Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 70 из 95

Дык вот у тую раніцу, — расказвалі людзі, — ён узлез на тую вышку, паглядзеў і ўбачыў вялікую пераправу па гэтай дарозе Цімкавічы — Капыль. I бачыць, што паміж Прусамі, Вялікімі і Малымі, немцы акопваюцца ўжо. Ён вярнуўся ў сяло і гэтую трывогу ўсім перадаў. Немцы едуць з-пад Цімкавіч! Яшчэ ж трэба было і гаварыць, адкуль едуць, каб знаць, куды ўцякаць. Прусляне былі заўсёды начаку, бо вельмі часта прыходзілася ўцякаць. Па той прычыне, што многа было ў партызанах. Амаль з кожнае хаты быў хто-та ў лесе. Людзі баяліся, асабліва ўжо тыя, чые былі ў партызанах…»

Капыль, дарога з Цімкавіч… Далей, як пісаў Кузьма Чорны, у «гаворцы людзей чуваць Нясвіж, Слуцак». З гэтымі мясцінамі звязана моўнае багацце выдатнага беларускага празаіка, таксама як і багацце народных характараў у яго раманах, тыпаў сялян — цягавітых, шчодрых, сціплых і сардэчных… Такімі асабліва бачыліся яны, калі вайна і фашызм разлучылі пісьменніка з роднымі мясцінамі. Пішучы ў Маскве аб мужных земляках-партызанах, якія змагаюцца з жорсткім і бязлітасным «жалезным зверам», цяжка хворы Кузьма Чорны ўвесь час жыў думкай і трывогай: а што там, а як яно там, дзе засталіся ўсе яго «прататыпы» — яго народ.

«Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі, — чытаем запіс ад 2 ліпеня 1944 года ў «Дзённіку» Кузьмы Чорнага, — родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія калі-небудзь пісаў. Пішучы пра Скіп'ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скіп'ёва каля Цімкавіч, паміж лясамі Скіп'ёўшчынай і Ліхадзеўшчынай, мілае Малое Селішча, хараством якога захаплялася мая маці-нябожчыца».

Што толькі не перажылі, чаго не пабачылі гэтыя людзі і гэтыя мясціны, асабліва дарагія Чорнаму, чаго не спазналі ўсе нашы вёскі, пасёлкі, гарады — некаму абавязкова блізкія, родныя — за доўгія-доўгія ночы, што былі, як дзень, ад пажараў, і дні, што былі чорныя ад гора-бяды!

Вунь якім чорным і доўгім бачыцца вераснёўскі дзень Вялікіх Прусаў у памяці дзвюх жанчын са Случчыны.

Марыя Нагорная.

«…Ну, я і пабегла. Прыбягаю туды, адразу не ў хату, а ў гумно. Бацька мой малаціў там, бо ў сястры ж няма каму. Малаціў і збіраўся ехаць сеяць. Я прыбегла туды і кажу:

— Папа, трэба ўцякаць!

Ужо было дастаткова сказаць, што трэба ўцякаць, і людзі збіраліся і ўцякалі. Як я сказала, дык ён адразу ж кінуў веяць, зачыніў гумно і са мною ў хату. А сястра падпальвае ў печы: дровы паложаны, і саломку падпіхае. Дзеці паўставалі ўжо. Як я толькі ўбегла ў хату, дык яна гаворыць:

— Што, зноў уцякаць? Я гавару:

—Ізноў.

— Ну, — сказала яна, — дык і бяжы дадому, бо нам бліжэй да лесу.

Я выскачыла на вуліцу. I бацька са мною. Па дарозе сустракаем яе старэйшага сына. Яму было толькі дзесяць гадкоў тады. А ён прыехаў з начлегу, каня вадзіў пасвіць. Каня прывёў да дзеда, бо дзед жа робіць на кані, а сам ужо бег дадому. Ну, мы яму гэта паведамілі, што немцы з-пад Малых Прус едуць, — ён зразу за намі, следам туды к лесу. Прыбегла я дадому, бачу — дома ўжо нікога няма, усе на агародзе, напраўляюцца к лесу.

Мама гаворыць:

— Скарэй давайце, бо ўжо ўсе людзі паўцякалі. Я чакаю вас.

I мы ўсе пабеглі.

Прыбеглі туды і адразу не хаваліся далёка. Не зналі, што яшчэ і ў лесе трэба хавацца. На краі стаім і глядзім. Хто яшчэ бяжыць, хто ўжо хоча назад ісці… Мы ўсё чакаем, чакаем… Мабыць, ужо гадзін адзінаццаць было — няма сястры, не прыбегла яна. Ні дзеці, ні яна.

Ну, мама гаворыць:

— Пайду. Чаму ж яна не прышла? Не ўспела, ці што? Пайду пагляджу.

Сэрца ж мацеры не выдзержывае. I яна вярнулася ў сяло. Да дочкі. Не аказалася яе. А па суседству з імі жыла якраз вось гэтая Кот Марыя Фёдараўна, пра якую вы пытаецеся. I аказалася, што яны не ў лес паўцякалі, а ў кусты — там на другім канцы вёскі былі кусты балотныя. Усе людзі з таго канца ў асноўным туды ўцяклі. I вось гэтая Кот вярнулася, — ну, знаеце, паглядзець гаспадарку, ці што. Бо так жа пакідалі ўсё, як каго дзе што сустрэла. Яна вярнулася, а мая мама ідзе ў тыя кусты, каб гэта забраць сям'ю ў лес, да нас. А Кот кажа:

— Чаго табе ісці? Дзеці там сабе гуляюць…

А к гэтаму часу ўжо вельмі сталі страляць на лес з мінамётаў. А лес жа вялікі — цягнецца ад Прус на Какорыцы, на Пацейкі… Мама выбегла-такі за сяло, каб у тыя кусты папасці, і думае, што страляюць па лесе, і праўда — у кустах будзе спакайней. Вярнулася яна назад сялом і да лесу напраўляецца. Сустрэла Станевіча. Малады хлапец, потым ён стаў партызанам, а на гэты момант яшчэ ў сяле быў. Брат яго быў у партызанах.

Дык ён гаворыць:



— Чаго ты, цётка, бяжыш? Не трэба ўцякаць. Вунь ужо з-пад Сцяпур партызаны ідуць.

Бо як яны на горку падняліся, дык бачаць, што ад Сцяпур ідуць цэп'ю… Маці старая, нявопытная, але ўсё-такі паглядзела, — бачыла ж яна партызанаў, і сын жа свой быў у партызанах, — дык яна і гаворыць:

— Ну, Пятрок, якія ж гэта партызаны, яны ж усе ў касках! Дзе ж тыя партызаны касак набяруць?

— I то праўда!

У нас да лесу метраў сто — сто пяцьдзесят. Дык яна паўзла, бо такая ўжо страляніна адкрылася! I ад Малых Прус, і са Сцяпур — кругом! Увесь выган прастрэльвалі, нельга было ісці на ўвесь рост. Прыбегла ў лес, ужо ж каб нас як шукаць. А людзі ж ужо адзін другога пільнуюцца. Ужо сталі адыходзіць ад берагу ды ўжо далей у лес, а там ёсць такі роў вялікі і над ровам маладыя ёлкі, засцілаюць роў, дык мы ўжо ў той роў пахаваліся. Усе людзі. Вось яна ўжо прабіраецца к тому рову. Сустрэла адну дзяўчыну, суседку нашу, схаваную, і кажа:

— Чаго гэта ты, Вольга, так хаваешся? А тая гаворыць:

— Хавайцеся і вы, цётка, бо ўжо немцы ходзяць па дарогах.

Прышла, знайшла нас. Потым цэлы дзень нічога не ведаем. Мужчыны залезуць на высокае дрэва, глядзяць. Ціха. Ніхто не ведае, што робіцца ў сяле, і выходзіць — ніхто не выходзіць, таму што відно, што ходзяць немцы, выганяюць скот… А што болей робяць — невядома…»

Марыя Кот.

«…Так ацапілі — чалавек ад чалавека чатыры метры, так во ішлі. Падышлі да нас:

— Паднімайся!

Паднялі ўсіх з таго картафляніка, вінтоўкі панастаўляўшы… I пагналі нас пад дарогу, што з Цімкавіч на Сцяпуры. На дарозе пасаджалі, і прыхрдзіць адзін, помню, — карта на грудзях, аўчарка гэтая. Канечне ж, нейкі начальнік ужо нямецкі. А мы сядзім, чакаем, што будуць там біць. Дык не. Начальнік сказаў, што ідзіце дамой і забірайце з поля лошадзі дамой. Хто ж тыя лошадзі павядзе, — на чорта яны, калі мы ўжо знаем, што біць будуць. Ну, і прышлі ўсе дамой. Праўда, хто сумеў, у каго які доцік быў, дык той схаваўся. А нам дзе? Я ўжо там патупала, патупала, дзе ж дзецца? А па абедзе я вышла на вуліцу — невазможна! Пулі лятаюць ужо. Ужо яны прыходзяць — «яек». Ужо яны бачаць, што няма тут партызанаў, а яны кругом дзярэўні акапаліся. Няма дзе людзям дзявацца.

— Хадзем у гэтую глінабітку.

У нас глінабітка была, дзядзька адзін зрабіў, дык мы кажам, што пулі там не будуць даставаць… Яна была на загуменні за сялом, далекавата ад будынкаў. Адтуль ім відно было, што гэта глінабітка і што людзі шавеляцца. I давай пуляць у гэтую глінабітку. Усе вокны павыбівалі. А мы ўжо за сценкамі. Чалавек, можа, нас дваццаць пяць было, а можа, і больш. I раненыя былі дзве, Саша Дарашкевічава і Маня. А потым яны прыходзяць пад вечар. Ужо сонейка стала закатвацца. Прыходзяць і: «Выхадзі!» — нарабілі крыку. Мы вышлі. Яны думалі — можа, партызаны. Бачаць — адны бабы і дзеці…

— Вараці назад!

Мы і вярнуліся назад.

— Лажысь! Пашпарта! Дзеньгі! Гэтыя жанчыны:

— А паночкі, а дарагія!..

А яны: «Лажысь!» — і ўсё. I страляюць з аўтаматаў.

Там печ была, і печка, і стол стаяў. Пападалі. Праўда, я ўпала пад стол са сваёй сям'ёю. А другія туды пападалі, далей за печку. I вот яны нас перастрачылі. Меншанькая мая:

— Ой, мамачка!..

Глянула я — а ёй сюды папала, у пераноссе. Толькі захрапла. А другой, старшае, — што во гэтая, на фатаграфіі,— яе і не пачула, як забілі. Адзін перастрачыў і пайшоў таму памагаць, за печку. Я ўзяла так во і зірнула.