Страница 13 из 16
– Ты ж ведаеш, як ён трапіў у атрад? Я вось толькі з самалёта памятаю яго… Мабыць, мы заходзілі ўсе разам на борт!? Так? – дадаў падазрэнняў радавы Мельнік.
– А ты маеш рацыю. Нешта з памяці выпала, не памятаю, каб ён быў з намі на агульным сходзе перад заданнем. – занерваваўся лейтэнант і дастаў з кішэні пачак цыгарэт.
– Можа шпіён які?
– Хто ж яго ведае. Аднаму Богу вядома… Магчыма, «зялёныя» нешта паабяцалі яму. Вось і працуе на ворага. Пазней пра яго ў капітана спытаю. – Сядоў памаўчаў з хвіліну, затым дадаў: – Будзеш цыгарэту?
Мельнік не адмовіўся. Закурыў. Рабіў кароткія зацяжкі, выпускаючы белы дым. Ён знаходзіў усё новыя тэмы для размоў. Усё з той жа нястрыманасцю гаварылі гэтыя двое, а таксама лёгкім позіркам сачылі за тым, што робіцца ў шэрым будынку.
Тым часам Алесь, які ішоў за салдатам Зуйко, цяжкімі крокамі ўздымаўся на другі паверх. Яны прайшлі ўглыб калідора, павярнулі направа, зайшлі ў невялікае памяшканне. Алесь, які выйшаў з-за спіны радавога Зуйко, спыніўся, выпрастаў цела. Хутка агледзеўся. Тут жа, як і ва ўсім будынку, вокны не мелі шкла, было пыльна і шэра, а на падлозе валялася адарваная са сцен чырвоная абліцоўванне. У далёкім куце, на ацалелых мастацкіх палотнах ляжала дзяўчына, а над ёй стаяў Катляроў. Дужы, адважны духам мужчына, правёўшы час у поўным маўчанні, схіліў свой твар над дзяўчынай. Ён быў падаўлены пачуццямі трывогі і жадання хутчэй вярнуцца да жонкі. Адчуваючы бяссілле, камандзір быў ахоплены болем і злосцю. Яго раздзірала тое, што ён не можа мірна вярнуцца дадому. Ён трымаў гэта ўнутры сябе да тых часоў, пакуль не пачуў крокі салдат. Капітан хутка змяніўся: апусціў свае шырокія далоні да аўтамата і імгненна павярнуўся ў бок салдат. На яго твары, з секунду, завіс вобраз вар'ята. Блакітныя вочы шырока скруглелі, палохана навіслі шырокія бровы. Зуйко, спалохаўшыся непрыхаванага жаху на твары капітана, тут жа паспяшаўся да акна, маленькімі крокамі накіраваўся да кропкі агляду.
– Траўнік! Давай, рабі сваю працу! – сурова сказаў капітан, ахмурыўшы твар.
Катляроў не надаваў моцнага значэння вяртанню свайго салдата ў атрад. Ён адпусціў гэтыя думкі, бо перажыванне за жыццё маладой дзяўчыны было мацней. Пасля звароту да радавога Траўніка, капітан апусціў галаву і адышоў ад цела.
Алесь не быў ваенным урачом і тое, што ад яго чакалі дапамогі, палохала яго. Ён яшчэ не ведаў, як дапамагчы дзяўчыне, таму разгублена падбег да яе. На сіне-жоўтых палотнах без рамачных карцін ляжала стройная чарнявая дваццацігадовая дзяўчына ў зялёным камбінезоне. Тканіна яе адзення была запэцканая рознакаляровымі плямамі ад фарбаў. Галава і тонкія пальцы рук былі цэлыя. А на каленях і локцях кроў. Побач з целам зіхацела серабрыстая маска з чалавечымі абрысамі твару. Алесь, зірнуў на чысты, белы твар дзяўчыны. Ён быў уражаны. Перад хлопцам ляжала яго былая жонка, але ў гэтым свеце яна была яшчэ юнай, такой ж, як у першы дзень іх знаёмства. Алеся страсянула імгненным успамінам. Зялёна-сінія вочы загарэліся на яго бледным твары. Памяць вяртала яго ў эпізод іх знаёмства, якое пачалося ў фае карціннай галерэі… Усё адбывалася мінавіта ў такім будынку, у якім яны зараз знаходзіліся. Вось чаму Алесю было знаёма тое памяшканне на першым паверсе. Тады, некалькі гадоў таму, Алесь рэдка выбіраўся ў падобныя месцы, як гэта. Не, не тое каб ён не любіў такія мерапрыемствы, Алесь проста не знаходзіў на іх час. Але ў той, яшчэ звычайны суботні дзень, сябар Сяргей запрасіў Алеся на выставу, з нагоды прэм'ернага паказу карцін сваёй нявесты. Алесь не змог адмовіць сябру і адкінуў усе свае нязначныя справы. Хлопец надзеў на сябе самае лепшае: белую кашулю і чорны пінжак, чорныя нагавіцы і цёмныя туфлі. Спешна пакінуў дом. На мерапрыемстве маладому чалавеку было прыемна і ў той жа час крыху няёмка. Алесь не надта ўяўляў, як паводзіць сябе ў падобным месцы, ды яшчэ прыехаў занадта рана. Ён некалькі хвілін стаяў у холе, на першым паверсе. Чакаў, калі ж прыйдзе сябар і разбавіць яго адзіноту.
Стала нечаканым для Алеся тое, што, з-за спіны, вытанчаныя дзявочыя пальцы закранулі яго твар, заплюшчылі яму вочы. У адказ хлопец крануў далікатную скуру яе цёплых далоняў.
– Адгадай, хто цябе знайшоў? – запыталася незнаёмка мяккім голасам.
Тады Алесь узяў у свае вялікія рукі яе далікатныя далоні і павярнуўся да яе. Перад ім стаяла чароўная, маладая дзяўчына Марына ў зялёнай сукенцы. Ёй было не па сабе ад таго, што Алесь быў не тым чалавекам, якога яна хацела бачыць. Дзяўчына тут жа сказала:
– Ой, прабачце, вы так падобныя да майго…сябра… Прашу прабачэння, мне так няёмка… – сказала цёмнавалосая Марына і прыбрала свае далоні.
Пасля гэтых слоў яна адышла ад Алеся і павольна сышла ў цэнтр выставачнай залы. Алесь не адводзіў ад яе вачэй, ён забыўся аб сваёй няёмкасці і адзіноце. Дзяўчына крок за крокам аддалялася, азіралася. Яна жадана кідала свой пяшчотны погляд на зачараванага светлавалосага хлопца Алеся.
Ва ўвесь гэты прыемны антураж улез яго сябар Сяргей. Ён ціха падышоў і нешта сказаў. Алесь не пачуў яго. І сябар, заўважыўшы няадводзячы погляд Алеся ад незнаёмкі, крануўся яго пляча і з цікавасцю спытаў:
– Спадабалася дзяўчына?
– Так. Яна прыгожая. – знаходзячыся пад уплывам пачуццяў, несвядома прагаварыўся Алесь.
– Зараз жа даведаюся, хто яна. – сказаў Сяргей і хутка адышоў.
Усіх папрасілі сабрацца ў галоўнай зале, прэзентацыя зараз пачнецца. Алесь, не чакаючы сябра, адправіўся туды адзін. І вось, ужо ў асяроддзі людзей, мастак распавядаў аб сваіх карцінах. Алесь стаяў з усімі, у натоўпе, круціў галавой, вачыма перабіраў твары. Пакуль не адшукаў тую самую, таямнічую незнаёмку ў зялёнай сукенцы ў цэнтры публікі. Гледзячы на яе прыгажосць, ён перастаў чуць голас мастака. Дзяўчына таксама ўбачыла Алеся і не адводзіла ад яго вачэй. Яны абменьваліся ўсмешкамі адзін з адным. Калі ж прамова мастака скончылася і ўсе пачалі разыходзіцца, падыходзіць да карцін, Алесь страціў дзяўчыну з-пад увагі. Ён паспрабаваў адшукаць яе сярод людзей, якія любаваліся творчасцю, стаялі ля розных карцін. Алесь асцярожна прабіраўся скрозь натоўп, падыходзіў да кожнай работы. Апынуўшыся ў няўдачы, расчараваўшыся, хлопец вырашае ўсё ж заняцца тым, для чаго ён сюды прыйшоў: паглядзець на мастацкія работы яго знаёмай. Спыніўшыся перад шырокім каляровым палатном, Алесь убачыў у ім нешта добрае і сапраўднае. Мастак адлюстраваў наступнае: маленькая шчаслівая светлавалосая дзяўчынка ў жоўтым сарафане і вялікімі блакітнымі вачыма, радуецца залатому бранзалету на сваёй правай руцэ. А пад карцінай подпіс: «Сапраўднае чараўніцтва».
– Шампанскага? – спытала дзяўчына.
Алесь зноў пачуў вытанчаны голас дзяўчыны ў зялёнай сукенцы. Яна стаяла побач, трымала ў руках два келіхі шампанскага, шчыра ўсміхалася.
– Так. Дзякуй. – узаемна ўсміхаючыся, адказаў ён. – Я цябе ўсюды шукаў.
– Праўда? Дык чаму ж не знайшоў? – ціха вымавіла яна.
– Ты ўмееш добра хавацца. Але ў цябе выдатна выходзіць знаходзіць мяне. Ты ж на гэты раз мяне ні з кім не зблытала.
– Не. На гэты раз, не.
– Складзеш мне кампанію? – спытаў Алесь. – Я тут упершыню.
– З задавальненнем. – ціхім, ласкавым голасам адказала дзяўчына.
– А як жа твой сябар?
– Які? Ах так…ён…ён пакінуў мяне. – далікатна адказала дзяўчына і тут жа спытала: – як табе карціна?
– Яна выдатная.
Вызваліўшыся ад імгненных ўспамін, Алесь хутка вярнуўся ў сучаснасць, дзе атачалі яго змрочныя сцены, якія выстаялі пасля бамбёжкі, дзе салдаты з халоднымі тварамі незадаволена расхаджвалі па будынку. Марына ляжала ля яго ног на раскінутых мастацкіх палотнах. Хлопцу было не па сабе.
Тым часам Катляроў шырокім крокам падышоў да Зуйко і спытаў:
– Лейтэнант таксама тут?
– Так дакладна. – дзіўным, асіплым голасам адказаў радавы.
– І даўно яны вярнуліся? – падазрона спытаў Катляроў.
– Не ведаю.
– Заставайся тут. Працягвай сачыць за горадам, толькі зараз з таго вузкага аконнага праёму. – спакойна пакамандаваў Катляроў і выйшаў з памяшкання.