Страница 2 из 3
- Боря, ты хотел бы служить в национальной гвардии?
- ...национальная гвардия... и... - вытанчана й прыгожа лаецца Бора.
- Боря, а в Советской армии ты служил?
- Советская... и... армия... и... - Бора лаецца непрыгожа й нявытанчана.
Вяртаючыся да бервяна, я знарок раблю кругаля, каб прайсьцi побач з нацыянальнымi гвардзейцамi й падараваць аднаму зь iх бел-чырвона-белы значак.
- Ты за Гамсахурдиа? - замест якога-небудзь значка наўзамен, пытаецца гвардзеец, i тры пары цёмных вачэй глядзяць на мяне, нiбыта тры дубальтоўкi.
- Я за демократию, - абачлiва адказваю я пад гэтымi трыма сэктарамi абстрэлу.
- Проходи, - кажа гвардзеец.
Цынандалi з новае пляшкi пераконвае, што вадаправод у "Бары" з 12-цi да 17-цi пакуль што не адключаюць.
Бервяно, мора й цынандалi зноў скiроўваюць мае думкi да загадкi - дзе я знаходжуся? - i да асобы, якая гэтую загадку ўвасабляе.
Чарговая пабыўка Гамсахурдзii на волi атрымалася такая працяглая, што дысыдэнт здолеў ператварыцца ў прэзыдэнта.
Народ любiць свайго прэзыдэнта батона Зьвiяда Гамсахурдзiю. Нiякага сумневу ў гэтым не пакiдае ўчарашнi нумар "Вечернего Тбилиси", што тырчыць у мяне з кiшэнi. "Напрасно враги Грузии, - напiсана ў iм на першай старонцы, тешат себя надеждой, что наш народ устал в борьбе за независимость и демократию. Он неутомим, как и его Президент. Проискам врагов мы противопоставим сплоченность и единство. Те же, кто выступает против народа, будут сурово наказаны".
Ад гэтых суворых слоў лёгкi хмель пакiдае мяне, i я пасьпешлiва напаўняю фiлiжанку, каб адагнацца ад халоднае думкi, цi не выступаю я супраць народу, што супрацьпаставiць мне сваю згуртаванасьць i адзiнства.
З газэтнае паласы на мяне дапытлiва глядзiць дарагi батона прэзыдэнт. "Хай смутак нiколi ня росiць вачэй тваiх добрых i ясных", - выплываюць на памяць словы зь лiста беларускага народу да вусатага суайчыньнiка дарагога батона прэзыдэнта.
Тамсама, на першай старонцы, пад партрэтам дарагога падвярстаны лiст армянаў, якiя дзякуюць "и лично дорогому президенту" за адкрыцьцё ў грузiнскай школе армянскае клясы.
Учора ўвечары, калi далi электрычнасьць, па першай праграме TV паведамiлi, што ў Тбiлiсi за арганiзацыю забастоўкi арыштавалi старшыню грузiнскага дзяржтэлерадыё й яшчэ дзевяць апазыцыянэраў. Тэлежурналiсты па-ранейшаму бастуюць, i па тбiлiскай праграме йдуць адно iнфармацыйныя выпускi й амэрыканскiя баявiкi.
У вечаровым выпуску паказваюць мiтынг. На iм выступаюць: прыгожая жанчына ў чорных панчохах, непрыгожая жанчына ў чорных панчохах i з вусамi, неiнтэлiгентны мужчына ў чорных акулярах з падазрона аттутураным крысом пiнжака й сам батона прэзыдэнт. Ён чыста выгалены, але ўсё адно цяжка пазбыцца моцных асацыяцый з фiдэлеўскай смаляной барадою. Над натоўпам падымаецца збой партрэтаў дарагога батона.
Пасьля iнфармацыйнага выпуску круцяць вэстэрн пра iндзейцаў, якi, мусiць, нiдзе, апрача Абх.ССР (цi незалежнай РГ), ня ўбачыш. Фiльм iдзе па-ангельску, унiзе паўзуць гiероглiфы японскiх субтытраў, за кадрам гучыць пераклад то на грузiнскую, то на расейскую, то на нейкую зусiм незнаёмую мову. Напэўна, паказ наладжаны адмыслова дзеля дарагога прэзыдэнта, якi ведае зь дзясятак моваў.
З боку Турцыi хвалi павольна падганяюць два бервяны й яшчэ нешта незразумелае.
Яшчэ адна фiлiжанка за туркаў, i неўпрыкмет я апынаюся ў смузе колеру разбаўленага цынандалi. У ёй пачынае вымалёўвацца нейкая выснова. Вось зараз я ўхаплю яе за хвост, але...
Але ў гэтай залацiста-празрыстай смузе па пляжы - быццам кагадзе сыйшоў з тэлеэкрану - сунецца ў белых штанах генэрал КГБ Алег Данiлавiч Калугiн. Ён без накладной барады й чорных акуляраў i вiдавочна не падобны да зацкаванага людзьмi Гамсахурдзii агента (хай сабе й адстаўнога) варожай дзяржавы. Значыцца, я ўсё ж у Абх. ССР.
- Господин Калугин! - гукаю я, падымаючыся зь бервяна.
Ён ня ўздрыгвае й не палохаецца. Здаецца, яму нават прыемна, што яго пазналi. Генэрал стамiўся безь вядомасьцi, ваюючы на таемных франтох барацьбы зь iмпэрыялiзмам.
- Г-н Калугин! Интервью для белорусской газеты "Наша Нiва"! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?
Генэрал аблiвае нахабу прафэсiйным лiпуча-чэпкiм позiркам i дастае з кiшэнi асадку "паркер". Мяне працiнае: вось стрэлiць зараз якой-небудзь атрутнай стралой...
- Так вы из Минска? - Ён хавае "паркер" у кiшэню. - Что-то вы не очень похожи на белоруса.
Нiякiх дакумантаў у мяне з сабою няма, i замест iх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Iванавiча Барадулiна:
Трэба дома бываць часьцей.
Трэба дома бываць ня госьцем...
- Это намек? - пытаецца пiльны спадар Калугiн.
Я прапаную яму разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што фiлiжанка ў мяне адна, а йсьцi па другую да Боры неахвота.
Банальная iдэя наконт iнтэрвiю ўжо пакiнула мяне.
Ну, пайшоў ён у ворганы адразу пасьля фiлфаку Ленiнградзкага ўнiвэрсытэту (цi не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на "дыпляматычна-журналiсцкай" пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмiгранцкiх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўдонiмам "О. Кедров" свае кнiжкi, дзе выкрываў акулаў капiталiстычнага сьвету. Ну, ажанiўся зь Людмiлай Вiктараўнай (яна ўжо зьявiлася на даляглядзе й занепакоена наблiжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Iнстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах i рыхтуюць гэткiх спэцыялiстаў.) Усё гэта неiстотна.
Новую фiлiжанку я п'ю за генэрала Калугiна, найлепшага з усiх прадстаўнiкоў ягонага ведамства, якiх я дагэтуль ведаў.
Ён не паказваў мне сваёй корачкi, не выклiкаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра "нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах". Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.
За вас, генэрал!
Людмiла Вiктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалi, i яны аддаляюцца ўздоўж шампанiстага прыбою. Iхнi ўлюбёны адпачынак - дваццацiкiлямэтровая прыморская прагулянка.
За вас, Алег Данiлавiч i Людмiла Вiктараўна!
Як кажуць у вас у Расеi, скатертью дорога!
Я гляджу на мора. Таямнiчая рэч, якую несьлi хвалi, ужо блiзка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалi турэцкiя пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызыс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады й кладу яго на жвiр сушыць.