Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 63

Пры такой сытуацыі сфармуляваныя Розэнбэргам і яго супрацоўнікамі «задачы» Беларусі былі імглістыя, часта падлягалі зьменам і ніколі не вырашаліся канчаткова. Яна то трактавалася як тэрыторыя, што падлягала разам з Прыбалтыкай германізацыі і ўлучэньню ў Райх, то як абшар, які не падлягаў такому ўлучэньню. Часам Беларусь называлі зямлёй для перасяленьня «непажаданых элемэнтаў» з Прыбалтыкі і Польшчы і нават — будучым прыродным запаведнікам. Пры гэтым Розэнбэрг не выключаў наданьня Беларусі ў бліжэйшай неакрэсьленай будучыні «свайго роду аўтаноміі».

Нэгатыўныя меркаваньні пра Беларусь і непакой перад хуткім пачаткам на яе тэрыторыі адміністрацыйных цяжкасьцяў выказваў таксама і гаспадарчы штаб, які ўзначальваў Герман Герынг, упаўнаважаны Гітлера ў справах чатырохгадовага пляну. У выдадзеных незадоўга да нападу на СССР дырэктывах, т. зв. «зялёнай тэчцы», ён папярэджваў вайсковых камандзіраў і гаспадарчыя службы:

...на Беларусі напачатку будзе, напэўна, цяжка знайсьці пласт лаяльных да нас кіраўнікоў, бо беларусы ў сваім інтэлектуальным узроўні стаяць ніжэй за тамтэйшых расейцаў, жыдоў, палякаў.

У кантэксьце гэтых меркаваньняў варта адзначыць ініцыятыву аддзелу па ўпарадкаваньні земляў (Reichstelle fur Raumordnung). У мэмарыяле, падрыхтаваным гэтай установай 22.6.1941 г. і перасланым шэфу дзяржаўнай канцылярыі Лямэрсу, а значыць — адрасаваным Гітлеру, прапаноўвалася перанесьці ўсходнюю мяжу Генэральнага губэрнатарства да лініі Ліда — Баранавічы — Лунінец — Сарны — Роўна — Тарнопаль. Гэты праект фактычна азначаў улучэньне ў Генэральнае губэрнатарства пераважнай часткі тэрыторый, якія паводле савецка-нямецкай дамовы былі заняты Чырвонай Арміяй у верасьні 1939 г. Сваю прапанову аддзел па ўпарадкаваньні земляў абгрунтоўваў, па-першае, «адсутнасьцю магчымасьцяў разьвіцьця ў польскага народу на яго цеснай тэрыторыі», а па-другое, — «моцнай палянізацыяй беларусаў, якія ня выпрацавалі амаль ніякіх нацыянальных імкненьняў».

Цяжка вызначыць, у якой меры адбіліся погляды нямецкіх вышэйшых колаў, занятых рэалізацыяй пляну «Барбароса», на пазыцыю Гітлера ў справе палітычнай адміністрацыі на землях будучай акупацыйнай зоны. Ясна адно: пасьля сваіх сакавіцкіх выказваньняў ён ужо больш не варочаўся да канцэпцыі «вольных ад Сталіна» рэспублік.

16.5.1941 г. ён паведаміў Лямэрса, што яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня аб арганізацыі цывільнага кіраўніцтва, але зьбіраўся агаварыць яго асобна, з зацікаўленымі пэрсонамі. Але і на пачатку чэрвеня ў гэтай справе не было зроблена ніякіх удакладненьняў, пра што сьведчаць дырэктывы галоўнага камандаваньня Вэрмахту па прапагандзе. Яны сьцьвярджалі, што «ня трэба пакуль што прапагандаваць разьдзяленьне СССР на паасобныя дзяржавы», аднак папярэджвалі, што гэта не канчатковая дырэктыва, бо разьвіцьцё палітычнай сытуацыі перад самым пачаткам апэрацыі можа выклікаць «асабліва дзейсныя новыя прапагандысцкія тэндэнцыі».

Новыя тэндэнцыі неўзабаве праявіліся, аднак не пацьвердзілі прагнозаў Галоўнага камандаваньня. 18 чэрвеня начальнік паліцыі бясьпекі выдаў распараджэньне, якое забараняла беларускім, украінскім, расейскім і каўкаскім эмігрантам вяртацца зь Нямеччыны на радзіму без дазволу паліцыйных уладаў. Амаль адначасова ведамства Розэнбэрга атрымала катэгарычную забарону ўступаць у перамовы з прадстаўнікамі гэтых эмігрантаў.

Вясной 1941 г. у ходзе прыгатаваньняў да нападу на СССР былі распрацаваныя і зацьверджаныя шматлікія падрабязныя інструкцыі, якія сталі асновай дзеяньняў Вэрмахту, апэрацыйных групаў паліцыі (Einsatzgruppen) і гаспадарчай службы на акупаваных землях. Яны датычылі правядзеньня вайсковых апэрацыяў, гаспадарчай эксплуатацыі, вынішчэньня паасобных групаў насельніцтва, абыходжаньня з ваеннапалоннымі і інш. Не было затое аніякіх цьвёрдых рашэньняў наконт будучай адміністрацыйна-палітычнай разьвязкі. І калі 22.6.1941 г. нямецкія войскі ўваходзілі на тэрыторыю Беларусі, ніводная акупацыйная інстанцыя не арыентавалася ў справе прызначанага ёй палітычнага статусу.

ІІ

З НАДЗЕЯЙ НА ХУТКУЮ ПЕРАМОГУ

(чэрвень — сьнежань 1941)

Савецкая эвакуацыя зь Беларусі

Нямецкія войскі пад камандаваньнем фэльдмаршала фон Бока, якія ўваходзілі ў склад групы армій «Цэнтар», за першы тыдзень вайны занялі Горадню, Берасьце, Маладэчна, Слуцак, Баранавічы, Менск, Бабруйск — г. зн. практычна ўсю Заходнюю і Цэнтральную Беларусь. 9 ліпеня яны выйшлі на лінію Дняпра, 11 ліпеня занялі Віцебск, 13-га — Воршу, 15-га — Полацак, 16-га — Смаленск і 26-га — Магілёў. Астатняя невялікая паўднёва-ўсходняя частка Беларусі была акупавана ў другой палове жніўня: 19-га — Гомель, 22-га — Мазыр.

Толькі 29 чэрвеня, г. зн. назаўтра пасьля таго, як немцы занялі Менск, Савет народных камісараў СССР і ЦК Усесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) накіравалі ў партыйныя і дзяржаўныя органы прыфрантавой паласы дырэктыву, у якой акрэсьліваліся асноўныя задачы эвакуацыі. Яшчэ пазьней — 3 ліпеня — гэтыя задачы агучыў народу Сталін у сваёй прамове па радыё. Яны гучалі так:

Пры вымушаным адыходзе частак Чырвонай Арміі трэба адганяць увесь рухомы чыгуначны склад, не пакідаць ворагу ніводнага паравоза, ніводнага вагону, не пакідаць праціўніку ні кіляграму хлеба, ні літру паліва. Калгасьнікі павінны адганяць усё быдла, хлеб здаваць пад ахову дзяржаўным органам для вывазу яго ў тылавыя раёны. Уся каштоўная маёмасьць, у тым ліку каляровыя металы, хлеб і паліва, якая ня можа быць вывезена, павінна безумоўна зьнішчацца.



Эвакуацыя насельніцтва на ўсход і перамяшчэньне альбо зьнішчэньне матэрыяльных здабыткаў і запасаў адыгрывала важную ролю ў савецкай абарончай стратэгіі. Гэтыя захады прымаліся савецкімі ўладамі з намерам пазбавіць немцаў магчымасьці выкарыстаньня людзкога і гаспадарчага патэнцыялу пакінутых земляў і адначасова яго эксплуатацыі ў сваіх абарончых інтарэсах.

Аднак імклівы наступ нямецкіх войскаў не дазволіў рэалізаваць гэтых дырэктываў на землях Заходняй Беларусі і Меншчыны. Гэтая частка Беларусі толькі нязначна адчула на сабе вынікі савецкай эвакуацыі. Тут нават амаль не пасьпелі правесьці мабілізацыю прызыўнікоў. Асабліва моцна (на 80 %) быў разбураны Менск, але галоўнай прычынай гэтага былі налёты нямецкай авіяцыі.[50]

Затое іншая сытуацыя панавала ўва ўсходніх рэгіёнах Беларусі: на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Палесьсі — тут савецкія ўлады мелі больш часу для эвакуацыйных захадаў. Варта разгледзець бліжэй вынікі гэтай акцыі, галоўным чынам, каб даць ацэнку становішча насельніцтва і гаспадарчага патэнцыялу Беларусі пасьля прыходу нямецкіх войскаў.

Калі браць фармальна, у гэтай ацэнцы павінна ўлічвацца ўся тэрыторыя тагачаснай БССР плошчаю 225,7 тыс. кв. км (гл. табл. 3), бо яе зьмены адбыліся ўжо пасьля вайны, у выніку чаго яна паменшала да 207,6 тыс. кв. км. Аднак на практыцы гэта не заўсёды ўдаецца, таму што апублікаваныя пасьля вайны вынікі савецкай эвакуацыі і іншых захадаў пры адступленьні, а таксама памеры людзкіх і гаспадарчых стратаў, якія адбыліся па віне нямецкіх акупацыйных органаў, датычаць сучаснай тэрыторыі БССР, бяз той часткі Берасьцейшчыны і Беласточчыны, якая пасьля вайны адышла да Польшчы.[51] Таму ўсюды, дзе гэта ня будзе агаворвацца спэцыяльна, прыведзеныя ацэначныя дадзеныя эвакуацыі датычаць сучаснага абшару Беларусі.

Насельніцтва. Агульная колькасьць жыхароў Беларускай ССР у цяперашніх межах на 1.1.1941 г. была роўная 9183 тыс. чал. Доля вясковага насельніцтва складала каля 80 %, у тым ліку ўва ўсходніх абласьцях — 74 %. Нацыянальную структуру насельніцтва Беларусі напярэдадні вайны можна акрэсьліць толькі прыблізна. Паводле перапісу 17.12.1926 г., сярод жыхароў усходніх абласьцей беларусы складалі 80,6 %; габрэі — 8,2 %, расейцы — 7,7 %; палякі — 2,0 %. Але ў выніку перасяленьняў у 30-х г.[52] колькасьць беларусаў у працэнтнай структуры паменшала. Яшчэ цяжэй даць ацэнку насельніцтва заходніх абласьцей. Паводле польскага перапісу 9.12.1931 г., 48,7 % мясцовых жыхароў палічылі за родную беларускую, «рускую» або «тутэйшую» мову, 38,8 % — польскую; 8,4 % — габрэйскую; 1,7 % — украінскую; 1,7 % — расейскую. Гэтыя дадзеныя не адлюстроўвалі сапраўднага стану. Пра тое сьведчыць наступны факт: доля праваслаўнага насельніцтва — 57,4 % — аказалася больш за тую, што разам складала жыхарства зь беларускай, «рускай», «тутэйшай», украінскай або расейскай мовай. Таму можна вызначыць працэнт беларускамоўнага насельніцтва разам зь яго каталіцкай часткай на нешта каля 65 %. У 1940–1941 г. ён павялічыўся. З аднаго боку, гэтаму спрыяў наплыў службоўцаў, настаўнікаў і т. п. з Усходняй Беларусі, з другога боку — узьдзейнічала распачатая савецкімі ўладамі дэпартацыя, якая найбольш закранула польскае насельніцтва. Аднак ацэнка долі беларускага жыхарства на гэтых землях напярэдадні нямецкага нашэсьця, якую прыводзяць савецкія аўтары, — звыш 80 %, — выглядае перабольшана. Напэўна, яна абмяжоўвалася 70–75 %. Паводле ўдакладненых дадзеных, летам 1941 г. савецкія ўлады на Беларусі мабілізавалі для службы ў Чырвонай Арміі каля 500 тыс. чалавек і эвакуявалі звыш 1,5 млн. яе жыхароў.[53] Разам гэта складала каля 2,0 млн. чалавек, г. зн. прыблізна 22 % ад усяго насельніцтва БССР у цяперашніх межах. Як паведамляюць М. М. Загарулька і А. Х. Казянкоў, тут ня ўлічваліся рабочыя і інжынэрныя спэцыялісты, якія былі перавезены на ўсход разам з сваімі прадпрыемствамі і ўстановамі, а таксама тыя людзі, што рушылі ў эвакуацыю з уласнай ініцыятывы і на сваім транспарце. 3 улікам гэтых катэгорый насельніцтва агульная лічба мабілізаваных у войска і вывезеных у глыб СССР павінна яшчэ павялічыцца.

50

Паводле прызнаньняў сьведкаў, «усё вышэйшае кіраўніцтва, міліцыя, служба бясьпекі і нават шэф грамадзянскай абароны разам з сваім штабам пакінулі горад (Менск. — Ю. Т.) за тры дні да заняцьця яго немцамі. Ніхто нават не спрабаваў гасіць пажары…»

51

Гэтыя зьмены былі прадугледжаны ў польска-савецкай дамове ад 16.8.1945, паводле якой СССР перадаў на карысьць Польшчы 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. Фактычна гэтыя землі польская адміністрацыя пераняла ўжо ўлетку 1944 г.

52

Пад перасяленнямі трэба разумець высылку беларускіх сялянскіх сем’яў у Расею падчас калектывізацыі, прымусовыя «вэрбоўкі» моладзі на «будоўлі сацыялізму» і г. д. — А. С.

53

У шэсьцідзясятых гадох фігуравала значна ніжэйшая лічба эвакуяванага насельніцтва (звыш 1 млн. чалавек). Крыніцай гэтай інфармацыі быў даведнік — праваднік па залях Беларускага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выдадзены ў Менску ў 1960 г.