Страница 2 из 71
Трыццацiпяцiгадовы Гай Дубровiч, сухарлявы шатэн з шэрымi вачамi, быў супрацоўнiкам Славянскай секцыi Iндаэўрапейскага аддзелу Сусветнага iнстытута гiсторыi планеты Зямля. Дарэчы, пяцьдзесят гадоў таму назад успыхнула вельмi вострая спрэчка памiж "акiянiстамi" i "зямлянамi". "Акiянiсты" (iх падтрымалi Саюз ахвяр мора, Лiга iмя капiтана Нема, Асацыяцыя аквалангiстаў i вадалазаў) запатрабавалi, каб планета называлася Акiянам, а не Зямлёю, бо аж 71 працэнт яе пакрыты вадой. Справа скончылася Вялiкiм Рэферэндумам. З нязначнай перавагай перамаглi "зямляне". Iхнi лiдэр Джон Сiлмэн сказаў: "Калi вада даходзiць да барады, усе пачынаюць плаваць, але толькi зямная цвердзь навечна захоўвае чалавечыя сляды, вада ж не пакiдае на сабе слядоў. Дык уславiм Зямлю!"
Дубровiч заўсёды быў сярод "зямлян", бо перакананы, што нi мора, няхай самае прыгожае i багатае, нi Далёкi Космас, наскрозь прастрэлены трасамi зоркалётаў, не заменяць чалавеку Зямлю. Ёсць на дне Балтыкi падводны горад Светавiд, названы ў гонар вярхоўнага бога паморскiх славян. Дык вось жыхары ягоныя кожную нядзелю разам з дзецьмi выходзяць на паверхню i, укленчыўшы, цалуюць траву i ўзбярэжны пясок. I выносяць з-пад вады ўрны з попелам-прахам сваiх памерлых дзядоў.
Як прафесiйны гiсторык Гай Дубровiч з прагнасцю чытаў кнiгi сваiх калег, напiсаныя яшчэ да Вялiкай Эры Плюралiзму. Усе яны - i манархiсты, i рэспублiканцы, i лiбералы верылi, што чалавецтва знаходзiцца толькi на самым пачатку вялiкай, можа, нават бясконцай дарогi, што шчасце - наперадзе, як ранiшняя зорка на ружовым небасхiле. Асаблiва верылi ў гэта камунiсты, без анiякiх сумненняў, самаахвярна, з фанатызмам. Яны не азiралiся назад, усё не было часу, а не павярнуўшы галавы, не ўбачыш, бо ў чалавека няма вачэй на патылiцы. Так i беглi праз дзесяцiгоддзi, не тое што назад, пад ногi не паспявалi глянуць, не маглi ўразумець, па чым бягуць - па кветках? па касцях? Формула iснавання была такая: "Рух - усё, мэта - нiшто". Ды горкае расчараванне чакала ўсiх гэтых бегуноў. Тыцнулiся носам i губамi ў сцяну, крывёй залiлiся.
Вялiкая Эра Плюралiзму ўлiчыла памылкi папярэднiкаў. Нездарма на франтоне Дома Народаў, якi пабудаваны ў цэнтры Планеты на афрыканскiм экватары, велiзарнымi лiтарамi напiсана: "Заўтра пачынаецца ўчора". Людзi быццам ачомалiся ад эйфарычнага сну. I з яркай выразнасцю ўсе раптам убачылi (прычым убачылi менавiта ўсе, а не толькi навукоўцы), што старадаўнiм народам гiсторыя здавалася не прагрэсам, а рэгрэсам. Чатыры вякi ўпамiналiся ў мiфах тых народаў: залаты, срэбны, медны, жалезны. Дык вось залаты век быў не наперадзе, а ззаду. Быццам перавярнулася егiпецкая сiвая пiрамiда i цяжкой падэшвай уторкнулася ў неба.
Чытаючы старыя манускрыпты, не са здзiўленнем, а з цiхiм шкадаваннем адзначаў Гай Дубровiч усемагутную веру сваiх далёкiх папярэднiкаў у несакрушальную бязмежную сiлу тэхнiкi i навукi. Людзi калiсьцi марылi аб птушыных крылах i змайстравалi самалёт, а потым ракету i зоркалёт. Людзi навучылiся глядзець праз метал i камень, пасялiлiся на акiянскiм дне, перамаглi рак, пачалi ажыўляць мёртвых (праўда, толькi дзяцей), нарабiлi камп'ютэраў, акружылi сябе полчышчамi паслухмяных звышпрацавiтых робатаў, накiравалi космадэсантнiкаў на Марс i Венеру. Але ўсяго гэтага iм было мала. Людзям здавалася, што яшчэ адзiн крок, адно кароткае, як узмах веек, iмгненне - i рухнуць сцены апошнiх, такiх зманлiвых таямнiц, рассыплюцца на каменьчыкi гранiтныя горныя хрыбты, знiкнуць iнерцыя, вага, можна будзе лёгка i крылата пайсцi па вадзе, па самым лютым агнi; можна растапырыць пальцы рукi, з усяго маху ўдарыць iмi ў камень - i пальцы не зломяцца, а ўвойдуць у яго, нiбы ў масла. I вернiкi, i закаранелыя атэiсты адчулi сябе (спачатку толькi ўва сне i ў наркатычных мроях) калi не багамi, дык двайнiкамi багоў, i ўжо не адзiн прымерваўся, шукаў пункт апоры, каб перавярнуць Зямлю. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмiчнай варты прыляцеў, упаў з хмарыстага неба i разбiў, нiбы курынае яйка, ядзерны рэактар на поўднi Афрыкi, напалохаў усiх, дакладней кажучы, амаль усiх. Адразу 26 красавiка кожнага года (незагойны дзень Чарнобыльскага выбуху) было аб'яўлена Днём Вогнiшча i Лучыны. Па ўсёй планеце, у гарадах i вёсках, на вулiцах i ў кватэрах, замест электрычнасцi запалалi лучына i вогнiшчы. Чалавецтва, як бы спатыкнуўшыся, прыпынiлася.
Лозунгу "Назад - у пячоры!", вядома, не было, але Партыя Новых Лудзiтаў каменнымi сякерамi на дробныя кавалачкi разбiла каля Дома Народаў звышдакладны станок-робат. Адбылося некалькi жорсткiх сутычак з робатамi, прычым з абодвух бакоў выкарыстоўвалiся агнямёты. Затым у Германii ўспыхнула Першае паўстанне робатаў. Яго кiраўнiк робат Х-29342 назваў сябе Спартаком i загадаў усiх iнжынераў i тэхнiкаў, што апынулiся ў руках паўстанцаў, распяць на металiчных крыжах. Ледзьве ўдалося пранiкнуць у лагер мяцежнiкаў i абясточыць усiх. Тады ж Вялiкi Рэферэндум прыняў амаль адзiнагалосную пастанову, якую дасцiпныя журналiсты ахрысцiлi Сiнiм Тормазам. Гэты Сiнi (ад колеру дыму лучын i вогнiшчаў) Тормаз уводзiў на ўсёй планеце Трохгодкi Навуковых Адкрыццяў. Згодна пастановы, грамадскi час дзялiўся на трохгодкi, на працягу якiх навуковыя iнстытуты, вучоныя, даследчыкi, рацыяналiзатары (былi i такiя), вядома ж, працавалi, але не мелi права абнародаваць свае адкрыццi, абавязаны былi трымаць iх пад сакрэтам. Толькi ў апошнiм снежнi трохгодкi iм дазвалялася праз часопiсы i газеты, праз радыё i тэлебачанне азнаёмiць насельнiцтва планеты з трыма самымi значнымi, на iх погляд, адкрыццямi. "Мазгавiкоў" (так у прастамоўi называлi вучоных) гэта вельмi крыўдзiла i прыгнечвала. На пачатку першай трохгодкi семнаццаць вучоных (сярод якiх было пяць жанчын) у знак пратэсту пакончылi жыццё самагубствам. З вялiкiмi ўрачыстасцямi iх пахавала ўся планета, але трохгодак не адмянiлi. Сiнi Тормаз падтрымалi 83 працэнты дарослых зямлян: усе фермеры i бiёлагi, амаль усе паэты i шахцёры, болыыасць аўтамабiлiстаў, верталётчыкаў, хiмiкаў... Толькi Саюз космадэсантнiкаў, Лiга барацьбы супраць мутантаў i Аб'яднанне беласкурых прастытутак не згадзiлiся з вынiкамi Вялiкага Рэферэндуму ды вымушаны былi падпарадкавацца Ўсепланетнай Дысцыплiне.
На дзвярах хатняй бiблiятэкi, у якой у глыбокiм одуме i разгубленасцi гартаў "Усеагульную Гiсторыю Чалавецтва" Гай Дубровiч, раптам успыхнуў ярка-жоўты кружок - нехта прасiў дазволу ўвайсцi.