Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 26



Нiчога не варты выпадак, скажаце вы? Безумоўна. Але я доўга не мог яго забыць, вось што важна. Праўда, у мяне былi апраўданнi, i хоць я i не адказаў на знявагу, вiнавацiць мяне ў баязлiўстве было, бадай, нельга. Мяне заспелi знянацку, прычапiлiся з двух бакоў, усё перамяшалася ў маёй галаве, i аўтамабiльныя гудкi даканалi гэтую разгубленасць. I ўсё ж я адчуваў сябе няшчасным, нiбыта страцiў свой гонар. Перад маiмi вачыма ўсплывала, як я сядаю ў машыну, нiчога не адказаўшы на абразу, i на мяне глядзяць кплiвыя позiркi з натоўпу, узрадаванага тым больш, што на мне, я i цяпер яшчэ помню, быў вельмi элегантны блакiтны гарнiтур. У вушах у мяне гучала: "Нiкчэмны баязлiвец!" - i цяпер я лiчыў, што, увогуле, заслужыў гэтую мянушку. Як бы то нi было, але я спасаваў, публiчна здрэйфiў. Няхай вiною таму быў збег акалiчнасцей, але гэта яшчэ не прычына - акалiчнасцi заўсёды ёсць. Гледзячы назад, я ясна ўяўляў, што мне трэба было зрабiць. Я павiнен быў падысцi да д'Артаньяна, кароткiм трапным ударам збiць яго з ног, потым сесцi ў машыну, дагнаць паскудную малпу, якая мяне зняважыла, прыцiснуць яе матацыкл да ходнiкаў i, адцягнуўшы злоснiка ўбок, задаць яму добрага дыхту, як ён таго заслугоўваў. З некаторымi варыянтамi я сто разоў пракручваў гэты фiльм у сваiх думках. Але таго, што мiнула, не вернеш, i мяне яшчэ некалькi дзён мучылi чорныя ўспамiны.

Ну, вы паглядзiце, зноў пайшоў дождж! Давайце схаваемся пад тым вунь адлевам. Вось так, тут будзе лепей. Дык на чым я спынiўся? Ага, правiльна гонар! Дык вось, прыгадаўшы гэту гiсторыю, я зразумеў, што яна азначала. Увогуле, мае мары не вытрымлiвалi выпрабавання жыццём. Я ўяўляў - толькi ўяўляў, цяпер гэта было ўжо ясна, - што я чалавек паўнацэнны i дасканалы, чалавек, якi выклiкае ва ўсiх захапленне сваiмi прафесiйнымi i агульначалавечымi якасцямi. Нешта памiж Сэрданам i дэ Голем, калi хочаце. Карацей кажучы, я марыў быць першым ва ўсiм. Я ўвесь час строiў з сябе важную асобу, какетнiчаў, каб паказаць хутчэй свае фiзiчныя, а не iнтэлектуальныя здольнасцi. Аднак пасля таго, як мне публiчна ўляпiлi поўху i я пакорна змаўчаў, мiлавацца такiм сваiм прыгожанькiм вобразам было ўжо немагчыма. Каб я сапраўды быў прыхiльнiк праўды i розуму, што б мне было да гэтай гiсторыi, на якую ўсе даўно ўжо забылiся? Я хiба што пашкадаваў бы, што ўгнявiўся, што не здолеў стрымаць свайго гневу, панаракаў бы, што ў мяне не хапiла духу, каб узяць сябе ў рукi. Але ж не - я прагнуў узяць рэванш, адпомсцiць, перамагчы. Я нiбыта нiколi i не марыў быць сама разумным i сама велiкадушным стварэннем на зямлi, а iмкнуўся да аднаго - бiць, бiць усiх, хто трапляецца пад руку, быць сама дужым - i ў сама прымiтыўным сэнсе гэтага слова. Праўда, пане, крыецца ў тым, што кожны iнтэлiгент марыць быць гангстэрам i панаваць над грамадствам толькi з дапамогаю грубае сiлы. Аднак гэта не так лёгка, як можа здацца пры чытаннi адпаведных раманаў. I таму нашы iнтэлектуалы кiдаюцца да палiтыкi, шыюцца ў сама экстрэмiсцкiя партыi. Якая рознiца, што гэтым яны прынiжаюць свой розум? Затое яны будуць уладарыць над светам! Карацей кажучы, я таксама заўважыў у сабе салодкую мару стаць прыгнятальнiкам.

Прынамсi, я зразумеў, што абараняю злачынцаў толькi таму, што iх злачынствы не робяць мне нiякай шкоды. Iх вiнаватасць жывiла маё красамоўства пастолькi, паколькi сам я не быў iх ахвярай. Калi ж нешта пагражала маёй асобе, я рабiўся не толькi суддзёй - я ператвараўся ў гняўлiвага феадала, гатовага расправiцца са сваiм злоснiкам па ўласных законах, збiць, здратаваць, паставiць яго на каленi. Пагадзiцеся, мой дарагi суайчыннiк, што пасля ўсяго гэтага мне было цяжка ставiцца ўсур'ёз да свайго прызвання служыць правасуддзю i абараняць сiротак i ўдоў.

А дождж усё мацнее, значыць, часу ў нас дастаткова, i я, бадай, асмелюся расказаць вам пра яшчэ адно адкрыццё, якое ўсплыло ў маёй памяцi трошкi пазней. Давайце толькi прысядзем на тую вунь лаву пад стрэшкай. Але, ужо не першае стагоддзе тутэйшыя курцы люлек бачаць аднолькавую карцiну: усё той жа дождж, усё над тым жа каналам... Тое, што я хачу расказаць, зрабiць будзе не так лёгка. Гаворка гэты раз пойдзе пра жанчын. Перш за ўсё трэба сказаць, што ў жанчын я заўжды меў поспех, i прычым без вялiкага намагання. Я не кажу, што мой поспех быў у тым, што я рабiў iх шчаслiвымi цi рабiў шчаслiвым хоць бы самога сябе. Не, я проста дабiваўся поспеху - i ўсё. Iначай кажучы, я дасягаў сваёй мэты амаль заўсёды, калi хацеў. I жанчыны лiчылi мяне абаяльным, вы ўяўляеце? Ведаеце, што такое абаяльнасць? Гэта ўменне дабiцца згоды, не задаючы нiякiх пэўных пытанняў. У мяне ў свой час так яно i было. Вас гэта здзiўляе? Ды вы не адмаўляйцеся, я ж бачу. Пры такой пысе, як у мяне, вашае здзiўленне абсалютна натуральнае. На жаль, пане, з гадамi кожны чалавек пачынае плацiць сваiм аблiччам за сваё мiнулае жыццё. А ў мяне... Зрэшты, якая рознiца! Факт ёсць факт: мяне лiчылi абаяльным, i я гэтым карыстаўся.

У мяне не было, аднак, нiякiх таемных разлiкаў - я быў шчыры, прынамсi, амаль што шчыры. Мае адносiны з жанчынамi былi заўсёды натуральныя, простыя лёгкiя, як кажуць у падобных выпадках. Да iх не дамешвалiся нiякiя хiтрыкi, калi не лiчыць хiтрыкаў яўных, непрыхаваных - тых, што жанчыны лiчаць нечым накшталт данiны павагi да сябе. Я iх кахаў, калi скарыстацца агульна прынятым словам, што, урэшце, азначае тое самае, што не кахаў нi адной. Я заўжды меркаваў, што пагарда да жанчын - пачуццё пошлае i бязглуздае, i амаль усiх жанчын, якiх ведаў, лiчыў лепшымi за сябе. Аднак хоць я i ставiў iх так высока, але сам карыстаўся iх паслугамi частей, чым служыў iм. Чым гэта растлумачыць?

Разумееце, сапраўднае каханне - надзвычайная рэдкасць, яно сустракаецца, можа быць, два цi тры разы на стагоддзе. А ўвесь астатнi час яго ролю выконваюць нуда або марнасць. Адным словам, я не быў Партугальскаю мнiшкай. Хоць гэта i не азначае, што ў мяне было халоднае сэрца. Наадварот - яно было вельмi пачуццёвае, i выбiць з мяне слязу было што раз плюнуць. Але ўся бяда ў тым, што гэтая пачуццёвасць, як i ўсе мае душэўныя парывы, была звернута да самога ж мяне. Я сказаў вам, што нiколi не любiў? Гэта няпраўда. У маiм жыццi была, прынамсi, адна вялiкая любоў - любоў да самога сябе. I калi паглядзець з гэтага пункту, то пасля некаторых, непазбежных у раннiм юнацтве трывог, я вельмi хутка ўсё ўразумеў: пачуццёвасць i толькi пачуццёвасць запанавала ў маiм iнтымным жыццi. Я паўсюль шукаў асалоды i перамог. I ў гэтым мне вельмi спрыяла мая камплекцыя, бо лiтасцiвая прырода не пакрыўдзiла мяне нiчым. Я ганарыўся такою сваёй перавагай i здабываў з яе максiмум задавальнення. Нават цяжка сказаць, што тут наталялася больш - мая прага да ўцех цi iмкненне да прэстыжу. Але зараз вы скажаце, што я зноў пачынаю хвалiцца. Я i не збiраюся адмаўляць, хоць, зрэшты, ганарыцца тут, сапраўды, няма чым, бо ўсё гэта чыстая праўда.