Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 82



Колькi часу таму мы пачалi ўлоўлiваць сярод незлiчонага мноства радыёiмпульсаў, што iшлi ад касмiчнага акружэння i ў значнай ступенi ад самой зямной iонасферы, насычанай бясконцымi шумавымi i iншымi перашкодамi, адзiн мэтанакiраваны сiгнал у вузкачастотнай паласе, якi, будучы самым вузкiм, а таму i лёгка апазнавальным, заяўляў пра сябе рэгулярна, заўсёды ў адзiн i той жа час i заўсёды з аднолькавымi iнтэрваламi. Спачатку мы не звярталi на яго асаблiвай увагi. Ён працягваў настойлiва нагадваць аб сабе, сiстэматычна зыходзячы са строга пэўнага пункта Сусвету, строга арыентуючыся, мяркуючы па ўсiм, на нашу арбiтальную станцыю. Цяпер мы пэўна ведаем: гэтыя штучна накiраваныя радыёхвалi паступалi ў эфiр i раней, задоўга да нашай вахты, трэцяй па лiку, бо "Парытэт" знаходзiцца на арбiце "Трамплiн" у дальнiм космасе вось ужо амаль два гады. Цяжка растлумачыць, чаму, мусiць, зусiм выпадкова, мы першыя зацiкавiлiся падачай гэтага сiгналу з Сусвету. Як бы там нi было, мы сталi назiраць, адзначаць, вывучаць прыроду гэтай з'явы i паступова, усё больш пераконваючыся пра штучнае яе паходжанне.

Не так хутка звыклiся мы с гэтай думкай, сумненнi не пакiдалi нас праз увесь гэты час. Як маглi мы сцвярджаць iснаванне пазаземнай цывiлiзацыi, апiраючыся хiба на адзiн факт штучнага, як мы думалi, радыёсiгналу, што зыходзiў з невядомых глыбiнь сусветнай далечы? Нас стрымлiвала тая акалiчнасць, што ўсе папярэднiя навуковыя спробы, што неаднаразова распачыналiся з самай мiнiмальнай задачай - выяўлення хоць якiх прыкмет жыцця, у самай простай форме, хаця б на сумежных планетах, - як вядома, вынiкаў не далi. Пошукi пазаземнага розуму лiчылiся малаверагоднымi, а пазней i зусiм нерэальнымi, утапiчнымi заняткамi, бо з кожным новым крокам у даследаваннi касмiчнай прасторы гэтых шанцаў нават i ў тэарэтычным плане рабiлася ўсё менш, калi не сказаць, што яны звялiся практычна да нуля. Мы не адважвалiся заявiць пра свае здагадкi. Мы не збiралiся аспрэчваць паўсюдна ўсталяваную думку пра ўнiкальнасць, беспрэцэдэнтнасць, адзiнкавасць як бiялагiчнага феномена жывога жыцця толькi на планеце Зямля. Дзялiцца сваiмi сумненнямi на гэты конт мы не лiчылi сябе абавязанымi, таму што ў праграму нашых рабочых абавязкаў па арбiтальнай станцыi такога роду назiраннi не ўваходзiлi.

Але калi яшчэ адзiн выпадак з'явiўся апошнiм доказам iснавання ў Сусвеце разумнага жыцця акрамя зямнога, для нас было ўжо запозна. Мы перажылi скачок свядомасцi, пераварот, перабудову ў сваiх уяўленнях аб светапарадку i ўбачылi раптам, што сталi мыслiць зусiм iншымi катэгорыямi, чым да таго. Якасна новае асэнсаванне структуры светапабудовы, адкрыццё новай абжытай пространi, iснаванне яшчэ аднаго асяродка разумовай энергii падвялi нас да высновы, што да пэўнага часу нам трэба ўстрымацца апавяшчаць зямлян пра наша адкрыццё, зыходзячы з новых паняццяў клопату пра Зямлю. Мы прыйшлi да гэтага рашэння дзеля дабра самога сучаснага грамадства.

Цяпер пра сутнасць справы. Як гэта адбылося.

Дзеля цiкавасцi мы рашылi аднойчы паслаць мэтанакiраваны радыёсiгнал у адказ у тым жа спектры частаты, накiраваўшы яго ў тую кропку Сусвету, адкуль пастаянна зыходзiлi загадкавыя радыёiмпульсы. Адбыўся цуд! Наш сiгнал быў неадкладна прыняты! Ён быў злоўлены i зразуметы! У адказ на нашай прыёмнай паласе пачаў працаваць яшчэ адзiн дубль побач з ранейшым, а затым яшчэ адзiн гэта было прывiтальнае трыа, тры сiнхронных радыёсiгналы з Сусвету некалькi гадзiн запар, як урачысты марш, неслi з сабой радасную вестку пра разумных iстот па-за нашай Галактыкай, якiя мелi найвышэйшую здольнасць кантакту з да сябе падобнымi iстотамi на звышдальнiх адлегласцях. То была рэвалюцыя ў нашых уяўленнях пра касмiчную бiялогiю, у нашых ведах пра iснасць часу, прасторы, адлегласцей... Няўжо мы цяпер не адны на свеце, не адзiнкавыя ў сваiм быццi ў амаль недаступнай разуменню пустэльнай бясконцасцi свету, няўжо чалавечы вопыт на Зямлi не адзiнае прыстанiшча духу ў Сусвеце?



Каб праверыць рэальнасць адкрыцця пазаземнай цывiлiзацыi, мы паслалi накiраваны радыёсiгнал формулай масы зямнога шара, таго, дзе першапачаткова ўзнiкла i доўжыцца наша жыццё. У адказ мы атрымалi расшыфроўку - у сваю чаргу, прыкладна такую ж формулу масы iх планеты. З гэтага мы зрабiлi выснову, што тая абжытая планета дастаткова вялiкiх памераў, з суразмернай зямной сiле прыцягненнем.

Так мы абмянялiся першымi ведамi фiзiчных законаў, так мы ўпершыню ўступiлi ў кантакт з пазаземнымi носьбiтамi розуму. Iншапланецяне сталiся актыўнымi партнёрамi пры паглыбленнi i пашырэннi нашых сувязяў. Iх клопатам нашы кантакты рабiлiся ўсё больш змястоўнымi. Неўзабаве мы ўведалi, што ў iх ёсць лятальныя апараты, скорасць руху якiх роўная хуткасцi святла. Усё гэта, як i iншае, мы ўведалi дзякуючы таму, што змаглi абменьвацца думкамi спачатку з дапамогай матэматычных i хiмiчных формул, а потым яны далi нам зразумець, што ўмеюць i размаўляць. Выявiлася, што шмат год, з той пары, як зямляне, пераадолеўшы зямное прыцягненне, выйшлi ў космас i пачалi ў iм стала жыць, яны вывучаюць нашыя мовы з дапамогай магутнай аўтаастранамiчнай апаратуры, якая глыбока праслухоўвае Галактыку. Улоўлiваючы сiстэматычную радыёсувязь памiж космасам i Зямлёй, яны змаглi пры дапамозе супастаўленняў i аналiзу расшыфраваць для сябе значэнне нашых слоў i фраз. У гэтым мы пераканалiся самi, калi яны паспрабавалi паразумецца з намi на ангельскай i расейскай мовах. Для нас гэта было яшчэ адным неверагодным, ашаламляльным адкрыццём...

А цяпер пра самае галоўнае. Мы адважылiся наведаць гэтую планету пазаземнай цывiлiзацыi. Лясныя Грудзi - так прыкладна расшыфравалi мы самi сабе назву iх планеты. Леснагрудцы запрасiлi нас да сябе, гэта iх iдэя. I мы, стала памеркаваўшы, згадзiлiся. Яны растлумачылi нам, што iх лятальны апарат, якi мае хуткасць святла, дасягне нашай арбiтальнай станцыi за дваццаць шэсць дваццаць восем гадзiн. За такi час леснагрудцы павiнны даставiць нас i назад, як толькi мы таго пажадаем. На наша запытанне пра стыкоўку яны растлумачылi нам, што гэта не праблема, бо iхнi лятальны апарат прыладзiцца да нашага люку выхаду ў космас, праз якi мы маглi б перебрацца да iх з арбiтальнай станцыi. Такiм жа чынам можна вярнуцца назад, вядома, калi падарожжа да тых Лясных Грудзей паспяхова завяршыцца...