Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 44 из 60

За час сваёй баявой дзейнасці Каўказская туземная конная дывізія панесла вялікія страты.

За тры гады праз службу ў падраздзяленні агулам прайшло больш за 7000 вершнікаў, ураджэнцаў Каўказа і Закаўказзя.

Каля 3500 вершнікаў былі ўзнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі — роўна палова ад усіх!

Характэрнай рысай унутранага жыцця Каўказскай туземнай коннай дывізіі была асаблівая атмасфера, якая ў значнай ступені вызначала адносіны паміж афіцэрамі і салдатамі. Так, важнай асаблівасцю вершніка-горца было пачуццё ўласнай годнасці і поўная адсутнасць якога б там ні было ўлягання ці шапкавання, якія так упарта выхоўвае ў сваіх падпарадкаваных царызм з царквой.

Вышэй за ўсё ў дывізіі цаніліся не чыны і званні, а асабістая мужнасць і вернасць. Традыцыйны патрыярхальна-сямейны лад пакідаў адбітак і на ўнутраным жыцці каўказскіх палкоў. Ганаровыя месцы ў палкавых афіцэрскіх сходах нярэдка займалі паважаныя людзі з ліку ўнтэр-афіцэраў ці нават шараговых вершнікаў. Гэта было цалкам натуральна, бо многія воіны былі адно аднаму сваякамі.

Характэрнай рысай стасункаў у афіцэрскім асяродку дывізіі была ўзаемная павага асоб розных веравызнанняў да традыцый і звычаяў адно аднаго. У Кабардзінскім палку, у прыватнасці, ад’ютант падлічваў, колькі за сталом афіцэрскага сходу знаходзілася мусульман, а колькі хрысціян. Калі пераважалі мусульмане, то ўсе заставаліся па каўказскім звычаі ў папахах, калі хрысціян — усе папахі здымалі.

Але, на жаль, імператарская расійская армія, хоць і моцна абноўленая, засталася кансерватыўнай сістэмай. Праблемы з тым, як «упісаць» у гэтую сістэму унікальныя каўказскія часткі, пачаліся адразу, бо ніхто гэтых цяжкасцяў не прадбачыў, не рыхтаваў і не навучаў каўказцаў да ўступлення ў шэрагі дывізіі. Адносна лягчэй было з выпрацоўкай дысцыпліны: кожны мусульманін, выхаваны з пачуццём павагі да старэйшага, гэта падтрымліваецца адатамі — горскімі звычаямі. Няцяжка было навучыць і прыёмам уладання халоднай зброяй — каўказцы прызвычайваюцца да яе, што называецца, з дзяцінства. Але абыходжанне з трохлінейнай вінтоўкай, шыхт ці хаця б павярхнёвае знаёмства са статутам патрабавала працяглай і ўпартай працы. Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што большасць каўказцаў з цяжкасцю размаўляла па-расійску, а былі такія, якія расійскай мовы не ведалі ўвогуле. І як такому патлумачыць, у чым заключаюцца абавязкі і правы вартавога — гэта вылівалася ў складаную праблему.

Асаблівая культура каўказцаў і іх стаўленне да воінскай адвагі часам прыводзіла да абсурдных ці смешных сітуацый: афіцэр патрабуе ад дзяжурнага не спаць, а той адказвае: «Тэбе баіцца — не спі. Мая мужчына, мая не баіцца, спаць будэт». Нават з верхавой яздой, да якой горцы, падавалася б, прывучаны з дзяцінства, былі складанасці. У горцаў была звычка сядзець у сядле трохі бокам, то правым, то левым, у выніку чаго пасля доўгіх пераходаў з’яўлялася маса коней за збітымі спінамі, і адвучыць вершнікаў ад гэтай звычкі было вельмі цяжка.

Анатоль Маркаў прыгадвае спецыфічныя ўзаемаадносіны, якія існавалі ўнутры дывізіі. Там, напрыклад, служыў асяцін Кібіраў, ротмістр і камандзір канвою вялікага князя. Кібіраў забіў на Каўказе чачэнскага абрэка Залімхана Харачоеўскага, і яму нельга было паказвацца ў Чачэнскі полк, таму што там служылі сваякі памерлага.

Афіцэры дывізіі прыгадвалі, што ў лютым 1917 года, калі пачалася рэвалюцыя, з энтузіязмам яе сустрэлі толькі расійскія салдаты абозу і тая частка кулямётных каманд, якую сфарміравалі з матросаў. Горцы аказаліся верным падпірышчам загінулага рэжыму. «Не ведаю, сынок, ад гэтага Керанскага-Меранскага нічога добрага не будзе», — разважаў сталы балкарац у размове з Арсеневым.

У мяцежнай сталіцы яшчэ з сакавіка 1917 года хадзілі чуткі, быццам дзікую дывізію перакідваюць у Пецярбург, але нават неспакойным летам 1917-га гэта не адбылося: у жніўні іх эшалоны спыняюцца на вузлавой станцыі Дно ля Петраграда. Да таго часу намаганнямі генерала Карнілава дывізія з-за вялікіх страт на фронце была ператворана ў корпус, якім камандаваў генерал-лейтынант князь Багратыён. Але 2 верасня 1917 года глава Часовага ўрада і Вярхоўны галоўнакамандуючы Керанскі здымае Багратыёна з пасады. Корпус падазраецца ва ўдзеле ў контррэвалюцыйным перавароце на чале з Карнілавым. У генерала Паўлоўцава атрымліваецца выратаваць баяздольны корпус ад расфарміравання, але яго ўсё адно вырашаюць ад граху падалей перавесці на Каўказ.

Напрыканцы 1917 года ён базаваўся ва Уладзікаўказе і Пяцігорску, але з пачаткам новага года прыпыніў сваё існаванне. Горцаў-ветэранаў, якія прайшлі германскі фронт, зацягнула ў вір новай вайны, Грамадзянскай вайны Савецкай Расіі, у якой яны апынуліся па розныя бакі барыкад.

Многія з іх, як чаркес Келеч Гірэй, спачатку змагаліся ў шэрагах белай Добраахвотніцкай арміі, а потым, у Другую сусветную — у створаным немцамі казацкім корпусе генерала Краснова, да той пары ўважаючы бальшавікоў за ворагаў. У 1945 годзе 65-гадовага Келеч Гірэя ў аўстрыйскім Ліенцы выдалі «саветам» англічане, і ён скончыў жыццё на шыбеніцы ў Маскве. Вось такая пагарда з боку імперыі да тых, хто верыў ёй і звязваў з ёй свой лёс, што часта абарочвалася трагедыяй і чорнай няўдзячнасцю.

Аналагічна бесцырымонна і няўдзячна царызм паводзіў сябе і з яўрэямі, заганяў у рэзервацыі як у мірным жыцці, так і ў арміі.



Пытанне аб выдаленні з арміі яўрэяў было накіравана на разгляд Савета дзяржаўнай абароны — вышэйшага органа, які адказваў за выпрацоўку дзяржаўнай палітыкі, — на чале з вялікімі князем Мікалаем Мікалаевічам (будучым Вярхоўным Галоўнакамандуючым). Савет дзяржаўнай абароны ў сваім рашэнні вызначыў:

...знаходжанне яўрэяў у арміі… надзвычайнае зло, вельмі шкоднае для інтарэсаў арміі…

Разам з тым, вялікі князь не палічыў магчымым замяніць для яўрэяў воінскую павіннасць грашовым падаткам, бо гэтая мера была б несправядлівай у адносінах да іншых народнасцяў Расійскай імперыі і «амаральнай, бо ўсталёўвала б права заможнага на водкуп ад службы». Згадывалася зноў, што яўрэі плацілі б гэты падатак за сродкі хрысціян, узняўшы кошты на свае тавары.

Зрэшты, гэтае рашэнне Савета дзяржаўнай абароны ніяк не змяніла ўпэўненасць цара ў неабходнасці прыбраць яўрэяў з арміі. На справаздачу камандуючага Омскай вайсковай акругай за 1909 год, які пісаў:

Недапушчэнне яўрэяў у шэрагі войск гэтак жа важна для інтарэсаў арміі, як і для інтарэсаў дзяржавы.

Мікалай наклаў рэзалюцыю:

Я тое ж мяркую.

Рэзалюцыі манарха мелі вялікае значэнне, бо па іх бюракратыя вызначала накірунак практычнай палітыкі дзяржавы. Да 1910 года належыць забарона прымаць іўдэяў у вайсковыя вучэльні і ўзводзіць у афіцэры ахрышчаных яўрэяў.

З трэцяга разу прапанова аб адмене прызыва яўрэяў у армію была прынята па ініцыятыве Дзяржаўнай думы. У сакавіку 1911 года Дума запатрабавала тлумачэння прычын «аднолькавых з года на год буйных недабораў» прызыўнікоў з «іўдэяў, палякаў, літоўцаў[5], магаметан, а таксама суадносінаў колькасці прызваных іўдзеяў да іх агульнай колькасці ў Расіі». Як бачна з тэкста дакумента, праблемы з недаборам тычацца амаль усіх катэгорый жыхароў былой Рэчы Паспалітай, як бачна і тое, што гэтая праблема відавочна прыдуманая — хочацца набраць болей, чым ёсць. І яўрэі, як было напісана вышэй, у адпаведнасці з вынікамі даследвання Сямёна Гольдына, складалі 5 % ад усіх салдат, а ад усяго насельніцтва ў краіне — 4 %. Значыць, што чыноўнікі відавочна хлусілі, кажучы пра іх недабор. Але крайнімі ўсё адно выставілі яўрэяў.

Атрымаўшы такую значную патрымку з боку Думы і ведаючы аб шчырым ухваленні гэтага крока царом, вайсковыя чыноўнікі пачалі распрацоўку праекта. У 1911–1912 гадах мабілізацыйнае ўпраўленне ваеннага міністэрства прапанавала пяцідзесяці вышэйшым военачальнікам (камандуючым вайсковымі акругамі і армейскімі карпусамі) выказацца аб якасцях салдат-яўрэяў і стаўленні да магчымай адмены прызыву ў войска іўдзеяў. Усе без выключэння прызналі яўрэяў малапрыдатнымі ці ўвогуле непрыдатнымі да службы ў арміі, пераважная большасць выказалася за скасаванне ўсеагульнай воінскай павіннасці для яўрэяў. Генералы адзначалі фізічную слабасць і павышаную хваравітасць яўрэяў, іх непрыстасаванасць да фізічнай працы і цяжкасцяў вайсковай службы, з-за якой прыходзілася іх вызваляць ад складанай працы, удзелу ў манеўрах і г. д.

5

Натуральна, так па старым звычаі называлі беларусаў, асабліва каталіцкага веравызнання, якіх у гады Першай сусветнай прызвалі больш за 70 000 — кожнага дзясятага селяліна.