Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 37 из 71

I тут зялёны плазмоiд, рэзка ўзвiўшыся ўгору, каменем упаў адтуль унiз, пляснуўся аб застылую паверхню Ракi Адноўленых Твараў, рассыпаўшыся на сотнi дробных рознакаляровых кавалачкаў-iскрынак. "Ахвяраваў сабой", - зразумеў Радаслаў.

Тое, што яны ўбачылi адразу ж пасля самагубства зялёнага шара, пераўзыходзiла ўсе самыя фантастычныя мроi на палотнах мастакоў-сюррэалiстаў. Рака зараўла, як параненая мядзведзiца. Мноства яркiх, самых розных колераў i адценняў пухiроў з'явiлася, ускочыла па ўсёй яе шырынi. Некаторыя з iх звонка, аглушальна лопалiся, але большасць адрывалася ад ракi, пакiдаючы на сваiм месцы варонкi, i ўзлятала ў паветра. Яны iмгненна групавалiся, ствараючы элiпсавiдныя колы, i рашуча кiравалiся насустрач фiялетавым i чырвоным плазмоiдам. Вось пярэднiя сутыкнулiся, загрымеў гром, блiснулi зiхоткiя маланкi, гарачы вецер нясцерпна пайшоў наўкол. Магутным парывам Радаслава скiнула з дыска, i ён паляцеў (Вера Хрысцiнюк ляцела разам з iм) над Ракой Адноўленых Твараў, у якой здранцвела стаяў Клён Дубровiч. Ён баяўся, каб iх не ўдарыла аб металiчны бераг, але iм пашанцавала, i яны ўпалi ў мяккi зялёны пясок i нейкi час ляжалi нерухома. Дзiкая бура свiстала, грукатала над iхнiмi галовамi, разломваючы неба. Асляпляльныя маланкi ўспыхвалi адна за адной i мелi форму крыжоў, востраканцовых зорак, вогненных мядуз.

- Што з Клёнам? - у роспачы закрычала Вера Хрысцiнюк.

- Ён у рацэ, - давячыся ветрам, адказаў Радаслаў. - Як нас несла сюды, ён стаяў у рацэ.

- Бедны хлопчык, - сумна прамовiла Вера. - Ды i мы з вамi, Радаслаў, няшчасныя бедныя людзiч Вы адчуваеце сваю нiкчэмнасць, поўную безабароннасць сярод гэтага незразумелага вар'яцкага хаосу?

- Я? - спытаў Буслейка. - Нi кропелькi не адчуваю. Мы - зямляне, Вера. I гэтым сказана ўсё. I я зараз жа iду шукаць Клёна. А вы заставайцеся тут, чакайце.

- Я таксама пайду.

- Не трэба. Там небяспечна. Я хутка вярнуся.

Радаслаў, нiзка прыгнуўшыся, закрываючы вочы рукамi, цяжка пакрочыў да Ракi Адноўленых Твараў. Ён адчуваў, як гарачым ветрам яму абсмальвае шчокi. Грымела з усiх бакоў, зверху. Здавалася, яшчэ iмгненне i яго наскрозь пранiзае смертаносны востры рог маланкi. Зямлю пад нагамi ("Як завецца тут тое, па чым я iду? - падумаў ён. - Вар? Варыт?") залiвала зялёным, вельмi яркiм святлом.

- Клён? - крыкнуў Радаслаў. - Клён, дзе ты?!

Раптоўна, як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкi, усё сцiхла, адразу ж праяснiлася неба, Рака Адноўленых Твараў нерухома ляжала перад Буслейкам, толькi "вады" ў ёй было трохi менш, бо металiчны блiскучы бераг цягнуўся да самага небасхiлу шырэйшаю паласой. Клён стаяў на тым жа месцы, дзе яго заспела нечаканая бiтва-вiхура плазмоiдаў. Проста ў яго над галавой, як шчыт, што прыкрывае ад удараў, вiсела група плазмоiдаў, каля васьмi дзесяцi шароў.

- Радаслаў Алесевiч! - радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку. - Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў - нiколi не сустрэнемся. Так грымела, так грымела.

Ён палахлiва зiрнуў на чыстае зялёнае неба, на якiм не было нi хмурынкi, толькi дзе-нiдзе лёталi вялiзныя крангi, моцна сцiскаючы ў кiпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкi.

- Што гэта за птушкi? - спытаў Клён.

- Не ведаю, бо ўсяго другi дзень гасцюю на гэтай планеце, - весела адказаў Радаслаў. - Падобны на нашых зямных грыфаў - такiя ж голыя шыi.

Буслейка быў вельмi задаволены, што Клён жывыздаровы. Гэты падлетак паспеў ужо запасцi яму ў сэрца сваiм трагiчным лёсам, сваёй напорыстай весялосцю, дый проста тым, што быў, як i ён, як i Вера, зямлянiнам. За некалькi дзесяткаў парсекаў ад Зямлi такое адчуваецца надзвычай востра. Сусвет напоўнены мноствам жывых iстот, але Чалавек, куды нi пракладзi курс касмiчных караблёў, адзiн, непаўторны, i ўдалечынi ад роднай блакiтнай планеты яго сустракаеш, як Брата. Вядома ж, куды лепш напаткаць у касмiчным вандраваннi не васьмiлапага звышразумнага павука, не генiяльнага суперiнтэлектуальнага яшчара з касцiстым грабянцом на шурпатай спiне, а двухногага i двухвокага нашчадка Адама, якi мае адну галаву i адно чалавечае сэрца.





Да Ракi Адноўленых Твараў ужо бегла Вера Хрысцiнюк. Шчасцем свяцiлiся вочы. Некалькi хвiлiн назад яна думала, што i Радаслаў i Клён загiнулi, што яе таксама чакае непазбежная смерць на гэтай жахлiвай планеце, дзе люта б'юцца памiж сабой не людзi, не страшыдлы, а нейкiя шары.

- Радаслаў! - закрычала яна. - Клёнiк! Даражэнькiя вы мае!

Клён спахмурнеў, убачыўшы Веру. Успомнiлася, як некалi на Чорным Хутары яна пажадлiва, з бляскам у вачах глядзела на ягонага бацьку. Зараз чамусьцi яму кiнулася ў вочы, што ў яе дужа белыя, як снежныя, зубы, i гэта было непрыемна. Каб неяк вылузнуцца з прыкрага становiшча (усё ж Вера - зямлянка, а тут, на планеце Вар, iм, зямлянам, трэба трымацца дружна, разам), ён сказаў:

- Стаяў, калацiўся ў гэтай рацэ i нават твар не замачыў. Эх, i нырну ж я зараз!

Раптам пачуўся рэзкi ўладны голас:

- Не купайся ў Рацэ Адноўленых Твараў! Памятай, жыхар не нашай планеты, - тое, у чым ты стаяў i стаiш, не Н2О. Калi ты не хочаш, каб твой мозг звар'яцеў i захацеў неадкладна аддзялiцца ад твайго цела, асцярожна выходзь на бераг. Цябе там чакаюць твае сябры. Ты паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля. Ты - Гарант Вечнага Шру.

- Ты - Гарант Вечнага Шру! - зладжаным хорам усклiкнулi ўсе плазмоiды, што вiселi над Клёнам.

- Якi яшчэ гарант? - незадаволена сказаў Клён, але адразу ж пачаў выбiрацца на бераг, стараючыся iсцi нешырокiмi крокамi i па прамой лiнii.

- Прывiтанне, землячок! - сцiснуў яго, як малодшага брата, у абдымках Радаслаў Буслейка.

- Добры дзень, Клёнiк, - цмокнула Клёна ў шчаку Вера Хрысцiнюк.

Ад прылiву ўдзячнасцi, нават любовi да гэтых малазнаёмых людзей (Радаслава да планеты Вар ён наогул не ведаў) Клён ледзь не заплакаў. Але стрымаўся, як i належыць мужчыне. Спытаў:

- I калi мы паляцiм назад на Зямлю? Плазмоiды ж абяцалi, што паспiм, адпачнем i адразу паляцiм. Значыць, адпраўляемся заўтра?

- Не спяшайся, жыхар не нашай планеты, - цвёрда, амаль сурова прагучала ў iх над галовамi. Яны ўбачылi вялiзны зялёны шар, якi паважна выплываў з купы iншых, значна меншых.

- Не трэба спяшацца, - лагаднеючы, казаў шар. - Ты правiльна пачуў словы: "...паспiш, адпачнеш i паляцiш на планету Зямля". Усё гэта так. Але на нашым Вары ноч доўжыцца каля сарака васьмi зямных гадзiн. А наконт адпачынку... Што такое адпачынак? Можна адпачыць з паўгадзiны пасля палёту, або, як у вас, пасля пешаходнай прагулкi. Добра папрацаваўшы зiмою (на нашай планеце таксама выпадае снег), можна адпачываць усё лета. А лета на планеце Вар умяшчаецца ў трыста песень свяшчэннай птушкi кранг. Кранг жа, да вашага ведама, зямляне, на адну сваю песню адводзiць адну ноч, i такiм чынам...