Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 63

Вонкавы характар адміністрацыі ў вялікай ступені вызначаўся паводзінамі чыноўнікаў на ніжэйшых і сярэдніх пасадах. Іх набіралі з заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак, і ў залежнасьці ад сытуацыі большасьць зь іх магла гаварыць на трох мовах: польскай, беларускай або расейскай. Паколькі пераважна палякі занялі кіраўнічыя пасады, ува ўправах службоваю мовай стала польская. Прывядзем тут некалькі прыкладаў, узятых зь беларускіх, нямецкіх і польскіх крыніц.

Беластоцкая акруга. «У цяперашні момант амаль усе адміністрацыйныя пасады, апрача кіраўнічых, якія занялі немцы, знаходзяцца ў руках палякаў, бо акупанты пастанавілі вярнуць на працу тых людзей, што займалі дадзеныя месцы да 1939 г. Дарэчы, недахоп беларускіх кадраў прымусіў акупантаў шукаць апоры ў польскім элемэнце… Дапаможную службу нясе мясцовая паліцыя, амаль цалкам створаная з былых польскіх паліцыянтаў…»

Горадня. «Адміністрацыйны апарат Горадні — амаль выключна ў польскіх руках. Добрае супрацоўніцтва зь нямецкімі ўстановамі. 72-асабовая служба парадку — выключна палякі».

Берасьце. «Беларусы ў Берасьці задаволеныя, што паўночная частка акругі павінна быць далучана да Усходняй Прусіі. У паўднёвай частцы пануе страх перад яе далучэньнем да ГГ (генэральнага губэрнатарства. — Ю. Т.) і аднаўленьнем нацыянальнай барацьбы з палякамі. Увогуле — па-ранейшаму незадаволенасьць з таго, што палякі перанялі адміністрацыю».

Лідзкая акруга. «Палякі неадкладна ўвайшлі ў кантакт з кіраўнічымі нямецкімі вайсковымі ўладамі ды пачалі займаць усе пасады ў акруговай, павятовай і валасной адміністрацыі, у паліцыі, а таксама ў нямецкіх установах… Такім чынам, ад самага пачатку нямецкай акупацыі ўся адміністрацыйная і паліцыйная ўлада ў паветах і валасьцях апынулася поўнасьцю ў польскіх руках».

Вялейская акруга. «У Вялейскім павеце прыходзілася бачыць такія кур’ёзныя шыльды, як “Пастарунак польскай паліцыі панствовай”. У павятовых управах, вясковым школьніцтве, паліцыі, валасьцях — усюды польская мова… Ашмянскі павет палякі лічылі нейкай “польскай рэспублікай”. Уся адміністрацыя, паліцыя, школьніцтва былі абсаджаны палякамі… У Маладэчне старшынём павету быў былы ротмістар польскай кавалерыі Віктар Уневіч… Яго заступнікам быў Віталі Бурачэўскі, былы рэфэрэнт бясьпекі вялейскага староства… Начальнікам паліцыі быў афіцэр польскай “двойкі”[64] Карчэўскі…»

Баранавічы і Слонім. «Адміністрацыйны апарат — польскі».

Не такую сытуацыю ўбачылі немцы ўва Усходняй Беларусі. Тут дзейнічалі іншыя вызначальныя ўмовы: апрача адрозьненьня, што накладаў даваенны лад жыцьця, свой уплыў аказвалі жахлівыя разбурэньні лета 1941 г. — вынікі эвакуацыйнай кампаніі і ваенных дзеяньняў. У Менску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і іншых буйных гарадох ня дзейнічалі электрастанцыі і водаправоды, пераважная частка жыхароў засталася бяз даху над галавой. Пасьля эвакуацыі і зьнішчэньня харчовых запасаў навісла пагроза голаду. Пачаліся нямецкія вайсковыя рэквізыцыі і рабункі. Штодзённым клопатам для гараджан стала барацьба за выжываньне. Адзіным ратункам у такой сытуацыі былі ўцёкі на вёску, ладная частка народу пакінула гарады.

Рабункі і разбурэньні, ад якіх так пакутавала насельніцтва ўсходніх раёнаў Беларусі, для нямецкіх акупантаў былі зьявай звычайнай — яны панавалі ўва ўсёй ваеннай паласе. Куды цікавей было сачыць за палітычным станаўленьнем насельніцтва, якое перад гэтым больш за 20 гадоў пражыло пад узьдзеяньнем савецкай ідэалёгіі. Аднак пачатковыя назіраньні Айнзацгрупы «Б» у першыя тыдні акупацыі ня выявілі якіх-небудзь асаблівасьцяў. Таксама, як і ў заходніх раёнах Беларусі, тутэйшае насельніцтва займала пазыцыю чакальня або ставілася да немцаў прыязна, адмаўляючы бальшавізм. Крытыка савецкай улады датычыла галоўным чынам эканамічнай і сацыяльнай сфэры. Асуджэньню часьцей за ўсё падлягаў калгасны лад у БССР, які стаў прычынай заняпаду жывёлагадоўлі і земляробства, прывёў да крызісу грамадзкага харчаваньня.[65] Таму і ўва ўсходняй частцы Беларусі стаўленьне жыхароў да нямецкай акупацыі было цесна зьвязана з надзеяй на ліквідацыю калгаснай сыстэмы.

У рапартах Айнзацгрупы «Б» з тэрыторыі Усходняй Беларусі адзначалася вялікая грамадзкая пасіўнасьць, яе лічылі за праяву саветызацыі і супрацьпастаўлялі актыўным паводзінам жыхароў заходняй паловы краю. Аднак мы ўжо бачылі, што і ў Заходняй Беларусі карэннае насельніцтва таксама выказвала пасіўнасьць, такім чынам, гэта было агульнанацыянальнае беларускае зьявішча. «Заходнебеларускую актыўнасьць» насамрэч выяўлялі пераважна палякі, якія імкнуліся рэалізаваць свае нацыянальныя задачы.

Такіх імкненьняў сярод усходніх беларусаў немцы не заўважалі і прыпісвалі гэта слабай нацыянальнай сьвядомасьці. У немалой ступені яны мелі рацыю. У тутэйшай рэчаіснасьці глыбокі сьлед пакінула барацьба з т. зв. «нацдэмаўшчынай», якая абярнулася вялізарнымі стратамі для беларускай культуры, выцясьненьнем з ужытку беларускай мовы і ўзмоцненай русіфікацыяй усходняй часткі краю. Варта тут прыгадаць характэрнае выказваньне віленскага беларускага дзеяча Мар’яна Пецюкевіча наконт сытуацыі зь беларускай мовай у Менску:



Першы раз у жыцьці давялося мне быць у Менску позьняй восеньню 1941 г. на ўсеагульнай канфэрэнцыі школьных інспэктараў Беларусі… Хаця мне няраз і не было патрэбы чагосьці папытаць у сустрэчных мянчан, але я спрабаваў нешта запытаць, каб пераканацца, ці гэта беларусы. Усе яны на мае пытаньні адказвалі па-расейску і непрыязна глядзелі на мяне. Відаць, беларусаў, як і немцаў, яны залічылі да «акупантаў» ісьцінна «русского народа»… Канфэрэнцыю праводзіў галоўны школьны інспэктар ксёндз Вінцук Гадлеўскі. Стараўся ён з сваім менскім асьветным актывам надаць канфэрэнцыі беларускі патрыятычны дух. Стараўся ў сваіх прамовах укінуць у кожную душу ўдзельніка канфэрэнцыі іскру любові да свайго народу і яго культуры. Кіданыя ім зярняты знаходзілі добрую глебу толькі ў прадстаўнікоў былой Заходняй Беларусі. Усходнікі мала рэагавалі. Яны захоўваліся, як на паншчыне. Падчас перапынкаў яны гуртаваліся «свае з сваімі» і вялі гутарку між сабой на «обсчепонятном языке». Гэта зьява рабіла дрэннае ўражаньне на тых заходнікаў, якія за сваю культуру, за сваю мову цярпелі прасьлед з боку польскіх акупацыйных уладаў. І мы — заходнікі — на свае вочы ўбачылі «перадавую беларускую інтэлігенцыю» і горка расчараваліся.

У ліпені 1941 г. ува Усходняй Беларусі быў створаны шэраг камітэтаў з тымі самымі функцыямі, што і ў заходняй частцы краю. Цяжка даць пэўную ацэнку іх дзейнасьці, бо і тут у першай палове жніўня яны былі распушчаны. Але цікава адзначыць, што, паводле данясеньняў Айнзацгрупы «Б», у адрозьненьне ад Заходняй Беларусі, роспуск камітэтаў не выклікаў сярод усходнебеларускага насельніцтва асаблівай рэакцыі. На гэта ўплывала адсутнасьць нацыянальных супярэчнасьцяў у рэгіёне.

Не заўважалася тут і сур’ёзных сацыяльных канфліктаў, бо гэтаму ў вялікай ступені спрыяла захаваньне папярэдняга аграрнага парадку. «Кулакі», якіх высялялі зь вёскі ў 30-х г., цяпер вярталіся з высылкі і атрымлівалі свае старыя хаты або дапамогу для будоўлі новых. Жонак і дзяцей эвакуяваных функцыянэраў калгасьнікі прымалі ў свае суполкі. Там, дзе не было прычынаў для асабістай помсты, захоўвалася прыязнае стаўленьне да мясцовых партыйцаў, камсамольцаў і міліцыянтаў. Людзі лічылі, што звычайны чалавек не павінен адказваць за рашэньні ўладаў. Грунтуючыся на сьведчаньнях усходнебеларусіх эмігрантаў, амэрыканскі гісторык Нікалас Вакар сьцьвярджае, што на пачатку акупацыі ідэалягічныя матывы не аказвалі ўплыву на грамадзкія зносіны. Тое самае датычыла і акупантаў.

Іх успрынялі, як і многіх іншых у мінулым, не як немцаў, але як людзей, якія несьлі надзею на перамены.

Гэтая ацэнка, вядома, не была справядлівая для ўсяго грамадзтва, бо ўжо зь першых дзён акупацыі пачалося стварэньне савецкага падпольля і партызанскіх атрадаў. У недалёкай будучыні гэты рух зробіцца адным з найважнейшых вызначальных фактараў акупацыйнай гісторыі Беларусі, пакуль што ён быў яшчэ ў зародку, хоць летам 1941 г. было занатавана шмат дывэрсійных акцыяў. Калыскаю і базай руху супраціву стала Усходняя Беларусь, дзе ў часе эвакуацыі быў закладзены яго арганізацыйны падмурак.

64

Маецца на ўвазе — афіцэр ІІ аддзелу польскага Генэральнага штабу. ІІ аддзел займаўся пытаньнямі выведкі і контравыведкі. — А. П.

65

У 1928–1940 г. на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі пагалоўе коней з 1079 тыс. паменшала да 597 тыс., буйной рагатай жывёлы — з 2218 тыс. да 1622 тыс., сьвіней — з 2399 тыс. да 1411 тыс., авечак і коз — з 3817 тыс. да 1213 тыс.