Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 57 из 95

— Во, — гавораць, — наверна, удзірала, у агародзе ўбілі.

Чую ж я гэта, чую, але не павярнуся, не магу… Як яны будуць во так страляць… Я ж бачыла, як матку білі… Не павярнуся, ні галавы не павярну — убівайце і што хочаце! Ляжу, ляжу так… Яны пайшлі, хату падпалілі. Хата гарыць, на мяне іскры… Мне ўжо трудна. Іскры валяцца. Дзе ўжо кофтачка сухая — яна тлеець. Я вазьму так во зямлю і там во аблягчу. Пасыпаю, і лёгка мне. Чую — тут ужо каля пояса мне пячэць, тлеець. Я абратна гэтай рукою… А яны во заняліся суседзямі, пайшлі да суседзяў хату паліць. Ой, як трудна, трудна! Чую — яны гавораць, і па-нашаму, і гергечуць усяк… Няма як мне выпаўзці. А пасля яны ў трэцюю хату пайшлі, біць. Патом я так во, так во, як гавораць — па-пластунску, локцямі, локцямі, як вужака якая, выкацілася з гэтых град, укацілася туды, дзе картошка пасаджана. I ляжу ў разоры, тожа ў баразне. Стрэлы. Пулі — ціў-ціў-ціў! Дзярэўня гарыць, бярвенне валіцца, іскрыць… Ой, канец свету. Я думала, што я ўжо асталася на свеце адна. Гэта — канчэнне свету. Канчэнне свету, а я адна, — што я буду адна рабіць? Мне страшна ўжо адной жыць… Я думаю, што і ва ўсіх вёсках так, і ўжо канчэнне свету, і больш народу не будзе. Iсвету не будзе.

Ляжала я, ляжала, пака гэта ўсё не пагарэла. Пасля ўжо, як сонца з паўдня звярнулася, села я ўжо. Ціха стала — ні пулі не свішчуць, нічога… Гляджу — Амлішава, другая дзярэўня гарыць. Усё, думаю я, канец свету… Што мне рабіць? А яшчэ во дзярэўня Гарэлае — не гарыць. Думаю: пайду я туды, там людзі ёсць. Сабралася і пайшла. Ішла па дзярэўні босая, голая, у. крыві гэтыя плечы ў мяне былі… Туды за рэчкай гэтае Гарэлае. Мінула я дзярэўню сваю… Уся дзярэўня гарыць, гэтыя трупы скліраць, гараць сінім агнём — людзі гараць. Паглядзіш — і мне ўжо адна пуць: іду ў гэтую дзярэўню цэлую…

Азірнулася я — за мной дзядзька бяжыць. Як я аглянуся — ён рукою махне і махне, а я — яшчэ, я — яшчэ! А дзядзька гэты за мной. Ён бяжыць, а мне здаецца, што немец у камбінезоне. За куст схавалася. А ўжо змаглася, не магу… Са страху, з усяго тамака… За куст захінулася — ну, тут ужо мянеўб'юць… Вочы так во закрыла і сяджу… Падыходзіць гэты дзядзька.

— Хто гэта? — кажа.

Гляджу — знаёмы, Няверка Уладзя.

— Ай, — кажа ён, — як ты адна асталася? Ашчапілася я за яго, а ён:

— Ціха, не плач. I я толькі з жонкай застаўся, усю сям'ю пабілі. I матку забілі. А я праз акошка ўцёк. Пайдзём на Мнішава, на балота.

А Амлішава гарыць тое… Усё згарэла, амлішаўцы ў балоце сядзяць. А мая цёця была ў Амлішаве. Я рада гэтаму дзядзьку, што яшчэ на свеце чалавек ёсць! Ды яшчэ падказваець, што яшчэ і цёця мая ёсць, у балоце сядзіць… I пайшла я з тым чалавекам туды, у балота. Прышла, праўда, цёцю сваю знайшла з сям'ёю, і сталі мы ўжо… Ой, ой, як ужо трудна было…

Ужо ў балоце я агледзелася, што ўсе мае плечы ў крыві — ужо ад маткі і ад брата, ад сястры. З краваці капала, лілося. Маміна кроў мяне і спасла, толькі маміна кроў. Каб была гэта не кроў, то і маглі б яны мяне шкуматнуць.

Жыла я адна, адна, а потым замуж вышла, і замуж мой плахой — мужык жулікаваты, мяне бросіў, дзяцей бросіў, трое дзяцей, тры дзевачкі. I я змагаюся, іх вучу, дабіваюся. Праўда, первая замуж вышла, дзесяць класаў кончыла і замуж вышла — радзі мяне вышла замуж.

— Мама, — кажа, — будзем меншых вучыць. Я табе буду памагаць пад старасць.

Харошая яна, у Лонве жывець. Адна ў тэхнікуме, а меншая — восем кончыла і таксама хоча вучыцца. Асталася я адна — з-пад пуль вышла, з гэтае крыві, дык хай хоць дзеці мае жывуць, каб яны ў людзі пашлі…»

Расказвае Вольга Фамінічна Гайдаш з Першамайска Рэчыцкага раёна.

«…Чатырнаццатага мая сорак трэцяга года немцы спалілі нашу вёску. Мужа майго ўзялі партызаны каўпакоўцы восенню сорак другога года, і два тыдні пасля гэтага мы пераехалі ў лес. За Каўпаком у нас пайшло чалавек восемдзесят. У лесе мы, партызанскія сем'і, сядзелі ўсю зіму. Пасля нам прыйшлі сказалі:

— Хто ў Каўпака, то вы не бойцеся — вас расстрэльваць не будуць.

Сказалі гэта нам свае людзі, а людзям гэтым — немцы. Ну, мы і папрыязджалі дадому. Я таксама ў лесе з канём была. Пераначавала я ў брата, а потым прыходзіць матка мая, свякруха, і кажа, што прыходзілі з паліцыі і казалі, каб я дома была заўтра, у дзесяць гадзін, і каб нікуды не ішла. Ну, мне страшна стала, што ганяюцца за мной. Я пабыла і зноў пайшла на сяло. Прыходжу з сяла ўжо ўвечары. Зарэзала аўцу. У лес уцякаць пачала зноў збірацца… Луплю тую аўцу ў адзінаццаць гадзін. Прыходзяць, стукаюць вечарам. Святла тады не было, капцілка. Яны пастукалі, я спалохалася, расцяралася. У мяне дзяцей было трое: сын з трыццаць пятага года і дочка з трыццаць сёмага, а меншанькая — з трыццаць дзевятага. Тая сядзіць каля мяне, а мне дзецца недзе. Я баялася, бо яны ганяліся за адзежаю майго гаспадара: у яго былі боты хромавыя і кожанка. Забраць хацелі ад мяне. Страх мне стаў. А тут падпечча ў нас, дзе куры заганяюць. Свякруха пайшла адкрываць сенцы, а я пад тую печ, бо баялася. А дзеці большыя, што былі на печы, не ўбачылі, дзе я. А меншанькая сядзела. А матка:

— Вот была толькі што, а дзе дзелася, не ведаю. Яна думала, што я за ёю выскачыла на двор, яна і не бачыла, што я пад печ схавалася…

— Ну, дык скажы ёй, каб яна заўтра ў дзесяць была дома.



Яны паехалі, а я тады каня запрэгла, мяса тое, аўцу нялупленую, на воз і ў лес. Двое дзяцей са мной паехала, а меншанькая з бабай засталася. Матка не пусціла яе. Яна і так у лесе тым намерзлася. Назаўтра ў дзесяць гадзін яны прыехалі, забралі маці маю і дзіця. Яна яшчэ ім песенькі пела, дзіця тое… Чатыры гады дзевачцы было. I тут яерасстралялі разам з усімі. Трынаццаць душ тады забілі, старых жанчын і дзяцей…

А ў маі месяцы, трынаццатага, прыехалі да нас у лес і сказалі… Мы там у лесе сядзелі, стары араў, дык яны таго старога паклікалі і сказалі:

— Хто ў лесе сядзіць — аб'яві ім, каб ехалі дамоў, бо ў лесе пастраляем.

I па лесе яны пахадзілі, каго захапілі ў куранёх, пастралялі — дзяцей малых і старых. Людзі перапалохаліся: сабраліся ўсе, паехалі ў вёску, ноччу. Проста як абоз ішоў з таго лесу. Уранні прышлі дадому. Прышла я да суседа, ён друг наш быў, і пытаюся:

— Што будзем, Брэль, рабіць? А ён кажа:

— Хто куды хоча, а мая сям'я нявінная, не буду я адвячаць за кагота.

Яго з сям'ёю тады забралі: і ён, і дзеткі яго ўсе пагарэлі.

Ну, сталі гнаць худобу, цяляты. Людзей пазганялі. Тут адна старая засталася, таксама партызанская сям'я. Яна з сяла прыбегла сюды на наш канец, Халіха гэтая. Я пытаюся:

— Цётка, партызанскія сем'і зганяюць асобна ці ўсіх людзей разам?

А яна гаворыць:

— Усіх зганяюць у сараі, у хаты, хто партызанская сям'я, а хто і не партызанская.

Ну, я стаю з дзецьмі, на вуліцы. Каля хаты свае, каля дзвярэй стаю. Прагналі яны адну кучу, прагналі другую. Сястры маёй дачка была ў Германіі, дык сястра пісьмы дзяржыць, а я ў яе пытаюся:

— Куды ты, Тацяна, пойдзеш? А яна кажа:

— Ты хавайся, а я пайду туды: у мяне пісьмо е, дык мо ў Германію мяне забяруць?

Дочка яе была ў Германіі, а дзве дома былі, а сын быў у партызанах. Яна думала, што яе пісьмы тыя спасуць. Іх там у хаты пазаганялі, а я дзе стаяла — стаю, чакаю. У мяне вось такая думка была: узяла і выпіла я добра і думаю, каб білі нас у хаду. I дзяцей так настрапаліла:

— Сынок і донька, будзем уцякаць, штоб білі нас, а не так.

Немцы цялят вязуць па вуліцы, а потым толькі трох ідуць і жанчын гоняць, бабулек. Адзін, такі малады, відна, чысты немец. Падыходзіць да мяне. А мой пацан… Шапка на ём — шлём такі быў, пуп зверху. Краснаармейская. Дык немец за той пуп узяў, шапку падняў над галавой, потым зноў надзеў. Ручка хлопчыкава ў мяне ў гэтай руцэ, а дочкі — у гэтай. Немец яму зноў зняў і зноў надзеў шапку. А тады трэці раз яго вось так пад паху падхапіў і падняў. I мне вот здаецца, што ён кіне і заб'е яго. Паставіў. Зноў тую шапку падняў і зноў апусціў. Дык я тады кажу:

— Пан, я пайду рабёнка свайго вазьму.