Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 95

Прышла я туды без хусткі. Толькі я прышла, пад нейкі падышла сарайчык, і там маленькая хатка з краю. I стаю, чую — крык… Такі крык там, што, божа мілы, які крык! А яны ўжо з таго канца ўзялі і адтуль — гоняць ужо на гэты канец, пад саўхоз. Гоняць ужо гэтых людзей, бабаў усіх. I самалёты сталі па зямлі страчыць…

Я стаю пад гэтым хляўком, а далей, думаю, пагляджу, што яны тут робяць, што такі крык. Толькі я голаў тык з-за вугла, а немец якраз глянуў сюды, калі я зірнула. Дак ён ка мне ляціць: «А-а-а!» Як стаў мяне прыкладам! Шчоку рассек і губу ўсю парассякаў, і зубы ма? адзін за адзін заходзяць. Поўны рот крыві. Я ўжо вазьму так гэтую кроў, выграбу рукамі, ой, каб хаця дыхнуць!..

I пагналі мяне ў калхозную канцылярыю. Дык гэтыя людзі рудзеньскія таксама кажуць, як у нас казалі, што немцы будуць выбіраць: каторыя партызаны — расстрэльваць, а такіх будуць выпускаць.

Дык я кажу:

— Мае вы бабкі, ужо ў нас, кажу, зрабілі сабранне, ні аднае, кажу, няма. Усе, — кажу, — пагарэлі ўжо, канчаюцца там людзі. Ужо каторыя пішчаць, гавару, даходзяць, так што, кажу, не беспакойцеся, усім будзе адно.

Ну, і там нас дзяржалі, дзяржалі… Раней узяліся за мужчынаў, за тых, што ў другім будынку былі. У аднаго паліцэйскага немцы пытаюць:

— Дзе ў вас такі мужчына е, што ён можа па-нямецку гаварыць?

Вызываюць па імені, па фаміліі таго ўжо мужчыну. Падышоў гэты мужчына, з немцам нешта сказаў па-нямецку, а потым так яго ўзяў пад паху ды паставіў ракам. Немца таго. Дзед, а такі, знаеце, крэпкі! Дык яны: «А-ла-ла-ла!» А іх толькі тры немцы каля хаты было, каля нашай. Патрулёў, што нас пільнавалі па падвоканнем. О, ляцяць гэтыя немцы і таго дзеда ўзялі і забілі.

— Давайце другога, які можа па-нямецку гаварыць.

Вызвалі другога. Той — таксама, яшчэ ў старую вайну, быў у Германіі. Той гаварыў, гаварыў, дык яму трах! — пулю ў лоб.

Вот тады ўжо мужчыны ламанулі ў дзверы!.. Каб яны тады ламанулі, калі ён таго немца ракам паставіў, ды выхвацілі гэтыя вінтоўкі! Калі б яны зналі, што іх гэтак мала!.. Дык мужчыны ламанулі, і пяць чалавек выскачыла і жывыя асталіся. Па полі паляцелі.

Ну, пабілі мужчын, а тады скамандавалі возчыкам — мы ўсё чуем:

— Знімайце казачынкі, валенцы новыя і галошы новыя і шапкі.

I знімалі яны з пабітых шапкі і гэтыя казачынкі, наклалі тры вазы.

А далей давай нас… Паставілі, прывезлі яшчык і паставілі на яшчык пулямёт. На скрыню, што бульбу возяць. Прыдзе немец, вупхне якіх, значыцца, душы тры, чатыры, пяць — сколькі ён адсюль вупхне. Хто ж гэта хоча ідці пад расстрэл? Ну, матка, гэта, забірае сваіх, сем'ю вот ахватвае і падае, бо яны крычаць: «Падайце!» Матка сваіх дзяцей, якая там радня, — абнімуцца і падаюць. I яны з пулямёта строчаць…

Я ўсё так ззаду стаяла, не выходзіла, ага.

Так усе бачаць, глядзяць у акно, кажуць:

— Вунь мая дочка гарыць і ўнукі гараць!..

I вы скажэце — каб хто заплакаў…

Вот яны так тут расстрэльваюць, а тут калхозная пажарная была. Дык там мужчыны сядзяць. Жанчын аддзельна замыкалі паліць, адных, а мужчын аддзельна. Такіх хлапцоў, што большыя, дык туды, з мужчынамі, а малыя дык з намі былі. Многа ж бежанцаў было з усіх… Дажа каторыя з Бабруйска былі. Гэта ж ехалі сюды на сховазень, дзе партызаны жывуць. Ну, вот яны і папрыязджалі.

Ужо асталося нас толькі сем чалавек — усіх павыпіхалі. У палу шчэлі вялікія. Я гэта прышла ды рукі ў шчэлі ўсадзіла, ды раз — падняла гэту памасніцу.

— Бабы, сюда, — гавару.

I сама ўжо ў яме. Етыя бабы ўсе і ўбеглі ў яму.

Прышоў немец па нас ужо, па астальных, а мы закрыліся, у яме ў гэтай. Па астальных прышоў, а нас ні аднае душы няма. Гэтыя дзеці ў яме… божа мілы, — нарабілі крыку там! Еты немец адкрыў яму і прыкладам:

— Вылазьце!

Не хочуць. Хто хоча пад пулю лезці? Крычаць.

— Вылазьце!



Не хочуць, ага. Ён гэтым прыкладам у галовы біць. Вот і сталі вылазіць. Каторая не можа выйсці на двор, дык тут, над гэтай ямай, і папрыстрэльвалі, гэтых бабаў.

А я і яшчэ тут адна — у Рудні яна, і цяпер жыве, ага. У яе была дзевачка, такая маленькая яшчэ, паўтара года. I мы ўзялі падлезлі далей сюды пад брус. Я ўжо ўся ў крыві была, у пяску была, твар — у пясок, каб нам не кашлянуць… Вот мы ляжым ужо, нам чуваць — яма адкрытая, а яны ўжо ўсунулі галовы сюды, паглядзелі, ці, можа, яшчэ хто ёсць. Не відна ўжо, цёмна. Толькі месяц свяціў — добра помню. Дык яны паглядзелі ды тады на звозчыкаў на гэтых гавораць:

— Бярэце салому, кладзеце касцёр.

Гэтыя звозчыкі — яны ж падчыняліся, ведаеце, са страху, — сюды наклалі саломы, і ў гэтае памяшканне, і ў тое. А тады:

— Выдзірайце вокны!

Яны выдзерлі, сталы, дзверы пакідалі на салому.

— Запальвайце! Ага, запалілі.

— Вярчыце вярчэ[4]!

Яны парабілі гэтыя вярчэ.

— Запальвайце і кідайце ў яму!

Ён думае, а мо там людзі е, каб ета яны ўжо там пазадыхаліся. Асмальваецца на тых вярчах салома, а дым да нас не заходзіць. З ямы ўсё на хату выходзіць. I вот яны запалілі гэты касцёр…

Мы сядзім, сядзім усю ноч, а тут яны ракетамі свецяць — відна там у нас у яме, хоць іголкі збірай, такая відната. Што нам, бедным, рабіць? Божа мой мілы!.. Яны запалілі, і мы чуем, што страха ўпала. Але гэта не наша — гэта пажарная, а наш агонь узяў і патух…»

А побач, у пажарнай, адбывалася тое самае… У той пажарнай, і яшчэ ў двух дамах у Рудні, і яшчэ ў дзесятках, а потым у сотнях іншых вёсак Беларусі… Страшна перамнажаць такія лічбы, бо за кожнай з іх — чалавек і яго сям'я, яго маці, яго дзеці, браты, сёстры. Бо за кожнай — невымерны чалавечы жах, боль. Іх тысячы і тысячы — тых, хто ўжо ніколі не раскажа, за якіх расказваюць вось гэтыя людзі, вельмі і вельмі нямногія. А ў кожнага з тысяч загінуўшых было гэта, было так і яшчэ, магчыма, страшней, і ўжо не змогуць жывыя ўзяць на сябе хоць бы частачку тых пакут…

Пажарная стаяла недалёка ад калгаснай канцылярыі, дзе схавалася пад падлогу Тэкля Круглова, і вось што рабілася ў той пажарнай. Жыве ў новай, адбудаванай Рудні жанчына, якая і была там, у тыя страшныя гадзіны і хвіліны.

Ганна Іосіфаўна Гошка, пяцьдзесят гадоў.

«…Нас паставілі прама ў шарэнгу, на калхозным двары. Тады гэтых мужчын аддзельна. Тады за гэтых мужчын — раз, пагналі ад нас зусім, пагналі ў канюшню. А нас у пажарную набілі, бітком набілі. Пальца не ўсунуць туды. Загналі нас і паставілі немца над намі. Тых ужо мужчын ганяюць, бяруць па дзесятку і вядуць у другі сарай. З аднаго сарая ў другі вядуць… Немец сядзіць. I паставілі на лаўках пулямёт — прама сюды ў дзверы… Дык мы сядзім ужо ў гэтай самай… Там не сядзець — там не было як сядзець, там паздушваліся ўжо… А я на самых дзвярах. А са мной маленькая сястрычка. Я яе дзяржала з сабой на руках. Так сціснулі…

Праўда, я ўсё бачыла, як тых мужчынаў вадзілі. Тады мужчыны бачаць, што іх расстрэльваюць, і яны прама як выйдуць — дык і ў ход! Уцякаюць. Адзін у нас калека быў, кульгавы, дык немец, гэта, яго лупіць-лупіць!.. Каторых назад пазаганялі, а каторыя па полі пабеглі, уцяклі.

Тады жанчыны на гэтага немца:

— Пан, што гэта нас — будуць страляць?

Дык ён адразу махнуў. Нейкі немец быў, чорт яго… А потым:

— Не, матка, не, не, не!..

Ужо здагадаўся, мабыць, што людзі будуць уцякаць, ці чорт яго ведае…

А бабы гэтыя галосяць, крычаць. А гэтых мужчын ужо як пабілі, дык сталі там па вуглах чым-та ліць. I ўжо раптам загарэўся той сарай. Тады яны ўсе сюды, к нам. Падходзяць. Былі там, праўда, і паліцэйскія. Са Смыковіч тут у нас быў адзін такі, чорт яго… Дык адна жанчына ў яго пытаецца:

— Андрэечка, што гэта нам будзе?

— Нічога не будзе вам, — так гэты паліцэйскі. Праўда, ён за сваю матку, і той другі паліцэйскі таксама: забралі сваіх, з хлява, і з сабой павялі.

А нас, шасцярых дзевак і адну жанчыну, якая была ў нас дэпутатам, — павялі ў пустую хату. I іх прышло з намі тры немцы. Два, а трэці ззаду ішоў. Ну, мы ідзем туды… Ужо буду я гаварыць усё… Гаварылі, што яны здзекуюцца з дзяўчат. Ну, мы ідзем і пазгіналіся, каб не такімі маладымі здавацца. А той жанчыне, дэпутату, ён паказвае: «Садзіся!» Яна, праўда, не хоча садзіцца. Яна і сюды і туды, гэтая баба. А ўсе астатнія паўскаквалі: о божа, прашчаюцца са сваімі! А гэтай жанчыне як далі сюды ў затылак, так зразу яна і кончылася. А я ўзяла і ўпала зразу на падлогу.