тоўстага абломка. Як тут жа, ён наткнуўся на невядомага салдата, які гатовы быў страляць. Алесь моцна спалохаўся ад нечаканай сустрэчы. Яго вочы замітусіліся. Па бледным целе прабеглі дрыжыкі. Спатыкнуўшыся ад спалоху крыху назад, ён адной нагой стаў на абломак чырвонай цэглы. І ад таго, Алесь, не жадаючы, сагнуў правую нагу ў калене, ледзь было не паваліўся на мокрую груду смецця.

Перад Алесем стаяў чалавек сярэдняга росту, у чорным плашчы, які зусім не чакаў убачыць радавога Траўніка перад сабой. Ад раптоўнай сустрэчы аўтамат незнаёмца гатовы быў выпусціць кулю ў разгубленага хлопца, але той саўладаў з сабой і апусціў зброю.

– Эй, не дрыжы ты так! Пайшлі. – з упэўненым тонам прамовіў незнаёмы, падаў руку Алесю.

5.

У цэнтры горада, сярод разбураных дамоў, стаяў адзіночны некрануты двухпавярховы будынак. Дробныя кроплі дажджу працягвалі біць па яго чырвонаму даху. Вецер злёгку заганяў дождж у незашклёныя вокны пабудовы. А малюсенькія пырскі мачылі апошнія каляваконныя пыльныя куткі паверхаў.

Сцены першага паверха цвёрда трымалі на сабе ўвесь будынак, нягледзячы на часткова абсыпаную, расколатую белую тынкоўку. На пыльнай падлозе ляжала мноства разламаных і ацалелых драўляных рам выставачных карцін. Саміх жа палотнаў на першым паверсе відаць не было. Адно металічнае крэсла, перавернутае ножкамі ўверх, тырчала з кучы рознакаляровага смецця. Паўсюль былі раскіданыя гільзы. Некалькі кавалкаў чырвонай цэглы валялася каля сцен. Вельмі шмат дробных аскепкаў ад пабітага шкла і люстэркаў. Жалезабетонная лесвіца, якая злучала два паверхі, знаходзілася ў паўразбураным стане. У ёй не хапала некалькі цэлых прыступак. Уваходных дзвярэй таксама не было і холад вольна гуляў па ўсіх памяшканнях. Каля шырокага дзвярнога праёму ляжала пара мёртвых салдат, іх яшчэ мінулым днём зацягнулі сюды, падчас выбухаў ад бомбаў і мінамётаў. Целы былі накрытыя цёмна-зялёнай тканінай, якая хавала халодныя твары салдат.

Капітан Катляроў, які кіраваў усёй дэсантна-штурмавой групай салдат, набліжаўся да будынка. За яго спіной, услед за ім, ішлі двое салдат. Камандзір быў упэўнены ў тым, што ён першым убяжыць у ацалелы будынак з двума салдатамі. Але тут, у закінутай карціннай галерэі, ужо знаходзіўся радавы Агуркоў. Каравокі, высокі, худы хлопец з выцягнутым тварам, злёгку падрыгваў ад халоднага патоку паветра, што цягнуўся з усіх вокнаў. Салдацік не здымаў з сябе ўжо высахлы чорны плашч з цела, ён ахутаўся ім, спрабаваў, як мага больш, сагрэцца. Сціснуўшыся ў сухім куце, Агуркоў сваімі тонкімі пальцамі піяніста, трымаў перад сабой аўтамат. Пры гэтым напружана ўслухоўваўся ва ўсе навакольныя гукі.