Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 46 из 63



Найбольш аднастайная сытуацыя панавала ў раёнах, што знаходзіліся ў зоне вайсковай адміністрацыі ўва Усходняй Беларусі. Савецкая эвакуацыйная кампанія і нямецкія рэквізыцыі Вэрмахту ўжо на пачатку вайны прывялі гаспадарку гэтай часткі краю да поўнага заняпаду. Зямельная рэформа і скасаваньне вайсковымі ўладамі ўсіх ранейшых абмежаваньняў жывёлагадоўлі абудзілі надзеі сялянства на рост прадукцыйнасьці сельскай гаспадаркі. Аднак гэтыя чакальні неўзабаве разьвеяліся, бо Вэрмахт па-ранейшаму нахабна рэквізаваў прадукцыю, паборы раз за разам расьлі без увагі на патрэбы мясцовага насельніцтва, не зважаючы на неабходнасьць аднаўленьня вытворчай базы. Паводле нямецкіх падлікаў, ужо ў верасьні 1942 г. па ўсёй тылавой зоне групы армій «Цэнтар» пагалоўе жывёлы ўпала да такой ступені, што ў сялян часта адбіралі апошнюю карову, якую савецкія ўлады дазвалялі ўтрымліваць пасьля таго, як была праведзена калектывізацыя (т. зв. «сталінская карова»). На бойню гналі нават цельных кароў.

Вялікія спусташэньні ў сельскай гаспадарцы Усходняй Беларусі выклікала партызанская вайна, у якой абодва варожыя бакі імкнуліся пазбавіць праціўніка харчовых запасаў. Мы ўжо згадвалі, што падчас карных экспэдыцый немцы адганялі і нават вынішчалі жывёлу, а савецкія партызаны на Віцебшчыне пераправілі некалькі тысяч галоў за лінію фронту. Вынікі гэтай барацьбы, аднак, падалі цяжарам на цывільнае насельніцтва, а не на баявых праціўнікаў. Ужо ў 1942 г. сяляне пачалі хаваць ад рэквізыцыяў збожжа, білі жывёлу патаемна і не пастаўлялі харчы ў гарады.[121] Гараджанам стала вельмі цяжка пракарміцца. Паводле інструкцыяў Шэнкендорфа, з 3.9.1942 г. тыднёвы паёк людзей найцяжэйшых прафэсіяў павінен быў складацца з: 1580 г жыта, 250 г грэчкі і проса, 4000 г бульбы, 100 г мяса, 60 г тлушчаў і 0,5 л малака. Аднак ужо пад канец гэтага месяца мяса і тлушчы перасталі выдавацца. Вельмі востра не хапала паліва і элемэнтарных прамысловых вырабаў.

У 1943 г. матэрыяльнае становішча насельніцтва ўва Ўсходняй Беларусі пагоршылася яшчэ больш. Ужо ня толькі гараджане, але і частка вяскоўцаў адчула голад, асабліва ў мясьцінах, дзе прайшліся карныя экспэдыцыі. Людзі часта трацілі дах над галавой і жылі пад сталай пагрозай дэпартацыі на прымусовую працу або проста сьмерці ад падазрэньня ў супрацоўніцтве з партызанамі. У невыносных умовах, пра якія 3.7.1941 г. гаварыў Сталін, на кантраляваных немцамі тэрыторыях Усходняй Беларусі апынулася перш за ўсё мясцовае насельніцтва. Апрача жыцьця, людзям, бадай, ужо не было чаго губляць, пераход у партызаны ў такой сытуацыі, асабліва пасьля сталінградзкага пералому, калі сілы ляснога войска значна павялічыліся, даваў усё ж неяк больш шанцаў ператрываць вайну. У недасяжных для немцаў зонах, т. зв. «партызанскіх рэспубліках», для насельніцтва ствараліся неблагія, а часам — лепшыя, і, натуральна, — больш бясьпечныя ўмовы, чым пад акупацыяй. Гэта была галоўная прычына вялікага наплыву людзей у партызанскія атрады ў 1943 г.

У адрозьненьне ад зоны цывільнага рэжыму, нямецкія вайсковыя ўлады ўва Ўсходняй Беларусі не праводзілі актыўнай нацыянальнай палітыкі і не імкнуліся выкарыстаць яе, каб дабіцца прыхільнага стаўленьня тутэйшых жыхароў. Калі не лічыць створаных у некаторых месцах гурткоў самапомачы, што займаліся выключна дабрачыннасьцю, у гэтай частцы краю не паўстала ніякіх беларускіх арганізацыяў накшталт БНС (да рэформы) альбо Камітэту даверу, і толькі ў верасьні 1943 г. вайсковыя ўлады пагадзіліся на дзейнасьць СБМ. На беларускай мове тут ня выйшла аніводнай кніжкі ці брашуры, адозвы і прэсу для мясцовага насельніцтва выдавалі, як правіла, па-расейску. Затое партызаны выдавалі і распаўсюджвалі шмат газэт на беларускай мове, іх выхад набываў пэўнае палітычнае значэньне.[122] Акупацыйныя ўлады выдалі дазвол на арганізацыю мясцовых (на раённым узроўні) культурных таварыстваў і народных дамоў, пры якіх было створана некалькі аматарскіх тэатраў. Аднак у моўныя праблемы немцы ня ўмешваліся, таму, напрыклад, у Віцебску і Барысаве гэтыя тэатры давалі спэктаклі на беларускай мове, а ў Бабруйску і Магілёве — на расейскай. Улады не аказвалі прымусу і ў справе выбару мовы навучальня, дый, зрэшты, школы на гэтым абшары праіснавалі вельмі нядоўга — фактычна адзін сэзон 1942/43 г. Такім чынам, моўная сытуацыя складвалася безь якога-небудзь пэўнага ўзьдзеяньня ўладаў, яна залежала найперш ад жаданьняў і магчымасьцяў культурна-асьветных дзеячоў. Гэта не спрыяла разьвіцьцю нацыяналістычных беларускіх або расейскіх тэндэнцыяў. На гэтай глебе бадай не адчувалася напружаньняў.

Матэрыяльныя ўмовы існаваньня жыхароў Генэральнай акругі Беларусь выглядалі іначай. На вёсцы тут пераважалі асобныя прыватныя гаспадаркі, на пачатку вайны савецкая эвакуацыя іх амаль не закранула, рэквізыцыі Вэрмахту таксама спустошылі не ў такой ступені, як ува ўсходняй частцы краю. Абавязковыя паставы на 1942 г. у разьліку на адзін гектар ворыва і пашы складалі: 100 кг збожжа, 200 кг бульбы і 20 кг мяса жывой вагаю — гэта былі досыць памяркоўныя патрабаваньні, яны давалі сялянам магчымасьць распараджацца нават большай часткай прадукцыі, чым пры саветах. У параўнаньні з высокімі коштамі машын і зямельных прылад, вотруб’я і г. д. закупачныя цэны былі нізкія, хоць пакідалі ў сялян адчуваньне эксплуатацыі, аднак пры гэтым вонкава захоўваліся прыкметы рынкавых мэханізмаў, а не татальнага рабаваньня, што панавала на ўсходзе.[123] Землі зьнішчаных партызанамі памешчыцкіх маёнткаў ахвотна разьбіраліся ў арэнду, такім чынам, палявыя работы на тэрыторыі Генэральнай акругі былі праведзены восеньню 1942 г. на 100 %.

Паводле справаздачы генэральнага камісарыяту ў Менску, плян закупу сельскагаспадарчай прадукцыі ад ураджаю 1942 г. выконваўся наступным чынам: збожжа — 81,5 %, салома — 80 %, сена — 83,9 %, бульба — 62,2 %, мяса — 40,5 %, тлушчы — 38,5 %, ільняное насеньне — 82,5%. Пэўная частка гэтых запасаў была зьнішчана партызанамі альбо перайшла ў іх рукі, аднак адбылося гэта або на нарыхтоўчых пунктах, або пазьней, пры далейшым перавозе прадукцыі з гэтых пунктаў. Важна падкрэсьліць, што сяляне прывозілі прадукцыю на гэтыя пункты насуперак партызанскай агітацыі («ані кіляграму збожжа для акупантаў»). Іх не спынялі ані забойствы, якія чынілі «лясныя мсьціўцы» над вясковымі пастаўшчыкамі, ані паленьне гаспадарак. Калі б партызаны мелі рацыю, трактуючы гэтых людзей як ворагаў, дык тады належала б прызнаць, што і Кубэ не памыляўся, гаворачы, што выкананьне абавязковых паставаў сьведчыла аб падтрымцы нямецкіх уладаў насельніцтвам. Але цяжка пераводзіць гэты канфлікт у ідэалягічны разрэз — ім адлюстроўваюцца хіба толькі супрацьлеглыя пазыцыі варожых бакоў, а не сялянства, якое не жадала ўблытвацца ў барацьбу, а падаткі для Нямеччыны трактавала гэтаксама, як некалі падаткі для саветаў, а яшчэ раней — для Польшчы.

Таму здабыцьцё прыхільнасьці вясковага насельніцтва, якое складала 85–90 % жыхароў Генэральнай акругі Беларусь, мела для абодвух бакоў вялікае значэньне. Таму і партызаны імкнуліся ня толькі застрашыць сялян, але дзейнічалі і наадварот: дзялілі паміж людзей здабытую жывёлу, харчы ці паліва. Кубэ таксама стараўся пазьбегнуць сытуацыяў, якія маглі б кінуць мясцовых жыхароў у роспач — пазьней яна непазьбежна вылілася б у партызанскія настроі. Дзеля гэтага Генэральны камісарыят значна заніжаў лічбы наяўнага пагалоўя свойскай жывёлы, каб давесьці, што павелічэньне паставаў Вэрмахту — справа немагчымая.[124] Аналягічным чынам дзейнічалі ўлады генэральнага камісарыяту і пры вэрбоўцы працоўнай сілы. Так, да верасьня 1942 г. улучна зь яго тэрыторыі ў Нямеччыну было вывезена толькі 31 тыс. чалавек (без уліку ваеннапалонных), прытым падкрэсьлівалася, што ў гарадох працоўнай сілы не стае, так што вэрбаваць яе можна толькі на вёсцы, аднак там перашкаджае гэтаму дзейнасьць партызанаў. Гэта была праўда, але ня ўся, паколькі партызаны ў той момант кантралявалі яшчэ нязначную частку земляў акругі.[125] Захады цывільных уладаў прыносілі плён: да сакавіка 1943 г. колькасьць высланых у Райх работнікаў павялічылася толькі да 35 тысяч.

121

В. Быкаў, які паходзіў зь Віцебшчыны, сьведчыў, што ў часе вайны ягоныя родныя «ад’еліся»: «І хлеба было, і да хлеба. Калгасы распусьцілі, абраблялі свае надзелы. Было і немцам, і партызанам, і сабе заставалася». — А. С.



122

Зь сярэдзіны 1942 г. у Віцебску, Бабруйску і Барысаве пачалі выдаваць непэрыядычныя беларускамоўныя дадаткі да мясцовых газэт, якія выходзілі на расейскай мове. Толькі 25.3.1943 г. у Віцебску пачала выходзіць беларуская газэта «Беларускае Слова» накладам 20 000 экз. Пры канцы 1943 г. у сувязі са становішчам на фронце яе рэдакцыю перанесьлі ў Дзьвінск (Латвія).

123

Так, напр., за 100 кг жыта селянін атрымліваў 2,50 райхсмаркі, прычым ён мусіў атрымліваць вотруб’е для пашы па цане 6 райхсмарак за 100 кг.

124

У лютым 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь налічвалася 275 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 25 % ад даваеннай колькасьці. У чэрвені 1942 г. гэтая колькасьць ацэньвалася ў 40–45 % ад даваеннага ўзроўню. У жніўні 1943 г. Кубэ, у сваю чаргу, паведамляў, што на абшары Генэральнага камісарыяту Беларусь знаходзіцца яшчэ 450 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 50 % ад нармальнага пагалоўя. Аднак пагалоўе не павялічвалася, а зьмяншалася, адсюль вынікае, што ў 1942 г. зьвесткі заніжаліся.

125

Улады Генэральнай акругі падавалі, што ў зоне дзеяньня партызан знаходзілася ў 1942 г. 60 % сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Гэта было грубае перабольшаньне, якое павінна было апраўдаць слабыя вынікі апэрацыі па вярбоўцы работнікаў у Нямеччыну. Паводле савецкіх крыніц, у гэты час тэрыторыя, якую займалі і часткова кантралявалі партызаны, складала толькі 30 % ад усяго беларускага абшару (гл. падразьдзел «Разьвіцьцё савецкага партызанскага руху»). Трэба мець на ўвазе, што гэты паказчык быў значна вышэйшы ўва ўсходніх раёнах Беларусі і нашмат ніжэйшы на землях Генэральнай акругі.