Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 93

Што б мы ні гаварылі пра суадносіны лірычнага героя і асобы мастака, мусім прызнаць: каштоўнасць твора ў чалавечай каштоўнасці творцы. Гэтыя багацці душы раскрываюцца не заўсёды і не ўсім. Чытач, яго здольнасць разумець, яго патрэба ведаць, яго мэта жыць і тварыць, яго ідэал — вось другая сутнасная сіла ў творчым працэсе.

Асэнсоўваючы творчую працу, Максім Танк настойліва падкрэслівае яе сувязь з вытворчаю працай. Зразумела, аналогія і падабенства выступаюць не ў сутнасці працы і творчасці, а ў грамадскай функцыі. Мастацкая творчасць — гэта вытворчасць каштоўнасцей, патрэбных грамадству. На азначэннях сутнасці паэзіі і яе грамадскае ролі ў Максіма Танка прыкметны злабадзённыя павевы часу. Пад уплывам спрэчкі «фізікаў» з «лірыкамі» ён горача выступае супраць кожнага, хто супрацьпастаўляе працу хлебароба працы паэта. Паэзія — хлеб надзённы, глыток вады, кроў у жылах, паэзія — само жыццё. Стварэнне паэзіі — гэта будаўніцтва палацаў для душы сучаснікаў, жылля для нашых эстэтычных пачуццяў, адным словам — будаванне жыцця для індывідуальнай і нацыянальнай народнай душы. Паэтычная праца мае свае цяжкасці, свае пакуты і свае небяспекі. Цяжар таленту і працы паэта ў тым, што ён мусіць быць пры ўсялякіх абставінах праўдзівым, шчырым, адкрытым. Паэта не ахоўвае панцыр жыццёвай мудрасці, практычнасці, кампрамісаў, покуль ён паэт. Нават слава не заўжды ратуе яго ад помсты, зайздрасці тых, каго кранула яго праўдзівае слова. Максім Танк параўноўвае прафесію паэта з канатаходцам, які балансуе над проданню чалавечага сэрца. Сітуацыя двойчы небяспечная, бо ніхто нс бачыць гэтай небяспекі. Паэту-канатаходцу апладзіруюць там, дзе трэба заміраць ад страху за яго жыццё.

Значэнне сваёй творчасці Максім Танк ацэньвае сціпла — гэта адзін глыток вады, якім можна прагнаць смагу ў гарачы дзень. Паэзія патрэбная рэч, але сёння яшчэ не ўсе ўсведамляюць жыццёвую важнасць яе. Паэт гатоў пагадзіцца з гэтым. Ён не хоча ўгаворваць, а тым больш прымушаць любіць чытаць паэзію. Сціпласць паэта гордая. Адно толькі гарантуе ён — даць чытачу глыток чыстай вады. Наконт чысціні ён не прыме папрокаў. Вышэй за ўсё даражыць мастак праўдзівасцю сваёй песні, жывою душою, укладзенаю ў напевы. Таму і абурае яго, і раздражняе, і смешыць тупая самаўпэўненасць літаратурных мяшчан, гатовых падказваць паэту рашэнні цяжкіх тэм, падказваць дарогі, выбрукаваныя глыжамі банальных, але бясспрэчных ісцін. Паэту вальней дыхаць сярод простых людзей, якія не маюць да яго асаблівых прэтэнзій, лічаць яго проста знаёмым чалавекам, а не якімсьці фокуснікам-паэтам.

Паэтычная праграма Максіма Танка — гэта не сістэма нейкіх правіл, суджэнняў, паняццяў, гэта сістэма шуканняў. А дзе шуканне, там і супярэчлівасці, там і спрэчкі з праціўнікамі, з аднадумцамі, з самім сабою. Параўнайце вершы «Вясновая ода» і «Паядынак». На першы погляд яны пярэчаць адзін другому, даюць розныя адказы на пытанне, служыць ці не служыць паэзіі практычным патрэбам жыцця:

Напэўна, эстэты ды розныя снобы

Не згодзяцца з гэтаю одай маёй:

Глядзіце — паставіў Пегаса ў аглоблі,

Вазіць памагае калгаснікам гной (III, 180).

У «Паядынку» сатырычны персанаж, кан'юнктурны паэт Дон Пэдра, стаіць як быццам на той жа пазіцыі, што аўтар у «Вясновай одзе», і за гэта атрымлівае выклік на дуэль. Хіба за некалькі гадоў, што аддзяляюць гэтыя вершы, паэт змяніў погляды на пастаўленую праблему? Не. Паэт ніколі не быў супраць служэння паэзіі чалавеку і грамадству. Розніца паміж ім і Донам Пэдрам у нюансах, таму і спрэчка вырашаецца па-рыцарску. Паэзія павінна служыць чалавеку і грамадству, служачы праўдзе і красе. Іншыя формы служэння ператвараюць паэзію проста ў бяздумную служанку. Там, дзе пачынаецца чышчэнне батфортаў, няма паэзіі. Яснасць уносіць паэт у вершы «Абвяржэнне», заяўляючы: «Мне чалавечае ўсё было блізка». Так, чалавечае, а не кан'юнктурнае, прыслужніцкае. Дон Пэдра не ўлоўлівае гэтых «нюансаў».

Спецыялісты кажуць, быццам паэзія Танка развіваецца ў кірунку класічнай завершанасці формаў. Сам паэт як быццам пацвярджае гэтае меркаванне, заяўляючы:

Перш непакоіўся:

Як сваю думку ўпрыгожыць.

I, як дзікун той,

Стараўся абвешаць яе

Цацкамі... (III, 277)

Не будзем упадаць у наіўнасць і грэх літаральнасці. Не ўсякую думку прыхарошваў паэт на пачатку творчага шляху. У ранніх вершах гіпербалізаваліся хутчэй пачуцці, чым думкі. Паэт стаяў тады на барыкадзе, душа яго перапаўнялася рамантычнымі парываннямі. Успрыманне свету героем было гарачым, напружаным, але не такім складаным, як сёння. Хоць паэт і заяўляе, што імкнецца «вершу даць строгую форму ракеты», але на справе ён ідзе да ўсё большай і большай мнагастайнасці форм. Зрэшты, гэта азначае максімальнае вызваленне жанравай прыроды лірыкі як славеснага жывапісу пачуццяў. Сказанае можна лёгка пацвердзіць, калі прабегчы вокам змест пасляваенных зборнікаў: чым бліжэй да сённяшняга дня, тым радзей паэт дае загалоўкі вершам, а гэта бясспрэчнае сведчанне росту лірычнай экспрэсіі ў мастацкім самавыяўленні. У найноўшай паэзіі Танка мы сустракаем творы, вельмі розныя па манеры, ступені закончанасці, тэматычнай важнасці. Побач з вершамі, якія нагадваюць народную песню з яе стылізаванымі вобразамі дзяўчыны і хлопца, з паўторамі дэкарацыйных кампанентаў у сюжэце, з рытма-меладычнай каларытнасцю, стаяць зусім іншыя творы — пазбаўленыя меладычнасці, нерыфмаваныя, шурпатыя, моўленыя радкі, у якіх агеньчык паэзіі схаваны пад цвёрдаю шкарлупінаю думкі. Вершы гэтыя нагадваюць сілагізмы або афарызмы, а закранаюць яны такія вострыя грані жыцця, такія трывожныя роздумы сучасніка, што ім не патрэбна строгая форма ракеты, іх змест робіць уражанне выбуху бомбы. Дынамічная рухомасць, уздыбленасць выслоўя, экспрэсія радка і ёсць тут дасканаласцю формы, якая ўтварылася цераз адштурхоўванне ад традыцыйна паэтычнага выказвання:

Званілі:

На караблі касмічным

Ёсць месца для мяне...

Ужо хацеў бы ехаць на ракетадром,

Але на хроніку газетную зірнуўшы —

... I ўбачыўшы шмат спраў,

Неўладкаваных на Зямлі,

Я з жалем зноў да гэтых спраў

Вярнуцца мусіў.

Бо хоць я не прысутнічаў

Пры нараджэнні свету,

Але я не хацеў бы сведкам быць

Яго апошніх дзён (ХБС, 133).

Відавочна, было б з эстэтычнага пункту немэтазгодна спарадкоўваць менавіта гэтыя выслоўі ў рыфмаваныя радкі. Паэт спадзяецца на лёгкасць і дынамізм самой думкі. У «Трактаце аб паэзіі» Танк называе гэтае новаўвядзенне «нялёгкастраўнаю формай» і прадбачыць папрокі ў грахах «супраць традыцыі нацыянальнай». Тым не менш ён ідзе на канфлікт з традыцыяй. Не заўсёды, напэўна, наватворы паэта апраўданы, але пошукі новых сродкаў паэтычнага выяўлення — закон мастацкай творчасці. I тое, што паэт, уступаючы ў шаноўны ўзрост, абнаўляе вобразны арсенал больш смела, чым іншыя маладыя паэты, дзівіць і радуе як праява сілы таленту.

Апошнім часам наша літаратуразнаўства шмат зрабіла, вывучаючы паэтычнае майстэрства Максіма Танка. Паэта хваляць за асацыятыўнасць вобраза, за арыгінальныя прыёмы пабудовы тропа і верша ўвогуле. Стасуючы палажэнні сучаснай паэтыкі да твораў Танка, крытыкі выяўляюць высокі клас майстэрства. Чытаць гэтыя даследаванні цікава і карысна, бянтэжыць толькі часам адна акалічнасць: асобныя крытыкі дэманструюць такую тэарэтычную ўзброенасць успрымання, што пахвала аўтару міжвольна выклікае заклапочанасць. Парадокс у тым, што вялікая складанасць канвенцыі не прадугледжана паэтам. Паэт хоча выказвацца зразумела, ён жа гаворыць з народам, чыё ўспрыманне паэтычнай мовы абыходзіцца без коду асацыятыўнасці, як яго разумее сучасная паэтыка. Відавочна, мера як паказчык гармоніі патрэбна не толькі мастаку, але і нам, яго крытыкам.