Страница 23 из 26
У чым яны заключалiся? Далiбог, яны хутчэй нагадвалi абавязкi начальнiка групы цi сакратара партыйнай ячэйкi. Патроху ўсе, i ў тым лiку няверуючыя, прызвычаiлiся мне падпарадкоўвацца. Дзюгэсклен пакутаваў - я палягчаў яму пакуты. З часам я пачаў заўважаць, што быць папам не так лёгка, як гэта здаецца. I ўчора, з такою пагардай гаворачы пра нашых братоў-суддзяў, я таксама падумаў пра гэта. Галоўнай праблемай у лагеры было размеркаванне вады, а ў нас тады стварылася вельмi многа розных груповак - i палiтычных, i рэлiгiйных, - i кожная iмкнулася паспрыяць сваiм аднадумцам. Таму i я мусiў дбаць пра сваiх, што само па сабе ўжо было маленькiм адхiленнем ад боскае роўнасцi. Але поўнай роўнасцi я не мог дабiцца нават сярод сваiх. Я заўсёды быў вымушаны даваць перавагу таму цi iншаму таварышу ў залежнасцi ад стану яго здароўя цi ад цяжкасцi выкананай iм працы. А такiя адрозненнi могуць завесцi вельмi далёка, паверце. Здаецца, я ўсё-ткi страшэнна стамiўся, у мяне ўжо няма нiякага жадання ўспамiнаць пра ўсё гэта. Словам, аднойчы я пераступiў гэту небяспечную мяжу i выпiў ваду, якая прызначалася смяротна хвораму таварышу. Не-не, гэта быў не Дзюгэсклен - ён, здаецца, памёр раней, бо вельмi сябе ва ўсiм ушчамляў. I дарэчы, каб гэта быў ён, я, можа быць, устрымаўся б ад падобнага ўчынку, бо ўсё-ткi яго любiў. Прынамсi, мне так здаецца. А тады я ваду выпiў, можаце не сумнявацца. Я пераканаў сябе, што патрэбен другiм больш за таго, хто ўсё роўна ўжо мусiў памерцi. Я павiнен быў захаваць сябе дзеля iх. Вось так, шаноўны, i нараджаюцца iмперыi i веравызнаннi: дарогу iм асвячае смерць. А цяпер, каб трохi выправiць тое, пра што я казаў учора, я хачу вам паведамiць адну цiкавую думку, якая ўзнiкла ў мяне падчас гэтага расказу (дарэчы, я ўжо i сам не ведаю, напраўду я перажыў гэтую гiсторыю цi яна мне толькi прыснiлася). А думка вось якая: папу трэба дараваць. Па-першае - таму, што гэта неабходна яму больш за другiх. А па-другое - таму, што гэта адзiны спосаб стаць вышэй за яго.
Паслухайце, а вы добра зачынiлi дзверы? Добра? Праверце, калi ласка. Ну, дзякуй, а то ў мяне, ведаеце, комплекс незачыненых дзвярэй. Кожны раз, як пачынаю засынаць, мне чамусьцi здаецца, што я забыўся зашчапiць зашчапку. I кожны раз даводзiцца ўставаць i iсцi правяраць. Нi ў чым немагчыма быць упэўненым! Але не думайце, што гэта занепакоенасць тлумачыцца ў мяне звычайным уласнiцкiм iнстынктам. Раней я наогул не зачыняў нi сваёй кватэры, нi аўтамабiля. Я нiколi не быў жмiнда i не тросся над сваёю маёмасцю. Шчыра кажучы, мне было нават крыху сорамна, што ў мяне нешта ёсць. Не раз у свецкай кампанii мне даводзiлася ўсклiкаць: "Уласнасць, панове, - гэта забойства!" Але таму, што душа ў мяне была не настолькi шырокая, каб падзялiцца скарбамi з якiм-небудзь вартым павагi старцам, я пакiдаў кватэру адчыненаю, каб выпадковыя зладзеi маглi самi выправiць такую страшэнную несправядлiвасць. Праўда, цяпер у мяне нiчога няма. А гэта азначае, што я клапачуся не пра маёмасць, а пра самога сябе i пра сваё самаўладанне. I апроч таго, я не хачу, каб нехта пабочны мог пранiкнуць за дзверы гэтага маленькага свету, дзе я сам сабе i цар, i папа, i суддзя.
Дарэчы, адчынiце, калi ласка, тую вунь шафу. Ага, бачыце, там карцiна. Не пазнаеце? Ды гэта ж "Непадкупныя суддзi"! I вас гэта не ўражвае? Ну-у, значыць, у вашай адукацыi ёсць прагалы. Каб вы ў свой час чыталi газеты, вы б мусiлi памятаць пра крадзеж, якi адбыўся ў 1934 годзе. Тады з сабора св. Бавона ў Генце была ўкрадзеная адна створка славутага алтара Ван Эйка "Боскае ягня". Тая створка якраз i называлася "Непадкупныя суддзi". На ёй былi намаляваны суддзi на конях, якiя прыехалi ўкленчыць перад святою жывёлiнай. Пасля яе замянiлi выдатнаю копiяй, бо арыгiнал так i не знайшлi. А ён, як вы можаце пераканацца, перад вамi. О не, я тут нi пры чым. Яе саступiў нашаму гарылу адзiн часты наведвальнiк "Мехiка-Сiцi" - я вам яго аднойчы паказваў. Але тады ён быў такi п'яны, што прамяняў карцiну на бутэльку гарэлкi. Спачатку я параiў нашаму сябру павесiць яе на сама вiдным месцы, i нашы набожныя суддзi некалькi год узвышалiся над галовамi п'янiц i сутэнёраў, пакуль iх шукалi па ўсiм свеце. Але потым, каб было надзейней, гарыла па маёй просьбе перанёс яе сюды. Праўда, спачатку ён крыху бурчаў, аднак, калi я растлумачыў яму сутнасць справы, - вельмi спалохаўся. З той пары паважаныя прадстаўнiкi магiстрата падзяляюць кампанiю толькi са мной. А над прылаўкам у бары застаўся пусты квадрат, якi вы i мелi гонар убачыць.
Чаму я не вярнуў карцiну назад? Го-го-го, ды ў вас палiцэйскi рэфлекс! Ну што ж, адкажу так, як адказваў бы следчаму, калi толькi, вядома, некаму можа нарэшце прыйсцi ў галаву шукаць гэтую карцiну ў маiм пакоi. Па-першае, я не зрабiў гэтага таму, што яна не мая, а належыць уладальнiку "Мехiка-Сiцi", якi заслугоўвае мець гэты скарб не менш за гентскага бiскупа. Па-другое - таму, што нi адзiн турыст, якi прыязджае ўкленчыць перад "Боскiм ягнём", не здольны адрознiць копii ад арыгiнала, а значыць, нiхто па маёй вiне не церпiць нiякай страты. Па-трэцяе - таму, што я, такiм чынам, адчуваю сябе вышэй за другiх. I ў той час, як усе захапляюцца падстаўнымi фальшывымi суддзямi, я адзiн ведаю, дзе сапраўдныя. Па-чацвёртае - таму, што дзякуючы такiм махiнацыям у мяне ўзнiкае шчаслiвая магчымасць трапiць у турму, а думка пра гэта мяне ўжо даўно спакушала. Па-пятае - таму, што ўсiм вядомыя суддзi едуць на спатканне да ягняцi, а нiякiх ягнят даўно ўжо няма, як няма i бязвiннасцi, а значыць, рукою спрытнага злачынцы кiравала невядомае нiкому правасуддзе, i лепей яму не пярэчыць. I нарэшце - таму, што цяпер усё становiцца на сваё месца: правасуддзе канчаткова аддзяляецца ад бязвiннасцi, бязвiннасць апынаецца на крыжы, правасуддзе - у шафе, i ў мяне вызваляецца шырокае кола для дзейнасцi згодна з маiмi перакананнямi. Я нарэшце магу з чыстым сумленнем займацца сваёю цяжкай прафесiяй суддзi-пакаяльнiка, якую абраў пасля столькiх пакут i нягод i пра якую, у сувязi з тым, што заўтра вы ад'язджаеце, пара расказаць, што яна сабой уяўляе.
Але спачатку, дазвольце, я крыху прысяду. Трэба аддыхацца. Уф-ф! Стамiўся нешта. Зачынiце пакуль што маiх суддзяў на ключ. Вось так, дзякуй. Ну, цяпер пра прафесiю суддзi-пакаяльнiка, якой я займаюся ў сучасны момант. Звычайна мая кантора - у "Мехiка-Сiцi", але вы разумееце, што сапраўднае прызванне далёка выходзiць за межы рабочага месца. I нават у ложку, нават у гарачцы - я заўжды на сваiм пасту. Дарэчы сказаць, гэта не тая прафесiя, якою займаюцца, ёю дыхаюць, дыхаюць пастаянна. Вы не думайце, што ўсе гэтыя пяць дзён я забаўляўся з вамi размовамi дзеля чыстага задавальнення. З мяне досыць пустой балбатнi, якой я займаўся раней. Цяпер кожнае маё слова мае пэўную мэту. I перш за ўсё - iмкнецца прыцiшыць смех i дапамагчы мне пазбегнуць прысуду. Але зрабiць гэта, мяркуючы па ўсiм, амаль немагчыма. Бо галоўная перашкода тут самi ж мы: мы першыя сябе i асуджваем. Што рабiць? Адзiны паратунак - пашырыць сваё асуджэнне на iншых, на ўсiх без выключэння; такiм чынам, на нашую долю яго застанецца менш.