Страница 14 из 23
Калi Дафнiс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безлiч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за iм паўтарала Эхо, нiбы сведчачы, што ён анi не салгаў.
24
З кожным днём сонца больш прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, i зноў прыйшлi да iх новыя летнiя радасцi. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаiнах; ён iграў на сiрынзе наўзахапкi з пошумам хвойкi, яна ж спявала навыперадкi з салаўямi. Яны ганялiся за стракатлiвымi цвыркунамi, лавiлi звонкiх цыкад, збiралi кветкi, абтрасалi дрэвы, елi плады. Урэшце клалiся разам голыя, накрыўшыся адною казлiнаю шкураю. I Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калi б Дафнiса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страцiць калi-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоi раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзiвiла, але яна саромелася спытацца чаму.
25
У гэтае лета да Хлоi заляцалася шмат хлопцаў, i з розных месцаў прыходзiла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносiлi падарункi, другiя - вялiкiя абяцанкi. Напэ, падахвочаная спадзеўкамi, раiла яму выдаць Хлою i не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страцiць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькi яблыкаў цi ружаў; лепей жа зрабiць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялiкiя падарункi самiм узяць i зберагчы для свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у iх нарадзiўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымi гаворкамi, бо кожны залётнiк абяцаў большыя падарункi, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскiя хлопцы, i што калi б яна некалi знайшла сваiх сапраўдных бацькоў, то абагацiла б i ашчаслiвiла i яго i жонку; i марудзiў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збiраючы нiштавата падарункаў.
Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгi час не казала Дафнiсу, не хочучы яго засмучаць; калi ж ён пачаў прыставаць i распытваць, што здарылася, i яшчэ больш засмуцiўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнiкаў сватаецца да яе i якiя яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, пра Дрыяса, якi не адмовiў нiкому, але адклаў усё да збору вiнаграду.
26
Сам не свой зрабiўся Дафнiс ад гэтага, i, сеўшы, заплакаў, i казаў, што памрэ, калi Хлоя не будзе з iм больш пасвiць; i не толькi ён адзiн, але разам з iм i авечкi без такое пастушкi. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохi суцешыўся i надумаў угаварыць яе бацьку, палiчыўшы i сябе сярод залётнiкаў i спадзеючыся, што возьме верх над iмi. Толькi адно турбавала - Ламан не быў багаты, i гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, i Хлоя згадзiлася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Мiртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне i пра шлюб слоўца ўкiнуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову i пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесцi хлопца, якому прыкметныя знакi абяцаюць багатую долю; бо, калi ён сваiх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробiць iх вольнымi i дасць iм куды большыя надзелы зямлi. Мiртала ж, баючыся, каб Дафнiс, зусiм страцiўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабiць чаго над сабою, падала яму зусiм iншыя прычыны адмовы. "Мы, дзiцятка, бедныя людзi, i нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя i хочуць багатых зяцёў. Iдзi ж, угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат i выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае i ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю".
27
Мiртала, якая нiколi не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду - меў жа ён багацейшых залётнiкаў, - думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унiкнуць шлюбу; Дафнiс не мог адкiнуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваiх спадзяванняў, рабiў тое, што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў i зноў клiкаў нiмфаў на дапамогу. I ўночы, калi ён спаў, яны з'явiлiся ў сне ў тым самым аблiччы, як i мiнулы раз, i зноў загаварыла старэйшая: "Пра Хлоiн шлюб дбае iншы бог; мы ж дамо табе падарункi, якiмi задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вiтку якога некалi з'елi твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлi; але ўночы, калi з адкрытага мора наляцела бура i яно ўсхадзiлася, карабель выкiнула на скалы гэтага мыса. Сам карабель i шмат чаго ў iм загiнула; але гаманец з трыма тысячамi драхмаў, выкiнуты хваляю на бераг, ляжыць там i цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфiнам, i нiхто з падарожных не падыходзiць да таго месца, унiкаючы смуроду гнiлiзны. Але ты падыдзi, i, падышоўшы, вазьмi, i, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш i сапраўды багатым".
28
Гэта сказаўшы, яны знiклi разам з ноччу. Калi ж заняўся дзень, Дафнiс, узрадаваны, ускочыў i, голасна насвiстваючы, пагнаў сваiх коз на пашу; пацалаваў Хлою i, ушанаваўшы нiмфаў, пабег да мора, нiбы хочучы абмыцца; i там на пяску, поблiз прыбою, хадзiў ён, шукаючы тыя тры тысячы. Не шмат давялося прыкласцi клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфiна, якi ляжаў там i гнiў; гэты смурод падлы i паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды i, разгробшы водарасцi, знайшоў гаманец, набiты серабром. Падняўшы яго i паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна не памалiўся нiмфам i мору; бо хоць i быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мiлейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.
29
З трыма тысячамi драхмаў ён больш не марудзiў, лiчачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькi сярод тамтэйшых сялян, - тут жа прыбягае да Хлоi i расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просiць яе папiльнаваць статак, пакуль ён не вернецца, i як мага iмчыцца да Дрыяса. Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малацiў пшанiцу, ён з усёй адвагаю кiдаецца ў гаворку пра шлюб: "Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сiрынзе прыгожа iграць, i вiнаградныя лозы падразаць, i дрэвы саджаць. Умею зямлю араць i веяць збожжа на ветры. А як статак пасу - Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоiў лiк iх; я выгадаваў вялiкiх i прыгожых казлоў; а раней мы чужымi казламi сваiх коз пакрывалi. Да таго ж я малады i сусед вам што трэба: а выкармiла мяне каза, як i Хлою - авечка. Пераважаючы ва ўсiм гэтым над iншымi, я не ўступлю i ў падарунках. Даюць яны коз i авечак, пару шалудзiвых валоў, збожжа, што i курэй не выстачыць пракармiць; а ад мяне - вось вам тры тысячы драхмаў. Толькi няхай нiхто не ведае, нават Ламан, мой бацька". З гэтымi словамi ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.