Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 51 из 71

- Што вы робiце?! - закрычаў Клён, i невядома было, да каго звернуты крык - да плазмоiдаў або да Жалезных Людзей.

Востраканцовыя зiхоткiя маланкi выскачылi з плазменнага шчыта, ударылi перад самымi нагамi ў робатаў, а потым - праз iмгненне - i па нагах. Пярэдняя шарэнга павалiлася, як трава пад узмахам наточанай касы. Рэзкi ляскотны гук ад такога падзення пакацiўся па тунелi. Зверху пасыпаўся абпалены пясок. Але робатаў, якiя ацалелi, гэта нiколькi не збянтэжыла. Яны вышэй узнялi ногi, пераступiлi сваiх пераможаных сабраццяў, пайшлi, не збаўляючы крок, наперад. "Цуг, цуг, цуг", - глуха неслася з цёмнага задымленага тунеля. Тады з плазменнага шчыта зноў вырвалiся два доўгiя вузкiя адросткi, зноў схапiлi пеўня, якi акамянела сядзеў на плячы ў робата, шпурнулi пад ногi Жалезным Людзям. Певень, як зразумеў Клён, зрабiўся разменнай манетай у жорсткай гульнi жыцця i смерцi. Певень не быў плазмоiдам, не быў робатам, i яго, як чужую незразумелую iпастась, можна было прыносiць у ахвяру. "Яны, плазмоiды, i мяне б схапiлi i кiнулi за шчыт, але Кук лягчэйшы, i таму кiнулi Кука", - з крыўдай i гневам падумаў юны зямлянiн. Ён адчуў вострую шкадобу да пеўня, да камяка жывой плоцi, якая павiнна пакутаваць у гэтым хаосе, у агнi i дыме. На Зямлi яго вучылi, што жыццё, i не толькi чалавечае, вышэй за ўсё. Ды тут дзейнiчаюць зусiм iншыя законы, iншыя каштоўнасцi i матывацыi. Клёну Дубровiчу ўспомнiлася славутая фраза славутага акадэмiка Вярнадскага: "Цi такi ўжо мэтазгодны наш свет?" Пад "нашым светам" мелася на ўвазе, вядома ж, Зямля, яе разумныя i гордыя насельнiкi. Ён заўсёды быў глыбока перакананы ў мэтазгоднасцi зямнога чалавечага свету, той наасферы, што стваралася iнтэлектам i рукамi людзей. Ён верыў, што чалавечая раса абавязкова заселiць Блiжнi i Дальнi Космас. Але тут, на Вары, упершыню прыйшло адчуванне абмежаванасцi творчага патэнцыялу зямной цывiлiзацыi. I плазмоiды, i Жалезныя Людзi, i той жа Аюс неслi столькi загадак, былi такiя непрадказальныя i шматварыянтныя, што юны зямлянiн канчаткова пераканаўся: "Чалавек, як яму нi было б крыўдна, не з'яўляецца мерай усiх рэчаў i вянцом Прыроды. Ён - толькi часцiнка Сусвету, адна з некалькiх дарог, i наогул, мяркуючы па ўсяму, Прырода не мае нейкай магiстральнай мэты, цэнтральнай звышзадачы. Прырода жыве, самаразвiваецца i ўсё".

Жалезныя Людзi ў рэшце рэшт растапталi Кука. I тады не адна, не дзве, а дзесяткi маланак ударылi з плазменнага шчыта i пачалося знiшчэнне робатаў. Клён бачыў, як адважна махаюць яны чорнымi прутамi, як робяцца вiшнёвымi ад лютай гарачынi, як напачатку тоненькiмi, а неўзабаве шырокiмi бурлiвымi ручаямi расцякаюцца iхнiя металiчныя грудзi i ногi. На вачах яны ператваралiся ў блiскучыя лужыны. Захапiўшыся разгромам Жалезных Людзей, чатыры кланы прапусцiлi момант, калi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды апынулiся ў iхнiм тыле, прарваўшыся праз адтулiны ў шчыце. Толькi аднойчы назiраў Клён нешта падобнае. Тры гады назад разам з бацькам ляцелi яны ў аэробусе ў Стакгольм i над Балтыйскiм морам трапiлi проста ў эпiцэнтр навальнiцы. За iлюмiнатарамi было мора агню, найярчэйшыя ўспышкi, гарматная стралянiна грому, вогненна-пякучая павуцiна маланак, што апляла ўсю нябесную сферу. I горы воблакаў. То снежна-белыя, то чырвоныя або карычневыя. У гэтым жахлiвым месiве вялiзны цяжкi аэробус шпурляла ўверх i ўнiз, як дзiцячы паветраны шарык. Зараз у тунелi Клён перажываў такое ж самае спусташэнне душы, калi чалавек перакананы, што праз адну-дзве хвiлiны скончыцца жыццё. Яго падхапiў гарачы вiхор, кiнуў на цвёрдую шурпатую сцяну. Ён, безумоўна, разбiўся б, але некалькi плазмоiдаў акружылi яго, i ў лiчаныя iмгненнi ён апынуўся ўнутры своеасаблiвай ахоўнай капсулы з празрыстымi сценкамi. Капсулу матляла ў бакi, i Клён упiраўся рукамi i нагамi, стараючыся ўтрымацца ў вертыкальным становiшчы. Наўкол грымела жорсткая бiтва. Яркiя вострыя прамянi разразалi змрок. Вось адзiн з такiх смертаносных прамянёў выпусцiла, выстралiла з сябе Клёнава капсула, i чырвоны плазмоiд, што iшоў, здавалася, на таран, аглушальна лопнуў, разляцеўся на кавалачкi.

Сiлы былi няроўныя. Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды адступiлi з тунеля ў кратэр. З робатаў не ацалеў нiводны.

Клён iмклiва ляцеў у капсуле, азiраўся па баках - хацеў убачыць Аюса з жывёламi. Але iх нiдзе не было. Усюды валялася пабiтае, папаленае жалеза. Плазмоiды чатырох кланаў густым роем кiравалiся туды, дзе вiднеўся ўваход у кратэр. Там ззяў круглячок святла.

У гэты час Пяцiног, сабраўшы вакол сябе рэшткi плазмоiдаў i робатаў з Залы Новых Нараджэнняў, загадаў прывесцi Радаслава Буслейку i Веру Хрысцiнюк. Зямляне прыйшлi, трымалiся незалежна i горда. Вера абапiралася аб Радаславава плячо.

- Я памылiўся, - сказаў Пяцiног. - Хоць Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, не можа памыляцца, але я гатовы прызнаць уласную памылку, адзiную за трыста шэсць апошнiх гадоў. Мне патрэбна было правесцi эксперымент не над мужчынам i жанчынай, а над падлеткам па iменi Клён. Яго, як мне вядома, называюць Гарантам Вечнага Шру.

Пры гэтых словах фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды захвалявалiся, абурана зашумелi:

- Дзе ён?!





- Адшукай i знiшчы яго, Ультрамозг, Уладар Таямнiцы!

- Ён вось-вось будзе тут, перад намi, - папераджальна выставiў уперад тры свае нагi Пяцiног. - Праз гранiт i застылую лаву я ўжо бачу, як iмчыцца ён сюды, знаходзячыся ўнутры нейкага сасуда. Ага - ён знаходзiцца ў капсуле, а гэту капсулу стварылi сваiмi целамi аранжавыя, жоўтыя, зялёныя i блакiтныя плазмоiды. Чамусьцi не бачу сярод iх сiнiх. Дзе сiнiя плазмоiды?

- Яны пачалi атаку з паўночнага боку вулкана, - адказалi яму.

- Дурнi, - засмяяўся Пяцiног. - Роўна праз сто чатыры гады прыляцiць мiжгалактычны ўльтралёт з Сiняй Зоркi. Я хацеў узяць iх з сабой.

- Вазьмi нас, - залемантавалi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.

- Сваiм колерам яны вельмi i вельмi тасавалiся б да пейзажаў Сiняй Зоркi, - быццам не пачуўшы iх, казаў далей Пяцiног. - Але яны (о неразумная дзiкая плазма!) пайшлi вайной на мяне, Ультра-мозга, Уладара Таямнiцы, быццам я не даваў iм iнтэлектыт i не вылучаў iхнi колер з усiх астатнiх колераў.

- Вазьмi нас, - зноў узвысiлi голас фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.

- Чаго або каго вы баiцёся? - нарэшце звярнуў на iх увагу Пяцiног. Бялковых смертных iстот? Дык вось дзве такiя iстоты стаяць перад вамi. Я ўзяў iх у палон i магу зрабiць з iмi ўсё, што толькi захачу. А можа, вы смерцi баiцёся? Дык у вас жа ёсць Рака Адноўленых Твараў. Праз нейкi час пасля свайго знiкнення вы зноў адновiцеся. I так - вечна. Чаго ж вы хочаце?