Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 2

Яны чакалi моманту, каб пагаварыць з бацькамi. I раптам нi з таго нi з сяго яна перастала хадзiць на спатканнi. Ён падоўгу блукаў вакол iхняй фермы, але так нi разу i не ўгледзеў дзяўчыны. Давялося чакаць нядзелi, каб убачыцца з ёю ў царкве. А ў нядзелю, адразу пасля абеднi, кюрэ з амбона абвясцiў пра заручыны Вiкторыi-Адэлiны Мартэн з Жазэфанам-Iзiдорам Валэнам.

У Бэнуа абвялi рукi, нiбыта з iх раптоўна спусцiлi ўсю кроў. У вушах шумела, ён як аглух; толькi па нейкiм часе ён заўважыў, што плача, уткнуўшыся ў малiтоўнiк.

Цэлы месяц ён не паказваўся на людзях. Потым зноў улёг у работу.

Аднак загою не было, ён думаў i думаў пра дзяўчыну. Штодня, зранку i ўвечары, ён падоўгу гуляў у полi, але пазбягаў хадзiць дарогамi паблiзу Мартэнёўкi, далёка абыходзiў яе, каб не бачыць нават абсады тае сядзiбы.

Яна была ўжо замужам за Валэнам, самым багатым фермерам у кантоне. Бэнуа перастаў размаўляць з Валэнам, хоць яны таварышавалi з самага маленства.

Неяк вечарам, праходзячы паўз мэрыi, Бэнуа пачуў, што Мартэнава дачка цяжарная. Гэта навiна чамусьцi зусiм не прычынiла яму болю - наадварот, ён адчуў нават пэўную палёгку. Ну, вось i ўсё, вось i ўсё нарэшце. Гэта разлучала iх яшчэ болей, чым сам шлюб. Папраўдзе, гэтак было нават лепей.

Прамiнаў месяць за месяцам. Бывалi выпадкi, што ён бачыў яе на дарозе, калi яна ацяжэлай паходкай iшла ў сяло. Угледзеўшы яго, яна чырванела, угiнанала галаву i прыспешвала хаду. А ён увогуле зварочваў убок, каб не сутыкацца з ёю, не сустрэцца позiркам.

Яго жахала думка, што ў любы дзень ён можа апынуцца з ёю з вока на вока, i тады давядзецца загаварыць. А што ён мог сказаць ёй цяпер пасля ўсяго, што было сказана некалi, калi ён браў яе рукi ў свае i цалаваў яе валасы на скронях? Зноў i зноў прыгадвалiся яму спатканнi каля равоў. Подла ўсё-такi яна зрабiла - i гэта пасля ўсiх яе абяцанак!

I ўсё ж маркота спакваля ў яго сэрцы саступала месца лёгкай журбе. Нарэшце настаў i такi дзень, калi ён упершыню зноў, як некалi, рушыў на прагулку па дарозе, якая пралягала паблiзу Мартэнавай фермы. Неўзабаве завiднеўся дах яе дома. Вось тут, тут жыве яна - з другiм!.. Пышна цвiлi яблынi, на сметнiку кукарэкалi пеўнi... Сядзiба выглядала спусцелаю: гаспадары выправiлiся ў поле - быў разгар вясеннiх работ. Бэнуа спынiўся каля загароды, абвёў позiркам падвор'е. Каля будкi драмаў сабака, да копанкi нетаропка iшлi адно за адным трое цялят. Тоўсты iндык распускаў хвост каля парога, фасонiста, як спявак на сцэне, пахаджаў перад чарадой курэй.

Бэнуа прыпёрся да слупка: нечакана чамусьцi страшэнна захацелася плакаць. Але тут з дома да яго даляцеў крык, доўгi адчайны лямант. Бэнуа стаў як укапаны, ашчаперыў жэрдку, напята ўслухаўся. I зноў доўгi, роспачны лямант упiўся яму ў вушы, у самае сэрца, працяў яму ўсю iстоту. Гэта крычала яна! Ён сарваўся з месца, перабег лужок, рыўком расчынiў дзверы i ўбачыў яе - на падлозе: пасiнелая, з ашалелымi ад болю вачыма, яна сутаргава курчылася ў перадродавых схватках.

Ён так i прырос да парога, спалатнеў, залекацеў мацней, чым яна, i пралепятаў:

- Гэта я, тут я, тут, васпанна Мартэн.

Яна задыхаючыся адказала:

- Ох, не пакiдайце мяне адну, толькi не пакiдайце мяне, Бэнуа!

Ён глядзеў на яе i не ведаў, што рабiць, што казаць. Яна закрычала зноў:

- Вой, вой! Проста на частачкi разрывае! Вой, Бэнуа!

Яна ажно вiлася ад болю.

I тады Бэнуа раптам ахапiла апантанае жаданне паратаваць яе, суцiшыць боль, збавiць яе ад пакут. Ён нагнуўся, узяў яе на рукi, падняў i занёс на ложак; яна не пераставала стагнаць, а ён хутка раздзяваў яе, скiдаў кофтачку, спаднiцу, кашулю. Яна кусала сабе рукi, каб стрымаць крык. А ён зрабiў тое, што звычайна рабiў сваёй жывёле - каровам, авечкам, кабылам: памог ёй нарадзiць, i неўзабаве трымаў у руках пiсклявае немаўлятка.

Ён абцёр яго, увярцеў у палатнiну, якая сушылася каля печы, паклаў на стол на яшчэ не прасаваную бялiзну i вярнуўся да парадзiхi.

Ён зноў паклаў яе на падлогу, памяняў прасцiны i пасля перанёс на пасцель. Яна прашаптала:

- Дзякуй, Бэнуа, слаўны ты чалавек.

I, як ад нейкага запозненага жалю, цiха заплакала.

А ён - ён ужо не кахаў яе, зусiм не кахаў. З каханнем было кончана. Якiм такiм чынам? Чаму? Ён i сам не змог бы растлумачыць. Але тое, што цяпер адбылося, вылечыла яго так, як не вылечылi б i дзесяць гадоў разлукi.

Яна - зняможаная, усхваляваная - папыталася:

- Хто хоць у мяне?

Ён спакойна адказаў:

- Дзяўчынка, ды такая гожанькая!

Яны памаўчалi. Неўзабаве парадзiха цiха папрасiла:

- Пакажы мне яе, Бэнуа.

Ён узяў немаўля на рукi i, нiбы пасвянцоны бохан хлеба, падаў мацi - i раптам дзверы расчынiлiся i на парозе стаў Iзiдор Валэн.

У першы момант ён нiяк не мог уцямiць, што тут да чаго; нарэшце, зразумеў усё.

Збянтэжаны Бэнуа залепятаў:

- Я праходзiў мiма... Iду гэта сабе мiма i раптам чую - крычыць... Ну, я i прыбег... Вось тваё дзiця, Валэн!

Муж са слязьмi на вачах ступiў да Бэнуа, узяў у яго з рук пакуначак, пацалаваў немаўлятка ды так i замёр, не могучы вымавiць слова; потым паклаў дзiця на ложак i падаў Бэнуа абедзве рукi:

- Дай руку, Бэнуа, дай руку! Цяпер мiж намi, сам бачыш, усё сказана... Хочаш - будзем сябрамi, вернымi сябрамi, га?

I Бэнуа адказаў:

- Хачу, вядома, хачу!


Понравилась книга?

Написать отзыв

Скачать книгу в формате:

Поделиться: