Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 42 из 71

- Фантастычна! Гэта, аказваецца, не проста дзiк з Вялiкага Балота. Гэта - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар. Фантастычна!

Сiнi плазмоiд таксама злётаў да дзiка i, вярнуўшыся, таксама ўвесь трымцеў ад сенсацыйнай навiны.

- Разумееце, кароль Аюс патрабуе (патрабуе!), каб з гэтага часу ён i ягоныя сабраццi (гэта значыць усе жывёлы планеты Вар!) мелi права ўдзельнiчаць у святкаваннi Дня Забiтага Брата, мелi права ажыўляць сваiх продкаў. Калi хто чуў пра такое?

Зямляне пра такое чулi ўпершыню. Ужо даўно на Зямлi дзякуючы пастаяннай актыўнасцi "зялёных", якiх падтрымлiвала большая частка грамадства, былi вельмi сурова абмежаваны правiлы палявання, на ўлiку былi кожнае зайчанё, кожная птушка. Чалавек, хоць i са спазненнем, пачаў рупна аберагаць некранутую дзiкую прыроду, ад якой засталiся маленькiя крошкi. Чалавек пры любой магчымасцi стараўся саступiць дарогу ваўку, вожыку, мурашцы. Праўда, не ўсе пагаджалiся з такiм становiшчам спраў, як i не ўсе былi вегетарыянцамi. Гром Стралковiч у тэлеiнтэрв'ю, якое нарабiла шмат шуму, рашуча заявiў: "Я - паляўнiчы, i я забiваю звера. Я, прабачце, ем мяса мной забiтага звера. Ну й што? Я аказваю зверу паслугу, бо ён робiцца часткай майго чалавечага цела, пачынае, так сказаць, працаваць на мой чалавечы мозг". Пасля гэтага iнтэрв'ю кiраўнiк "зялёных" Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi Хаiм Коган назваў Грома "садыстам нумар адзiн" i выклiкаў яго на дуэль, якая па нейкiх прычынах не адбылася.

- Трэба i нам зiрнуць на караля жывёл, нанесцi яму вiзiт ветлiвасцi, сказаў, быццам жартам, Радаслаў Буслейка, але ў голасе чулася разгубленасць.

- Калi тут, на планеце Вар, такiя разумныя жывёлы, то мне тым болыы трэба як мага хутчэй вяртацца на Зямлю, - пачухаў патылiцу Клён.

Вера Хрысцiнюк засмяялася, i яны пайшлi да Аюса Першага.

Незвычайны дзiк стаяў на металiчным беразе Ракi Адноўленых Твараў. Плазмоiды хмарамi кружылiся каля яго. У iхных паводзiнах, рухах не было агрэсiўнасцi або злосцi - адна цiкаўнасць.

Аюс адразу ўбачыў людзей, здзiвiўся, бо сустракаў зямлян, вядома ж, упершыню. Шэрыя вострыя вочы глядзелi насцярожана, але без кроплi страху. "Я - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, - сказалi вочы. - Хто вы?"

- Мы прыляцелi з планеты Зямля, - спынiўся насупраць дзiка Радаслаў Буслейка. - Твае продкi, кароль Аюс, таксама прыляцелi некалi на Вар з нашай планеты.

"Я ведаю Iша гэта", - з годнасцю адказалi вочы.

- Ён размаўляе не голасам, а вачамi, - здзiўлена шапнуў Веры Клён Дубровiч. - Ён усё-ўсё разумее, што яму гавораць, а размаўляе вачамi.

"Хто ў вас галоўны? - казаў мiж тым Аюс. - Ты, светлавалосы i высакарослы? Слухай. Мы не хочам, каб наша балота, наш луг i наш зялёны пясок залiвалi бетонам агiдныя Жалезныя Людзi. Пасля бетону не застаецца нi гнёздаў, нi нораў, нi лежбiшчаў. Нават нашых слядоў не застаецца. Скажы, светлавалосы i высакарослы, як нам жыць? Хiба на тваёй далёкай планеце не водзяцца болей звяры, птушкi i рыбы?"

- Водзяцца, - глухiм голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. Ён усё не мог прызвычаiцца да таго, што размаўляе, як з чалавекам, з дзiком.

"Мы не плазмоiды, - працягваў кароль жывёл планеты Вар. - У нашых жылах цячэ чырвоная кроў, падобная на вашу. Гэтая лясная кроў нiколi не скорыцца бетону. Дапамажы нам, светлавалосы i высакарослы. Дапамажы i ты, прыгожая жанчына. I ты, хутканогi i вастравокi юнак".

- Мы згодныя, але як? - разгублена ўсмiхнулася Вера Хрысцiнюк.

- Мы дапаможам! - усклiкнуў Клён.

"Трэба захапiць Нябесны Зуб i зрабiць усё, каб з яго нiколi не выходзiлi Жалезныя Людзi".





- Нябесным Зубам ты называеш патухлы вулкан? - спытаў Радаслаў Буслейка.

"Так".

Зялёнае неба ззяла над Ракой Адноўленых Твараў. Плазмоiды святкавалi, шумна i весела, Дзень Забiтага Брата. Усё новыя i новыя шары, да якiх вярнулася жыццё, узвiвалiся ўгору, упляталiся ў карагод, што вадзiлi iхнiя суродзiчы. З тулуравага лесу даносiлiся гартанныя галасы крангаў. Планета Вар iмклiва i бясшумна плыла ў чорнай касмiчнай безданi. Далёка-далёка адсюль, як дробненькае макавае зярнятка, блiшчала Зямля. Трое зямлян, стоячы на зялёным пяску чужой планеты, шэптам, каб не падслухала чыё-небудзь вуха, клялiся дапамагчы каралю жывёл Аюсу Першаму.

КАЛI ГРУКОЧУЦЬ ВУЛКАНЫ

X

На планеце Вар Радаславу, Веры i Клёну заставалася яшчэ прабыць трохi менш двух сутак. Калi памятаць, што суткi на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзiн, дык у iхнiм распараджэннi быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавiцца ад пастаяннай апекi плазмоiдаў. Плазмоiды (маюцца на ўвазе пяць мiрных кланаў) паказвалi сябе гасцiннымi, клапатлiвымi гаспадарамi. Толькi гасцiннасць гасцiннасцю, але калi проста ў цябе перад носам цэлы дзень, нi на хвiлiну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць i ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамi зялёны буйназярнiсты пясок.

- Мы хочам паспавядацца свайму Богу, - сказаў Радаслаў гiду, Талеркiю Сiняму 83. - На Вары няма нашых храмаў, i таму мы пойдзем, пойдзем толькi трое, бо пры споведзi нельга прысутнiчаць чужым вачам i вушам, на высокае чыстае месца, дзе i пагутарым са сваiм Богам. Там нас можа пачуць адзiн вецер, але ён вольны, нiкому не служыць, нiкому нiчога не расказвае.

- Што такое Бог? - спытаў плазмоiд.

- Гэта тое, чаму ты верыш, - адказала Вера Хрысцiнюк.

Плазмоiд памаўчаў, потым сказаў:

- Значыць, гэта - плазма, наша несмяротная плазма, наша прамацi ўсiх плазмоiдаў. Зямляне пераглянулiся.

- Мы пойдзем, - сказаў Радаслаў, - i вернемся, калi Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.

Плазмоiд быццам бы не пярэчыў - адпусцiў. Але крокаў праз трыста Вера, азiрнуўшыся, прамовiла шэптам:

- Здаецца, за намi ўвязаўся, як раней казалi, "хвост". Паглядзiце ўважлiвей вунь на той узгорачак, што зарос сiняй травой. Бачыце? Там нiбы сонечны зайчык бегае.

- Гэта плазмоiд, а дакладней, маленькi плазмоiдзiк, - упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка. - Ён або малалетак, або карлiк. Што ж зрабiць, каб ён адчапiўся ад нас?

- Давайце iсцi, як iшлi, - прапанаваў Клён. - I ўвесь час азiрацца. Плазмоiд зразумее, што мы яго заўважылi i...

- I што? - iранiчна спытаў Радаслаў.