Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 26 из 30

Гэтая досыць вясёлая і забаўная атмасфера ўмірг вока запаветрыла, калі Марцін патушыў электрычнасць. У прывідным святле, што лілося ў круглыя вокны пад столлю, усе ягоныя мілыя суседзі ажылі і распачалі павольны, але прыкметны рух, мэтаю якога служыла Марцінава келля. Апрача таго, выразна чулася, як хтосьці цяжка спускаецца па сходах з галерэі. Рэшта кароткай ліпеньскай ночы аздобілася адчайнай экспедыцыяй у прыбіральню, на парозе якой абражаныя нядаўнімі пстрычкамі рыцары ніяк не хацелі разводзіць скрыжаваныя алебарды.

24

Марцін вярнуўся з летняй Браціславы ў вясновую Швецыю. Незвычайнае магло прычыніцца з ім не толькі ў красавіку. Але акурат у гэтыя дні ён прайшоў калісьці мужчынскую ініцыяцыю.

Як на цяперашні час, тое здарылася даволі позна — у дзясятым класе. Яго правадніцай у свет новых дзівосных адчуванняў стала ўдвая старэйшая настаўніца англійскай мовы — высокая, станістая, заўсёды модна апранутая жанчына, якая не давяла клас да выпускных экзаменаў: звольнілі за сувязь з іншаземцамі, што мантавалі новае абсталяванне на нафтахімічным заводзе. Марцін яе ніколі потым не бачыў, але ніколі і не забываў, успамінаючы з нязменнай пяшчотай. Левая смочка ў Тамары была ўдвая большая за правую. Калі ён браў яе ў вусны, ўзнікала адчуванне, што гэта спелая вішня.

25

Адрозна ад мінулае ночы, Марцін ціхамірна праспаў да раніцы. Ніхто не зайшоў у зачыненыя дзверы ў канцы калідора. Аголеныя прыгажуні, выявіўшы неспадзяваную стрыманасць, засталіся на карціне.

На сняданку ён упершыню пакаштаваў аляніны і адмысловага шведскага печыва з імберцам. Калі яны з Нільсам чакалі ля барнае стойкі каву, у зале з’явіўся Марцінаў браціслаўскі знаёмы, уладальнік буйной кнігарні Любамір. У размове з гэтым вясёлым курдупелем Марцін згадаў векапомны тэатральны гатэльчык. Браціславец зарагатаў. Летась туды пасялілі іншага замежнага госця, якога ўранні знайшлі на канапцы ў фае. Гатэлі, я вам скажу, гэта такая тэрыторыя… — шматзначна пракаментаваў Любамір.

Высветлілася, што з Любамірам знаёмы і Нільс, у чым, зрэшты, Марцін не знайшоў нічога нязвычнага. Здзівіла хіба тое, што выдавец таксама аднекуль чуў пра гатэльчык з каралямі ды вампірамі.

26

Блукаючы пасля сваёй прэзентацыі па кірмашы, Марцін знячэўку сутыкнуўся са стакгольмскімі суседзямі, што не давалі яму заснуць пасля «пажару». Бакенбардзісты маладзён і яго спадарожніца з індыйскай кропелькай або радзімкай трымаліся за рукі і праплылі паўз Марціна з цалкам адсутнымі позіркамі. Дзіўна, але жанчына здалася істотна старэйшай, чым пазаўчора.

Па абедзе Марцін з Нільсам выправіліся ў прыморскі горад, дзе дагэтуль недзе жыла мара выдаўца пра бананавыя дрэвы да Паўночнага круга.

27

У чацвер раніцой, пасля спакойнай ціхай ночы ў Нільсавых сваякоў, Марцін з выдаўцом паехалі паглядзець ягоны летні дом на моры. Дзень радаваў цеплынёю і сонцам. Каля дома зелянелі пяшчотнай маладой ігліцай лістоўніцы. На кветніку цвілі крокусы, а на смарагдавым лужку цешыў вока ружовы россып стакротак.

Марскі бераг прывітаў велізарным статкам чорных пляскатых камянёў. Пераскокваючы з аднаго на другі, Марцін і Нільс дасягнулі той мяжы, дзе на камяні раз-пораз накочваліся невысокія хвалі з белымі баранчыкамі.

Дваццаць гадоў таму мой дзед не вярнуўся з мора. Дакладней, вярнуўся без лодкі. Хвалі вынеслі яго вунь каля таго мыса з хвоямі. Мора не ўпадабала Нільсаў успамін: яны не патрапілі ўцячы ад пенлівага языка, што са зламысным задаволеным шыпеннем намачыў ім чаравікі.

Калі, зноў паскакаўшы па камянях, яны вярнуліся на бераг, Нільс працягнуў аповед.

Суседзі расказвалі, што бабуля ў той дзень на каленях маліла дзеда не выходзіць на рыбалку. Ужо з берага крычала наўздагон, каб вярнуўся, бо ў яе благое прадчуванне. Потым пусцілі чутку, што бабуля… як сказаць, калі нехта знаецца з трансцэндэнтальнымі сіламі? …ну так, ведзьма. Рыбакі прыходзілі да яе пытацца, ці выходзіць ім сёння ў мора. Згадзіся, што гісторыя вартая літаратурнага твора. Хачу падараваць табе сюжэт. У мяне прадчуванне, што на турыстычных даведніках ты не спынішся.





Але напачатку Нільс прапанаваў заехаць на могілкі.

28

Могілкі разлегліся вакол бажніцы, што стаяла на ўзвышшы і да Рэфармацыі паспела пабыць каталіцкім храмам. Марцін з Нільсам зайшлі ў прыцемны халадок, у якім гучна абазваўся бразгат кінутых у царкоўную скарбонку металёвых кронаў.

Марцін прайшоўся ўздоўж сценаў з умураванымі пахавальнымі плітамі. Некаторыя захавалі яшчэ лацінскія надпісы. Некалькі плітаў былі не пахавальныя, а мемарыяльныя — памяткі пра патанулых маракоў. Адна — чорны мармур з залатымі літарамі імёнаў і аднолькавай ва ўсіх датай смерці — выглядала зусім новай. Марцін змеціў, што паводле гадоў нараджэння тут ёсць і дзеці. Нашы, што загінулі ў тым страшным цунамі ў Тайландзе, — патлумачыў Нільс.

Шведы любяць падарожнічаць… — дадаў ён, памаўчаўшы, і Марцін міжволі згадаў Эмануэля Сведэнборга з ягонымі вандраваннямі па духоўным свеце, дзе філосаф, зрэшты, бачыў не толькі анёлаў ды новыя ўвасабленні людзей, але і караблі пад рознакаляровымі ветразямі, што яго, Марціна, заўсёды асабліва натхняла.

Родныя Нільсавы магілы пад гарой аказаліся сціплымі прастакутнікамі з шэрага каменю. Імёны, гады жыцця і жывая блакітная аблямоўка з зацвілых «жабіных вочак». Бабуля, адзначыў чамусьці Марцін, перажыла мужа роўна на тры гады, тры месяцы і тры дні. Замест кветак, сказаў Марцін, ён хацеў бы прачытаць пятнаццаты санет Шэкспіра. Нільс ухвальна кіўнуў.

Калі падумаю, што ўсё жывое

Красуе на зямлі кароткі міг,

Што свет — тэатр, а мы яго героі

Ад зор залежым на шляхах сваіх…

29

Падараваны Нільсам сюжэт сапраўды мог надацца для рамана.

На досвітку мінулага стагоддзя ў дрымотна-ціхі шведскі гарадок прыехаў вандроўны цырк са сланамі. Артыстам і звярам вызначылі пустку паміж апошнімі дамамі і лесам. Правесці цыркачоў да месца вызваўся на чыгуначнай станцыі падлетак-гімназіст Стэфан. На чале экзатычнай працэсіі ён засяроджана і самавіта ішоў праз увесь горад. Жыхары, што пакуль не ездзілі адпачываць у Тайланд і бачылі сланоў адно ў школьных падручніках, тоўпіліся ўсцяж галоўнай вуліцы і высыпалі на гаўбцы. Сочачы за дзівоснай падзеяй, на бацькоўскім гаўбцы стаяла і гімназістка Оса — дзяўчынка з доўгімі, як у святой Інэсы, валасамі. Яна лічылася мясцовай каралевай прыгажосці, да якой марна заляцаліся не толькі вучні гімназіі, але і студэнты, што паехалі па навуку ў Стакгольмскі ўніверсітэт.

Надышоў момант, калі перадавы слон абвіў гімназіста Стэфана хобатам за пояс і ашчадна перанёс ў кошык на сваёй спіне. Такім чынам праваднік сланоў апынуўся дакладна на ўзроўні гаўбцоў, бо ўсе гарадзкія будынкі мелі тады не болей за два паверхі. Горад выбухнуў воплескамі, хтосьці кінуў адважнаму гімназісту букет кветак.

У душы незачэпы Осы павеяў нязнаны датуль ветрык. Гімназістка вырашыла пазнаёміцца з цыбатым падлеткам, што стаў героем усяго іхняга маленькага свету. Праз два дні яна знайшла Стэфана на нядаўняй пустцы, дзе цяпер вечарамі таўкліся гараджане рознага веку. За заслугі перад цыркам хлапчына меў права штодня наведваць паказы і праводзіць з сабой аднаго знаёмага. Ганаровага госця нязменна ўсаджвалі ў першым шэрагу, і пры канцы нумара са сланамі якісьці з іх асцярожна падхопліваў Стэфана ды рабіў з ім па пасыпанай пілавіннем арэне адвітальнае кола.