Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 23 из 95

А тут, кажуць, немцы вярнуліся назад. А я тады крычу:

— Дзявайце мяне куды-небудзь!..

Ну, куды ж мяне дзяваць? Поле, дзярэўня. А яны мяне тады ў адрыну ды пад сена. А там наверсе яшчэ адзін хлопец ляжаў, схаваўшыся. Чую — там разгавор: «Паляць дзярэўню». На вышках гавораць. «Прыдуць, — думаю я, — запаляць, і я згару».

— Нясі мяне, — кажу на маці, — хоць назад на тое самае месца…

А патом падалася каманда, і яны, немцы, паехалі.

I мяне тады панеслі ў лес. Маці, брат, і сястра была яшчэ старэйшая. У яе былі малыя дзеці, дык ёй трэба было дзяцей насіць. Трое дзяцей было. I мяне памагаць несці. Тады занеслі і ў байню[7] палажылі. У лесе байня стаяла ў нас. А самі пайшлі туды, дзе ўсіх пабілі. У мацеры маць мацерыну забілі, патом дзядзьку з пяццю дзяцьмі, сястру з мужам, другую сястру, пляменніцу… Пабілі нашай радні многа. Усе пайшлі туды, дзе трупы. Патом ужо, калі ўсё ўспакоілася, началі кожны сваіх закопваць. А я там і астаўся, адзін у той байні.

Патом мне стала плоха. Назаўтра прыйшлі і мяне знайшлі — я ўжо ляжаў на палу. Урачэй жа не было. Кроў ішла, сколько яна ўжо магла… Назаўтра толькі адну перавязку зрабілі мне зноў — вот і ляжы. Больш былі ў лесе. Ноччу ў лесе, а после абеду дамоў. Таму што экспедыцыя была, нападалі немцы больш зранку. После абеду яны не ездзілі. Медыкаменты партызаны даставалі.

Пытанне: — А што гэта за жанчына была, што на вас паказала?

— А яе няма, яе расстралялі. Жыла тут у нашай дзярэўні такая, відзіма, думала нешта, настроена так была. Патом яе расстралялі немцы, бо яна ўказала сястру аднаго паліцэйскага. У той жа дзень яе забілі, як і ўсіх, але яе паследнюю: паліцэйскія настаялі…»

Маці Васіля Іванавіча, калі яна несла яго, ледзь жывога падлетка, было, ён сказаў, каля шасцідзесяці. Нам і не падумалася, што яна яшчэ можа жыць, таму і не спыталіся пра гэта. Васіль Іванавіч прагаварыўся сам. Жыве, здаровая. У сваёй хаце, побач з ім.

Домне Васільеўне восемдзесят восьмы. А яна яшчэ, як спрадвеку гаворыцца, дай бог усім добрым. Засталі мы яе ў сынавым садзе, каля вулляў, у цянёчку, які ўсё-такі не ратаваў ад паўдзённай парнасці.

— Пчол пільную, — сказала бабуля. — Нікога дома няма. Камары тут заелі.

Рой не ўцячэ — старая гаспадыня на пасту. Яшчэ надзіва рухавая і гаваркая. Васіль Іванавіч застаўся ў садзе, а яна павяла нас у сваю хату, што трохі воддаль ад сынавай.

— Усё я вам, хлопчыкі, раскажу, усё падробна.

I расказала. То седзячы трохі, то ўстаючы, жэстыкулюючы, мяняючы голас, калі пераймала кагосьці, то павышаючы яго, то пераходзячы амаль на шэпт, калі ёй зноў было горка і страшна — так, як тады.

«…Быў сход перад гэтым днём, перад Першым маем, парцізане яго праводзілі. Атрад Данілы Райцава. Сход правялі, парцізане пайшлі, толькі нашы засталіся.

Назаўтра чуць свет… Я заўсёды выходжу і ўсё слухаю, што дзе стукаюць, дзе страляюць… Выйшла і думаю: «Госпадзі, што гэта такое, што нешта блішчыць перад намі?» Разгледзела, ажно гэта немцы ў касках сваіх, і светлая адзежа на іх. Прабяжыць і заваліцца, прабяжыць і заваліцца… Цераз нескалька ўрэмя яны мяне замецілі і началі паліць. Я назад у хату.

— А дзеткі, кажу, а немцы прышлі! А стары мой крычыць:

— У цябе ўсё немцы! Сядзі ты, калі сядзіш. У цябе ўсё немцы.

А я крычу:

— Скарэй, немцы!

А яны з гары і адтуль вунь пачалі паліць — якраз у нашу хату… У мяне ж была сям'я: я, тры мальцы, адна дочка была ўжо замужам.

— Лажыцеся на палу каля печы!

I праўда — паляглі ўсе. I ляжалі. А яны ўжо так збілі хату, так збілі — усё пасеклі, і печку… Білі з двух старон з пулямёта. А тады яны відзяць, што не выбягаюць, не бягуць, а так прама да нас у хату. Мы тады яшчэ там жылі, дзе школа, дзе ліпы растуць.

— Матка, парызан, парызан!..

А я рукі сашчапіла, стаю, во так і кажу:

— Няма парцізан.

Яны і на хату, яны і ўсюдых, пад палом — усюдых лазяць іскаць. А што тут іскаць, калі поўная хата дыму.



— Выбірайцеся, выбірайцеся!

Выгналі нас на дарогу і паставілі. Кругом акружылі, кругом. Пагналі. Старыка прыкладам у спіну, прыкладам у спіну. Мяне, праўда, тады не білі — не буду гаварыць дарма. А старыка білі. Толькі мы падходзім туды на гару, дзе магазін там быў, гляджу — бяжыць баба і крычыць:

— А людцы ж мае, а таткі ж мае, а што ж вы нарабілі, а вы ж маю дачку забілі!..

Тут адзін падбег ды трах ёй сразу, дык яна брык і ляжыць…

I вядуць людзей, і вядуць, і б'юць напавал. Каго ад азяра вядуць. Тады хаваліся ў азяро.

Гляджу: ажно, госпадзі, мой стары каня запрагае! Запрог стары каня, палажылі пулямёт на калёсы яму, а тады да воза яго за руку прывязалі. I пагналі. Тут пагляджу — кароў тураць, тураць адсюль, забіраюць, забіраюць…

Тады ракеты сталі кідаць. Ракеты пакідалі — кінулі расстрэльваць ужо. I пабеглі. А там ужо, у Малгацях, запалілі. I людзей, людзей, — каго жывога спалілі, каго ўбілі — усіх рашылі, усю дзярэўню рашылі.

Пытанне: — Вас усіх паставілі, сын гаварыў? А мужчын адвялі ад вас?

— Усіх, усіх паставілі. Сыноў адвялі, каля другое пастройкі паставілі. А я вот так села. (Бабуля паказвае, рухава сеўшы на падлозе.) Аднаго ўнучка ўзяла во сюды, а другога, меншага, во сюды палажыла. I сяджу. I прыказ нам далі: «Еслі не будзеце даваць знаць у Смалоўку, калі парцізане прыходзяць, — усіх рашым». Ну, хто ж яму будзе што гаварыць?.. Я відзела, як маю матку, родную маю, нявестку з тром дзецям… I была ў палажэнні, паследнюю нядзельку хадзіла ўжо. I матка. Стаіць на дарозе… Адзін паліцай, з Загуззя, хлопае па плячы яе, нявестку:

— Проска, гавары, дзе твой Яўхім?

А яго забралі па ўтарой мабілізацыі, нет дома. Адзін брат быў у парцізанех, меншы, а той, старшы, Яўхім, пайшоў. А гэта жонка старшага. Не сына майго, а брата. Я ж думала так, што не будзе ён ёй нічога рабіць, — свой жа, з Загуззя. А ён будзе біць іх. Старуху, ужо семдзесят год было, і нявестку… Ну, за што ён іх?..

А сама я з месца не злезу — нікуды. Мы сядзім каля сцяны, а яны на дарозе. Тады тыя, хто застаўся жывы, пабеглі, а я з месца не злезу. I ўжо бачу, што мае ляжаць. Во, падбягаець ка мне адна жанчына:

— Дамнутка мая, а твой жа Васютка жывы! Просіць піць.

А я гавару:

— А ці жыва мая мамка?.. (Плаа.) А што дзелаць мне?

А я не ўстану. У мяне спічкі: як хацела печку затапляць, так і дзяржу іх усё ўрэмя ў руцэ. I я папаўзла, і папаўзла, і слёзы тыя ліліся… (Бабуля — проста надзіва лёгка — лажыцца на падлогу і паказвае, як папаўзла.) Прыпаўзла, а ён паднімаецца, галаву падняў. А так і з вушак кроў, і з носа кроў, і з рота кроў — і ўсё. I так во:

— Ма-а… Ма-а… Вазьмі мяне адсюль… Даб'юць немцы…

— А сынок жа мой, а куды ж я цябе вазьму?.. Але тут дзве дочкі было, падскачылі, паднялі і ўнеслі ў хлеў яго. Ды саломай закрылі. А ён крычыць:

— А мяне тут даб'юць! I спаляць хлеў, і мяне тут спаляць! Вазьмі мяне!..

Ну, узялі адтуль. Палажылі мне во сюды на спіну, на плечы, і я во тут… А ён:

— Мама, нясі мяне ў балота! Даб'юць немцы!.. Нясу, нясу, і мяне як сагнула во так… (Паказвае.) Можа, паверыце, а можа, не паверыце — усю вайну во такая хадзіла. Палачка ў мяне была, і ўсю вайну хадзіла сагнутая. А ўжо тады после вайны я расправілася, цяпер ужо, бачыце, не такая.

Ну, і панясла я ў лес, палажыла. I пайшла. Палажыла і пайшла. Я так хадзіла — ці я ў памяці, ці я без памяці?..

Зноў крычыць:

— Мяне ваўкі тут з'ядуць, мама! Вазьмі мяне!.. Тады мы яго ў байню. Парэзала на ім адзежу, штаны парэзала, сапагі папарэзвала. Дык у яго крыві так… Пад ім… Ён, як стралялі, ляжаў у бульбоўніку, уваліўся туды ліцом, дык затое — і застаўся жывы. Дык у яго тут кроў спяклася — такі блін… Я той блін змахнула, а яго голага пакінула, ды апяць пайшлі. Апяць пайшла, сагнуўшыся, — туды, дзе стралялі.

Прыходжу — што гэта такое? — мая маці ляжыць…

— Мама, гавару, што ты ляжыш?

Ляжыць. Адвярнулася я далына — і Проска ляжыць, нявестка.