Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 82



А Едыгей, тады яшчэ не Буранны Едыгей, а проста выпадкова стрэчны мясцоваму пуцейцу казах, паранены франтавiк з неўладкаваным жыццём, даверыўшыся Казангапу, пакiраваў з жонкай у пошуках работы i прыстанку на невядомы раз'езд Баранлы-Буранны, не думаючы, што застанецца там на ўсё жыццё.

Вялiзная, бязмежная пространь нядоўга зялёных пасля вясны саразекаў аглушыла Едыгея. Наўкол Аральскага мора таксама багата стэпаў i раўнiн, чаго вартае адно Вусць-Урцкае плато, але такую пустэльнасць даводзiлася бачыць упершыню. I як потым зразумеў Едыгей, толькi той мог астацца на адзiноце з нематою саразекаў, хто ў стане быў суаднесцi велiч пустынi з уласным духам. Так, вялiзныя яны, саразекi, але жывая думка чалавечая аблятае i iх. Мудры быў Елiзараў, умеў растлумачыць тое, што няўцямна выспявала ў няпэўных здагадках.

Хто ведае, як адчулi б сябе Едыгей i Укубала, паглыбляючыся ў саразекi, каб не Казангап, што ўпэўнена крочыў наперадзе, вёў на повадзе вярблюда. Едыгей жа ехаў верхам сярод рознага ладунку. Вядома, Укубала павiнна была ехаць верхам, а не ён. Але Казангап i асаблiва сама Укубала настаялi, амаль прымусiлi Едыгея ўзлезцi на вярблюда: "Мы здаровыя людзi, а табе трэба сiлы берагчы". Вярблюд быў малады, яшчэ нямоглы для такiх нагрузак, таму двое iшлi побач, а трэцi ехаў верхам. Гэта на цяперашнiм Едыгеевым Каранары спакойна ўладкавалiся б трое i спакойна, гадзiны за тры, чатыры прытрухалi б да месца. А яны дабiралiся тады дзень, бо трапiлi ў Баранлы-Буранны толькi ноччу.

Але дарога ў размовах ды разглядваннi незнаёмых мясцiн здалася не такой i доўгай. Казангап расказваў пра тутэйшую жытку, расказваў пра тое, як трапiў сюды, на чыгунку. Гадоў было яму не так багата, дазналiся, трыццаць шосты пайшоў тады, перад самым канцом вайны. Паходзiў ён з прыаральскiх казахаў. Ягоны аул Бешагач аддзялялi ад Жангельдзi трыццаць кiламетраў па ўзбярэжжы. I хоць даўно ўжо Казангап паехаў адтуль, ён нi разу не наведаў свой Бешагач. Былi на тое прычыны. Бацьку ягонага, выяўляецца, выслалi, раскулачыўшы, i неўзабаве ён памёр недзе па дарозе, вяртаючыся са ссылкi, калi высветлiлася, што нiякi ён не кулак, што трапiў ён пад перагiб i што памылкова, дарэмна так жорстка абышлiся з такiмi сераднякамi-гаспадарамi, як ён. Далi адбой, але позна было ўжо. Сям'я - браты, сёстры - раскiдалiся тым часам хто куды, толькi б ад сваiх мясцiн далей. I з той пары пра iх не чуваць нiчога. Казангапа, тады маладога хлопца, асаблiва порсткiя актывiсты ўсё падбухторвалi выступiць на сходзе з асуджэннем бацькi, каб ён сказаў на людзях, што горача падтрымлiвае лiнiю, што бацька ягоны быў правiльна асуджаны як варожы элемент, што ён адракаецца ад такога бацькi, што такiм, як ягоны бацька, класавым ворагам няма месца на зямлi i паўсюль iх павiнна чакаць немiнучая пагiбель.

Давялося Казангапу падацца ў няблiзкi свет, каб уратавацца той ганьбы. Цэлых шэсць год працаваў ён у Бетпак-Дале - у Галодным стэпе пад Самаркандам. Зямлю тую, адвеку не чапаную, пачыналi тады асвойваць пад бавоўну. Людзi былi патрэбныя да зарэзу. Жылi ў бараках, капалi канавы. Грабаром быў, трактарыстам быў, брыгадзiрам быў, грамату ганаровую атрымаў Казангап за ўдарную працу. Там i ажанiўся. У Галодны стэп ехалi тады людзi на заробкi з усiх бакоў. З-пад Хiвы прыехала каракалпачка Букей разам з сям'ёй брата на бетпак-далiнскiя работы. А выйшла так, што суджана было iм сустрэцца. Ажанiлiся ў Бетпак-Дале i рашылi вярнуцца на радзiму Казангапа, на Аральскае мора, да сваiх людзей, на сваю зямлю. Але толькi не прадумалi ўсё да канца. Ехалi доўга, з перасадкамi, а калi яшчэ адну перасадку пачалi рабiць, на Кумбеле, сустрэў Казангап выпадкова сваiх аральскiх землякоў i зразумеў з размоў, што не варта яму вяртацца ў Бешагач. Справамi i цяперашнiмi там займалiся ўсё тыя ж перагiбшчыкi. А калi так, не стаў Казангап вяртацца ў свае мясцiны. Не таму, што нечага баяўся, цяпер у яго была грамата самога Ўзбекiстана. Не хацелася бачыць людзей, што гатовыя былi зганьбiць яго. Як пасля ўсяго спакойна вiтацца, рабiць выгляд, што нiчога не адбылося!

Казангап не любiў пра гэта ўспамiнаць i не разумеў, што, акрамя яго, пра тое даўно ўжо забылiся. За доўгiя-доўгiя гады, што мiнулi пасля прыезду ў саразекi, толькi разы са два даў ён адчуць, што для яго няма забытага. Аднойчы сын зрабiў яму прыкра, другiм разам сам Едыгей няўклюдна пажартаваў.

Падчас аднаго з прыездаў Сабiтжана сядзелi яны ўсе за чаем, гаворкi вялi, навiны гарадскiя абгаворвалi. Расказваў, мiж iншым, Сабiтжан, пасмейваючыся, што тыя казахi ды кiргiзы, якiя ў гады калектывiзацыi аселi ў Сiньцзяне, цяпер зноў вяртаюцца. Там iх Кiтай так прыцiснуў у камунах - есцi забаранiлi людзям дома, толькi з агульнага катла тры разы на дзень - вялiкiя i малыя ў чарзе з мiсамi. Кiтайцы iм такое паказалi, што бягуць яны адтуль, як пяты апёкшы, пакiдаўшы ўсю маёмасць. У ножкi кланяюцца, укленчваюць - толькi пусцiце назад.



- Што тут добрага? - пазмрачнеў Казангап, i вусны ягоныя затрымцелi ад гневу. З iм такое здаралася не часта, калi не сказаць, - бадай, нiколi, бо з сынам гэтак не гаварыў ён, наўпроцi, заўсёды ледзь не хукаў на яго, вучыў, нi ў чым не адмаўляў, верачы, што той выйдзе ў не абы-якiя людзi. - Навошта ты смяешся з гэтага? - дадаў ён глуха, усё больш чырванеючы. - Гэта ж бяда людская.

- А як жа мне гаварыць? Во дзiва! - запярэчыў Сабiтжан. - Як ёсць, так i гавару.

Бацька нiчога не адказаў, адставiў ад сябе пiялу з чаем. Ягонае маўчанне рабiлася невыносным.

- I наогул, на каго крыўдаваць? - здзiўлена пацiскаючы плячыма, загаварыў Сабiтжан. - Не разумею. Яшчэ раз кажу - на каго крыўдаваць? На сам час - яго не спынiць. На ўладу - не маеш права.

- Ведаеш, Сабiтжан, мая справа, яна пад сiлу мне. У iншыя справы я не лезу. Але запомнi, сын, я думаў, што ты сваiм розумам ужо дайшоў, дык вось запомнi. Толькi на бога не можа быць крыўды - калi смерць пашле, значыцца, жыццю канец надышоў, на тое i нарадзiўся, - а за ўсё астатняе на зямлi можна спытаць! - Казангап падняўся з месца i, не гледзячы нi на каго, раззлаваны, выйшаў з дому, пайшоў некуды...

А другiм разам, шмат год пасля таго, калi абжылiся, атайбавалiся ў Баранлы-Буранным, калi нарадзiлiся i выраслi дзецi, заганяючы пад вечар жывёлу ў загон, а было тое вясной, Едыгей пажартаваў, гледзячы на ладнаваты ўжо авечы статак: