Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 82



"Значыцца, старасць ужо на плячах сядзiць, - падумалася яму. - Вось i дажылi - стары i старая!" I хаця здароўем бог яго не пакрыўдзiў, моцны быў яшчэ, але лiк гадам набягаў немалы - шэсцьдзесят, ды яшчэ з гадком, шэсцьдзесят адзiн было ўжо. "Глядзiш, гады праз два i на пенсiю могуць папрасiць", - сказаў Едыгей сам сабе без пасмiхання. Але ён ведаў, што не так скора пойдзе на пенсiю i не так проста знайсцi чалавека ў гэтых мясцiнах на ягонае месца пуцявога i рамонтнага рабочага, стрэлачнiкам ён бываў час ад часу, калi хто-небудзь захварэе цi пойдзе ў адпачынак. Хiба што хто паквапiцца на дадатковую аплату за аддаленасць i бязводнасць. Але наўрад. Iдзi пашукай такiх сярод цяперашняй моладзi.

Каб жыць на саразекскiх раз'ездах, трэба дух мець, а iнакш прападзеш. Стэп вялiзарны, а чалавек малы. Стэп абыякавы, яму ўсё роўна, добра цi блага табе, прымай яго такiм, якi ён ёсць, а чалавеку не ўсё роўна, што i як на свеце, пакутуе ён, душой хварэе, здаецца яму, што недзе ў другiм месцы, сярод другiх людзей яму б пашанцавала больш, а тут ён паводле поклiчу лёсу... I таму ападае ён духам адзiн на адзiн з няўмольным стэпам, нiшчымнее духам, разраджаецца, як той акумулятар з трохколавага матацыкла Шаймердзена. Гаспадар усё беражэ яго, сам не ездзiць i другiм не дае. Вось i стаiць машына без справы, а як трэба не заводзiцца, ачахла заводская сiла. Так i чалавек на саразекскiх раз'ездах: не ўкаранiцца ў стэпе, не прыжывецца - цяжка яму будзе. Каторыя, гледзячы з вагонаў няўзнак, за галаву хапаюцца - божа, як тут людзi могуць жыць?! Наўкол толькi стэп i вярблюды. А вось так i жывуць, у каго на колькi трывання хопiць. Тры гады, чатыры найбольш - i справе тамам*: разлiчваюцца i едуць куды далей.

* Тамам - канец.

На Баранлы-Буранным толькi двое ўкаранiлiся на ўсё жыццё - Казангап i ён, Буранны Едыгей. А колькi перабыло тут iншых, калi на тое! Пра сябе што меркаваць, жыў не здаваўся, а Казангап адпрацаваў тут сорак чатыры гады не таму, што дурнейшы за iншых быў. На дзесятак другiх не прамяняў бы Едыгей аднаго Казангапа... Няма цяпер яго.

Цягнiкi размiнулiся, адзiн пайшоў на ўсход, другi на захад. I адразу ўсё шырэйшым стала - зоры ў цёмным небе засвяцiлiся зырчэй, выразней, i вецер парстчэй загуляў па адхонах, па шпалах, па гравiйным насцiле памiж рэйкамi, што во нешта слаба пазвоньваюць, шчоўкаюць нешта.

Едыгей не iшоў у будку. Задумаўся, прыхiнуўся да слупа. Далёка наперадзе, за чыгункай, ледзь вiдны былi невыразныя сiлуэты вярблюдаў на пашы. Яны стаялi пад месяцам, застыўшы ў нерухомасцi, чакаючы ранку. I памiж iмi ўгледзеў Едыгей свайго двухгорбага, з буйной галавой нара - самага моцнага, бадай, у саразеках i быстраходнага, па мянушцы, як i гаспадар, Бураннага Каранара. Едыгей ганарыўся iм, рэдкай моцы працаўнiком, хоць i не лёгка спраўляцца з iм, таму што Каранар застаўся атанам - у маладосцi Едыгей не звалхаў яго, а потым ужо не стаў чапаць.

Разам з iншымi клопатамi на заўтра прыгадаў Едыгей, што трэба з ранiцы як раней прыгнаць Каранара дамоў, паставiць пад седлавiшча. Прыдасца для паездак на пахаваннi. I яму лез у галаву розны клопат...



А на раз'ездзе людзi пакуль яшчэ спакойна спалi. Лiчачы невялiкiя станцыйныя службы, дамкi пад аднолькавымi двухскатнымi шыфернымi стрэшкамi, iх было шэсць зборна-шчытавых пабудоў, пастаўленых чыгуначным ведамствам, ды яшчэ дом Едыгея, пабудаваны iм самiм, i мазанка нябожчыка Казангапа, ды розныя надворныя глiнабiткi, прыбудоўкi, загародкi для жывёлы i iншых патрэб, у цэнтры ветравая i яна ж электранасосная i пры выпадках ручная вадакачка, што паявiлася тут у апошнiя гады, - вось i ўвесь пасёлачак Баранлы-Буранны.

Пры вялiкай чыгунцы, пры вялiкiм Сары-Азекскiм стэпе - маленькае звяно ў лiку iншых раз'ездаў, станцый, вузлоў, гарадоў... Усё адкрытае ўсiм вятрам на свеце, асаблiва зiмовым, калi круцяць саразекскiя завеi, завальваючы дамы па вокны гурбамi, а чыгунку гарбякамi сухiх да бубацення сумётаў... Таму i зваўся гэты стэпавы раз'езд Баранлы-Буранны, i надпiс вiсiць дваiсты: баранлы па-казахску, буранны - па-расейску...

Успомнiлася Едыгею, як да таго, калi паявiлiся на перагонах снегаачышчальнiкi - i тыя, што б'юць тугiм струменем, i тыя, што зграбаюць яго, i ўсялякiя iншыя, - давялося iм з Казангапам пазмагацца з заносамi на пуцях, можна сказаць, не на жыццё, а на смерць. А нiбыта зусiм нядаўна гэта было. У пяцьдзесят першым, пяцьдзесят другiм гадах - лютыя зiмы стаялi. Хiба толькi на фронце даводзiлася так, калi жыццё клалася на адну нядоўгую патрэбу - на адну атаку, на адну гранату пад танк... Так i тут здаралася. Няхай нiхто цябе не забiваў. Але затое сам жыцця не шкадаваў. Колькi заносаў перакiдалi ўручную, вывалаклi валакушамi i нават мяшкамi павыносiлi, гэта на сёмым кiламетры, там дарога iдзе нiзам скрозь прарэзаны бугор, i кожны раз здавалася, што гэта апошняя сутычка з завiрушнай кругаверцю i што дзеля гэтага можна не задумваючыся аддаць самое жыццё, абы не чуць, як равуць у стэпе паравозы - iм дарогу давай!

Але снягi тыя расталi, цягнiкi тыя прамчалi, тыя гады прайшлi... Нiкому i справы няма цяпер да гэтага. Было - не было. Цяперашнiя пуцейцы прыбываюць сюды наездамi, шумлiвыя, бесклапотныя - кантрольна-рамонтныя брыгады, дык яны не тое што не вераць, не разумеюць, уцямiць не могуць, як гэта магло быць: саразекскiя заносы, а на перагоне некалькi чалавек з лапатамi. Дзiва! А каторыя i проста смяюцца: а навошта гэта трэба было, такiя пакуты браць на сябе, навошта было знясiльваць сябе - з якой нагоды? Нам бы такое - нiзавошта! Ды пайшлi вы, самi ведаеце куды, а мы ўзнялiся б - i на другое месца, ну хоць на будоўлю рушылi б цi яшчэ куды, дзе ўсё як мае быць. Колькi адрабiлi - за столькi плацi. А калi аўрал - збiрай народ, ганi звыштэрмiновыя... "На дурноце вашай выязджалi, стармоны, - дурнямi i памрэце!"

Калi страчалiся такiя "пераацэншчыкi", Казангап не звяртаў на iх увагi, быццам гэта яго не тычылася, усмiхаўся, быццам ён ведаў пра сябе нешта большае, iм не даступнае, а Едыгей - той не вытрымлiваў, узрываўся, бывала, спрачаўся, кроў сабе псаваў.

А здаралiся ж у iх з Казангапам размовы i пра тое, з чаго смяялiся цяпер гэтыя прыезджыя, i пра шмат што iншае яшчэ i раней, з сорак пятага года, i асаблiва пасля таго, як выйшаў Казангап на пенсiю, ды неяк няўдала: паехаў у горад да сына жыць i вярнуўся месяцы праз тры. Шмат пра што тады перагаварылi, як i што яно на свеце. Мудры быў чалавек Казангап. Ёсць пра што ўспомнiць... I раптам зразумеў Едыгей надзвычай выразна, з нейкай нечакана вострай горыччу, што цяпер давядзецца хiба што ўспамiнаць...