Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 63



У барацьбе за скасаваньне цывільнай адміністрацыі на Беларусі паліцыйныя ўлады спрабавалі падважыць палітычную рэпутацыю Кубэ, пусьцілі за ім славу правадніка беларускіх нацыяналістычных тэндэнцыяў, «супярэчных» інтарэсам Нямеччыны. Готбэрг у адным зь першых сваіх лістоў, высланых зь Менску да шэфа Галоўнай управы СС Бэргера ў сьнежні 1942 або ў студзені 1943 г., павёў атаку на дзейнасьць БНС і яе кіраўніка Ермачэнкі, які

частуе бэрлінскія ўлады цалкам памылковымі нацыянальнымі і незалежніцкімі беларускімі ідэямі.

Готбэрг сьцьвярджаў, што БНС адно толькі нарабіла шкоды і задурманіла насельніцтва. Асабліва ён абураўся наконт створанай пры БНС самааховы, якая, на яго думку, шчыльнымі радамі, з зброяй у руках пераходзіць на бок партызан. Готбэрг рабіў высновы:

Цалкам зразумела, што выдуманыя беларускімі эмігрантамі або салённымі бэрлінскімі палітыкамі ідэі нацыянальнай Беларусі ў сапраўднасьці проста не існуюць.

І сьцьвярджаў, што да гэтай яго думкі пачынаюць далучацца і акруговыя камісары на Беларусі. Такім чынам, Готбэрг цэліў у самыя падставы палітыкі Кубэ, прычым яго пазыцыя супадала з той, што выказаў Гуміч на згаданай канфэрэнцыі ў ОМі 8.1.1943 г. А гэта азначала, што погляды абодвух высокіх функцыянэраў паліцыі выцякалі з адной крыніцы — адносін Гімлера да Кубэ і яго палітыкі.

Пры такіх абставінах у сьнежні 1942 г. служба бясьпекі ў Менску занялася справай кіраўніцтва БНС і зборам доказаў яго «злачыннай дзейнасьці».[103] Галоўны ўдар быў скіраваны супраць Ермачэнкі, але даказаць яго варожасьць да Нямеччыны нават для СД было задачай нялёгкай.[104] Таму даводзілася хапацца за розныя вэрсіі. Ермачэнку спрабавалі абвінаваціць у панславізьме, ідэйным цэнтрам якога была Прага (дзе ён жыў да вайны), а цяпер нібыта стала Масква.[105] Потым папракалі ў выкарыстаньні ў своекарыслівых інтарэсах хістаньня і неабачлівасьць нямецкіх уладаў у галіне нацыянальнай палітыкі (намінка на Кубэ). Нарэшце, у кіраўніцтве БНС «выкрылі» левае крыло, якое «ўжо межавала зь лесам» (згадкі наконт сымпатыі да партызан). Адначасова насуперак сьцьверджаньням Готбэрга пра задурманьваньне насельніцтва, рапарт СД сьведчыў пра вельмі нязначны ўплыў БНС на грамадзтва. Супраць Ермачэнкі распачалі кампанію таксама Астроўскі ў Смаленску і Акінчыц у Бэрліне.

Аднак усе загады службы бясьпекі разьбіваліся аб пазыцыю Кубэ: ён бараніў Ермачэнку, а заадно сябе і сваю палітыку. У гэтай сытуацыі справай Ермачэнка занялася Галоўная ўправа бясьпекі Райху (RSHA), абвінаваціўшы яго ў найцяжэйшым злачынстве — дзяржаўнай здрадзе. У Менск быў высланы супрацоўнік RSHA, які хаця і знайшоў парушэньні статуту ў дзейнасьці БНС, аднак ня змог абвінаваціць у іх Ермачэнку, бо кожнае перавышэньне правоў БНС было дазволена рашэньнем Кубэ і вышэйшых цывільных уладаў Нямеччыны. Нарэшце, сьледзтва было скіравана на гаспадарчую дзейнасьць БНС, дзе былі знойдзены злоўжываньні. Такім чынам, дзякуючы пазыцыі Кубэ і ОМі Ермачэнку ўдалося ўнікнуць сьмерці, аднак 27.4.1943 г. ён быў вымушаны пакінуць Менск і вярнуцца ў Прагу, дзе яму было забаронена займацца палітычнай дзейнасьцю. Па даручэньні Розэнбэрга 16.7.1943 г. Кубэ выслаў Ермачэнку ліст з падзякаю за яго заслугі ў працы на Беларусі. Такім шляхам Розэнбэрг і Кубэ паказалі, што ўся яго справа была сфабрыкавана паліцыйнымі ўладамі ў кантэксьце палітычнага канфлікту з цывільнай адміністрацыяй на Беларусі.

У сакавіку 1943 г. Ермачэнка склікаў апошні зьезд акруговых кіраўнікоў і вайсковых рэфэрэнтаў БНС разам зь сябрамі яе Галоўнай рады і паведаміў ім, што, згодна з рашэньнем уладаў, дзейнасьць гэтай арганізацыі цяпер будзе абмяжоўвацца толькі аховай здароўя і аказаньнем матэрыяльнай дапамогі насельніцтву. Гэта азначала, што ўсе не прадугледжаныя ў статуце галіны дзейнасьці БНС, яе аддзелаў, Галоўнай Рады і г. д. будуць зьліквідаваны. Спыніў сваё існаваньне інстытут мужоў даверу БНС пры генэральным і акруговых камісарыятах. У красавіку 1943 г., на падставе загаду камандзіра паліцыі парадку палкоўніка Клюпша была распушчана Беларуская самаахова (БСА). Яе салдаты перайшлі ў распараджэньне мясцовай паліцыі парадку, адзінага пакуль што «беларускага» паліцыйнага батальёну № 49 у Менску, атрадаў чыгуначнай аховы, а часткова былі вывезены на працу ў Нямеччыну. Як піша Кушаль, у некаторых раёнах ліквідацыя БСА праходзіла вельмі жорстка.

Вынік другога раўнду ў канфлікце Кубэ з СС быў ужо не такі адназначны, як першы. Ратуючы Ермачэнку, Кубэ абараніў сваю ўласную пазыцыю, аднак заплаціў за гэта занадта высокую цану — разбурэньне ўсяго палітычнага мэханізму (БНС і БСА), які ён будаваў ад пачатку верасьня 1941 г. Нягледзячы на нігілізм Гімлера і недавер Розэнбэрга, Кубэ разьлічваў на пасьпяховасьць сваіх ініцыятываў, якія павінны былі абудзіць беларусаў і заахвоціць іх да працы на баку Нямеччыны. Кіраўніцтва СС разбурыла гэтыя пляны, спадзеючыся толькі на грубую сілу.

Аднак Кубэ не адмовіўся ад сваёй палітычнай лініі. У адказ на паліцыйныя перасьледы Ермачэнкі ён 30.1.1943 г. запэўніў Галоўную раду БНС у сваёй нязьменнай гатоўнасьці да

цеснага супрацоўніцтва з усімі беларусамі, якія прызнаюць сэнс і непазьбежнасьць новай Эўропы.

Кубэ пачаў распаўсюджваць тэорыю аб нардычнай крыві беларускай нацыі, якую ён захаваў на працягу сваёй тысячагадовай гісторыі. Насуперак гімлераўскай тэорыі аб расавай ніжэйшасьці славян ён спрабаваў падвесьці тэарэтычны грунт пад сваю палітычную лінію, а заадно — зьмяніць агульнае стаўленьне да беларусаў з боку расісцкіх дагматыкаў.[106]

Нягледзячы на перашкоды, зьвязаныя зь дзейнасьцю партызан і рознымі сумненьнямі і агаворкамі OМi, у першай палове 1943 г. Кубэ ажыцьцявіў шэраг праектаў, разьлічаных па-ранейшаму на абуджэньне прыхільнасьці ў мясцовага насельніцтва. У сакавіку 1943 г. ён выдаў распараджэньне аб землеўпарадкаваньні і ліквідацыі цераспалосіцы, каб стварыць эканамічна рацыянальныя сялянскія гаспадаркі і такім чынам замацаваць вынікі леташняй аграрнай рэформы. Пачалося ажыцьцяўленьне гэтага праекту. Адначасова Кубэ распрацаваў і прапанаваў Розэнбэргу праект прыватызацыі зямлі ўва ўсходніх акругах генэральнага камісарыяту, мяркуючы ў будучыні стварыць на гэтых землях абаронныя вёскі. І пакуль Розэнбэрг вагаўся, Кубэ дамагаўся адпаведнага распараджэньня, прасіў асабістай сустрэчы ў Бэрліне, націскаючы на тое, што бяз хуткага дадатнага вырашэньня гэтай праблемы ня можа быць і мовы аб далейшай палітычнай і гаспадарчай дзейнасьці. Можна таму лічыць, што ініцыятарам выдадзенага Розэнбэргам 3.6.1943 г. дэкрэту аб прыватызацыі зямлі на ўсходзе ў вялікай ступені быў Кубэ, бо ні Кох на Украіне, ні адміністрацыя ў Прыбалтыцы ня выявілі зацікаўленасьці ў гэтай справе.

Пасьпяхова закончыліся і стараньні Кубэ па адкрыцьці ў Менску Мэдыцынскага інстытуту — першай вышэйшай навучальнай установы падчас нямецкай акупацыі на Беларусі. Пасьля доўгіх разваг Розэнбэрг пагадзіўся 23 сакавіка на адкрыцьцё менскага інстытуту і растлумачыў, што робіць гэта дзеля падтрыманьня належнага ўзроўню аховы здароўя на Беларусі. Розэнбэрг зазначыў, што колькасьць студэнтаў павінна будзе адпавядаць патрэбам цэлай Генэральнай акругі, г. зн. таксама і ўсходняй часткі Беларусі, якая знаходзілася пад вайсковай адміністрацыяй. Такім чынам, інстытут павінен быў стаць даволі вялікай установай. Яго рэктарам спачатку быў прызначаны дэкан мэдыцынскага факультэту ўнівэрсытэту ў Фрайбургу прафэсар Э. Т. Наук, але неўзабаве яго замяніў беларус, прафэсар Мікалай Сьцяпанаў. Інстытут распачаў сваю працу 13.5.1943 г., але ня ў Менску, а ў Магілёве, пасьля адпаведнай дамоўленасьці Кубэ з вайсковымі ўладамі.[107] Адкрыцьцё інстытуту мела вялікае значэньне. Па-першае, гэта сьведчыла пра новае стаўленьне ОМі да справы вышэйшай адукацыі на Беларусі, а па-другое, гэта быў добры прэцэдэнт для стварэньня наступных вышэйшых навучальных устаноў.[108]



103

У гэтай атмасфэры быў арыштаваны і закатаваны ксёндз Гадлеўскі. Іваноўскага, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў падтрымцы прапольскага элемэнту і намерваліся сьпіхнуць з пасады менскага бурмістра. Аднак пацьверджаньня яго палітычных сувязяў зь Ермачэнкам не знайшлі. Гэтая акалічнасьць і выратавала Іваноўскага.

104

Шэф СД у Менску Штраўх скардзіўся, што канчатковае вырашэньне справы Ермачэнкі заняло ў яго цэлы год.

105

Такі варыянт разглядаўся ў сувязі з артыкулам сакратара ЦК КП(б) Беларусі Ц. Гарбунова «Белоруссия борется», апублікаваным у часопісе «Славяне» (1942. № 1. Чэрвень). Гарбуноў падкрэсьліваў адзінства славянскіх народаў у барацьбе зь нямецкім імпэрыялізмам. Гэта стала прычынаю т. зв. Aktion Gorbunow, якую правяло СД у Менску.

106

Меркаваньне аб прыналежнасьці беларусаў да нардычнай расы выказвалася на старонках органа PKO «Остлянд». Публіцыст В. Эссэн сьцьвярджаў, што беларусы, дарма што гавораць на славянскай мове, у мінулым паглынулі шматлікія балтыйскія плямёны і нават — нямецкія элемэнты.

107

У канцы 1943 г. інстытут эвакуяваўся ў Новую Вялейку. 10.6.1944 г. адбыўся першы і апошні выпуск яго навучэнцаў, 32 чалавекі. У 1944/45 г. ён працягваў сваю працу ў Нямеччыне.

108

Варта прыгадаць тыя намаганьні, што прыклаў В. Іваноўскі для адкрыцьця тэхналягічнага інстытуту і ўнівэрсытэту ў Менску.