Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 4 из 4



Пракуратура Эўро для фармальнасцi ўчынiла следства, якое, зразумела, нiчога новага не дало.

- Зрэшты, - сказаў мне з прыкрасцю пракурор, - калi яна яго забiла, то так яму i трэба. Тут была, мабыць, законная самаабарона... Я яе доўга дапытваў... Яна магла б успомнiць шмат жудасных фактаў, але тайны так i не выдала.

* * *

Трэцяя мадам Дзюрук атрымала ў спадчыну ўсю маёмасць свайго мужа, усе яго мiльёны. Пражыўшы гадоў колькi адна, яна потым выйшла замуж за маркiза дэ Буаньi i пераехала ў Буаньi, што ў дэпартаменце Кроз... Замак, у якiм жылi тры жонкi мулата, ахутаны лiхою славай, пуставаў, яго нiхто не хацеў купляць. Летась я пабываў там. Плюшч i дзiкi вiнаград аплялi яго сцены i вокны. Галiны лiп разбiлi каляровыя вiтражы каплiцы. Дарожкi зараслi травой i злiлiся з навакольным лугам. Гэта быў, можна сказаць, замак Спячай Прыгажунi ў зачараваным лесе...

- Але вы, мадам, нарадзiлiся ў Пон-дэ-Лёры, - звярнуўся доктар да Элен дэ Тыянж, - i, напэўна, добра ведаеце замак Клеры-сюр-Iтон?

- Ды так, бачыла ў дзяцiнстве ў гушчары дрэў, - прамовiла з усмешкай Элен. - Праклятая мясцiна! Мы, дзецi, баялiся туды хадзiць... сама не ведаю чаму.

- Дазвольце вас запытаць, доктар, - пацiкавiўся раманiст Бертран Шмiт, - у чым тут сакрэт? Як вы самi тлумачыце гэтыя дзiўныя факты? Вы ж не верыце ў супадзенне?

- Вядома, не веру... Упэўнены, што тут былi тры забойствы... Але цiкава, якiм спосабам гэта зроблена? Я думаю, што ёсць нейкi туземны сакрэт, прывезены Дзюрукам з Афрыкi, падобны на смяротны ўкол тарэадора, якi канцом сваёй шпагi дасягае сэрца праз нервовы цэнтр... Вы, можа, чыталi ў Фабра апiсанне такiх насякомых, што колюць джалам у цэнтральны нерв ахвяру, пазбаўленую абароннага шчытка, i паралiзуюць яе?.. У касцявым мозгу чалавека ёсць нервы i пункты, што кiруюць дыханнем... Як да iх дабрацца? Мабыць, iголкай?.. Але тут, безумоўна, патрэбен выключны спрыт, глыбокае веданне анатомii. У некаторых першабытных плямён можа быць веданне iнстынктыўнае, як i ў насякомых... Паспрабуй разбярыся!..

- Але ж iголка пакiдае сляды?



- Не адразу iх пазнаеш, калi iголка вельмi тонкая. I хто iх тады асаблiва шукаў?.. Вас не ўразiла тая акалiчнасць, што абедзве жонкi Дзюрука прычэсвалiся перад смерцю? Тут мiжвольна напрошваецца вывад, што ён сам узяўся прычасаць iх нанач i выкарыстаў момант, калi яны, седзячы да яго спiной, прыгнулi галаву.

- Магчыма, але ж i ён памёр.

- Старэючы, яшчэ больш закаханы ў Далорэс, ён мог забыцца i адкрыць ёй свой сакрэт. Ведаючы спосаб i баючыся, што ён калi-небудзь яе заб'е, альбо ўзненавiдзеўшы мужа фiзiчна, яна яго нарэшце прыкончыла.

- Гiсторыя выключная, але паверыць можна, - сказаў Бертран Шмiт.

Памаўчаўшы, ён запытаў:

- Ну, а як сябе адчувае маркiз дэ Буаньi?

- Жыве i сёння ў добрым здароўi, - паведамiў доктар.

Пераклад: Юрка Гаўрук


Понравилась книга?

Написать отзыв

Скачать книгу в формате:

Поделиться: