Страница 5 из 7
Праўда, мушу адзначыць, яна нiколi не апякала людзей нiкчэмных i пасрэдных. У яе быў i спрыт i густ. Але страх перад банальным, агульнадаступным, мог яе адштурхнуць нават ад дасканалага. Я не ўяўляю, каб Глэдзiс Пэкс магла любiць Талстога альбо Бальзака. Адзенне ёй шыюць у найлепшых атэлье, яна не будзе насiць плацця, нават самага прыгожага i якое ёй падабаецца, калi ўбачыць у iншых такога ж фасону. Са сваiмi пiсьменнiкамi i мастакамi яна абыходзiцца гэтак жа: адае iх слугам, як толькi яе сябры прывыкнуць да iх.
Мабыць, я нясу адказнасць за тое, што нацэлiў яе ўвагу на Шалона. Неяк раз вечарам на абедзе ў Элен дэ Тыянж мяне пасадзiлi з ёю поплеч. I здарылася так, што гутарка зайшла пра яго, i я неасцярожна сказаў: не, ён нiколi не друкаваўся, але задумы ў яго грандыёзныя, i нават ёсць пачатыя работы.
- Вы iх бачылi?
- Так, але гэта яшчэ толькi нататкi. Няма пра што гаварыць.
Я сказаў без усякага намеру, аднак iменна тое, што магло больш за ўсё спакусiць мiсiс Пэкс. Адразу ж пасля абеду яна затрымала Шалона недзе ў кутку i, нягледзячы на ўсе спробы Элен iх разлучыць (гаспадыня не прызнавала манаполiй у сваiм салоне), не адпускала яго ўвесь вечар. Я назiраў за iмi здалёк. "Гэта трэба было прадбачыць, - разважаў я... - Ва ўсякiм разе Шалон iдэальны аб'ект для эксперыментаў мiсiс Пэкс. Яна шукае неапублiкаванага, невядомага, схаванага ад вачэй... I вось перад ёю прадмет яе мар: пiсьменнiк без чытачоў, таямнiчы аўтар яшчэ ненапiсаных кнiг. Фiзiк, якi паступова разрэджвае паветра ў закрытай пасудзiне, iмкнецца да абсалютнай пустаты. Глэдзiс Пэкс, адзiн за адным мяняючы сваiх падапечных па прынцыпу найменшай прадукцыйнасцi, наблiжаецца да нуля. I ў Шалоне яго знаходзiць. Гэта цудоўнае супадзенне дзвюх блiзкiх тэндэнцый павiнна абаiх ашчаслiвiць. Выходзiць, я iм памог".
I сапраўды, з наступнага дня пачаўся перыяд Шалона ў жыццi Глэдзiс Пэкс. Было ўзгоднена, што ён абедае ў яе тры разы на тыдзень, што яна прыйдзе глянуць на яго чарнавiкi, а ўзiмку забярэ яго з сабой у Напуль, "каб ён мог спакойна працаваць". Некалькi дзён мяне трывожыла думка, як аднясецца мiсiс Пэкс да рукапiсаў Шалона, якiя, нават з яе пункту гледжання, надта ж мiзэрныя. Але тут мне здрадзiла логiка, бо страх быў зусiм дарэмны. Я сустрэў Глэдзiс Пэкс на другi дзень пасля, так сказаць, папярэдняй iнвентарызацыi яго творчых дасягненняў. Яна была ў захапленнi. "Тут тоiцца больш, - сказала яна, - больш зместу ў задумах вашага друга, чым у плённых здабытках Генры Джэймса..." I ўсё наладзiлася.
Месяцы два смакавалi яны слодыч духоўнага зблiжэння. За гэты час Глэдзiс Пэкс абвясцiла ўсяму Парыжу, што рыхтуе выданне твораў непрызнанага генiя. Гэтым генiем стаў наш Шалон. Яна знайшла яму выдаўца, дамовiлася з перакладчыкам на ангельскую мову, адрэкамендавала яго многiм выдатным чужаземцам, якiя наведвалi Парыж, - Джорджу Муру, Луiджы Пiрандэла, Гофмансталю, Сiнклеру Льюiсу. Потым, вычарпаўшы ўсе даступныя ёй спосабы рэкламы, яна папрасiла ў нашага друга якi-небудзь тэкст.
Яе задаволiла б любая драбнiца - нарыс, артыкул, некалькi гатовых старонак. Шалон, якi, зразумела, у гэтыя два месяцы працаваў не больш, чым звычайна, нiчога ёй даць не мог, у чым i прызнаўся з уласцiвай яму шчырасцю. Але мiсiс Пэкс была не з тых жанчын, што пакiдаюць генiяў, як неўзараную цалiну. За сваё жыццё яна ўжо дзесяць такiх апрацавала: прыгорне да сябе беднага, закiнутага, нясмелага чалавечка, надзеленага невядома за што дзiвосным дарам пiсаць, маляваць, ствараць музыку, i праз некалькi месяцаў выпускае ў свет авеянага славай майстра. Яе цешыў самы працэс такога ператварэння. Уплыў яе быў вялiкi, i дабiвацца свайго яна ўмела. Глэдзiс Пэкс энергiчна занялася выхаваннем Шалона, i, воляй-няволяй, ён павiнен быў нешта рабiць.
Не ведаю, з чаго яна пачала, - камплiменты, напэўна, магчыма, абяцаннi (не думаю, каб яна з iм какетнiчала: Глэдзiс - жанчына халодная, натуры строгай), але аднойчы Шалон прыйшоў да мяне збянтэжаны.
- Хачу з табой параiцца, - кажа... - Мiсiс Пэкс прапануе мне на зiму свой дом у Напулi, каб я мог спакойна працаваць. Прызнацца, у мяне няма нiякага жадання пакiдаць Парыж... I потым я зараз не ў форме... Хiба толькi, каб зрабiць ёй прыемнасць. Ёй вельмi спадабаўся мой раман, i мяне спакушае думка, што за два-тры месяцы адзiноты я, можа, яго закончу.
"Закончыць" раман, якi не быў пачаты... Цiкавая логiка! Але ён гаварыў сур'ёзна, i я не пярэчыў.
- Ну што ж, - кажу, - цудоўна! Мiсiс Пэкс прапануе слушна. У цябе сапраўды вялiкi талент, ты кожны дзень у звычайных гутарках пускаеш на вецер цэлыя раздзелы блiскучай кнiгi. Калi просьба жанчыны, атмасфера захаплення i давер'я будуць спрыяць таму, што ты нарэшце запiшаш тое, чым так шчодра дзелiшся з намi, мы ўсе будзем вельмi рады... Згаджайся, стары, я падтрымлiваю... Мы ўсе цябе падтрымлiваем.
Ён падзякаваў i праз некалькi дзён наведаў мяне, каб сказаць, што выязджае. За цэлую зiму ён прыслаў нам пару паштовак. У лютым я адправiўся ў Напуль, каб яго пабачыць.
Асабняк мiстэра i мiсiс Пэкс вельмi прыгожы. Яны рэстаўрыравалi i прыстасавалi да сваiх патрэб невялiчкi правансальскi замак-крэпасць, якi ўзвышаўся над залiвам. Суровасць будынка i подступаў да яго ў кантрасце з раскошай i адмысловым унутраным камфортам здзiўлялi, як чароўная казка. Кветнiкi i дрэўцы былi размешчаны на тэрасах, выштукаваных з вынаходнiцкай хiтрасцю, бо каб iх прыляпiць да скалы, спатрэбiлiся дзесяткi кубаметраў бетону. За шалёныя грошы гаспадары навезлi з Iталii кiпарысаў, i яны, як вартавыя, абрамлялi дзёрзка перайначаную людзьмi прыроду. Калi я з'явiўся, дварэцкi далажыў, што пан працуе i папрасiў пачакаць. Чакаў я даволi доўга.
- А! Дарагi мой! - сказаў Шалон, прыняўшы мяне нарэшце. - Дагэтуль я не ўяўляў, што такое работа. Пiшу многа, спорна, з натхненнем. Думкi атакуюць, аглушаюць, бяруць у палон. Пяро проста не паспявае занатоўваць вобразы i мыслi. Яны б'юць фантанам з крынiцы ўзрушанай памяцi. Скажы, ты калi-небудзь адчуваў такое?
Я сарамлiва прызнаўся, што падобныя крызiсы ад перапоўненасцi бывалi са мной рэдка, i выказаў меркаванне, што яго натуры больш, чым мне, адпавядае бурны ўзлёт. Ад доўгага маўчання назапашаныя iм матэрыялы спрасавалiся i цяпер выбухнулi, як порах. Я правёў у яго ўвесь вечар. (Мiсiс Пэкс знаходзiлася яшчэ ў Парыжы.) Цiкавыя перамены заўважыў я. Раней адной з самых абаяльных яго асаблiвасцей была выключная разнастайнасць размовы. Я не меў часу многа чытаць i даражыў тым, што ў асобе Шалона знаходзiў чалавека, якi чытаў усё. Ён першы знаёмiў мяне з дасягненнямi маладых. Куды б нi iшоў ён увечары - у тэатр цi з вiзiтам - нiхто ў Парыжы не ведаў столькi гiсторый, iнтымных драм i пацешных анекдотаў. I самае важнае, што Шалон быў адным з тых рэдкiх сяброў, з якiмi заўсёды можна было пагаварыць пра сваё, пра сваю работу, адчуваючы, што ён гэтым сапраўды цiкавiцца i, слухаючы вас, не думае пра сябе. Пабыць з iм было вельмi прыемна.