Страница 8 из 16
Любу заўсёды прыкмячалі, хлопцы ліплі з заляцаннямі, гаварылі пра яе прыгажосць, некаторыя нават кляліся ў любові. Толькі сэрца дзяўчыны было занятае, і не хацелася верыць словам, якія ўжо некалі чула. «Ад прыгажуні Іван не адмовіўся б! – думала яна, а чарговаму лавеласу строга і сур’ёзна прапаноўвала: – Я прыму твае заляцанні паслязаўтра, а заўтра пойдзем у ЗАГС… А каб не перадумаў, давай свой пашпарт сёння… Калі раптам праспіш ці па п’янцы не ўспомніш, будзь упэўнены, я і без цябе ажаню і штэмпель дзе трэба пастаўлю… У мяне там таварышка працуе…» Пасля гэткай прапановы прыліпалаў быццам ветрам здзімала.
Люба далоньмі правяла па высокіх пругкіх грудзях, крутнулася ўправа-ўлева, і адразу веерам рассыпаліся валасы, прыкрылі грудзі, жывот, шаўкавісты чорны трохкутнік між ног. Яны нават люстэрку не жадалі паказваць інтымныя часткі цела сваёй гаспадыні. «І чаму касу ў Мінску не адрэзала?» – услых сказала Люба і, аберуч перахапіўшы валасы на патыліцы, прымерылася, дзе было б лепш запусціць нажніцы.
Канешне, яна хлусіла, сілілася ці то падмануць, ці то пераканаць сябе, бо да гэтай хвіліны нават у думках не дапускала, што некалі наважыцца пайсці ў цырульню. Прычынай быў Іван, які калісьці на спатканнях вельмі любіў расплятаць і асабліва заплятаць касу. Люба верыла ў тое, што валасы памятаюць рукі каханага, памятаюць пацалункі і ягонае гарачае дыханне, бо менавіта праз гэта і сёння Іван часта прыходзіць да яе ў снах. Але ж цяпер усё зменіцца, прыслужніца, якая шмат траціць часу на сябе, наўрад ці задаволіць гаспадароў. А згубіць гэтую працу Люба не магла, не па тое сюды прыехала.
«А мо не чакаць да заўтра? Раней адрэжу – хутчэй адрастуць?» – нечакана прыняла рашэнне Люба і з непахіснай рашучасцю кінулася шукаць нажніцы ў шуфлядах тумбачкі, якая высілася зводдаль, каля самых дзвярэй. Знайшла адразу, але занадта маленькія. Яшчэ раз перагледзела ўсе шуфляды – большых не было. Як запраўскі цырульнік, раз-другі пстрыкнула нажніцамі каля вуха, каб сябе лепш бачыць, усутыч наблізілася да люстэрка і, перакінуўшы валасы на грудзі, узняла руку…
– Люба, адчыні, – раздражнёна крыкнула і адначасова грукнула ў дзверы фрау Эльза. – Так доўга нельга пускаць гарачую ваду!.. Дый халодную таксама!..
Толькі цяпер Люба заўважыла, што ад гарачай вады пакой напоўніўся лёгкім валакністым туманам, шыкоўныя люстэркі запацелі і лямпачкі ўжо не так ярка свецяць. Яна кінула нажніцы на тумбачку, хуценька залезла ў ванну і ўжо адтуль крыкнула:
– Фрау Эльза, яшчэ некалькі хвілін…
Калі Люба выйшла з ваннага пакоя, эканомка размаўляла па тэлефоне, але, убачыўшы дзяўчыну, з суразмоўцам адразу развіталася, склала сотавы тэлефон, сунула яго ў кішэню. Люба зрабіла некалькі крокаў на сярэдзіну пакоя, вінавата зірнула на эканомку і, наткнуўшыся на гнеўныя агеньчыкі ў вачах фрау Эльзы, спынілася. Зноў, як і ў першыя хвіліны знаёмства, душа напоўнілася міжвольным пачуццём страху. Дзяўчына ў прадчуванні нядобрага агледзела сябе, тужэй зацягнула пояс ружовага махровага халата і ў гэты момант, як ёй здалося, зразумела, чаму злуе эканомка.
– Я падумала, што халат для мяне, – разгублена прагаварыла Люба і, чырванеючы, паспешліва дадала: – Раніцай памыю…
Фрау Эльза як і не чула Любіных тлумачэнняў. Яна глядзела на Любу так, быццам бачыла ўпершыню. Позірк эканомкі абмацаў дзяўчыну ад пятак да галавы і раптам пацяплеў.
– У цябе такія доўгія і пышныя валасы? – здзіўлена і нечакана ласкава сказала фрау Эльза. Яна зрабіла некалькі крокаў насустрач, асцярожна, як нешта вельмі каштоўнае, аберуч абхапіла Любіны валасы і, быццам узважваючы, узнёсла ўскрыкнула: – Што за дзіва, ніколі не бачыла такой прыгажосці!.. А які незвычайны колер! Чым ты іх фарбуеш?
– Нічым, – прамармытала збянтэжаная Люба і ў думках ухваліла сябе за тое, што не мыла галавы і не карысталася фенам, бо невядома, як на тое магла адрэагаваць эксцэнтрычная, непрадказальная эканомка. – Фрау Эльза, – няўпэўнена працягвала Люба, – я хачу Вас папрасіць адрэзаць мне касу…
Любіна просьба відавочна ўсхвалявала эканомку, яна нават пабялела з твару. Фрау Эльза нервова адкінула ад сябе Любіну касу і, міжвольна страсянуўшы кісцямі, быццам пазбаўляючыся ад нечага непрыемнага, разгублена спыталася:
– Навошта?
– Яны будуць перашкаджаць працаваць, і дагляд патрабуе часу…
– Глупства! Калі прычына толькі ў гэтым – выкінь з галавы свой намер, – з палёгкай уздыхнула эканомка, і яе вусны скрывіла ледзь улоўная насцярожаная ўсмешка.
Думаючы пра нешта сваё, фрау Эльза зашпацыравала па пакоі, і калі праз некалькі хвілін зноў спынілася насупраць Любы, разгубленасці як і не было, вочы эканомкі пазіралі холадна і ўладна, было відавочна, што яна прыняла нейкае рашэнне.
– Дазволь мне прыводзіць у парадак твае валасы, – сказала фрау Эльза.
Прапанова была настолькі недарэчнай, што Люба ўспрыняла яе як жарт, але фрау Эльза імгненна развеяла сумненні.
– Усё жыццё марыла мець такія валасы, – убачыўшы, як разгубілася дзяўчына, памякчэлым голасам здалёк пачала эканомка. – Кажуць, марыць няшкодна, але ж прыроду не перайначыш, і парыком натуральнае не заменіш…
– Не-не, я сама, – адчайна запярэчыла Люба.
– А калі я вельмі цябе папрашу?..
Любе стала страшна, здалося, што эканомка хоча спакусіць на нешта нядобрае, пра такое чытала ў кніжках, а калі жыла ў Мінску, у інтэрнаце ёй паказвалі дзвюх дзяўчат, пра якіх гаварылі, што яны жывуць як муж і жонка.
– Не думай нічога кепскага, – быццам прачытаўшы Любіны думкі, запэўніла фрау Эльза, – не хацела гаварыць, але ты нагадала Інгрыд, маю дачку… Ты думаеш, адкуль я ведаю рускую мову?
Люба глядзела на эканомку шырока расплюшчанымі, немігатлівымі вачыма, пачуццё страху паціху саступала месца бездапаможнаму адчаю, нечакана прыйшло разуменне таго, што яна на цэлым свеце адна і, калі нешта здарыцца кепскае, ніхто не прыйдзе на дапамогу.
– Адкуль? – машынальна перапытала Люба і нечакана здзівілася: чаму раней ёй нават у галаву не прыйшло запытацца ў эканомкі пра мову, на якой фрау Эльза гаварыла вольна і без усялякага акцэнту?..
– Я руская немка, нарадзілася і сорак гадоў пражыла ў Казахстане, непадалёк ад горада Кустанай, чула пра такі?
Люба згодна кіўнула. Яна не ведала, як далей сябе паводзіць, пра што гаварыць.
– Інгрыд выйшла замуж за казаха і, канешне, са мной на радзіму продкаў не паехала. Цяпер у іх з Русланам трое хлопчыкаў, жывуць бедна, летась наведвала і на свае вочы пабачыла: у суседа ваду з калодзежа і тую купляюць… Але сітуацыя хутка зменіцца, я пабудую новы дом, не горшы за гэты, і мы будзем жыць разам, усім месца хопіць. Для Руслана нават работу прыгледзела…
Фрау Эльза сумна ўсміхнулася і, прыхільна паглядзеўшы Любе ў вочы, роспачна ўздыхнула:
– Асабістае жыццё не склалася: у пяцьдзясят гадоў ні сям’і, ні сяброў… А ты мне глянулася, як дачка… У Інгрыд гэткія ж доўгія валасы, і я заўсёды дапамагала з імі ўпраўляцца.
Чулая душа не заўсёды чуе ману, але яна заўсёды, пры любых абставінах, прагне рабіць дабро. Нечаканая споведзь фрау Эльзы кранула Любіна сэрца, дзяўчыне было сорамна за ганебныя думкі, і, каб найхутчэй паправіць памылку, яна, даверліва зірнуўшы на эканомку, далікатна зазначыла:
– Фрау Эльза, я не супраць Вашай дапамогі, наадварот, буду вельмі ўдзячна. Калі быць шчырай, мне і самой не хочацца адразаць валасы, касу вельмі любіў…
Люба запнулася, вінавата паглядзела на эканомку, але ўбачыўшы, з якой прыхільнасцю фрау Эльза глядзіць на яе, працягвала:
– Касу любіў мой каханы, яна як памяць…
– Вы разышліся, але ты ўсё яшчэ кахаеш яго? – выказала здагадку эканомка.
– Так, – пагадзілася Люба, – інакш…
– Інакш даўно б выкінула касу на сметнік… – скончыла за Любу фрау Эльза і самазадаволена, задзірліва засмяялася: – Ты, як мая Інгрыд, наіўная і зусім непрактычная… Верыш у каханне з першага погляду і з любімым гатова ўсё жыццё пражыць у шалашы.
– Так было раней, – спахмурнела Люба. Ёй было непрыемна гаварыць з малавядомым чалавекам на ўсё яшчэ балючую тэму.