Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 79 из 81



Слоўнiк В. Слоўнiк В складаўся са слоў, штучна створаных дзеля пэўных палiтычных мэтаў: гэта значыць слоў, якiя не толькi ў кожным выпадку мелi палiтычны сэнс, але i настройвалi на пажаданы манер думкi тых, хто iх ужываў. Без поўнага разумення прынцыпаў Ангсоцу было цяжка ўжываць гэтыя словы правiльна. У некаторых выпадках яны маглi быць перакладзеныя на старамоўе i нават на словы са слоўнiка А, але звычайна гэта патрабавала доўгiх апiсальных зваротаў i заўсёды гублялiся пэўныя адценнi. Словы са слоўнiка В былi своеасаблiвай стэнаграфiяй, калi цэлы шэраг паняццяў змяшчаўся ў некалькiх складах, i разам з тым яны былi больш дакладныя i пераканальныя, чым у звычайнай мове.

Словы са слоўнiка В былi ва ўсiх выпадках складанымi словамi*. Яны будавалiся з двух цi болей слоў або кавалкаў слоў, злучаных разам у лёгкую для вымаўлення форму. У вынiку атрымлiваўся заўсёды назоўнiк-дзеяслоў, якi падлягаў агульным правiлам словазмянення. Прывядзём адзiн прыклад: слова дабрадум, якое вельмi прыблiзна можна перакласцi як "добранадзейнасць", або, калi разглядаць яго як дзеяслоў, "думаць добранадзейна". Яно змянялася гэтак: назоўнiк-дзеяслоў дабрадум; мiнулы час добрадумаў; цяперашнi час добрадумае; прыметнiк дабрадумны; прыслоўе дабрадумна; аддзеяслоўны назоўнiк дабрадумнiк.

* Складаныя словы, як, напрыклад, мовапiс, сустракалiся, вядома ж, i ў слоўнiку А, але гэта былi ўсяго толькi зручныя скароты, якiя не мелi адмысловай iдэалагiчнай афарбоўкi.

Словы ў слоўнiку В будавалiся без нiякiх этымалагiчных прынцыпаў. Словы, з якiх яны складалiся, маглi належаць да любой часцiны мовы, маглi быць размешчаны ў любым парадку i маглi быць зменены любым манерам, каб толькi iх было лёгка вымаўляць i можна было распазнаць зыходныя формы. У слове злачындум (думзлачынства), напрыклад, дум стаяла на другiм месцы, а ў слове думпол (Палiцыя Думак) - на першым, да таго ж у другiм спалучэннi слова палiцыя страцiла сваю другую частку. У слоўнiку В захаваць мiлагучнасць было цяжэй, i таму адхiленнi ад агульных правiлаў сустракалiся тут часцей, чым у слоўнiку А.



Некаторыя словы са слоўнiка В мелi вельмi тонкiя адценнi значэнняў, амаль няўлоўныя для тых, хто не меў цэласнага ўяўлення пра навамоўе. Разгледзiм, напрыклад, такi тыповы сказ з перадавога артыкула "Таймз" Старадумы ненутромчуюць Ангсоц. На старамоўi найкарацейшым чынам гэта можна было б перадаць так: "Тыя людзi, чый светапогляд сфармаваўся да Рэвалюцыi, не могуць дасягнуць поўнага пачуццёвага разумення прынцыпаў Ангельскага Сацыялiзму". Але гэты пераклад недакладны. Па-першае, каб цалкам ахапiць сэнс працытаванага вышэй навамоўнага сказа, неабходна было мець выразнае ўяўленне пра тое, што значыць Ангсоц. Да таго ж толькi той, хто старанна засвоiў прынцыпы Ангсоцу, мог ацанiць усю вобразную моц слова нутромчуць, якое азначала сляпую, безаглядную згоду з чым-небудзь, амаль неўяўляльную сёння; або слова старадум, неадрыўна звязанага з паняццямi злачыннай заганы i ўпаднiцтва. Але адмысловым прызначэннем некаторых навамоўных слоў, у тым лiку i слова старадум, было не так выказваць значэннi, як разбураць iх. Гэтыя словы, дарэчы, нешматлiкiя, пашырылi свае значэннi да гэткай ступенi, што ўвабралi ў сябе цэлыя плоймы слоў, якiя цяпер можна было скасаваць i забыць, бо для выказання iх сэнсу дастаткова аднаго добра зразумелага слова. Найвялiкшай цяжкасцю, якая паўставала перад складальнiкамi Слоўнiка Навамоўя, было не прыдумляць новыя словы, а, прыдумаўшы iх, вызначыць, што яны значылi, а прасцей кажучы, вызначыць, якiя шэрагi слоў можна выкiнуць з мовы.

Як мы ўжо бачылi ў выпадку са словам свабодны, словы, якiя некалi мелi шкодныя значэннi, часам захоўвалiся ў мове дзеля зручнасцi, папярэдне ачышчаныя ад гэтых непажаданых значэнняў. Безлiч iншых слоў, як, напрыклад, гонар, справядлiвасць, маральнасць, iнтэрнацыяналiзм, дэмакратыя, навука i рэлiгiя, проста перасталi iснаваць. Некалькi агульных слоў цалкам ахаплялi iх сэнс i, ахапiўшы, паглыналi iх. Усе словы, згрупаваныя вакол паняццяў "свабода" i "роўнасць", улiлiся ў адзiнае слова злачындум, а ўсе словы, што групавалiся вакол паняццяў "аб'ектыўнасць" i "здаровы розум", замянiлiся цяпер адзiным словам старадум. Большая дакладнасць магла б быць небяспечнай. Ад сябры Партыi патрабаваўся погляд на свет, падобны да таго, якi мелi старажытныя жыды, якiя ведалi, што ўсе народы, апроч iхнага, пакланялiся "фальшывым багам". Iм не трэба было ведаць, што тыя багi звалiся Ваал, Асiрыс, Малох, Аштарта i гэтак далей: вiдаць, чым меней яны пра iх ведалi, тым лепей было для iх прававернасцi. Яны ведалi Ягвэ i прыказаннi Ягвэ, i таму яны ведалi, што ўсе багi з iншымi iмёнамi або iншымi атрыбутамi былi фальшывыя. Падобным чынам сябра Партыi ведаў, што лiчылася добрымi паводзiнамi, i вельмi цьмяна, у агульных рысах - магчымыя ад iх адхiленнi. Яго палавое жыццё, напрыклад, цалкам рэгулявалася двума навамоўнымi словамi: ползлачын (палавая амаральнасць) i дабрапол (цнатлiвасць). Ползлачын ахапляў усе магчымыя амаральныя палавыя ўчынкi - блудадзейства, чужаложнiцтва, мужаблуддзе i iншыя праявы распусты, а таксама звычайныя палавыя зносiны, калi яны не мелi за мэту працяг роду. Не было патрэбы мець для iх паасобныя назвы, бо ўсе яны былi аднолькава злачынныя i часцей за ўсё гэтак жа аднолькава каралiся смерцю. У слоўнiку С, якi складаўся з навукова-тэхнiчнай тэрмiналогii, часам узнiкала патрэба даць адмысловыя назвы пэўным палавым адхiленням, але звычайнаму грамадзянiну такiя словы былi непатрэбныя. Ён ведаў, што значыла слова дабрапол - звычайныя палавыя зносiны памiж мужчынам i жанчынай з адзiнаю мэтай нарадзiць дзяцей, пры гэтым без фiзiчнага задавальнення жанчыны, усё астатняе было ползлачынам. У навамоўi часцей за ўсё было немагчыма прасачыць развiццё шкоднай думкi далей за разуменне таго, што яна шкодная; за гэтай мяжою проста не iснавала патрэбных слоў.

Нiводнае слова ў слоўнiку В не было iдэалагiчна нейтральнае. Вялiкая частка iх была эўфемiзмамi. Такiя словы, напрыклад, як радлаг (лагер прымусовай працы) або Мiнмiр (Мiнiстэрства Мiру, г.зн. Мiнiстэрства Вайны), значылi амаль дакладна адваротнае таму, што яны мелiся значыць. З другога боку, некаторыя словы выяўлялi адкрытае i пагардлiвае разуменне сапраўднай сутнасцi акiянiйскага грамадства. Прыклад - слова пролхарч, якое значыла танныя забавы i хлуслiвыя навiны, якiмi Партыя кармiла масы. Iншыя ж словы былi двухсэнсоўныя i мелi "добрае" значэнне, калi ўжывалiся ў дачыненнi да Партыi, i "дрэннае" ў дачыненнi да яе ворагаў. Да таго ж было шмат слоў, якiя на першы погляд здавалiся простымi скаротамi i выводзiлi сваю iдэалагiчную афарбоўку не ад значэння, а ад самой структуры.