Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 53 из 71

- Ведайце, што я - Бязмежны ў Часе, Несмяротны i Неразбуральны. Што б вы нi рабiлi, што б нi хацелi зрабiць, я буду iснаваць. Энергiя Сiняй Зоркi, якая пульсуе ўва мне, маё астральнае поле могуць скрыўляць Час, бо Час таксама матэрыяльны, могуць прыспешваць або замаруджваць яго. Гэту iстоту, гэту жанчыну з планеты Зямля вы ўжо нiяк не вернеце. Нiяк.

- Я ведаю, як вярнуць яе! - крыкнуў Клён Дубровiч, i вочы ягоныя заблiшчалi.

- Ты? - здзiвiўся Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. - Яе можна вярнуць толькi мёртвай, вярнуць толькi абалонку.

- Ты вернеш гэту жанчыну жывую, бо замест яе да цябе пайду я.

Наступiла раптоўная цiшыня. Было чутно, як недзе высока-высока пад воблакамi, а можа, i за воблакамi, крычыць страб, было чутно, як грукоча Клёнава сэрца.

"Што ты надумаў, сынок?! Што ты гаворыш?! - Як усплёск маланкi, як пажарная сiрэна, пранiзаў Клёнаву душу роспачны голас-крык мацi, голас Бярозкi Дубровiч - мазгаграма з далёкай Зямлi. - Апамятайся! Спынiся! Мы з бацькам не зможам жыць без цябе!"

Твар Клёна пабялеў, вусны пакутлiва скрывiлiся, ён пацёр далонямi скронi, цiха сказаў:

- Вы ж самi вучылi мяне... Я - зямлянiн. Я - мужчына. Я павiнен абаранiць жанчыну з планеты Зямля. Вы ж самi вучылi мяне.

ЧАЛАВЕК, СЫН ЧАЛАВЕКА

XIII

Усе тэлестанцыi i радыёстанцыi Зямлi, перарваўшы свае перадачы, лiтаральна прастрэлiлi эфiр трывожным сенсацыйным паведамленнем:

"Як толькi што стала вядома, на планеце Вар вернута жыццё пятнаццацiгадоваму падлетку з мегаполiса Менск Клёну Дубровiчу. Гэта той самы падлетак, якога называлi Гарантам Вечнага Мiру. Такiм чынам, закладзены краевугольны камень у падмурак добрасуседскiх мiрных адносiн Старой Цывiлiзацыi i зямлян. Але гадзiну назад Клён Дубровiч, ратуючы жыццё Веры Хрысцiнюк, добраахвотна стаў заложнiкам нейкай нявысветленай iстоты або сiстэмы з пакуль што невядомай нашым астраномам планеты Сiняя Зорка. Клён Дубровiч ахвяраваў сабой. Грамадзяне Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi Вера Хрысцiнюк i Радаслаў Буслейка, якiя на планеце Вар удзельнiчалi ў ажыўленнi Клёна, знаходзяцца ў бяспечным месцы, рыхтуюцца да вяртання на Зямлю. Больш дакладная iнфармацыя маецца ў рэпарцёра Iндаэўрапейскага тэлебачання Навума Масейкiна".

Праз некалькi iмгненняў на тэлевiзiйных экранах усёй планеты, арбiтальных касмiчных станцый, шахцёрскiх пасёлкаў Месяца i Марса з'явiўся Навум Масейкiн. Ён быў разгублены i не паспеў нават як след прычасаць сваю чарнявую кашлатую чупрыну.

- Спадар Масейкiн, - звярнулася да яго маладзенькая сiмпатычная дыктарка, вочкi ў якой аж гарэлi ад цiкаўнасцi, - якiм чынам вы атрымалi iнфармацыю з планеты Вар?

Масейкiн адкашляўся, прыгладзiў рукою валасы i раптам сказаў:

- Цi ёсць у вас тут хоць глыток мiнералкi? У горле перасохла.

Сiмпатычная дыктарка дужа здзiвiлася - ас тэлерэпартажу, стары тэлевiзiйны воўк, i раптам такi "пракол", такая неахайнасць у жывым эфiры. Але адразу ж забулькала мiнеральная вада. Масейкiн зрабiў некалькi прагных доўгiх глыткоў, выцер вусны беласнежнай насоўкай.

- Iдыёцкая смага, быццам толькi што пешшу адолеў пустыню Сахара, сказаў ён. - А iнфармацыю аб апошнiх падзеях на планеце Вар я атрымаў ад маёй сяброўкi Веры Хрысцiнюк.

- Той самай?





- Так, той самай, якая знаходзiцца ў лапах, а можа, у руках цi нават у нагах (разумееце?) страшыдлы па iменi Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. Гэта несумненна высокаарганiзаваная разумная iстота ў форме пяцiкутнай зоркi, валодае моцным энергетычным полем, мае на сваiм узбраеннi гiпноз i яшчэ сякiя-такiя штучкi.

- Штучкi? - зачаравана перапытала дыктарка. - Цi не можаце вы, спадар Масейкiн, болын папулярна, болып даходлiва растлумачыць нашым тэлегледачам тое, аб чым расказваеце?

- У гасцях у гэтай зорачкi, - усмiхнуўся Навум, - быў не я, а Вера. Я атрымаў ад Хрысцiнюк мазгаграму, з якой вынiкае, што Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, нейкiм чынам можа ствараць эфект фата - марганы, складанай, надзвычай рэдкай формы мiража.

- Як цiкава, - прашаптала дыктарка.

- Мы жывем у эпоху касмiчнага мыслення чалавецтва, у эпоху, калi стваральная энергiя пакрысе пачынае перамагаць разбуральную, - натхняючыся, зацугляў свайго любiмага конiка - красамоўства - Масейкiн. - Па маiм глыбокiм перакананнi, на планеце Вар наша зямная цывiлiзацыя ўшчыльную сутыкнулася з пакуль што невядомай нам магутнай цывiлiзацыяй. Я кажу не пра плазмоiдаў, не пра СЦ. Я маю на ўвазе так званага Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы. У мазгаграме Веры Хрысцiнюк мяне насцярожылi некалькi не зусiм зразумелых слоў.

- Якiя ж гэта словы? - кальнула яго, як птушачка дзюбай, цiкаўна-вострым позiркам дыктарка.

- Бiяробаты... Рабы... Прыгожыя рабынi...

- Што, на вашу думку, гэта можа азначаць?

- Я не з'яўляюся членам Сусветнай Федэрацыi Астролагаў iмя Настрадамуса, але таксама нашу галаву на плячах i, здаецца, (так, у прыватнасцi, лiчыць мой цесць) недурную, - сказаў Масейкiн. - Думаецца, што ў блiзкай цi далёкай будучынi мы, зямляне, павiнны чакаць экспедыцыю, i не адну, з планеты Сiняя Зорка. Добра, што мы не паддалiся атакам пацыфiстаў i захавалi войска, рэгулярнае войска.

- Няўжо памiж канфедэрацыямi можа ўспыхнуць вайна? - аж прыўзнялася са свайго цёмна-вiшнёвага крэсла дыктарка.

Навум Масейкiн зiрнуў на яе, як на першакласнiцу.

- Войска спатрэбiцца нам, каб адбiць напад з Космасу, - растлумачыў ён. - На жаль, спадарыня вядучая, ВЭП канчаткова ўсталявалася толькi ў нашым не дужа аб'ёмiстым рэгiёне Сусвету. Ёсць яшчэ, як напiсалi б раней, касмiчныя каланiзатары, якiя, пакуль мы з вамi тут сядзiм, пакуюць ужо недзе ў грузавыя ракетапланы люстэркi, завушнiцы, званочкi, бразготкi i iншую драбязу.

- Навошта? - не зразумела дыктарка.

- Ды дзеля таго, каб за ўвесь гэты блiскучы i траскучы друз адцяць у нас палову планеты, а то i ўсю яе матухну разам з намi ў дадатак. Яны ж лiчаць нас за папуасаў.

Дыктарка засмяялася.

- А вы, аказваецца, песiмiст.

- Любачка ты мая, - прыклаў рукi да грудзей, прыкiнуўся местачковым блазнам Масейкiн, - калi я быў пяцiгадовым шпiнгалетам, я быў такi вясёлы, радасны, усмешлiвы, што мая бабка Фаiна гаварыла маiм бацькам: "Ну й аптымiст ён у вас, хоць ты мухам яго скармi". Вось так. Мы, людзi, людзi-чалавекi, павiнны быць (я ў гэтым глыбока перакананы) разумнымi песiмiстамi. Свой пiк, сваю вяршыню мы ўжо ўзялi, i, хочам мы гэтага, цi не хочам, неабходна думаць аб тым, як без сiнякоў, без драпiн асцярожна спусцiцца ўнiз на альпiйскiя лугi жыццёвых рэалiй.