Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 75 из 95

А ў мяне рабёнак быў — трэці год ужэ, сын, сястра дваццаць трэцяга года і маці. Нас яны не знайшлі. Забралі ў другім баку.

Сказалі гэтым людзям:

— Ідзіце дамой, мы прыехалі на парцізан. Еслі вы будзеце ў лесе, усё роўна мы вас найдзем, будзем убіваць і зжыгаць вашы дамы. А хто будзе дома, будзе жыць.

Паначавалі яны, пабылі, але людзі ўсё раўно не вераць, не ідуць. Дык яны паехалі ў Западнюю. Дарог у нас харошых не было. Потым наляцелі з гэтай Западняй, вярнуліся — на конях яны былі — і ў кожны дом.

Мы жылі ў калхозных яслях, нам далі ўрэменна. У другую палавіну гэтага дома ўехала іх чатырнаццаць чалавек. Заехалі ў дом, распалажыліся і — ніхто нікуда. Ні з хаты, нікуда. I пулямёты вакруг, таму што яны, мабыць, ужо планіравалі, што будуць убіваць людзей.

Я гавару на мужыка:

— Уцякай! Можа, жэншчын хапаць не будуць, а мужыкоў будуць браць і біць.

Ён выйшаў, і яго вярнулі.

Пытанне: — А яны з вамі не гаварылі?

— Яны ўвайшлі да нас, у іх былі гранаты такія, з дзеравянымі ручкамі, і водка руская, вот такія сотачкі. Яны селі і пачалі выпіваць. На мужыка кажуць:

— Ідзі выпі! Ён кажа:

— Я не хачу. Дык ён гаворыць:

— Глупый, што — рускай не хочаш папробаваць? Так, па-руску гаворыць, я вам чэсна гавару, што па-руску. А я гавару:

— Ідзі, бо заб'юць.

У іх было на фуражках: бляшкі такія, чэрап галавы. Знакі такія, іхнія. Гаварылі па-руску і па-ўкраінску. Выпівалі, потым адзін паставіў на галаве кружку, а другі з вугла б'е па гэтай кружцы.

Пытанне: — Страляе?

— Страляе ў хаце. Я гавару:

— Што вы дзелаеце, рабёнак жа баіцца! Пакінулі страляць. Я ўзяла вядро. А ваду мы бралі каля сарая, дзе потым убівалі. А адзін падыходзіць, такі хрыплівы голас:

— Пастаў вядро. Я гавару:

— Не пастаўлю.

— Пастаў вядро.

— Не пастаўлю.

Ён за вядро і гаворыць:

— Пайдзём са мной.

Я гавару:

— Я нікуда не пайду.

Ён за наган:

— Відзіш, хто я такой? Як дам, дык і галава паляціць.

Я пачала крычаць. Мужык выскачыў, муж з хаты, гаворыць:

— Што такое?

Дык ён:

— Гэта твая жана? — I адпусціў.

После гэтага ўсе яны вышлі на вуліцу, кідалі гэтую гранату. Пераначавалі, навутра — гэта было 15-га… Праўда, яшчэ скажу. Вечарам прышоў адзін з іх. Быў халат на ём белы, але пятна крові. На гэтым халаце. I на мяне гаворыць:

— Маладая, пасцірай халат. Я гавару:

— У нас мыла няма, пагарэўшыя, у нас недзе купіць…

Дык ён гаворыць:

— Я прынясу мыла, пасцірай мне халат. Мне назаўтра нужан ён.

Я ўжо воляй-няволяй стала сціраць гэты халат. Пасцірала халат, павесіла над печкаю, і ён сеў ля мяне. Ды гаворыць:

— Маладая!..

Паглядзеў і так гаворыць. Я пытаю:

— А вы адкуда?

— Я — рускі.

Да якога-та года жыў у Расіі, а потым — забыла куды — выслалі. Гаворыць:

— Я жанаты, но я цяпер раўнадушна не магу жыць з жаной, я нервы пацяраў за вайну.

Я пытаю:



— Чаго ж вы пацяралі нервы?

— Да, вайна. Усім дасталась.

Дык я думаю, што ён, можа, скажа, ды пытаюся:

— А што з намі будзе?

Дык ён:

— Ды нічаго, парцізанаў паганяем, а вы астанецеся на месце.

Раніцай забег, схапіў гэты халат. Я вам гавару, сабіраліся, як чэрці! Па-быстраму, па-быстраму, абуваліся і ўсё, што ўгодна, і выскачылі на вуліцу. I відно, што ў сараі, — гэта метраў сто было ад нас, — што стаялі там падводы. I калі яны пабеглі з дома, то падводчыкі маментам выцягвалі сані з сарая і коней выводзілі. Панімаеце, гэта я ў акно відзела. I мы так паглядзелі з мужам і гаворым, што будуць убіваць у сараі. Нада ўцякаць. Ён гаворыць:

— Давай, пайшлі. Я гавару:

— Ты ўцякай.

Прайшлі мы за дрывамі, і ён пайшоў, адышоў трохі ад мяне, дык там гавораць:

— Хазяін, варацісь, а то страляць буду.

Дык ён усё роўна ідзе ўпярод. А я махаю — уцякай! А той зноў:

— Вараціся, а то ўбіваць буду.

I ён вярнуўся. Вярнулісь мы ў хату, а наш дом, яслі тыя, стаялі насупраць вуліцы, і было відна, што па вуліцы людзі ідуць таўпой. Гоняць ужо, гоняць сюды, пад нас. Ідуць таўпой — і малыя, і бальшыя, і ўсякія. Нам ужо тут дзявацца негдзе. А наш дом яшчэ не займалі. Сястру маю, дваццаць трэцяга года, забралі гатовіць для іх есці, у другі дом. Мы гаворым:

— Нет ужэ спасення, давай уцякаць!

Ён — у вакно, даў у раму і на мяне гаворыць:

— Я буду пацана несці, а ты — за мной. I толькі прыгаць, а я яго так схваціла:

— Куда ж ты! Кругом пасты. Ён мне:

— Давай усё роўна ўцякаць. Хай лепш у патыліцу. А я гавару:

— Давай здзяром паталок.

Мы сталі на печку, гэтыя доскі ўзарвалі, ён узлез на паталок, я падала дзіця і сама ўспрыгнула туды, на той чардак. А маці наша ходзіць па хаце, дык я гавару:

— Мамачка, давайце сюды. Дык яна гаворыць:

— Я не палезу.

I тут ужо падходзяць пад дом. Панімаеце, позна разгаварываць. Я разоў пяць паўтарыла. Мы гэтую дырку закрылі і засталіся на чардаку. Муж гаворыць:

— Разве тут спасенне, спасення нет. Давай уцякаць.

Я гавару:

— Няма куды ўцякаць.

— Жывымі гарэць! Ці знойдуць, здзявацца будуць. Дык я гавару:

— Ну, што ж, уцякай, жыві хоць адзін. Дык ён:

— Я буду ўцякаць, знаць буду, што ты тут пагібла, прыду пахараню.

Мы з ім папрашчаліся. Ён назад у гэтую дырку, у вакно і пабег. Бег мінут пяць, ціха было, зразу адзіночныя былі выстралы, а патом аўтамат. Я думаю: усё кончылася, не выпусцілі. А малога я не дала, ён астаўся са мной.

Калі забілі ўсю старую дзярэўню, быў перарыў, пакуль падагналі з новай. Потым падагналі зноў гэтых людзей і зноў страчылі там гэтыя аўтаматчыкі. А я глядзела, давала страх пацану: паднясла яго к гэтай шчэлі і гавару:

— Еслі ты крыкнеш — відзіш, як людзей убіваюць, баба наша пайшла, цёця наша пайшла — і цябе ўб'юць!

Яму трэці год быў. I ён не крыкнуў.

Перабілі і новы пасёлак. Патом неслі нейкую флягу. Не знаю, што ў ёй было, но факт той, што гэты сарай аблілі нейкай жыдкасцю і запалілі сарай. I зноў вярнуліся ў гэтыя яслі. У суседа мандаліна была, і пайгралі, і выпівалі. Я на чардаку была, а яны ўнізу танцавалі, прыстуквалі. Патом выйшаў адзін з іх і сказаў:

— Запрагай!

I паехалі на Загліннае. Не ўсе паехалі. I ў гэты самы дзень, гэта шаснаццатага феўраля, убілі Загліннае.

А гэтыя пераначавалі і па парадку сталі паліць дзярэўню, забіраць скот і ўсё, што ім хацелася. I падышлі пад яслі. Я думала, уцяку ноччу. Днём была адлёга, а ноччу мароз. I часавыя гэтыя як ходзяць, дык пад нагамі ў іх снег хрусціць, і чутно. Калі б адна я — папаўзла б, а дзіцё, думаю, разбужу, яно закрычыць. Патом падыйшлі яны пад гэтыя яслі. А яслі былі крыты дошчачкай. Яны палілі дзярэўню — падыйдуць і стрэляць зажыгацельнай пуляй. Але гэтая дошчачка не загарэлася. У нас ляжаў у калідоры лён, і яны ў гэты лён стрэлілі. Дым пайшоў і праз гэтую дырку такая дымавая завеса, што я бачу — гарэць буду жывая. Дык я — праз дырку назад у хату, у акно, і, калі я ўдзірала ў акно — у пацана ўжо гарэла пальто.

У лесе я шукала людскіх слядоў. Я шчытала, што ніхто не застаўся ўжо, што ўсіх убілі.

Я і плакала, я і гукала. Мне здавалася ад страху, што нікога ўжо няма на зямлі, што ўсе ўбітыя. Сколькі я хадзіла — я і сама не знаю…»

Так забівалі, забілі адну з палескіх вёсак — Капацэвічы на Старобіншчыне.

I так памятае пра тое Ганна Міхайлаўна Грыцэвіч.

Калі судзілі былых карнікаў, якія ў складзе эсэсаўскага батальёна Дзірлевангера забівалі, палілі людзей у беларускіх вёсках, адзін з гэтых нелюдзяў успамінаў, як гэта ў яго было «першы раз».

«…У вёсцы немцы і нашы былі пастроены ў дзве шарэнгі. Як я помню, спераду стаялі немцы, а за імі — мы. Наш афіцэр праз перакладчыка (прозвішча я не памятаю) загадаў, каб мы выконвалі ўсе распараджэнні нямецкіх салдат, а хто не выканае, той будзе расстраляны. Кожны немец прапанаваў таму, хто стаяў ззаду, ісці разам з ім к хаце. Каля кожнай хаты спыніліся па два чалавекі, немец і наш, тады афіцэр падаў каманду зайсці ў дамы. Я разам з немцам зайшоў у пяты ці шосты дом, а ўсяго ў гэтай вёсцы было дваццаць пяць ці трыццаць двароў. У хату я ўвайшоў першы і ўбачыў за сталом старога і старую, гадоў ім было па семдзесят, а побач з імі сядзеў хлопец гадоў пятнаццаці. Немец мне паказаў: «страляй» — рукой на тых, што сядзелі ля стала, паказаў. Я са сваёй вінтоўкі зрабіў тры выстралы, у кожнага па разу выстраліў. Страляў я ва ўпор, і яны ўпалі на падлогу. Пасля мяне па іх даў аўтаматную чаргу немец і сказаў: «Капут».