Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 45 из 95

А ў яе, у тое Анюты, значыць, дачка была, дзеўка гадоў шаснаццаць. I гэты мой партызан, Жэня мой, і гэтая дзеўка — яны, як у школу хадзілі, то яны падружвалі. Гэта Клаўдзя яна, дай бог ёй многа лет жыць і сягоння! Як я так сказала на яе матку, то матка мне нічога не сказала, а Клаўдзя гэтая падышла, майго Віцю за руку і павяла ў хату. А ў яго крывавы панос быў, ужо ён ісці не можа…

А снег!.. А куды ж ісці? Невядома. А я падымуся — ды аб зямлю: дзіця — адзін глаз быў ва лбе, ды і той астаўся… Яна, праўда, мая падружка Ліда, мяне пад Руку:

— Як-небудзь шагу прыбаў, як-небудзь шагу прыбаў!..

I мы сюды во… Адсюль вуліца якраз, той вуліцай нашай і — на шашу. Адтуль немцы едуць і едуць на конях. I шкапы, і свіней, і авец вязуць з-пад Старыны. Старына гарыць, і Куляшова гарыць — усё, усё гарыць!.. А мы адсюль ужо напроціў плывём.

А з нашай ды дзярэўні быў паліцай. Ну, не паліцай, але ён тожа быў не савецкі чалавек. Я толькі яго і баялася. Так мяне тут ніхто не знаець, а ён знаець. Ну, думаю, еслі ўжо ён сустрэціць мяне, то мне не жыць…

Але ўжо нада ісці. Не, чым ужо тут пападаць у рукі саўсем, на якую вісельніцу, то лепш ісці. Ідзём мы. Ідзём удзвюх, у яе рабяты з ёю, і мы ідзём. Яна мяне пад руку падвяла трохі, бо я ўжо не магла, — ад таго, што рабёнка кінула… А густа-густа коні так ідуць, адзін за адным, сані за саньмі. Каторыя людзі ідуць, каторыя едуць. Кароў вядуць. А нас на сані ніхто не бярэ. А я ўжо сані падпіхваю — учасніца!.. (Смяецца.) А Лідзіных рабят на сані тожа не бяруць… А немцы, а паліцаі напроціў нам едуць ды едуць. Яны ўсё едуць, густа, густа, а мы напроціў. Прыехалі туды, пад Байдзіна пад наша, нас астанаўляюць:

— Што, вы — прачышчаныя?

— Прачышчаны.

— У вас нет партызан?

— Нет.

— Ну, то едзьце.

Павярнулі мы — яны адсюль, а мы так у дзярэўню.

А сумёт! А снег!.. Выехалі на азяро. Марыя Калдубей нам у ліцо гаворыць:

— З-за вас нас застрэлюць. Вы з намі не едзьце. Яны паехалі на тую старану, а мы самі не знаем куды… З гэтай маладзіцай, і двое рабят ужо. Ну што ж. У мяне быў палушубак пакрыты, а на галаве — так ужо, знаеце, без памяці — белая простынь. А снег!.. Я гавару:

— Ну, Ліда Іванаўна, застанёмся мы тут у снягу гэтым!..

Ужо вечарэець. Падышлі пад Вярусялімку, селі. А дзяўчонка гэтая спаць хоча. Мальцу было гадоў дванаццаць, а дзяўчонцы гадоў дзесяць. Селі мы так удзвюх з ёй радам. Тады гэтую дзяўчонку… А яна толькі што яе пераабула, здзела нейкія там валёнкі, а баціначкі абула. Я гэтую дзяўчонку — галаву к сабе прыхінула, а яна — ногі. I тады гэты мальчышка сеў у кучачку. Прастынёй — я адвязала з галавы — накрыліся. А мы гэта прышлі к азяру, нада цераз азяро, лес у нас тут недалёка. Ну, і сядзім. Сядзім. Гэтая дзяўчонка дрэмлець, а яна яе пад бакі б'ець усё. А знаеце — на снягу і не прастудзіліся…

Усталі потым — пойдзем цераз азяро. Усе мокрыя, а тады абмерзлі, ідзеш, і шуміць усё каля цябе. Яна за руку гэтую дзеўку, а мальчышка ідзе. Цераз азяро прайшлі, там лясок нешырокі, а там ляснік жывець. Пойдзем к лесніку к гэтаму ўжо. Ідзём па лесе, а немцы як кінуць ракету — відна-відна! — стаім на месцы, а пацямнеець — ідзём.

Прыйшлі, а тут ужо байня яго недалёка, пойдзем у тую байню, бо ў хаце, можа, немцы, мы ж не знаем. Стаялі, стаялі — ужо дужа да цёмнага. У байню пайшлі. А самі — усё мокрае. Госпадзі, не нада і гаварыць, якое гора!.. (Плача, а суседка, каб супакоіць яе, пытаецца: «А ў чыю вы байню?» — «У чыю ж, — адказвае яна, — у леснікову».) Глядзім — ляжыць ахапак дроў. А я і спічак купіла, летам, у Троіцу яшчэ, і так у піджак ушыла. А гэта ж ужо калі было — зімой, і ўсё я гэтую каробачку насіла. I затапляць байню нам якраз дровы ёсць. I якраз у акно лесніковай хаты нашы дзверы. «Ну што ж, — гаворым, — еслі толькі немцы, а мы затопім, то ўжо ж недалёка…» Але так даў бог, што не было ў іх немцаў. У лесніка. Ну вот, затапілі. Я гэтыя дзверы закрываю.

Рабяты на зямлі пазаснулі. Дровы не гараць. Я глазы спорціла, глазы мае засадзелі. А дровы гэтыя толькі тлелі. Трохі яны грэлі гэтую байню. Дровы сатлелі, і дзірачку мы такую кінулі, каб ішоў дым. Ну, тады рабят на палок з зямлі пацягалі, яна каля іх, а я так на каменку, яна цёпленькая была, лягла на каменку, уся мокрая, і заснулі мы.

Ну, а назаўтра даў бог, што сняжком абкінула гэтую байню. Нада ж ужо нам уставаць, ісці к гэтаму чалавеку. Я гавару:

— Ліда Іванаўна, еслі немцаў нет, то мы дзірачку гэтую адкрыем — і відна будзе, што слядоў нет, што яны не хадзілі.



Сядзелі-сядзелі, глядзелі-глядзелі — нет… (Плача.)

Ну, пойдзем. Праўда, немцаў няма. Там Анюта ў сенях сядзела, етага мужчыны сястра… (Плача.) Налілі нам міску капусты і бульбы. Можа, тры дні не еўшы былі. Нейкі гарох быў: Ліда трохі гароху ўзяла, рабяты там жавалі.

А ў Скарбунах ужо яцы пабілі баб. I паехалі са Скарбуноў. А ў мяне глазы садзяюць — не віжу нічога. Прышлі мы ў Скарбуны, а там дзеўкі плачуць: маладых не білі, а толькі старух пабілі. Тады папрасіла я мыла. Мне далі, і я прамыла глазы. Пашлі мы ўжо ў Вераціна. Прышлі ў Вераціна — у брата майго толькі так во шатаюцца аканіцы. У хату я ўвайшла, а там нікога — пуста: усіх пабілі… Ой!..

Ну, што ж… А ў мяне ж, мой сынок, сэрца б'ецца, — адзін рабёнак, глаз ува лбе, і той застаўся там… Віця. Цяпер я ўвідзела б яго — пацалавала б толькі — і ўсё… I не страх мне… (Плача.)

А ейныя рабята з ёю.

I я пайшла сама. Іду і не знаю, куды іду… Іду..Ў Гарбачова. Прышла, сустракаю аднаго чалавека. Ён гаворыць:

— Не ідзі, Сямёнаўна, там цяпер якраз самы пурым[19] ідзець. Ніяк не ідзі. Пападзеш — там цяпер сама расправа ідзе…

Прышла я ў соснік і стаю. А што ж я выстаю?..

Потым сястру сваю сустрэла. Сястра мая радная, помершы ўжо. Я ёй сказала, у якой хаце мой мальчышка. Тады яна пайшла, узяла мальчышку і апяць назад. I так даў бог, што немец нічога, — як стаяў вартавы, так нічога ёй не сказаў, і яна прайшла міма. Як увідзела я сыночка — ну, цяпер усё!..

I гэты сынок у мяне адзін. А той, што быў у атрадзе, таго ўбілі. А гэты ў Кавалях прарабам работаець. (Плача.) Іваноў Віктар Ягоравіч…»

Алена Халімонаўна Бандарчук. Шэсцьдзесят два гады. Алексічы Хойніцкага раёна.

«…Дагналі мяне на сваім агародзе. А прыехалі яны, мае даражэнькія, гадзін у адзінаццаць. У мяне было дзіця маленькае, хлопчык быў. Яно сабе спіць, а дзяўчынка большая глядзела яго. Я хацела малое грудзьмі пакарміць. Потым хапіла дзіця і пабегла. Іду я, а тут суседка мая са сваім свёкрам едзе і крычыць да мяне: «Алена! Алена!..» А ўжо немцы едуць, машыны гудуць. Пачалі людзі бегчы, і я іду, бачу — у канцы сяла загарэлася хата. Я пабегла туды, і свёкар мой за мною. А дзеці мае большыя дома былі. Іду я, а машынка такая шэранькая ідзе, і ў ёй два немцы ў чорных шапках сядзяць. Каля дуба яны завярнуліся, уехалі ў вёску, спыніліся і пабеглі. Потым бачу я — на кагосьці яны вінтоўкі панастаўлялі. Дык я і закрычала:

— Стась, б'юць!..

Пытанне: — А вёску яны акружылі?

— Мамка мая, я нічога не бачыла. Бачыла толькі тых двух. Бачыла я толькі, як яны вінтоўкі панастаўлялі.

А мае дзеткі маленькія — усе ка мне. Людскія дзеці, казалі людзі, пазасыналі, а мае — ка мне. У мяне хлопчык быў адзін паўгода, а другі гады тры, і яшчэ суседні адзін, і я з імі паўзу, а потым як азірнуся, дык немцы ідуць за мной. Вінтоўкі панастаўлялі, ідуць, ідуць… Хацелася мне ў каноплі дапаўзці. А кулі свішчуць: сюды-туды, сюды-туды… Хлопчык мой большы ўпаў і крычыць:

— Ах, мамо, мамо, вонь у вас кроў!..

I я ўжо бачу, што я ляжу ў пяску і ў роце ў мяне пяску багата, а потым бачу, што хлопчыка ранілі і шапачка ў яго зляцела. I бачу я, што ён красненькі быў, а ўжо яго губачкі жоўтыя-жоўтыя, і гаварыць не можа. А меншы, як я з ім упала, дык пачула, як у грудках яго захрапло. Храпянула, і — усё. Ужо і нямашака ўжо…

А гэтыя кулі ўсё свішчуць. Мяне ранілі, як я паўзла, дык невядома, каторая куля. Зроду я такога не бачыла, як яны шусь-шусь, сюды-туды кругом мяне, а адкуль яны, я не бачу. Бо я паўзла. А як галаву падніму, дык бачу, што тыя двух ідуць за мной і ўсё страляюць…