Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 25 из 30

І раптам, калі да прыбярэжнага трыснягу заставалася мо якіх пару сотняў метраў, сляпучая серабрыста-блакітная страла ўдарыла паміж лодкай і берагам проста ў возера. Не, гэта была не страла: у навальнічнай прасторы між небам і хвалямі вырас жывы зіхотка-пульсоўны слуп, па якім імкліва прабягалі чорныя змеі. Слуп як быццам спрабаваў падтрымаць гатовы абрынуцца на зямлю небасхіл. На момант чорныя змеі зніклі, і на слупе як быццам праявіліся невыразныя абрысы жаночай постаці. Але ў наступнае імгненне, успыхнуўшы наастачу сінім агнём, слуп абрынуўся ў возера.

Марціна скаланула і, каб не страціць зрок, ён закрыў твар рукамі. На хвіліну аглух і не пачуў грукатання перуна, а як вушы адклала і ён адняў далоні ад вачэй, то адчуў, што і слых, і ягоная оптыка змяніліся. Вакол запала зусім інакшая ціша. Дождж суняўся, хвалі ўвачавідкі паменшалі. Наваколле ўспрымалася нібы праз акуляры, якія не перайначвалі памераў і колераў, але надавалі ўсяму няўлоўнае дадатковае вымярэнне з прыхаванымі сэнсамі.

Ён узяўся за вёслы і неўзабаве прамінуў месца, дзе, паводле яго разлікаў, неба і вада былі паяднаныя вусцішным зіхатлівым слупом. На пацішэлай азёрнай паверхні мёртва пагойдваліся, пабліскваючы белымі, з блакітным адлівам чэраўцамі, пэўна, тыя самыя, сустрэтыя ім вужы.

З блізкага берага махаў вялікім ліхтаром дзед-рыбак. Марціну больш за ўсё іншае хацелася зараз пераапрануцца ў сухое, выпіць шклянку славутай тамтэйшай самагонкі і заснуць да раніцы.

21

Швецыя — немалая краіна, і ў горад, дзе адбываўся кніжны кірмаш, яны прыехалі надвечар. Вікіпедыя не падманула: з таксоўкі Марцін угледзеў і возера, што замяняла гораду галоўную плошчу, і напраўду велічны змрочны замак на выспе. Пасля вячэры ў гатэльным рэстаранчыку яны з Нільсам прайшліся старадаўнімі вулачкамі, што кружлялі вакол возера, зліваліся адна з адной і зноў разыходзіліся, выклікаючы рэмінісцэнцыі з Борхеса. Нільс паказаў госцю чумны слуп, да якога хтосьці ўсклаў букецік нарцысаў, і месца, дзе кароль некалі пакараў дэпутатаў-здраднікаў, літасціва дазволіўшы не аддаваць іх на тартуры, а проста адсекчы неразумныя галовы. Выдавец падвёў Марціна да самай старажытнай царквы, быццам высечанай з цэлай скалы, а потым да сучаснага будынка, падобнага на павялічаную ў тысячы разоў слімачыную хатку. Якраз тут учора завірыўся іх кірмаш.

Дарогаю назад Нільс запрапанаваў выпіць па кілішку за мір у карчомцы, што прымала наведнікаў з часоў вайны паміж іхнімі, Нільсавымі ды Марцінавымі, продкамі ў сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя.

Уладкаваліся пад куродымнымі скляпеннямі за драўляным сталом, спярэшчаным выразанымі ў розныя эпохі надпісамі, сярод якіх вылучалася свежае расейскае слова з трох вялікіх літар. Нільс паставіў на іх скрыначку з сурвэткамі і прызнаўся, што якраз тут у школьныя гады ўпершыню пакаштаваў з сябрамі віскі.

Працяг прагучаў нечакана: Ты памятаеш, — яны перайшлі на «ты» яшчэ ў Стакгольме, — што для цябе ў дзяцінстве было галоўнай праблемай? Марцін не стаў перабіраць варыянты адказу: цэлыя два гады яго найбольш займала загадка адначасовай смерці Сервантэса і Шэкспіра. Чаго толькі я не напрыдумляў. І іншапланетнікі, і магічныя сілы… Нільс з павагаю ўзняў брыво: І ты знайшоў адказ? — Не я, а мой брат. Іспанія з Англіяй мелі розныя календары. — Шкада… — Нільс ненадоўга задумаўся. А ў мяне, уяві сабе, галоўная праблема ў малодшых класах палягала ў тым, чаму ў нашым горадзе не растуць бананы. Я іх вельмі любіў і марыў, зрабіўшыся дарослым, вывесці бананавыя дрэвы, якія будуць расці ў Швецыі да самага Палярнага круга. Ён засмяяўся.

Марцін прызнаўся, што першы раз пакаштаваў бананы, як быў студэнтам. У ягонага аднакурсніка бацька быў намеснікам міністра і прывозіў экзатычныя фрукты з Масквы. У мясцовых крамах іх ніколі не бачылі. Нільс з лёгкім недаверам паківаў. Яны выпілі па другім кілішку, і выдавец папрасіў рахунак. Скажы, а калі Шэкспір з Сервантэсам… — ён пашукаў слова, — пакінулі жыццё?

Дык гэта ў пятніцу! — выслухаўшы Марцінаў адказ, падлічыў Нільс.

Марцін у прыліве даверу прызнаўся, што з дзяцінства наіўна называе той дзень магічным і чакае ад яго чагосьці такога, бо якімсьці акрайцам душы, як і раней, верыць у таемныя сілы. Нільс адгукнуўся працяглым сур’ёзным позіркам. Не ўздумай браць з класікаў прыклад. У нас наперадзе дзве прэзентацыі — Дзве?! — А гэта сюрпрыз. Пабачыш горад, дзе не растуць бананы.





22

Гатэль, што складаўся ўсяго з сямі нумароў, пераглядаўся з ратушай. Адно цяпер Марцін змог як след раззнаёміцца са сваім жытлом на вечар, ноч і раніцу. Яно спадабалася нязмерна больш за сталічнае стакгольмскае — ад цяжкага жалезнага ключа замест пластыкавай карткі да велізарнага трох- ці чатырохспальнага ложка з тканаю шпалерай у галавах, што прапаноўвала сюжэт купання Артэміды з німфамі. Даспадобы прыйшлася Марціну і мэбля з пацінаю старасвеччыны.

Пасля званка Нільса, які прабачаўся за няўдалы жарт наконт Марціна і памерлых класікаў, ён вярнуўся да вывучэння нумара.

Найбольшае ўражанне пакідала зробленая нібыта наадварот планіроўка. Адразу са стромай лесвіцы вы траплялі ў сам вялікі, з густам абстаўлены пакой, а ўжо ў канцы яго, за камодаю з тузінам шуфляд і шуфлядак ды за высокай шафай, што прыводзіла на памяць раманы Дыкенса, пачынаўся вузкі калідор. Якраз там знаходзіліся дзверы ў прасторную лазенку. На іх пазірала вакно з гэткімі ж, як у пакоі, важкімі залаціста-вохрыстымі шторамі, якія хацелася расхінуць, каб пераканацца, што за імі ніхто не затаіўся.

Але на тым асаблівасці нумара не заканчваліся. У канцы калідора госця чакалі другія, дакладна такія ж, як уваходныя, дзверы. Ключ ад нумара бездапаможна патанаў у шырокай замочнай адтуліне. Куды вялі дзверы, заставалася незразумелым, таксама як і тое, дзе і якія свяцільні запальваліся ад белага квадраціка з уключальнікам пры вушаку.

І гэта не ўсё. На пачатку калідора на выступе сцяны насупраць дыкенсаўскай шафы вісела вытрыманая ў колеравай гаме штораў карціна з трыма размешчанымі адны за аднымі дзвярыма. З-за іх выглядвалі тры аголеныя, бачныя напалову маладыя жанчыны: тры кулі поўных грудзей, тры ножкі, тры крутыя палавінкі клубоў. Але кожная са спакусніц воляю мастака ці кагосьці іншага дзівосным чынам зрабіла такі няўлоўны рух клубамі, што вабны чорны трохкутнічак ва ўсіх маладзёнак быў навідавоку. Разам з чацвёртымі дзвярыма ў канцы калідора карціна стварала ўражанне цэлай анфілады пакояў, у якой шырозны пусты ложак успрымаўся абсалютнай недарэчнасцю і трохі палохаў.

Марцін патануў у мяккай пасцелі і міжволі адляцеў ва ўспамінах у свой колішні гатэль у Браціславе.

23

Калегі, што запрасілі Марціна з лекцыямі, зрабілі яму своеасаблівы падарунак, пасяліўшы ў пустым гатэльчыку пры зачыненым на летнія вакацыі тэатры. Гаспода, дзе без лішняй раскошы магла спыніцца вялікая гастрольная трупа, уяўляла сабой прастору з паробленымі ўсцяж сценаў кабінкамі-келлямі: кожная з ложкам, крэслам і столікам, але без дзвярэй. Драўляныя сходы вялі на галерэю з працягам келляў, аднак ужо з двухпавярховымі ложкамі, відаць, для артыстаў, занятых пакуль што на другарадных ролях і ў масоўках.

Гатэльчык, у якім Марцін апынуўся адзіным начлежнікам, адначасна служыў і сховішчам рэквізіту. У інтэр’еры з размаітымі дэкарацыямі знайшлі прытулак манекены ў тэатральных уборах: манархі і прыдворныя, персанажы антычных драм і сучасных трагедый, пейзане, верагодныя кілеры з адпаведнай экіпіроўкай, тройца відавочных вампіраў з ярка нафарбаванымі вуснамі… Пасля выпітай на вячэры слівовіцы Марцін дазволіў сабе павітацца за руку з каралевай і легкадумна пстрыкнуць па дзюбах шаломаў двух рыцараў у парадных панцырах, што вартавалі дзверы прыбіральні.