Страница 15 из 93
Сапраўды, добры харч, нічога не скажаш. За накрытым сталом старшыня ўжо не вяртаецца да ролі ўпартага гаспадарніка, але фанабэрыстасці, якою моцныя гаспадарнікі любяць цвяліцца над «чыстымі» інтэлігентамі, ён усё ж не пазбыўся.
— Ну, Антон Іванавіч,— ушанаваў ён дырэктара ветлівым зваротам,— разам, значыць, пачнём будаваць: ты — школу, а я — клуб. У нас гэта ўсё ж такі лепш пойдзе... Інтэлігенцыя... I «Масквіч» твой ужо ўстарэў... Мае буракаводы за прэміяльныя шэсць аўтамашын навейшай маркі купляюць. Абганяюць калгаснікі інтэлігенцыю!
9
Вяртаючыся ў Драгічын, абменьваемся думкамі пра бачанае, чутае, зробленае за дзень.
— Ну вось,— уголас разважае Максім Танк,— калі б стаць на пазіцыю мотальскага завуча, дык да суда і міліцыі трэба апеліраваць... А тут і ўладкавалася спрэчка. Як часам засляпляе чалавека крыўда, гнеў.. А старшыня ў сваёй сферы нішто сабе... Круты, бясспрэчна...
— Ёсць такі грэх,— падхоплівае гаворку сакратар парткома.— Перагібае. Чуласці ў рабоце з людзьмі няма. Даводзіцца ў раён выклікаць, папраўляць... На «ўколах» трымаецца, як мы гаворым. А гаспадарнік уедлівы. Калгас з адсталых выцягнуў. Хоць на сённяшні дзень адной гаспадарнасці для кіраўніка і замала...
Максім Танк не пярэчыць. Яго, вядома, таксама не ачаравалі паводзіны калгаснага кіраўніка, але статус госця наказвае быць паблажлівым да непаладак у хаце гаспадара. Ён, мажліва, знарок перабіраў меру паблажлівасці, ільготных скідак у ацэнках, каб выклікаць сакратара парткома на прынцыповую строгасць, і зараз задаволены, што не памыліўся, што партыйная ўлада ў раёне на вышыні.
Карыстаючыся прывілеяй мудрасці, якой валодае час, я сёння не магу стрымацца, каб не расказаць пра канчатковую развязку таго жорсткага старшынёвага гаспадарання, пры якім каса як быццам і напаўнялася грашыма, але старшыня непрыкметна для сябе вычэрпваў той крэдыт даверу, які далі яму калгаснікі пры выбранні. Развязку бясконцага канфліктавання я пачуў ад настаўніцы Мотальскай школы, якая прыехала ў педінстытут на сесію як студэнтка-завочніца. Старшыню знялі. Звольнілі ад абавязкаў па ініцыятыве мотальскіх жанчын, якія дамагліся склікання нечарговага агульнага сходу. Старшыня ў гаспадарчым засляпленні забараніў пасвіць калгасніцкія каровы на калгасным выгане. Ведаць ён не хацеў, што ад гэтых кароў, акрамя ўсяго іншага, паступала многа малака ў дзяржаўную малачарню, не хацеў ведаць, што калгасніцкія каровы ўрэшце таксама калгасныя.
Смяяліся настаўнікі: мелі наглядны матэрыял для вывучэння раздзела з «Узнятай цаліны» Шолахава пра «бабскі бунт».
...Сутоніцца. Асенні дзень кароткі. На палях наўкол кіпіць работа. Людзі спяшаюцца выкапаць буракі. З абеду на падмогу дарослым прыбеглі дзеці-школьнікі. Цярэбяць бацвінне кухоннымі нажамі. Праца цяжкая. Механізаваць уборку старшыня не сабраўся, відаць, разлічвае на лішкі рабочых рук у калгасе. А калгаснікі ў сваю чаргу зарабіць лішні працадзень ахвочы. Больш тэхнікі — менш работы, а тут, у Моталі, работы давай ды давай. Праблему попыту на працу, зразумела, сіламі калгаса не вырашыць, не па сіле яна і раёну...
У вобласці намечана будаўніцтва некалькіх буйных заводаў, але пройдзе яшчэ пару год да таго свята.
— Так, так, а я думаў, што эканоміка тут слабейшая,— прызнаецца дэпутат.— Ажно глядзі — ураджай і заробкі! Прытым на нядаўна яшчэ непралазных балотах. Папрацавалі людзі, след знаць. Глядзіш на гэтыя адваяваныя ў багны палі, і вока радуецца... А галоўнае, што народ бяды не знае — хлеб ёсць, да хлеба... А праблем нявырашаных, канешне, процьма. Рады, што прыехаў. Бо на бясконцых пасяджэннях, нарадах засохнуць можна...
— Прыедзьце летам,— запрашае таварыш Курзаў,— калі прырода ў росквіце.
— Прыеду. Хочацца пешкі пахадзіць па гэтых палях, па вёсках, нагамі адчуць гэтыя тарфянікі. Абавязкова выберу час і прыеду.
У інтанацыі чуецца не толькі гатоўнасць прыняць гасціннае запрашэнне. Чуваць вострая патрэба быць у гушчы жыцця, працы і побыту земляробаў.
Недзе трымціць тое лермантаўскае дзівацкае замілаванне глядзець «с отрадой, многим незнакомой» на поўнае дабра гумно, на абжытую сялянскую хату, на сумленны дабрабыт і здаровую радасць яшцця, што на дабрабыце гэтым выраcтае.
Існуе ў душы мастака арганічная патрэба прыблізіцца да зямлі і зямнога клопату. Гэтую позву таленту і сумлення Танк вельмі проста і хораша выказаў у першых радках верша «Хоць раз у год»:
Трэба
Хоць раз у год
Прайсці басанож баразною за плугам,
Каб аднавіць
Сваю даўнюю сувязь з раднёй —
Зямлёй, камянямі, травой (ХБС, 123).
Ці стрымаў жа слова Максім Танк наконт яшчэ адной паездкі ў глыбінку Палесся — можа, сёння пацікавіцца чытач гэтых нататкаў. Можна сказаць, стрымаў, хоць і не літаральна. У красавіку 1970 года ён прайшоў у думках шляхам легенды ў Давыд-Гарадок. Легенду пачуў і ўвёў у літаратуру польскі паэт XIX стагоддзя Уладзіслаў Сыракомля. Максім Танк прадоўжыў яе, расказаў, як тутэйшая дзяўчына-паланянка прывяла ў свой родны Давыд-Гарадок рымскага паэта Авідзія, каб скрасіць горкі лёс выгнанніку.
Як жа адчуваў сябе рымлянін сярод простага і небагатага люду ў Краіне Светавіда? — ставіць пытанне Максім Танк і кажа Авідзію: «Ты не памыліўся», затым разважае:
Хоць быў тут далей
Ад радзімы сваёй,
Але быў далей і ад дружбы няшчырай,
Даносаў, хлусні,
Імператарскай ласкі,
Што едзе на клячы рабой.
А побач
Апошняя песня была
I цішыня,
За якой пачынаецца
Вечнасць (ХБС, 194).
Палессе ў вершы выступае як край натуральных, ясных і простых чалавечых адносін. Гэтая прастата супрацьстаіць цывілізаванаму пеклу імператарскага Рыма, і яна, на думку Танка, можа задаволіць генія, наталіць душу.
Калі параўнаць гэтую карціну Палесся з той ранняю, дзе «малоў гром над полем хмары», дык мы адчуем не толькі шырокі дыяпазон эстэтычных ацэнак у Танка, але заўважым і прынцыповую важнасць для паэта ацэначнай суб'ектыўнасці. Сапраўдны паэт, ствараючы новы твор, стварае нанова самога сябе. У яго столькі народзін, колькі выдатных твораў. Праўда, стыхія ацэначнай суб'ектыўнасці ў мастака не якісьці хаос. У прывідлівай зменлівасці светабачання і паэтычнай светабудовы прыкметна свая тыпалогія, свой падзел стыхій і сфер. Так і ў Максіма Танка.
У давераснёўскай творчасці ён малюе барацьбу двух антаганістычных светаў — свету ўціску і змагання. Але змаганне гэтае часта пераносіцца ў трэці свет — свет мары, казкі, дзе характары і падзеі ўзрастаюць да гераічных маштабаў, ачышчаюцца ад пылу штодзённасці. I ўзнік гэты цудоўны свет не з прыхамаці аўтара. Неабходнасць у такім свеце выцякае з эстэтычнай канцэпцыі жыцця і чалавека. Па словах паэта:
Дрэвы паміраюць,
Калі перастаюць паказваць
Змены года
I не адгукаюцца рэхам...
Чалавек — калі страчвае здольнасць
Здзіўляцца і захапляцца
Жыццём (ХБС, 223).
Сюды, у казачны свет, перамяшчаюцца глабальныя канфлікты і антаганізмы.