Страница 81 из 81
Калi старамоўе раз i назаўсёды будзе адмененае, апошняя повязь з мiнуўшчынай абарвецца. Гiсторыя ўжо была перапiсана, але недасканала правераныя рэшткi лiтаратуры мiнулых часоў сям-там яшчэ захавалiся, i пакуль яшчэ старамоўе канчаткова не забылася, iх можна было прачытаць. У будучынi гэткiя абрыўкi мiнуўшчыны, нават калi яны i выжывуць, будуць незразумелыя i неперакладальныя. Старамоўны тэкст можна было перакласцi на навамоўе толькi тады, калi ён апiсваў нейкi тэхнiчны працэс або вельмi простыя штодзённыя дзеяннi або ўжо быў сам iдэалагiчна вытрыманы (на навамоўе - дабрадумны). Практычна гэта значыла, што нiводная кнiга, напiсаная прыблiзна да 1960 года, не магла быць перакладзеная цалкам. Дарэвалюцыйная лiтаратура магла падлягаць толькi iдэалагiчнаму перакладу - гэта значыць перакладу з трансфармацыяй сэнсу i мовы. Возьмем, напрыклад, добра вядомы ўрывак з Дэкларацыi Незалежнасцi:
Мы лiчым вiдавочнымi тыя iсцiны, што ўсе людзi створаны роўнымi, што iм дараваны iх творцам пэўныя неадчужальныя правы, сярод якiх - жыццё, свабода i iмкненне да шчасця. Каб забяспечыць гэтыя правы сярод людзей, усталёўваюцца ўрады, якiя карыстаюцца ўладай са згоды падуладных. Што, як толькi любы ўрад пачынае парушаць гэтыя прынцыпы, народ мае права замянiць або зрынуць яго, Каб усталяваць новы ўрад...
Было б абсалютна немагчыма перакласцi гэта на навамоўе, захаваўшы сэнс арыгiнала. Найбольшым наблiжэннем да гэтай мэты было б растварыць увесь гэты ўрывак у адзiным слове злачындум. Поўны пераклад мог быць толькi iдэалагiчным перакладам, пры якiм словы Джэферсана ператварылiся б ва ўсхваленне абсалютысцкай формы кiравання.
Значная частка лiтаратуры мiнуўшчыны ўжо была перакладзена такiм чынам. З меркаванняў прэстыжу было пажадана захаваць памяць пра пэўныя гiстарычныя постацi, адначасова ўзгаднiўшы iх дзейнасць з фiласофiяй Ангсоцу. Розныя пiсьменнiкi, такiя як Шэкспiр, Мiлтан, Свiфт, Байран, Дыкенс i некаторыя iншыя, праходзiлi такiм чынам працэс перакладу: як толькi гэтая праца будзе завершана, iх арыгiнальныя творы, а таксама ўсё iншае, што застанецца ад лiтаратуры мiнулых часоў, будзе знiшчана. Такi пераклад быў справай павольнай i складанай, i меркавалася, што скончаны ён будзе не раней за першыя дзесяцiгоддзi дваццаць першага стагоддзя. Была таксама вялiзная колькасць чыста спецыяльнай лiтаратуры - неабходныя тэхнiчныя дапаможнiкi i да таго падобнае, - якая мусiла прайсцi такую самую перапрацоўку. I якраз дзеля таго, каб выдзелiць дастаткова часу на папярэднюю перакладчыцкую працу, для канчатковага пераходу на навамоўе была прызначана такая далёкая дата - 2050 год.
Пераклад: Сяргей Шупа