Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 8



– Эй, Ф-11?! Ты не казаў пра вайну, пра ворагаў. Не згадваў нічога такога. Што за ворагі? Ты паглядзі на надпіс. Эй?! Ня маўчы! Ці ты нешта ўтойваеш? – спытаў я.

Робат працягваў упэўнена ісці наперад. Маўчаў, быццам зусім не чуў мяне, хоць я знаходзіўся ў пару метрах ад яго.

– Я з табой размаўляю! Ты мяне чуеш? – я зноў звярнуўся да робата. – Ты бачыў той надпіс?..

Робат, крыху счакаўшы, усё ж адказаў.

– Я чую вас. Я шукаў адказ у сваёй памяці. Ніякай вайны не было, у маёй памяці яе няма. Надпісы, мабыць, маюць нейкі іншы сэнс. Магчыма, яны былі зробленыя вельмі даўно і носяць выключна самотны характар. – прамовіў робат.

Ф-11, калі адказваў, не абарочваўся да мяне і не збаўляў крок.

Шчыра кажучы, я засумняваўся ў яго словах. Нейкае пачуццё ўнутры мяне прымушала сумнявацца ў ім. Складвалася такое адчуванне, што Ф-11 нешта не дагаворвае, нешта хавае. Хм… Якая хітрая гэтая штука – робат! Працягваць пытацца ў яго аб надпісах або аб чымсьці іншым я не стаў, мне стала неспакойна. Хоць я і давяраў яму ў многіх нашых прыгодах, тут жа я ўсумніўся.

Мы падоўгу блукалі па гэтых гарадскіх развалінах. Лёгка праходзілі па пустынных доўгіх калідорах, дзе я супакойваў сваё дыханне. А часам, даводзілася ўзбірацца на кучу бетону і спускацца, імкнучыся не параніцца.

– Руіны заканчваюцца! – сказаў і павярнуўся да мяне робат. – Паслухайце, за гэтымі ацалелымі будынкамі нас чакае пустыня.

Ф-11 паказваў пальцам на будынкі, што знаходзіліся ад нас на адлегласці, дзесьці за сто метраў. Робат бачыў маю стомленасць. Я цяжка дыхаў, твар пакрываўся буйнымі празрыстымі кроплямі поту. Таму, калі ж мы дайшлі да апошняга шматпавярховага будынка, я прысеў у ценявой часткі і абапёрся спіной аб халодную шэрую сцяну. Я дастаў новую прастакутную тканіну з аптэчкі для таго, каб прыкрыць нос і рот ад пясчынак пустыні, што лёталі па ветры. Бо цяпер, нас чакала ўсё тая ж цяжкая беласнежная пустыня.

Пасля невялічкага прывалу я ляніва ўстаў. Зрабіўшы спробу адысці ад будынка, я заўважыў, што пад маімі нагамі з пяску праглядаюцца нейкія косткі. Тады я нагой злёгку капнуў перад сабой пясок, спачатку носам абутку, а затым пяткай. Робат маўчаў і назіраў за тым, што я раблю. На пяску, сеяным дробнымі каменьчыкамі, ляжалі тры вялікія косткі і парачка крыху меншых. Я імгненна паглядзеў на робата і вярнуў свой погляд назад.

– Што тут такое?! – вымавіў я.

Зрабіўшы пару крокаў назад, неакуратна стаў, трохі сагнуўшы ногі ў каленях, ледзь было не паваліўся на пясок. Пад маёй ступнёй ляжаў белы чалавечы чэрап.

– Што тут адбылося? Яны паўсюль! – казаў я, азіраючыся па баках.

Ад апошніх будынкаў і ў бок пустыні ляжала вельмі шмат чалавечых костак. Рэбры, доўгія і кароткія, хрыбетнікі і розных памераў чэрапа. Дарослыя і дзеці…

Але чаму яны тут ляжаць, чаму іх тут так шмат? Я думаў толькі аб дрэнным. Можа іх забіў СКР? Я ніяк не мог забыцца пра ўбачаныя надпісы.

Яшчэ трохі агледзеўшыся, я так і не ўбачыў яснасці. Ф-11 не адчуваў тых жа пачуццяў, што і я, і таму працягнуў мне руку і сказаў:

– Нам пара ісці.

– Ты нічога не хочаш мне расказаць пра гэта? Паглядзі, колькі тут загінула людзей! – сказаў я.



– Я нічога не ведаю аб гэтым месцы. Нам пара. Калі ласка, хадзем, – адказаў робат.

Калі Ф-11 казаў гэтыя словы, я ў апошні раз зірнуў на парэшткі. Я заўважыў, як вецер размывае пясок на маленькім чэрапе, які ляжыць з іншымі косткамі. У гэтым чэрапе была адтуліна ў вобласці ілба. Вось яна, адна здагадка таго, што адбывалася – людзей застрэлілі.

Сумна станавілася на душы. Таямніча і страшна. Цяжка змірыцца з гэтым, мяне мучылі розныя пытанні.

Я не стаў больш гаварыць з робатам. Мы ішлі далей. Ісці з Ф-11 было непрыемна: ён нічога не распавядаў, ішоў імкліва па нашым шляху і толькі зрэдку мог сказаць пару слоў.

Белы, нібы люстэркавы, гарызонт разаслаўся вакол нас. Здавалася, што гэтай пустыні няма канца. Другі дзень яна праплывае ў мяне перад вачыма. Куды ні паглядзі – усюды яна.

Пакуль я цяжка ішоў па гэтай хвалістай паверхні, я напружваў галаву, хацеў нешта ўспомніць пра свой дом, пра сябе. Пуста ў маёй галаве. Як мяне завуць? Можа Ігар або Максім … Пару імёнаў я ведаў, круціў у памяці. Але як клічуць мяне на самай справе? Толькі пра гэта я думаў. Горка капаўся ў сабе. Я хацеў было ўжо здацца, як з маёй памяці нешта прачнулася. Так! Я дакладна ўспомніў нешта новае. Гэты момант відавочна адбываўся ў маім жыцці. Падобная пустка вакол мяне, таксама смажыла сонца. Побач са мной быў мой бацька. Тады я быў яшчэ дзіцём, і ён вазіў мяне далёка за горад, у невялікую пустыню, дзе дрэў не было, была толькі жоўтая, высахлая трава, што схілілася да зямлі. Памятаю тое месца, адкуль нам быў бачны вялікі горад, над якім лётала з дзясятак касмічных караблёў. Бацька вучыў мяне стральбе. Расстаўляў усялякія знакі, вучыў мяне цэліцца і распавядаў аб зброі. Дапамагаў трымаць пісталет, разбіраць яго. Гадоў дваццаць таму гэта было… Так, гэта мой успамін. Вайсковец, навуковец-інжынер, жорсткі і рашучы – такім я памятаю бацьку. Мне тады не падабалася быць салдатам, я жадаў больш утульную абстаноўку. Але з-за страху я не мог пра гэта сказаць свайму бацьку і моўчкі выконваў яго загады. Ён радаваўся, што я праводзіў з ім час. І раздражняўся, калі ў мяне не атрымлівалася нешта зрабіць. Бацька нават не здагадваўся, як мне брыдка страляць і бегчы ад сваіх захапленняў.

Мацней забілася маё сэрца, узрадавалася і засмуцілася ўслед.

Наперадзе, на кучу пяску ўзбіраўся Ф-11, я ішоў следам за ім. Узбіраючыся на вяршыню насыпу, я працягваў блукаць у памяці, шукаў сваё новае або, хутчэй, сваё мінулае. Падняўшыся на вяршыню, я спыніўся, паглядзеў уніз. У мігценні цяпла, на гарызонце, стаяла адзінокая пабудова. Я не адразу звярнуў сваю ўвагу, але спыніўшы погляд на ёй, я разгледзеў бел-чорны маяк. Большая частка яго знаходзілася над зямлёй. Вельмі хацелася падысці да яго бліжэй і схавацца ў яго цені.

Злева падзьмуў лёгкі ветрык, які падарыў мне трохі прахалоды. Прыемны холад ахапіў усё цела. Я павярнуўся да яго тварам, каб яшчэ больш паддацца яго ўплыву. Мне захацелася птушкай узляцець і паляцець у неба. Вецер дарыў свабоду. Здавалася ўсё не так дрэнна. Але на бяду, у наш бок набліжалася пясчаная бура. Сцяна святла і цемры. Пясок круціўся ў патоку вялікага ветру. Велізарная бура, у якой вышыню ці шырыню адразу і не вызначыш. Тым часам, робат спакойна спускаўся з выдмы ўніз, ад цяжару слізгаў па ёй.

– Паглядзі! Бура! Ты не казаў, што тут ёсць буры! – гучна крыкнуў я, прыбраўшы тканіну з рота.

Робат ужо спусціўся і стаяў на роўным месцы. Ён моўчкі паглядзеў на мяне.

– Туды паглядзі! – я хутка спускаўся да яго, паказваючы рукой на высокую сцяну пылу і ўсё таксама крычаў у яго бок. – Паглядзі!

– Прабачце мяне за няўважлівасць, – штучна сказаў робат. – Нам варта схавацца ў той пабудове! – паказаў ён на маяк.

– А мы паспеем дабегчы? – спытаў я.

– Калі не будзем стаяць на месцы і весці дыялог, то па маіх падліках паспеем!

Гэта сапсавала мне спрэс увесь настрой. Цяпер нам трэба было бегчы ў бок маяка. А мне імчацца што ёсць сілы.

Пры хадзе мае ногі добра грузлі ў пяску, а калі я пабег, з-за хуткага перамяшчэння мне ўдавалася хутка падымаць ступні, перш чым яны цалкам схаваюцца ў пяску. Я бег цяжка. Пасля адкінуў тканіну, якая закрывала нос і рот. Задыхаў поўнымі грудзьмі. Стаў больш актыўна размахваць двума рукамі. І бегчы стала значна лягчэй. Хай дробныя пясчынкі і спрабавалі ўскладніць маё дыханне, але я амаль не заўважаў іх. Страшней было не паспець схавацца ад буры.

Вялікая сцяна пылу не рассейвалася, а наадварот, станавілася яшчэ магутней і мацней. Белыя віхры хутка набліжаліся да нас. Здавалася, быццам бура расцягнулася ад самага неба да паверхні зямлі, і цягнулася ад усяго боку левага краю. Вецер каля нас узмацняўся, дробныя пясчынкі сталі падымацца значна вышэй, іх станавілася ўсё больш. Біліся прама аб маё цела. І тут я стаў закрываць далонню ніжнюю частку твару.