Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 26



Давайце прысядзем на гэтых шэзлонгах. Ну i туман! Дык я, па-мойму, хацеў вам нешта расказаць пра ўстрыманне? Зараз вы пачуеце, што я меў на ўвазе. Доўга змагаючыся сам з сабой i страцiўшы ўсю сваю сiлу i самаўпэўнены выгляд, я нарэшце пераканаўся ў бясплённасцi сваiх намаганняў i вырашыў пакiнуць чалавечае грамадства. О не, я не кiнуўся шукаць бязлюднай выспы - iх даўно ўжо няма. Я проста знайшоў сабе прытулак у жанчын. Вы ж ведаеце, яны нiколi па-сапраўднаму не ганяць нас за слабасць, наадварот - яны хутчэй здольны пастарацца прынiзiць нашую сiлу цi абяззброiць нас. I таму жанчыны узнагарода i падтрымка - не ваяўнiку, о не, - злачынцы. Жанчыны яму - цiхi порт, прыстанак, i не дзiва, што менавiта ў жаночым ложку яго часцей за ўсё i арыштоўваюць. Дый цi не жанчына - адзiнае, што нам засталося ад зямнога раю? Вось i мяне, заблуднага i разгубленага, прыбiла да гэтай апошняй гаванi. Цяпер я не казаў доўгiх прамоў. Я часам яшчэ гуляў, па звычцы, але выдумкi мне бракавала. Баюся вам прызнацца, бо не хачу казаць пахабных слоў, але ў той час я ўпершыню, бадай, адчуў патрэбу пакахаць i быць каханым. Агiдна, праўда? Але ж я сапраўды пакутаваў, мяне апанаваў няясны сум, маёй душы чагосьцi не ставала, i гэта навяло мяне на думку, што я нiкому не патрэбен. I тады цi то прымушаючы сябе, цi то - праз цiкаўнасць, я вырашыў узяць на сябе пэўныя абавязкi. Якiя? Я ж адчуваў патрэбу ў каханнi - вось я i палiчыў сябе закаханым. Iначай кажучы, я зрабiў глупства.

Я пачаў заўважаць, што часта задаю пытанне, якога раней, як чалавек спрактыкаваны, заўсёды пазбягаў. Я пытаўся: "Ты мяне кахаеш?" Вы, безумоўна, ведаеце, як прынята адказваць у такiм выпадку: "А ты?" I калi я адказваў: "Кахаю", - я, зразумела, перабольшваў свае сапраўдныя пачуццi. А калi адважваўся сказаць: "Не", - рызыкаваў страцiць каханне маёй сяброўкi, i гэта мяне мучыла. Чым большая небяспека пагражала пачуццю, у якiм я спадзяваўся знайсцi супакаенне, тым з большаю настойлiвасцю я дамагаўся яго ад сваёй партнёркi. Гэта прымушала мяне даваць сама пераканаўчыя абяцаннi, i я патрабаваў ад свайго сэрца ўсё глыбейшага пачуцця. Кончылася тым, што я загарэўся ўяўнаю страсцю да адной чароўненькай дурнiчкi, якая так начыталася любоўных гiсторый, што гаварыла пра любоў з iмпэтнай перакананасцю iнтэлiгента, якi абвяшчае бяскласавае грамадства. Гэта даволi заразлiвая ўпэўненасць, тут мы спрачацца не будзем. Вось i я - таксама паспрабаваў загаварыць пра каханне i нарэшце пераканаў сябе, што яно ў мяне ёсць. Гэтае пачуццё жыло ўва мне, прынамсi, да таго дня, калi яна зрабiлася маёю каханкай i я зразумеў, што любоўная лiтаратура хоць i навучыла яе гаварыць пра любоў, але зусiм не навучыла ёю займацца. Сталася так, што, пакахаўшы прыгожанькага папугайчыка, я мусiў спаць з халоднай змяёй. Такое становiшча мяне не задавальняла, i я пачаў шукаць у iншым месцы каханне, абяцанае мне ў кнiгах, але нiколi не сустрэтае ў жыццi.

Але мне не ставала натхнення. Я больш за трыццаць гадоў любiў толькi сябе. Як жа было цяпер пазбавiцца ад такой звычкi? Натуральна, я быў на гэта не здольны. Я адно млява намагаўся распалiць у сабе страсць, усё шчадрэй раздаваў абяцаннi, кахаў адначасова некалькiх жанчын - як у былы час меў некалькi любоўных сувязей адразу. Але цяпер, бадай, прыносiў жанчынам болей гора, чым раней, калi ставiўся да iх зусiм абыякава. Не памятаю, цi казаў я вам, што мой прыгожанькi папугайчык ад роспачы хацеў пакончыць сваё няшчаснае жыццё галоднай смерцю? На шчасце, я паспеў своечасова - я самаахвярна працягнуў руку i падтрымлiваў яе да той пары, пакуль яна нарэшце не сустрэла нейкага iнжынера з сiвiзной на скронях, якi толькi што вярнуўся з вандроўкi на Балi i пра якога ўжо пiсаў яе любiмы штотыднёвiк. Карацей кажучы, замест таго каб ачысцiцца ад грахоў i з галавой, як той казаў, аддацца вечнай страсцi, я толькi яшчэ больш памножыў цяжар сваiх памылак i аблуд. Усё гэта абудзiла ўва мне такую агiду да любовi, што я не мог болей чуць пра "Светлае жыццё" i "Каханне i смерць Iжоты", каб не заскрыгатаць зубамi. Я паспрабаваў у пэўным сэнсе адмовiцца ад жанчын i пачаць цнатлiвае жыццё манаха. Урэшце, мне павiнна было хапiць i аднаго жаночага сяброўства. Але гэта азначала - адмовiцца ад гульнi. Бо, як аказалася, ва ўсiм астатнiм, апроч кахання, жанчыны наводзiлi на мяне нясцерпную нуду, яшчэ большую, чым я спадзяваўся, i, вiдаць, не меншую нуду наводзiў на iх я. Кончылася гульня - кончыўся i тэатр, я апынуўся ў самай гушчы праўды. А праўда, мiлы дружа, - гэта сама смяротная нуда.

Каханне i цнатлiвае жыццё мне не прынеслi паратунку, i я вырашыў, што застаецца адно - кiнуцца ў распусту, якая выдатна замяняе любоў, прыглушае смех, наводзiць поўнае маўчанне i, што сама галоўнае, - даруе бессмяротнасць. Калi позна ноччу ў стане таго ап'янення, калi ўсё робiцца ясным i зразумелым, ты ляжыш памiж дзвюма шлюхамi i не адчуваеш ужо нiякага жадання, надзея больш не здаецца пакутай, над усiм запаноўвае поўная свядомасць, i боль жыцця ўяўляецца адоленым назаўжды. У пэўным сэнсе, я заўсёды жыў у распусце i заўсёды марыў быць бессмяротным. Цi не гэтая мара была сутнасцю маёй натуры i вынiкам маёй любовi да сябе? Ды я проста памiраў ад жадання жыць вечна! Я занадта сябе любiў, каб пагадзiцца, што аб'ект маёй любовi можа некалi знiкнуць назаўжды. Але на цвярозую галаву, як бы кепска я сябе нi ведаў, мне было ўсё-ткi цяжка знайсцi разумныя довады, якiя б гарантавалi бессмяротнасць такой пажадлiвай малпе, як я. Заставалася - знайсцi хоць бы сурагат такой бессмяротнасцi. I вось, прага да вечнага жыцця штурхнула мяне да прастытутак, я пачаў пiць, пiць штоноч. Ранкам, вядома, як i кожнаму смяротнаму, мне дзёрла горыччу глотку. Але доўгiмi начнымi гадзiнамi я быў на вяршынi шчасця. Можа быць, у гэтым сорамна прызнавацца, але i цяпер я з пяшчотай прыгадваю тыя ночы, калi спяшаўся ў змрочны прытон на спатканне з адной танцоўшчыцай стрыптызу, якая адорвала мяне сваiмi ласкамi. Аднойчы я нават пабiўся за яе гонар з занадта выхвалястым сутэнёрам. Цэлыя ночы я прастойваў каля стойкi пад пыльным чырвоным святлом гэтага цёплага месцейка, хлусiў, як наняты, i ўсё пiў, пiў. Я чакаў свiтання, каб нарэшце апынуцца ў вечна не засланым ложку маёй мiлай прынцэсы, якая машынальна аддавалася ўцехам i потым спала непрабудным сном. Днела, сонца пацiху асвятляла бязладны кавардак у пакоi, i, нерухомы, я ўздымаўся на ранiшнiх промнях славы.