Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 27 из 30



Сваякi з такой шчырай, непрытворнай спагадай сустрэлi Тэрэзу, што малады Дэгiлем засумняваўся ў сваiх вывадах i не ведаў цяпер што i думаць. А Тэрэза растлумачыла:

- Ды ўсё вельмi проста. У нас тут зусiм сапсавалася надвор'е. Я не магла выходзiць на двор, i ў мяне прапаў апетыт. Нiчога есцi не магла. Але ж лепш худзець, чым сыцець... Аднак пагаворым пра цябе, Анна. Я такая радая...

Тэрэза ўзяла яе за рукi (яна сядзела, а Анна стаяла) i доўга ўглядалася ў сваю былую сяброўку. Са змучанага твару на Анну пазiралi такiя знаёмыя вочы. Калiсьцi, у дзяцiнстве, iх уважлiвы позiрк раздражняў Анну, i яна часам гаварыла: "Чаму ты на мяне так глядзiш? Перастань!"

- Я радуюся, што да цябе прыйшло шчасце, Анна.

I яна ўсмiхнулася, вiншуючы Анну з яе "шчасцем". Была адрасавана ўсмешка i Дэгiлему, яго пляшывай галаве, яго жандарскiм вусам, яго пакатым плячам i сытым лыткам, абцягнутым штанамi ў цёмна-шэрую палоску (ды што тут, чалавек як чалавек, адным словам - муж). Тэрэза зноў перавяла позiрк на Анну i папрасiла:

- Здымi капялюшык... Вось так... Цяпер я цябе пазнаю, дарагая мая...

Анна цяпер зусiм блiзка бачыла трохi скрыўлены рот Тэрэзы i вочы, што нiколi не ведалi слёз, але яна не магла бачыць, пра што думала Тэрэза. Дэгiлем не зусiм дарэчы выказаў думку, што сапраўднай жанчыне, якая любiць сваё гняздзечка, i зiмой не страшна ў вёсцы: "У доме заўсёды столькi работы".

- Ты не пытаешся ў мяне пра Мары?

- Ах! Праўда, раскажы, раскажы пра яе!..

I тут Анна зноў надала сабе варожы, пагардлiвы выгляд. Недарэмна столькi месяцаў з такой самай iнтанацыяй, як у яе мацi, яна паўтарала: "Ды я ёй усё магла б дараваць. Чаго вы хочаце ад хворага чалавека? Але яе абыякавасцi да свайго дзiцяцi я не магу перанесцi. Гаварыце мне, што хочаце, а я тут не бачу нiякiх апраўданняў!"

Тэрэза добра здагадвалася пра гэта: "Яе заела, што я не адразу спыталася пра Мары. Як жа ёй растлумачыць? Ах, яна ўсё роўна не зразумее, што я цяпер жыву толькi сабой, толькi сабой... Анна чакае не дачакаецца дзяцей, у якiх яна ўся растворыцца. Тое самае было i з яе мацi, i з усiмi жанчынамi з iх роду. А я - я павiнна быць самой сабой... Быць, не страцiць сябе... Анна хутка забудзецца пра сваю маладосць, пра нашу дружбу, пра пяшчоту Жана Азеведа - усё вылецiць з памяцi пры першым жа крыку дзiцяцi, якiм яе адорыць гэты гном у сурдуце. Жанчыны гэтай сям'i бачаць сваю найвышэйшую мэту ў тым, каб адрачыся ад свайго ўласнага жыцця. Аддаць сябе справе прадаўжэння роду - гэта сапраўды прыгожа! Я адчуваю прыгажосць гэтага самаадрачэння... Але я... Я так не магу..."

Тэрэза спрабуе не слухаць гэтых людзей, а думаць пра Мары. Яна ж, напэўна, ужо гаворыць. "Прыемна было б паслухаць яе шчабятанне, але нядоўга, бо гэта мне хутка надакучыла б i захацелася б зноў застацца адной..." Тэрэза пытаецца ў Анны:

- А Мары ўжо, мусiць, добра гаворыць?

- О, паўтарае ўсё, што пачуе. Мы ўсе ад смеху качаемся. Закукарэкае певень цi засiгналiць машына, яна падыме пальчык i скажа: "Цуес? Петусок клiцыць". Такая ўжо слаўненькая, проста цуд!

Тэрэза думае: "Трэба паслухаць, пра што яны ўсё гавораць... О, як жа пуста ў мяне ў галаве... Што гэта там даказвае Дэгiлем?.." Яна праз сiлу засяроджваецца, прыслухоўваецца.

- У мяне ў Балiсаку маёнтак. Але нашы смалакуры не такiя спрытныя, як тут: смалу збiраюць чатыры разы на год, а ў вас - сем, а то i восем.

- Ну, вашы смалакуры проста гультаi. Цана на смалу вунь як падскочыла.

- Што вы, вядома. Сёння смалакур зарабляе па сто франкаў за дзень! Але мы, здаецца, стамiлi мадам Дэскейру...



Тэрэза сядзiць, адкiнуўшы галаву на спiнку крэсла. Усе ўсталi. Бернар вырашыў застацца пакуль што ў Аржалузе. Дэгiлем сказаў, што ён сам павядзе яго машыну, а заўтра шафёр прыгонiць яе назад i прывязе Бернараў багаж.

Тэрэза паспрабавала таксама ўстаць, але свякроў не дазволiла ёй.

Вочы яе заплюшчылiся, i яна пачула, як Бернар гаварыў сваёй мацi:

- Ну гэтыя Бальёны! Я iм пакажу! Будуць яны мяне помнiць!

- Пачакай, пачакай! Ты не надта... А то яны могуць i пайсцi ад нас. А навошта нам гэта: па-першае, яны занадта шмат ведаюць, а потым наша гаспадарка... Адзiн толькi Бальён i ведае межы нашых лясоў i палеткаў...

Потым, адказваючы на нейкую рэплiку Бернара, свякроў дадае:

- Ты ж глядзi, не вельмi ёй давярай! Сачы за кожным яе рухам, нiколi не дазваляй, каб яна адна заходзiла на кухню!.. Ды не... якая непрытомнасць? Яна спiць цi, можа, прытвараецца...

Тэрэза расплюшчвае вочы: перад ёю Бернар са шклянкай у руцэ:

- Вось, выпiце. Гэта гiшпанскае вiно. Яно павышае тонус...

Бернар, як заўсёды, верны свайму прынцыпу: сказана - зроблена. Ён iдзе на кухню i дае волю сваёй злосцi.

Размова адбываецца на мясцовай гаворцы. Чуецца вохканне старой служанкi, а Тэрэза думае: "Бернар чагосьцi спалохаўся. Але чаго?" Ён зноў заходзiць у гасцiную.

- Я думаю, што вам больш прыемна будзе абедаць у сталовай. Я загадаў, каб вам падавалi яду ў сталовай.

Перад Тэрэзай быў той самы Бернар, што i ў днi следства. Бернар супольнiк, Бернар - саюзнiк, якi жадае выцягнуць яе з бяды. Цяпер ён хоча, каб яна паправiлася. Яго напалохала яе хвароба - вось што! Тэрэза назiрае за iм: ён сядзiць ля камiна i варушыць качаргой дровы. Але як яна можа ўгадаць, якi вобраз ловяць яго лупатыя вочы ў полымi. А бачыць ён там чырвона-зялёны малюнак з дадаткам да "Пцi парызьен" - "Вязнiцу замка Пуацье...".

Колькi б нi лiлi дажджы, на пясчанай зямлi Аржалузы нiколi не было лужын. У самы разгар зiмы варта сонцу выглянуць хоць на гадзiнку i ўжо можна ў хатнiх тапачках шпацыраваць па дарогах, засланых дываном з мяккiх сухiх хваёвых iголак. Цэлыя днi Бернар бавiў на паляваннi, але заўсёды вяртаўся пад абед i перш-наперш пытаўся, як адчувае сябе Тэрэза. За ўсё iх сумеснае жыццё нiколi ён так не клапацiўся пра яе. У iх адносiны паступова вярталася шчырасць i нязмушанасць. Па яго парадзе раз у тры днi яна ўзважвалася. Ён дазваляў ёй палiць толькi па дзве цыгарэты пасля абеду. Угаварыў яе выходзiць у лес на прагулкi: "Хада найлепш узбуджае апетыт".

Цяпер Тэрэза не баялася Аржалузы. Ёй здавалася, што сосны расступаюцца перад ёю, падаюць нейкiя знакi i клiчуць да сябе, на волю... Аднойчы вечарам Бернар сказаў ёй:

- Я прашу вас толькi аб адным. Пачакайце, пакуль Анна выйдзе замуж. Трэба, каб усе ўбачылi нас разам на вяселлi. А потым - можаце на ўсе чатыры...