Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 33 из 71

Потым жанчына амаль усю ночь сядзела каля вогнiшча. Гай бачыў засяроджаны, чырвоны ад блiкаў полымя твар. А ранiцой яна, як i ўсе "зялёныя", пайшла ў балоты.

I ён адчуў глухую трывогу. За Клёна, за жонку, за гэту незнаёмую жанчыну. Ён хадзiў па апусцелым Тоўстым Лесе, слухаў шум дрэў, глядзеў на раку, на сiвавата-шэрыя воблакi. Трывога не адпускала. Яна ўсё глыбей кiпцюрыла душу, халоднымi далонямi пачала павольна сцiскаць сэрца. Ператомленыя нервы, здаецца, брынчэлi, як туга нацягнутыя струны. I Гай, не вытрымаўшы, добра не разумеючы, што робiць, пабег у балоты, урэзаўся ў сцяну чаратоў. Магчыма, яму хацелася быць блiжэй да Грома Стралковiча, заўсёды моцнага i ўпэўненага. А магчыма, недзе ў падсвядомасцi ажыў, заварушыўся, як асколак у целе, расказ аб Зялёнай Постацi. Але ж Гром учора сказаў як адрэзаў: "Лухта ўсё гэта! Няма там нiякай трасцы. Акрамя, вядома, качак, уюноў, чаратовых катоў i воўкасабакаў".

Гай хутка iшоў, амаль бег па цёплай чорна-карычневай жыжцы, потым выбiўся на сушэйшую мясцiну, дзе тырчалi аброслыя апенькамi крывыя бярозавыя пнi. Пацягнула свежым ветрам, i неўзабаве залопаў дождж. Фантанчыкi ад кропель скакалi пад нагамi ў блiскучых лужынах. Раптам справа ад сябе ён пачуў глухое бомканне. Звон! Гай iрвануўся на гук, як на святло ў апраметнасцi чорнай ночы. Ён зразумеў - яму патрэбна, яму неабходна адшукаць у гэтым гнiлым трысняговым акiяне Зялёную Постаць i прыпасцi да яе сваiм гарачым iлбом. Яна будзе халодная, гаючая, яна суцешыць i ўзмацуе. Як калiсьцi (гэта так далёка, за лесам Часу) ласкава суцяшала мацi.

Вакол яго былi бурыя i жоўтыя трыснягi, зрэдзь стаялi дрэвы, пад нагамi плёхалася вада, угiналася, як гума, вiльготная зямля, над iм вiсела хмарнае дажджыстае неба. I ён адчуў сябе Чалавекам Ранейшых Стагоддзяў. Падалося, што за спiной надзейна сядзiць лук, а правую руку халодзiць каменны нож. Ён прагна, глыбока хапаў ротам i ноздрамi сцюдзёнае ад дажджу паветра. Сiла перакочвалася ў цвёрдых мускулах, вочы пазiралi востра i аб'ёмна, заўважаючы кожную травiнку на дарозе, кожную вадзяную кроплю на травiнцы. "Дзе ты, Зялёная Постаць?!" - крычала, пакутуючы, душа.

I тут з-за чаратоў даляцелi ўсхваляваныя людскiя галасы, а потым рэзкiя адрывiстыя стрэлы. Адразу ж усё гэта перакрыў люты брэх з доўгiм пранiзлiвым надрывам. "Воўкасабакi", - здагадаўся Гай Дубровiч, хоць нi разу не чуў iхняга голасу. Ён выбег, выпнуўся па iнерцыi на паляну, прагалiну мiж чаратоў i ўбачыў, як вялiзныя руда-шэрыя звяры, з пысамi, перапэцканымi чырвонай яркай крывёй, iрвуць, шкуматаюць людзей. Гэта было забойства, грубае ненажэрнае з'яданне. Некаторыя воўкасабакi мелi па дзве галавы, i было мярзотна бачыць, як дзве iклатыя шырокiя пашчы шалёна адкусваюць кавалкi чалавечага цела, глытаюць iх. Лысагаловы кiраўнiк "зялёных" махаў сваiм сцяжком, адбiваючыся або заклiкаючы на дапамогу, але яму на грудзi скокнуў сапраўдны страшыдла, збiў, як былiнку, з ног, адразу перарваў горла.

- Божа! - крыкнула жанчына, тая, што ўчора каля вогнiшча расказвала пра Зялёную Постаць. Яна ўпала ў ваду, у твань, i воўкасабака насеў ёй на плечы.

- Бо... - зноў закрычала, не скончыла яна, захлынуўшыся ўласнай крывёю.

Ляснуў стрэл, другi, трэцi... Толькi цяпер заўважыў Гай Грома Стралковiча. Паляўнiчы, сурова прыкусiўшы губу, страляў з карабiна. Воўкасабакi, ап'янеўшы ад чалавечай крывi, усёй гайнёю рынулiся на яго, i здавалася, вось-вось разнясуць на дробныя кавалачкi. Але ў самы апошнi момант Гром высока ўзняў правую руку, левай рукою, у якой трымаў карабiн, нацiснуў на кнопку чырвонага бранзалета на запясцi правай рукi. I адразу пырскнуў сноп яркага траскучага святла. Паляўнiчы аказаўся ўнутры сiлавога ахоўнага поля, якое мела форму конуса. Пярэднi ж воўкасабака атрымаў магутнейшы ўдар i з апаленай пысаю быў адкiнуты ўбок метраў на пяць. Тое самае чакала i астатнiх. Воўкасабакi аж екаталi ад болю i гневу.

- А вы што тут робiце?! Хто дазволiў?! - пабялеў ад злосцi Гром, нечакана ўбачыўшы Дубровiча. - Заўтра ж выпiшу к чортавай мацеры з лагера! Ану, бягом да мяне!





Гай хацеў пакрыўдзiцца, хацеў прадэманстраваць грознаму паляўнiчаму абражаны гонар, але ў гэты час раз'ятраныя воўкасабакi павярнулi ашчэраныя пашчы да яго, i асабдiва дзiкi, людаедскi позiрк быў у двухгаловага. Гай, як хлапчук, iрвануўся да Стралковiча i вельмi правiльна зрабiў, бо затрымайся на секунду-другую, i не мiнаваць бы яму драпежных зубоў. За гэта iмгненне Стралковiч паспеў выключыць ахоўнае поле, упусцiўшы пад конус Дубровiча, i адразу ж уключыць. I зноў мутанты, тыцнуўшыся з наскоку пысамi, паляцелi, напалоханыя i пасаромленыя, ва ўсе бакi.

- Вы самы сапраўдны хулiган! Вы анархiст! - крычаў мiж тым на Гая Гром Стралковiч. - Хiба я дазваляў вам лезцi ў балоты? Бачыце, што сталася з "зялёнымi"?

Яны павольна iшлi пад ахоўным конусам, i Стралковiч, распаляючыся, усё больш гняўлiвымi словамi чахвосцiў Гая. "А Навум Масейкiн i ўсё Iндаэўрапейскае тэлебачанне хочуць вось гэтага крыкуна i грубiяна аб'явiць Чалавекам з брыльянтавым... цьфу ты! З бронзавым сэрцам", - раптам падумаў Гай.

- Не смейце крычаць на мяне, - цiха, але цвёрда сказаў ён Стралковiчу.

- Што? - аж спынiўся паляўнiчы.

- Не смейце, - зноў пачаў Гай, але ў гэты самы час твар ягоны прасвятлеў i засяродзiўся, вочы заплюшчылiся самi сабой. Ён схапiўся рукамi за лоб. "Мазгаграма", - здагадаўся Гром Стралковiч. "Бацька, - загучаў у самай патаемнай глыбiнi Гаевай iстоты ўсхваляваны голас Клёна, сына. Бацька, я жывы! Чуеш?! Я - жывы! Я на планеце Вар... Да спаткання..."

VIII

Галоўнай славутасцю планеты Вар было Вялiкае Балота, вядома, на думку статка дзiкоў, на чале з моцным i грозным Вiнгам. Дзiкi мелi доўгае, брудна-шэрае, пад колер балотнай травы, шчацiнне, вострыя лычы, iклы i капыты. Як помнiлi дзiкi, iхнiм домам заўсёды было балота, iхнiя прапрадзеды i прадзеды нарадзiлiся i жылi таксама тут. Якiя салодкiя карэньчыкi былi ў цвёрдай балотнай травы! А як добра было, высунуўшы наверх толькi лычы, ляжаць у цёплай зеленаватай вадзе, калi яе прыпякала ласкавае сонейка! Яны любiлi сваё балота. Так ужо здаўна павялося. Тыгр любiць джунглi, белы мядзвезь - iльды i снягi. А дзiк? Ну зразумела ж, дзiк павiнен любiць балота. Тым больш калi на ўсёй планеце няма нi джунгляў, нi снягоў, а ёсць толькi адно бясконцае балота.