Страница 8 из 8
- Зьняў з дрэва, над ручаём, - патлумачыў маёр, падкiнуў знаходку ў паветра, а палкоўнiк, спрытна перахапiўшы, нацубiў колца на палец правай рукi.
Дакладней, гэта было ня колца, а мiнiятурны, пафарбаваны блакiтнай фарбай капялюшык, з жоўтым кутасiкам на макаўцы.
- Ад нейкай лялькi... Занесла ветрам, - буркнуў маёр, скiнуў чаравiк i, сеўшы на траву, стаў выкручваць шкарпэтку.
Такая знаходка палкоўнiка ня надта ўзрадавала. Ён скамечыў капялюшык, яшчэ раз агледзеў навакольле.
- Дакладна ведаеш, што гэта тое месца?
- Тое, - адгукнуўся Кукарэка, - вунь фэрма стаiць з вадавежай, а вунь каровы пасьвяцца.
Маёр нацягнуў шкарпэтку, памацаў жоўты пазногаць, якi вылез вонкi i пакутлiва ўздыхнуў.
...Перш, чым плюхнуцца на сядзеньне, палкоўнiк выцягнуў з "бардачка" пляшку гарэлкi, адкаркаваў зубамi.
- Ну, дык што павязем у амбасаду?
Пытаньне гэтае нiяк не адбiлася на кукарэкавым твары: нават жаўлакi не зварухнулiся на шчоках.
- Думай! - выгукнуў палкоўнiк, сёрбнуў на поўную губу i, навалiўшыся каркам на сьпiнку сядзеньня, заплюшчыў вочы.
Скрозь дрымоту палкоўнiк чуў, як маёр гаманiў па тэлефону, крыючы некага мацюкамi, потым усе гукi аддалiлiся, сталi невыразнымi, палкоўнiк храпянуў, не раўнуючы як Кудзёлка, ды нечакана прачнуўся, абуджаны лёгкiм тыцкам пад рэбры.
- Якi лепей - з апорнай рамкай, цi безь яе? - запытаўся маёр, чухаючы слухаўкай лабешнiк.
Палкоўнiк наставiў на сябра няўцямныя вочы.
- Аэрафотаапарат, кажу, з рамкай, цi безь яе? Хлопцы пытаюцца...
Палкоўнiк страсянуў галавой, цямячы - пра што гаворка, а ўцямiўшы, у думках пахвалiў маёра за прыродную кемлiвасьць i, змагаючыся з позехам, выгукнуў:
- З рамкай.
Усю дарогу ён спаў, прыхiнуўшыся скроньню да шыбы i прачнуўся толькi тады, калi ўазiк, чхнуўшы маторам, спынiўся ля будынку iнтэнданцкага ўпраўленьня, на пятым паверсе якога месьцiлiся ваенныя тапографы.
На душы i ў роце было пагана; балела галава i кожны зык - нават тупат маёравых ног па ганку ўпраўленьня балюча адбiваўся ў патылiцы. Палкоўнiк прыпаў да бутэлькi, дапiў рэшту, заплюшчыў вочы, у спадзеўцы панурыцца ў дрымоту, ды тут на ганку iзноў затупалi: маёр бег да машыны, трымаючы ў руках падаўгаватую шэрую скрыню.
- Во, апошняя мадэль... З двума аб'ектывамi. Хлопцы й плёнку ўкруцiлi, маёр нацiснуў кнопку на бакавой панэлi й на палкоўнiка зiрнулi два шкляных круглявых вока.
- Навюткi... анiводнай драпiны.
Палкоўнiк узважыў аэрафотаапарат на далонi, таксама нацiснуў кнопку.
- Гэта й дрэнна, што бяз драпiны, - палкоўнiк глянуў з-пад лоба на верхнiя паверхi ўпраўленьня, загадна матлянуў галавой. - Падымiся як мага вышэй i скiнь... вунь на той кветнiк, - сказаўшы так, палкоўнiк абхапiў рукамi скронi, зьмежыў павекi i застыў у нерухомасьцi. Ён доўга сядзеў так, не мяняючы паставы i не зварухнуўся нават тады, калi маёр плюхнуўся поруч i завёў рухавiк. I толькi ля самай амбасады, нiбы згадаўшы пра штосьцi, палкоўнiк схамянуўся, лiхаманкавым рухам адчынiў "бардачок" i, адшукаўшы там пагнуты цьвiк, надрапаў на бакавой панэлi аэрафотаапарата няроўныя лiтары: "Made in USA".
1996-1997