Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 64 из 95

«…Яны тады сабралі не ўсіх людзей, — прыгадвае расказчык. — Яны сказалі, немцы: «Каго дзе ў лесе зловім — будзем расстрэльваць, а калі дома, дык не». Бабы пайшлі, сваіх мужыкоў паззывалі ўсіх. Тады яны ізноў ноччу наехалі. Іх у сарай зачынілі і давай расстрэльваць. Ну вот…»

«Ну вот»… Часта мы чулі яго ад мужчын, ад жанчын — там, дзе чалавечай мовы не хапала, каб выказаць бездань жаху.

Пятрова жонка Ганна Яфімаўна родам з тых Лажкоў, куды пастушок уцякаў хавацца. Яна належыць да таго тыпу вясковых жанчын, у якіх гады і нягоды не разбураюць здаровага хараства. Маршчыны, што леглі на яе твары, як бы падсвечаным густымі валасамі, толькі прыбавілі яму больш выразнасці. Яна намнога старэйшая за мужа, але з выгляду здаецца нават маладзейшая. I памяць на падзеі ў яе свяжэйшая, і расказ жывейшы, хоць Ганну Яфімаўну таксама не назавеш лішне гаваркою.

«…I прышлі мы ў гэты дзень, калі немцы Узнаж ацапілі, вот у гэта балота, пад самы бераг, у журавіны. Утраёх: дзве дзеўкі і жанчына. З Лажкоў мы, зусім з другое дзярэўні.

Слышым — ужо немцы гіргочуць на беразе. Пайшлі ўжо яны па лесе кругом. А ў лесе зямлянкі былі тут во, на берагу. Там сядзелі з дзецьмі. Узнацкія. Гэты самы… (Паказвае на мужа.) Бацька яго — дзевяць дзяцей было, і ўсіх прывёў у зямлянку. Вот мы слышым — немцы гіргочуць. Мы тады — ходу дамоў.

Толькі мы прыбеглі туды дамоў… З кілометр мы беглі туды па балоце. I так гэтыя пацаны сыплюць ужо за намі, бягуць. Вот гэты Пеця, Ганна і там была яшчэ адна… Кажуць:

— Ужо немцы ацапілі Узнаж, і не знаем што. Будуць біць…

Гэта было вечарам, часоў каля пяці. Патом ноч пераначавалі, чуем урана — крык тут, каровы равуць. Баба адна была, Макарыха — крычыць нешта… Ну, што ж такое? Трэба ж падпаўзці людзям, паслухаць. Мужчыны, старэйшыя ў Лажках, папаўзлі па балоце, па багульніку. Паслухалі. Кажуць:

— Расстрэльваюць!

Крык, плач — усё кіпіць там. Падаждалі мы гэты дзень, суткі гэтыя. Усё гэта ўспакоілася — нада ж схадзіць, падгледзець, што там такое. Падышлі мужчыны сюды, паглядзелі. Ціха, толькі лётаюць чорныя гракі стадам, крычаць… Нікога нет. I каровы ходзяць яшчэ. Некалькі кароў…

Вот. I ўжо тады мальчуганы тыя былі дома, пабеглі сюды паглядзець: ужо нікога не было. Выехалі ўсе. Валяліся тут яшчэ… Партызан убіты быў, каля зямлянкі ляжаў, казалі.

Патом к гэтай магіле падышлі. Пуня тут была калхозная. Яны іх зачынялі… К яме гэтай вялі… Да ямы вялі, раздзявалі, голых, бедных!.. I кажушкі ляжаць во. Хто ў чым хадзіў, тое валяецца. У яму лажылі і ўбівалі. I нямножачка зямлёй прыкідалі. Зямля гэтая раскяпілася.

Вот лічна быў мой брат, прыходзіў глядзець сюды. Дык кажа:

— Лучыначкай пастукаеш — сантыметры на два зямлі толькі было на іх. Прама яшчэ шавялілася гэтая зямля…

Гэта на другі дзень толькі хадзілі яны. Нікога не было. Каты толькі каўкаюць, кароў некалькі хадзіла…

А потым праз некалькі дзён… Запалілі гэтую дзярэўню. Яна гарэла… А яго хата — вось гэтага (паказвае на мужа), яго бацькі хата, дык тая стаяла. Яго бацькі брат быў у Неманіцы, ён пачуў і падышоў сюды, калі дзярэўню не палілі яшчэ. I кажа:

— Давай гэтага мальца хату на бярвенне раскідаем. Можа, калі што каму будзе.

Узялі яе раскідалі, дык яна ў бярвенні доўга валялася, пакуль гэты хлопец — ён жа малы быў яшчэ тады — вырас, і ўжо… (смяецца) пажаніліся мы. Аж у пяцідзесятым годзе злажылі гэтае гнільё, і сенечкі нейкія трохі новыя прымазалі, і сядзім. А цяпер во новую строім.

Пытанне: — Скажыце, колькі тут забілі людзей!

— Трыста шэсцьдзесят душ… Тут было… Хлопцы былі, хлопцы! А дзеўкі!.. Я яшчэ сама што паплакала… Хлопцы ж былі такія!.. Нашы яшчэ… А гэта што ўжо мне? (Паказвае на мужа.) На восем гадоў малодшы. Ну, нічога. Пака капаемся. Такое ўжо жызні харошай то няма, але самі сабою добра жывем…»

Карнікі хацелі тут, у Узнажы, зрабіць уражанне, што знішчаюць толькі тых, хто звязаны з партызанамі. «Звязанымі» аказаліся ўсе, а найбольш, вядома, мужчыны.

У пасёлку Ухвала засталіся сведкі таго, больш выразнага, дзялення на «звязаных» і «не звязаных».

Марыя Лукашэвіч, загадчыца сталоўкі на мясцовым торфазаводзе, расказаіла нам, што яе, тады падлетка, карнікі таксама дапытвалі як сувязную партызан. Потым яны выгналі ўсіх жыхароў Ухвалы на пустыр за сялом і ганялі шарэнга за шарэнгай — пратоптвалі шлях для сябе, ачышчалі ад партызанскіх мін. Выбуху не было. Тады загадалі ўсім сесці на кукішкі, збіді аднаго старога, які ўжо не мог так сядзець, і пачалі выбіраць «вінаватых», «звязаных».

«…У маёй дваюраднай сястры, — гаворыць Марыя Віктараўна, — быў муж камуніст, нават не муж, а брат мужа, не ён сам, — яны адразу за яго і павялі. А хлопчык быў Віця, адзінаццаць гадоў. Дзед і бабуля кажуць:

— Хадзі к нам.



А той, бацька, гаворыць:

— Не. Дзе я, там і ён.

Так вось і пабралі людзей, вельмі нявінных людзей, і паставілі іх на левую сторану. А нам сказалі разыходзіцца.

Калі мы адыходзілі, усе яны крычалі: «Прашчайце! Прашчайце!»

Ну, мы ішлі без памяці…

…Там было сто пяцьдзесят чалавек. Яма была глыбокая — калодзеж стары, без вады…»

…Над Мсціжам свяціла сонца. Шчодрае летняе сонца адбівалася ад пабеленых парканаў і сцен, ад блакітных з жоўтымі каёмкамі аканіц, падобных на крыллі дзівосных матылёў.

Мсціж — гэта зборная назва дзвюх вёсак на Барысаўшчыне, проста Мсціж і Мсціж-Валокі, з якіх утварылася своеасаблівае мястэчка.

На развілцы дарог, каля будынка сельсавета, узвышаецца абеліск — помнік на брацкай магіле мсціжаўскіх мужчын, расстраляных у кастрычніку 1942 года.

Пра гэта нам перш за ўсё расказаў дзед Аляксандр Лісічонак. Яму ўдалося ў той страшны дзень загадзя ўцячы ў лес. Памяць у Аляксандра Феліксавіча прытупляецца, але неяк разумна і паслядоўна, як падсыхае голле ў старога дуба — абломліваюцца драбнейшыя галінкі, а стрыжань цвярдзее.

«…Тут было так. З-за фронту ехаў партызанскі атрад. I вот яны распалажыліся тут начаваць, у нашай дзярэўні. Гэта было дзела ў суботу вечарам. У мяне якраз засталіся пераначаваць дзве партызанкі. Яны хазяйку папрасілі, каб яна ім прыгатовіла. «Мы заўтра ў сем часоў паедзем». Але былі яны назаўтра — ужо і абед прайшоў.

У меня сын быў у атрадзе і зяць быў у атрадзе. А брат мой жыў на другой старане. У яго хаце партызаны ўліваліся ў гэты самы атрад. Прысягу прымалі. Мясцовыя і немясцовыя. Якраз гэта дзела было ўжо ў абед.

А як пайшлі яны ад нас, — на Мсціж напалі немцы.

Мой яшчэ адзін сын, было яму трынаццаць лет толькі… Ён цяпер трактарыстам работаець. Ён мне расказваў, што немцы ганялі тады ўсіх мужчын, на вуліцы пасадзілі іх і — каб ніхто дажа нічым не павярнуў. Сядзелі. А ў аднаго рабёнак быў маленькі, ён там з рабёнкам што-та, значыць, дык яго адразу і забілі. За тое, што пашавяліўся. А рабёнка бросілі…

Ну, а потым усіх мужчын пагналі туды, дзе ў нас ларок стаяў, дзе цяпер наша масцярская, швейная там, дапожная. У гэты ларок набілі ўсіх людзей — жывых яшчэ. А каторыя не памесціліся — яшчэ ў сельсавет, дзе цяпер помнік стаіць. Туды загналі ў сарай, астатніх мужчын.

Тут хлебапякарня была, дык з таго ларка людзей па аднаму выводзілі і стралялі ў тым склепе.

А тых запалілі…»

Потым мы слухалі непасрэдных сведак трагедыі, мсціжаўскіх жанчын, — усхваляваныя, часам падобныя на галашэнні жаночыя ўспаміны.

Бабулі і цёткі сабраліся на лаўцы каля хаты. Сышліся, нібы на памінкі ці на жалобны сход, каб яшчэ раз перабраць супольна ўсе падзеі таго чорнага дня. Спачатку гаварыла адна Ядвіга Глот: «…У нядзелю рана хлеб партызанам у нас збіралі. А потым я паснедала і пайшла на поле з маёй большай. Каноплі пайшла я слаць. I тады мы сцелем і бачым: ідуць два партызаны. Ішлі ў сяло… А потым дачка кажа:

— Мамо, глянь, чаго гэта людзі так бягуць.

Калі я глядзь — аж бягуць там па агародах, па загуменню. Народ гэты ўвесь.

— Ай, — кажу я, — дочка, там ужо ў нас, мусіць, немцы ці не ёсць.

Мы кінулі тую пяньку і пабеглі.