Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 20 из 82



- У мяне тэрмiновая справа! Эшалон адыходзiць, тэрмiновая справа! - I прабiўся.

У накураным да шызай iмглы пакоi, сярод тэлефонаў, папер i людзей, што цiснулiся да стала, ахрыплы чалавек узняў знерваваны твар ад стала, калi Казангап працiснуўся да яго.

- Ты чаго, якое пытанне?

- Я не згодны.

- З чым не згодны?

- Бацька мой быў апраўданы з тым, што трапiў пад перагiб. Ён не кулак! Праверце ў мяне ўсе паперы! Ён апраўданы як серадняк!

- Чакай, чакай! Чаго табе трэба?

- Калi мяне не бярэце з гэтай прычыны, дык гэта няправiльна.

- Слухай, не баламуць. Кулак, серадняк - каму цяпер справа да гэтага? Ты адкуль звалiўся? Ты хто такi?

- Асанбаеў з раз'езда Баранлы-Буранны.

Начальнiк пачаў зазiраць у спiсы.

- Так бы i сказаў. Тлумiш тут галаву. Серадняк, бядняк, кулак! На табе броня. Памылкова выклiкалi. Ёсць загад самога таварыша Сталiна - чыгуначнiкаў не чапаць, усе застаюцца на месцах. Давай не перашкаджай тут, ганi на свой раз'езд i справай займайся...

Надвячорак заспеў iх недзе ў дарозе, непадалёк ад Баранлы-Бураннага. Цяпер яны зноў наблiжалiся да чыгуначнай лiнii, i ўжо чуваць былi паравозныя гудкi, i можна было разгледзець вагонныя саставы. Здалёк у саразеках яны выглядалi несамавiтымi, як цацкi. Сонца паволi згасала за iмi, высвечваючы i адначасна як бы прыцяняючы чыстыя лагi i ўзгоркi наўкол, i разам з тым нячутна нараджаўся на зямлi прыцемак, глухнучы ад сiнiзны i пахаў вясновай зямлi, што дыхала яшчэ зiмовай халадэчай i вiльгаццю.

- Вось наш Баранлы! - паказаў рукой Казангап, павярнуўшыся да Едыгея на вярблюдзе i да Укубалы, што была побач. - Цяпер мала засталося, скора дабярэмся, памагай бог. Адпачнеце.

Наперадзе, там, дзе чыгунка ледзь прыкметна выгiналася, на пустэльнай роўнядзi стаяла колькi дамкоў, а на запасным пуцi чакаў адкрыцця семафора чарговы састаў. I далей i наўкол чыстае поле, адхонныя ўзгоркi - нямая, нямераная пространь, стэп ды стэп...



Сэрца ў Едыгея затрымцела - сам прыморскi стэпавiк, звыклы да аральскай галiзны, ён не чакаў такога. Ад сiняга, ад вечна зменлiвага мора, на беразе якога вырас, да пустэльнага бязмор'я! Як жа тут жыць?!

Укубала, iдучы побач, паклала руку на Едыгееву нагу i прайшла так колькi крокаў, не забiраючы рукi. Ён зразумеў. "Нiчога, - казала яна, - галоўнае, каб здароўе тваё вярнулася. А там пажывем - пабачым..."

Так наблiжалiся яны да мясцiны, дзе належала iм, як выявiлася потым, пражыць доўгiя гады - усё астатняе жыццё.

Неўзабаве сонца згасла, i ўжо ў цемначы, калi выразна на саразекскiм небе пазначылiся шматлiкiя зоры, яны дабралiся да Баранлы-Бураннага.

Некалькi дзён жылi ў Казангапа. А потым аддзялiлiся. Далi iм пакой у тадышнiм бараку для пуцейскiх рабочых, i так пачалося iх жыццё на новым месцы.

Пры ўсiх нягодах i цяжкасцях, асаблiва напачатку, несумненным набыткам былi ўсё ж паветра i малако. Паветра было невыказнай чысцiнi, другi такi некрануты, першародны, можна сказаць, свет знайсцi было цяжка.

- Мы тут з жонкай параiлiся, - сказаў Казангап, - нам свайго малака хапае, а вы бярыце сабе на падой нашу Белагаловую. Яна вярблюдзiца маладая, але малако добрае ў яе. Даглядайце i карысць майце, толькi глядзiце, каб сысуна не замарыць. Ён ваш, мы з жонкай так парашылi. Зберажэш - статак ад яго завяжацца. Надумаеш раптам ад'язджаць - прадасi, грошы будуць.

Сысунок у Белагаловай - чарнявенькi, з малюсенькiмi цёмненькiмi гарбочкамi - нарадзiўся ўсяго два тыднi таму. I такi наўздзiў вiрласценькi - вялiкiя, пуклявыя вiльготныя вочы яго свяцiлiся дзiцячай нейкай ласкай i цiкаўнасцю. Iншым разам ён пачынаў смешна бегаць, падскокваць, гарэзiць каля маткi i клiкаць яе, калi заставаўся ў загончыку, амаль чалавечым жаласным галаском. Хто мог бы падумаць - гэта i быў будучы Буранны Каранар. Той самы нястомны i магутны, якi стане з часам славутасцю гэтых мясцiн. З iм будуць звязаны шмат якiя падзеi ў жыццi Бураннага Едыгея. А тады сысунку патрэбны быў хiба догляд. Моцна прыкiпеў душой да яго Едыгей. Аддаваў яму ўвесь вольны час. На зiму маленькi Каранар выйшаў падрослым, яму пашылi цёплую папонку, што зашпiлялася на падбрушку. У гэтай папонцы ён быў i зусiм смешным - толькi галава, шыя, ногi ды два гарбылькi вытырквалiся. У той апранасе ён хадзiў усю зiму i пачатак вясны - цэлыя суткi ў стэпе пад адкрытым небам.

Перад зiмой таго года Едыгей адчуў, як паступова вярталася да яго сiла. Нават не заўважыў, калi галава перастала кружыцца. Неўпрыкмет прапаў надакучны гул у вушах, перастаў аблiвацца потам пры рабоце. А ўзiмку ў час вялiкiх заносаў на дарозе ён ужо мог нароўнi з усiмi выходзiць на аўрал. А потым гэтак пачулася яму добра, забыўся нават, як мучыўся яшчэ нядаўна, як ногi ледзь перастаўляў. Спраўдзiлiся словы таго з рыжай барадой доктара.

У хвiлiну лагоды Едыгей, здаралася, жартаваў з верблюдзяняцi, абдымаў за шыю, лашчыў яго:

- Мы з табой як тыя малочныя браты. Ты вунь падрос на малацэ ад Белагаловай, а я ад кантузii пазбавiўся, здаецца. Дай бог, каб назаўсёды. Рознiца толькi тая, што ты ссаў вымя, а я даiў ды шубат рабiў...

Праз многа год, калi Буранны Каранар здабыў такую славу ў саразеках, што прыязджалi нейкiя людзi фатаграфаваць яго, а гэта было, калi вайна ўжо забылася, дзецi вучылiся, калi на раз'ездзе паявiлася вадакачка i праблема вады такiм чынам канчаткова была вырашана, а Едыгей ужо дом паставiў пад бляшаным дахам, - словам, калi жыццё пасля столькiх нягод i выпрабаванняў увайшло нарэшце ў сваё нармальнае для чалавечай жыткi рэчышча, тады адбылася адна размова, якую Едыгей доўга памятаў потым.

Прыезд фотакарэспандэнтаў, так яны самi назвалiся, вядома, быў не абы-чым. Рухавыя, гаваркiя фотакоры, iх было трое, не паскупiлiся на абяцанкi прадрукуем, маўляў, ва ўсiх газетах пра Каранара i ягоных гаспадароў. Шум i мiтуснiна вакол Каранара не надта падабалiся - ён раздражнёна ўскрыкваў, скрыгаў зубатай пашчай i недаступна задзiраў галаву, каб ад яго адступiлiся. Прыезджым даводзiлася ўвесь час прасiць Едыгея, каб ён утаймоўваў вярблюда, паварочваў яго то так, то гэтак. А Едыгей, у сваю чаргу, кожны раз клiкаў дзяцей, жанчын i самога Казангапа, каб, значыцца, не адзiн ён, а ўсе разам былi знятыя, меркаваў, што так будзе лепш. Фотакоры ахвотна згаджалiся з гэтым, шчоўкалi сабе сваiмi машынкамi. Самы каронны нумар быў, калi на Бураннага Каранара насела ўся дзятва, двое на шыю, а яшчэ чалавек пяць на спiну, а пасярэдзiне сам Едыгей, - вось, маўляў, якi магутны гэты цуд-вярблюд! Столькi было воклiчаў i весялосцi! А потым прыезджыя прызналiся, што для iх важна зазняць атана самога, без людзей. Ну што ж, калi ласка!